ЧАРНО́Ў Дзмітрый Канстанцінавіч (1.11.1839, С.-Пецярбург — 2.1.1921),
расійскі вучоны ў галіне металургіі; заснавальнік металазнаўства і тэорыі тэрмічнай апрацоўкі сталі. Скончыў Пецярбургскі практычны тэхнал.ін-т (1858), дзе выкладаў у 1859—66. У 1866—80 інжынер Абухаўскага сталеліцейнага з-да, з 1889 праф. Міхайлаўскай артыл. акадэміі ў С.-Пецярбургу. Устанавіў залежнасць структуры і ўласцівасцей сталі ад яе гарачай мех. і тэрмічнай апрацоўкі, адкрыў крытычныя т-ры, пры якіх адбываюцца змены фазавага стану і структуры сталі пры яе награванні і ахаладжэнні ў цвёрдым выглядзе (так званыя пункты Ч.). Распрацаваў тэорыю крышталізацыі стальнога злітка, удасканаліў канвертарны працэс. Аўтар курса «Сталеліцейная справа» (1892).