БІРД ((Beard) Чарлз Остын) (27.11.1874, Найтстаўн, штат Індыяна, ЗША — 1.9.1948),

амерыканскі гісторык, адзін з заснавальнікаў эканам. кірунку ў гістарыяграфіі ЗША. Скончыў Оксфардскі ун-т. У 1904—17 — праф. Калумбійскага ун-та ў Нью-Йорку і ун-та ў Балтымары. Адзін з заснавальнікаў новай школы сац. даследаванняў у Нью-Йорку (1919). З 1933 прэзідэнт Амер. гіст. асацыяцыі. Даследаваў уплыў эканомікі на развіццё грамадскіх ін-таў ЗША, ролю эканам. і сац. фактараў у гісторыі і інш. Асн. працы: «Эканамічнае тлумачэнне канстытуцыі ЗША» (1913), «Развіццё амерыканскай цывілізацыі» (т. 1—2, 1927, разам з М.​Р.​Бірд) і інш.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЯНТ ((Bryant) Уільям Кален) (3.11.1794, Камінгтан, штат Масачусетс, ЗША — 12.6.1878),

амерыканскі паэт-рамантык. З 1829 рэдактар нью-йоркскай газеты «Evening Post» («Вячэрняя пошта»). Пейзажная і філас. лірыка (паэма «Танатопсіс», у пер. з грэч. «Карціна смерці», 1817; зб-кі «Вершы», 1821 і 1832; «Фантан», 1842; «Лясны гімн», 1860; «Між дрэў», 1874; «Рака часу», 1878) здабыла Браянту славу «амерыканскага Вордсварта». Узоры паліт. лірыкі — паэма «Гібель Рабства» (1865). Аўтар падарожных нататкаў, тэарэтычных артыкулаў пра паэзію. Пераклаў з грэч. мовы «Іліяду» (1870) і «Адысею» (1872) Гамера.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Зенкевич М. Из американских поэтов. М., 1946.

Н.​М.​Саркісава.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ЕР ((Breuer) Марсель Лаяш) (22.5.1902, г. Печ, Венгрыя — 1.7.1981),

амерыканскі архітэктар. Адзін з лідэраў функцыяналізму. У 1920—28 вучыўся і працаваў у Германіі ў асн. як праекціроўшчык мэблі. З 1937 у ЗША. У сваёй творчасці імкнуўся да дакладнасці і выразнай структурнасці арх. кампазіцыі, кампактнасці планаў і аб’ёмаў. Сярод работ: будынкі ЮНЕСКА у Парыжы (1953—57, з Б.​Зерфюсам і П.​Л.​Нерві), Музея амер. мастацтва Уітні ў Нью-Йорку (1966), універмага «Дэ Беенкорф» у Ротэрдаме (1956—57). Распрацоўваў тыпы аднасямейнага дома (загарадны дом у штаце Масачусетс, 1947, і інш.), працаваў як дызайнер.

М.Л.Броер. Загарадны дом архітэктара. Штат Масачусетс. 1947.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ДЖМЕН ((Bridgman) Персі Уільямс) (21.4.1882, г. Кеймбрыдж, штат Масачусетс, ЗША — 20.8.1961),

амерыканскі фізік і філосаф, заснавальнік фізікі высокіх ціскаў. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1905), дзе і працаваў (у 1926—54 праф.). Распрацаваў метады атрымання ціскаў да 42,5 ГПа (425 тыс. атм), даследаваў уласцівасці многіх рэчываў пры высокіх цісках, што прывяло, у прыватнасці, да стварэння штучных алмазаў і цвёрдага (металічнага) вадароду. Заснавальнік аперацыяналізму — філас. кірунку, які тэарэт. веды зводзіць да эмпірычных працэдур вымярэння. Аўтар кніг «Аналіз размернасцяў» (рус. пер. 1934) і «Фізіка высокіх ціскаў» (рус. пер. 1935). Нобелеўская прэмія 1946.

П.У.Брыджмен.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУД ((Wood) Роберт Уільямс) (2.5.1868, г. Конкард, штат Масачусетс, ЗША — 11.8.1955),

амерыканскі фізік-эксперыментатар, заснавальнік ультрафіялетавай і інфрачырвонай фатаграфіі. Чл. Нацыянальнай АН ЗША (1912), ганаровы чл. АН СССР (1930). Скончыў Гарвардскі ун-т (1891). У 1901—38 праф. ун-та Дж.​Хопкінса ў Балтымары. Навук. працы па фіз. оптыцы. Адкрыў аптычны рэзананс (1902). Заклаў асновы тэорыі атамных і малекулярных спектраў. Зрабіў значны ўклад у стварэнне аптычных прылад (спектрографаў, дыфракцыйных рашотак, установак для атрымання спектраў камбінацыйнага рассеяння і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — Физическая оптика. М.; Л., 1936.

