санітарна-проціэпідэмічная ўстанова, якая ажыццяўляе сістэму мер па знішчэнні ўзбуджальнікаў інфекц.хвароб чалавека і жывёл. Праводзіць прафілакт. і проціэпідэмічную дэзінфекцыю, эвакуацыю інфекц. хворых і падазроных на гэтыя хваробы, сан. апрацоўку людзей, якія былі ў кантакце з інфекц. хворымі. Ажыццяўляе кантроль за станам дэзінфекц. тэхнікі і правядзеннем штодзённай дэзінфекцыі лячэбна-прафілакт. ўстановамі і інш. На Беларусі першая Д.с. адкрыта ў 1939 у Мінску. У 1997 дзейнічаюць 3 Д.с. Асн. структурныя аддзяленні Д.с.: эвакуацыі інфекц. хворых і ачаговай дэзінфекцыі; камернай дэзінфекцыі і сан. апрацоўкі; прафілакт. дэзінфекцыі; лабараторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧЫ КЛЮЧ, Псекупс,
бальнеалагічны курорт у Расійскай Федэрацыі (Краснадарскі край), за 65 км ад г. Краснадар у перадгор’ях Вял. Каўказа. Узнік у канцы 19 ст. ў даліне р. Псекупс (прыток Кубані) на базе крыніц мінер. вод — тэрмальных (да 60 °C), якія выкарыстоўваюць на лячэнне хвароб органаў руху і апоры, перыферычнай нерв. сістэмы, гінекалагічных, і з больш нізкай тэмпературай, што ідуць на лячэнне і бальнеалагічныя працэдуры пры захворваннях органаў стрававання. Санаторна-прафілактычныя ўстановы, пансіянаты, базы адпачынку.
Літ.:
Лебеденко Г.Б. Лечение на курорте Горячий ключ. Краснодар, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАСКАПІ́Я (ад гастра... + ...скапія),
метад даследавання ўнутр. паверхні страўніка пры дапамозе спец. прыбора — гастраскопа; разнавіднасць эндаскапіі. Гастраскоп — гібкая трубка, унутры якой — аптычная сістэма са шматлікіх кароткафокусных лінзаў і эл. лямпачка. Гастраскапію робяць для дыягностыкі хвароб страўніка (пухліны, язвы, гастрыты), кантролю за дынамікай працэсу, дэталёвага вывучэння слізістай абалонкі. Пры гастраскапіі магчымы дадатковыя маніпуляцыі: дыягнастычныя (біяпсія слізістай абалонкі з гісталагічным і гістахім. даследаваннем, фатаграфаванне ўнутр. паверхні страўніка) і лек. (выцягванне іншародных цел, выдаленне ці дыятэрмакаагуляцыя пухлін, паліпаў, спыненне крывацёку, у т. л. з дапамогай лазера, увядзенне ў страўнік лек. прэпаратаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУХАТА́,
адсутнасць або недастатковасць слыху. Адрозніваюць прыроджаную, набытую, аднабаковую і двухбаковую глухату.
Прыроджаная бывае ад няправільнага развіцця і фарміравання вуха; можа быць ад перанесеных пры цяжарнасці вірусных хвароб, уздзеяння на арганізм цяжарнай жанчыны таксічных рэчываў. Прычыны набытай глухаты — інфекц. хваробы (менінгіт, грып, сіфіліс, адзёр і інш.), запаленне ўнутр. вуха, атыт, доўгае ўздзеянне моцных гукаў і шумаў, парушэнне кровазвароту ўнутр. вуха, уздзеянне на арганізм таксічных рэчываў. Глухата двухбаковая, прыроджаная або набытая ў раннім дзяцінстве, выклікае глуханемату. Лячэнне: хімія- і фізіятэрапія, хірургічнае. Пры няпоўнай глухаце карыстаюцца слыхавымі апаратамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства гомельскіх урачоў. Дзейнічала ў Гомелі ў 1898—1900. Ставіла за мэту вывучэнне сан. стану Гомельскага пав., складанне яго мед. тапаграфіі і сан. карты, высвятленне прычын і адшуканне спосабаў прадухілення эпідэмічных і інш.хвароб, збор і навук. распрацоўку стат. звестак пра стан здароўя і смяротнасць насельніцтва павета, пашырэнне медыка-сан. ведаў і інш. Заснавальнік і старшыня д-р медыцыны Дз.Кастрыцкі. Распушчана міністрам унутр. спраў пад выглядам парушэння статута, фактычна з-за непрымальнага для ўлад нац. складу т-ва (колькаснай перавагі яўрэяў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАРАГІ́ЧНЫЯ ЛІХАМА́НКІ,
