ФЕРДЫНА́НД II АРАГО́НСКІ (10.3.1452, Сос, Іспанія — 23.1.1516),

кароль Арагона з 1479, Сіцыліі (Фердынанд II) з 1468, Кастыліі (Фердынанд V) у 1479—1504 (як муж каралевы Кастыліі Ізабелы, пасля яе смерці ў 1504 — рэгент Кастыліі пры дачцэ Хуане Вар’ятцы), неапалітанскі (Фердынанд III) з 1504. Дынастычная унія Арагона і Кастыліі праз яго шлюб з Ізабелай фактычна паклала пачатак адзінаму Ісп. каралеўству. Завяршыў Рэканкісту (1492), далучыў да Іспаніі Русільён і Сердань (1493), Неапалітанскае каралеўства (1504), Верхнюю Навару (1512). Ф. II і Ізабела ўвялі ў Кастыліі інквізіцыю (1480), выгналі яўрэяў, жорстка праследавалі ісп. арабаў. Пры ім Х.Калумб адкрыў Амерыку і пачалося яе заваяванне іспанцамі.

т. 16, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНА́НСАВАЯ БЛАКА́ДА,

спыненне або абмежаванне фін. адносін якой-н. дзяржавы (дзяржаў) ці міжнар. фін.крэдытнай арг-цыі з краінай, якую блакіруюць з мэтай эканам. ці паліт. націску; адзін з відаў эканамічнай блакады. Састаўныя часткі Ф.б.: залатая блакада (золата гэтай краіны не прымаецца ў якасці плацежных грошай); крэдытная блакада [адмова якой-н. дзяржавы (дзяржаў) ці міжнар. валютна-крэдытных арг-цый даваць крэдыты гэтай краіне]. Пры ажыццяўленні Ф.б. дзяржавы ці міжнар. арг-цыі скарачаюць або спыняюць экспарт дзярж. ці прыватнага капіталу ў краіну, што ізалюецца, пазбаўляюць яе прамысл. і гандл. кампаніі, банкі фін. падтрымкі ў форме дзярж. субсідый, страхавання, ільготнага падаткаабкладання, узмацняюць мытныя абкладанні яе тавараў і інш.

т. 16, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНО́Ў Дзмітрый Канстанцінавіч (1.11.1839, С.-Пецярбург — 2.1.1921),

расійскі вучоны ў галіне металургіі; заснавальнік металазнаўства і тэорыі тэрмічнай апрацоўкі сталі. Скончыў Пецярбургскі практычны тэхнал. ін-т (1858), дзе выкладаў у 1859—66. У 1866—80 інжынер Абухаўскага сталеліцейнага з-да, з 1889 праф. Міхайлаўскай артыл. акадэміі ў С.-Пецярбургу. Устанавіў залежнасць структуры і ўласцівасцей сталі ад яе гарачай мех. і тэрмічнай апрацоўкі, адкрыў крытычныя т-ры, пры якіх адбываюцца змены фазавага стану і структуры сталі пры яе награванні і ахаладжэнні ў цвёрдым выглядзе (так званыя пункты Ч.). Распрацаваў тэорыю крышталізацыі стальнога злітка, удасканаліў канвертарны працэс. Аўтар курса «Сталеліцейная справа» (1892).

Літ.:

Гумилевский Л. Чернов. М., 1975.

Дз.К.Чарноў.

т. 17, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ФЕР (Szafer) Уладзіслаў (23.7.1886, г. Сасновец, Польшча — 16.11.1970),

польскі батанік; заснавальнік навук. школы па палеабатаніцы. Чл. Польскай АН (1952, яе віцэ-прэзідэнт у 1957—61). Вучыўся ў Венскім і Львоўскім ун-тах. Праф. Кракаўскага ун-та і дырэктар Бат. сада (з 1917). Арганізатар і дырэктар Ін-та батанікі (1951—63) і Ін-та аховы прыроды (1951—60) Польскай АН. Навук. працы па сістэматыцы і экалогіі сасудзістых раслін, бат. геаграфіі, палеабатаніцы, ахове прыроды. Арганізатар і рэдактар прац: «Флора Польшчы» (т. 1—9, 1919—60), «Расліннае покрыва Польшчы» (т. 1—2, 1959), «Ахова прыроды і яе рэсурсаў» (т. 1—2, 1965). Аўтар «Успамінаў прыродазнаўцы» (1973). Дзярж. прэмія Польшчы 1949.

т. 17, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ, эканамічная і сацыяльная геаграфія,

грамадская навука, галіна сацыяльна-эканамічнай геаграфіі, якая даследуе заканамернасці тэр. размяшчэння грамадскай вытв-сці, умовы і асаблівасці яе развіцця. Грунтуецца на вучэнні пра геаграфічны (тэрытарыяльны) падзел працы (міжнар. і рэгіянальны) і тэорыі размяшчэння вытворчасці. Аб’ектамі даследаванняў з’яўляюцца тэр. структуры нар. гаспадаркі (эканам. раёны, тэр.-вытв. комплексы, трансп. сістэмы і вузлы і інш.) у яе гіст. функцыянаванні і развіцці на розных узроўнях (мясц., раённым, нац., міжнац., глабальным). Э.г. падзяляецца на агульную, галіновую і рэгіянальную. Тэрмін «Э.г.» ўведзены М.​В.​Ламаносавым у 1760. Гл. таксама Геаграфія, Геаграфія прамысловасці, Геаграфія працоўных рэсурсаў, Геаграфія сусветнай гаспадаркі, Геаграфія сельскай гаспадаркі і інш.