Літ.:

Сибрук В. Роберт Вуд: Пер. с англ. 5 изд. М., 1985.

Р.Вуд.

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КАНЬЁН (Grand Canyon),

Вялікі Каньён Каларада, каньён у ЗША (штат Арызона), на плато Каларада. Выпрацаваны р. Каларада ў тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў у выніку рачной эрозіі. Даўж. каля 350 км, глыб. да 1800 м (адзін з найглыбейшых у свеце), шыр. 8—25 км на ўзроўні паверхні плато (на выш. 2100—2500 м) і менш за 1 км (на асобных участках да 120 м) каля ўрэзу вады. Характэрны своеасаблівыя формы схілаў (калоны, піраміды, бастыёны), грандыёзныя агаленні горных парод. Нац. парк Гранд-Каньён (з 1919); уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Турызм.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНТ ((Grant) Уліс Сімпсан) (27.4.1822, г. Пойнт-Плезант, штат Агайо, ЗША — 23.7.1885),

ваенны, паліт. і дзярж. дзеяч ЗША. Ген.-лейт. (1864). Скончыў ваен. акадэмію ў Уэст-Пойнце (1843). Удзельнік амер.-мекс. вайны 1846—48. У час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 на баку Поўначы кіраваў ваен. дзеяннямі ў даліне Місісіпі (у 1863 заняў г. Віксберг), у 1864—65 галоўнакамандуючы. Член Рэсп. партыі. У 1869—77 прэзідэнт ЗША. Садзейнічаў правядзенню сац.-эканам. пераўтварэнняў на Пд краіны, развіццю буйнога бізнесу, актывізацыі знешняй палітыкі і інш. Аўтар мемуараў.

Літ.:

Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988.

У.Грант.

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́КСАН ((Hackson) Джэсі Луіс) (8.10.1941, г. Грынвіл, штат Паўд. Караліна, ЗША),

негрыцянскі паліт. і грамадскі дзеяч ЗША, прапаведнік. Скончыў Чыкагскую духоўную семінарыю (1968). У 1960-я г. ўдзельнік руху за грамадз. правы неграў, паплечнік М.Л.Кінга. У 1971—83 прэзідэнт заснаванай ім арг-цыі «Аб’яднаны народ на службе чалавецтва», мэтай якой было садзейнічаць паляпшэнню эканам. становішча неграў. Сфармуляваў праграму т.зв. вясёлкавай кааліцыі — саюза неграў, лацінаамерыканцаў і індзейцаў, які забяспечваў бы ім магчымасць павышэння свайго сац. статуса ў грамадстве і пашырэння ўдзелу ў паліт. дзейнасці. Першы негрыцянскі палітык, які выстаўляў сваю кандыдатуру на пост прэзідэнта ЗША на выбарах 1984 і 1988.

т. 6, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮК ((Duke) Чарлз) (н. 3.10.1935, г. Шарлат, штат Паўн. Караліна, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Марскую акадэмію ЗША (1957), Масачусецкі тэхнал. ін-т (1964), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў (1965). У 1966—76 у групе касманаўтаў НАСА. 16—27.4.1972 з Дж.Янгам і Т.Матынглі здзейсніў палёт на Месяц як пілот месяцовай кабіны касм. карабля «Апалон-16». На Месяцы прабыў 71 гадз (3 выхады на яго паверхню агульнай працягласцю 20 гадз). Для перамяшчэння па месяцовай паверхні Дз. і Янг карысталіся месяцаходам. У космасе правёў 11 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі».

Ч.Дзюк.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЙЗІ ((Doisy) Эдуард Адэлберт) (13.11.1893, г. Хума, штат Ілінойс, ЗША — 23.10.1986),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1938). Скончыў Ілінойскі ун-т (1914). Д-р філасофіі (1920), праф. (1923). У 1914—17 працаваў у Гарвардскай мед. школе, з 1919 у Вашынгтонскім ун-це, у 1923—65 — у мед. школе пры Ун-це ў Сент-Луісе. Навук. працы па вывучэнні структуры вітамінаў і гармонаў. Вылучыў у крышталічнай форме жан. палавыя гармоны эстрон (1929) і эстрадыёл (1936). Адкрыў хім. структуру вітаміну K, ідэнтыфікаваў K1 і K2, сінтэзаваў вітамін K1 (1939). Нобелеўская прэмія 1943 (разам з Г.Дамам).

Э.Дойзі.

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)