група вострых інфекц.хвароб віруснай этыялогіі, для якіх характэрны прыродная ачаговасць, спалучэнне ліхаманкавага стану хворага з развіццём гемарагіі. Вядомыя гемарагічныя ліхаманкі: з нырачным сіндромам, крымская, омская, аргенцінская, балівійская, жоўтая, Ласа, Марбурга, Эбола, Дэнге. Узбуджальнікі належаць да некалькіх таксанамічных груп (сямействаў) вірусаў, перадаюцца трансмісіўна (гл.Трансмісіўныя хваробы), паветрана-кропельным шляхам, праз аб’екты навакольнага асяроддзя. Асн. крыніца заражэння чалавека — грызуны і кляшчы. Для асобных гемарагічных ліхаманак (напр., з ныркавым сіндромам) акрамя агульных прыкмет характэрны пашкоджанні печані, гіпатанія, брадыкардыя, трамбацыта- і лейкапенія. Лячэнне патагенетычнае і сімптаматычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОАГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ, заалагічныя карты,
карты, якія адлюстроўваюць геагр. заканамернасці размяшчэння жывёл. Падзяляюцца на агульныя і спецыяльныя. На агульных картах паказваюць: тыпы насялення розных груп жывёл (сістэматычных — млекакормячых, птушак і інш.; групы, якія ўтвараюць ланцугі жыўлення і падтрымліваюць цыркуляцыю прыродна-ачаговых хвароб), фауністычныя комплексы, тыпы біяцэнозаў і інш. На спецыяльных картах паказваюць арэалы (асобін, папуляцый, відаў, і інш.) і іх змены ў часе; колькасць жывёльнага насельніцтва і яго дынаміку; міграцыю жывёл; феналагічныя з’явы, промыслы і інш. У кожнай групе вылучаюцца карты размяшчэння картаграфічнага аб’екта і карты раянавання тэр. па гэтых адзнаках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМА́Р ЗВЫЧА́ЙНЫ, камар-піскун (Culex pipiens),
насякомае падатрада даўгавусых атрада двухкрылых. Пашыраны ва ўсім свеце, за выключэннем пустынь. Жывуць каля вадаёмаў, у сырых мясцінах, балотах. Лічынкі і кукалкі развіваюцца ў стаячай вадзе.
Даўж. да 8 мм. Ногі доўгія, вусікі ў самцоў перыстыя, у самак э кароткімі рэдкімі валаскамі. Ротавыя органы колючыя. Самкі кормяцца крывёю пазваночных жывёл і чалавека, самцы — сокам і нектарам раслін, лічынкі — водарасцямі і арган. рэшткамі. Зімуюць самкі. Могуць пераносіць узбуджальнікаў хвароб жывёл і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЎКІН (Валянцін Сяргеевіч) (н. 10.11.1936, г. Новасібірск, Расія),
бел. вучоны ў галіне фтызіятрыі. Д-рмед.н. (1979), праф. (1982). Скончыў Крымскі мед.ін-т (1960). З 1969 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1983 заг. кафедры). Навук. працы па дыферэнцыяльнай дыягностыцы і лячэнні туберкулёзу і інш.хвароб бронха-лёгачнай сістэмы, туберкулёзе лёгкіх і цукровым дыябеце.
Тв.:
Туберкулёз лёгких у больных сахарным диабетом. Мн., 1985;
Краткий справочник по симптоматике болезней системы дыхания. 2 изд. Мн., 1987. Лечение болезней бронхов и легких: Справ Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІНЦЭ́ВІЧ (Віктар Юльянавіч) (н. 27.6.1931, в. Чаркесы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-рмед.н. (1990). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1957), з 1973 працуе ў ім (з 1989 заг. кафедры). Навук. працы па дыягностыцы і лячэнні хвароб падстраўнікавай залозы, страўнікава-кішачнага тракту, распрацоўцы тэорыі кішачнага шва. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Тв.:
Острый панкреатит: Патогенез, диагностика и лечение. Мн., 1981 (у сааўт.);
Кишечный шов. Мн., 1983 (разам з А.У.Шотам, А.А.Запарожцам);
Основы теории и практики кишечного шва. Мн., 1994 (у сааўт.).