т. 18, кн. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЭРО́БНЫЯ ІНФЕ́КЦЫІ,

цяжкія інфекцыі, якія выклікаюцца хваробатворнымі анаэробнымі арганізмамі. Найб. небяспечныя з іх газавая гангрэна (у дачыненні да яе тэрмін анаэробныя інфекцыі ўжываецца найчасцей), слупняк, батулізм.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЁЎНІК,

службовая асоба ў ВКЛ у 15—16 ст. Сачыў за гаямі з бортнымі дрэвамі, збіраў мядовую даніну, за што атрымліваў адпаведную яе частку. Падпарадкоўваўся намесніку.

т. 4, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРПСІХО́РА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адна з 9 муз, апякунка танцаў. Яе ўяўлялі жанчынай з лірай і плектрам у руках. Паводле аднаго з міфаў, Т. — маці сірэн.

т. 16, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ ФА́КТАРЫ,

сукупныя працэсы, ад якіх залежыць утварэнне глебы. Паводле В.В.Дакучаева, глебу фарміруюць клімат, мацярынская парода, жывыя арганізмы (расліны, мікраарганізмы, глебавыя жывёлы), рэльеф мясцовасці, час. Вельмі ўплывае на глебаўтваральныя фактары і вытв. дзейнасць чалавека (мех. апрацоўка глебы, меліярацыя, унясенне арган. і мінер. угнаенняў, высечка лесу, узорванне і інш.). Усе глебаўтваральныя фактары ўзаемазвязаны.

Клімат уплывае на характар выветрывання горных парод, вызначае цеплавы і водны рэжым глебы. Мацярынская парода ў працэсе глебаўтварэння ператвараецца ў глебу. Ад яе грануламетрычнага складу і структуры залежаць уласцівасці глебы, паветраны рэжым і інш. Уздзеянне жывых арганізмаў выяўляецца ў назапашванні і разбурэнні арган. рэчыва, якое ствараецца зялёнымі раслінамі ў працэсе фотасінтэзу, унясенні ў глебу і на яе паверхню арган. і мінер. рэчываў у выглядзе каранёвага і наземнага ападу, які з дапамогай мікраарганізмаў і глебавых жывёл ператвараецца ў гумус. Расліны і жывёлы рыхляць глебу, паляпшаючы яе паветраныя і водныя ўласцівасці. Роля рэльефу заключаецца ў пераразмеркаванні на паверхні глебы рэчываў і энергіі, што істотна ўплывае на ўтварэнне пэўных глеб. Час развіцця сталага глебавага профілю залежыць ад геал. ўзросту тэрыторыі і ў розных умовах складае ад некалькіх дзесяткаў да тысяч гадоў.

Т.​А.​Раманава.

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ РСДРП.

Аформілася ў канцы 1903. У студз. 1904 на правах раённай увайшла ў Палескі камітэт РСДРП. Пасля яго расфарміравання ў вер. 1905 пераўтворана ў раённую арг-цыю, падзялялася на Гарадскую, Навабеліцкую і Чыгуначную арг-цыі. У рэвалюцыю 1905—07 разам з Бундам кіравала выступленнямі працоўных, мела баявыя дружыны. У час кастр. паліт. стачкі 1905 яе прадстаўнікі ўваходзілі ў кааліцыйны рэв. к-т, у дні снежаньскай паліт. стачкі 1905 — у Гомельскі камітэт дэлегатаў. Вясной 1906 арг-цыя рэарганізавана ў акруговую. У 1907 разгромлена. У вер. 1909 адноўлены Гомельскі акр. к-т РСДРП. З 1911 дзейнічалі Чыгуначная і Навабеліцкая арг-цыі. Вясной 1912 Гомельская арганізацыя РСДРП удзельнічала ў правядзенні сходаў рабочых у знак пратэсту супраць Ленскага расстрэлу. Мела перадатачны пункт падп. л-ры, распаўсюджвала газ. «Правда» і збірала сродкі ў яе фонд, арганізоўвала стачкі, паліт. сходкі, выдавала і распаўсюджвала лістоўкі. Удзельнічала ў падрыхтоўцы Гомельскага перасыльнага пункта паўстання 1916. Напярэдадні Лют. рэвалюцыі 1917 у горадзе дзейнічалі с.-д. групы на эвакуіраваных заводах. У сак. 1917 яны ўвайшлі ў склад Гомельскай аб’яднанай арг-цыі РСДРП. У крас. 1917 бальшавікі выйшлі з яе і ўтварылі самастойны Палескі к-т РСДРП(б).

М.​В.​Біч.

т. 5, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)