частка складанага рухомага Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса зямной кары, выцягнутая ўздоўж зах. ускраіны Паўн. Амерыкі ў выглядзе сістэм складкавых гор (Кардыльеры Паўночнай Амерыкі). Уключае 4 структурныя сегменты: Аляскінскі, Канадскі, ЗША і Мексіканскі, для якіх характэрны 2 падоўжныя зоны — міягеасінклінальная (пояс Скалістых гор) і эўгеасінклінальная (Ціхаакіянскі пояс).
Міягеасінкліналь з позняй юры (невадыйская эпоха) уцягваецца ў інтэнсіўныя складкава-насоўныя дэфармацыі. У канцы мелу — пач. палеагену (ларамійская эпоха) складкаўтварэнне адбывалася ва ўсх.ч. Скалістых гор і прылеглых раёнах Паўн.-Амерыканскай платформы. У выніку актывізацыі тэктона-магматычных працэсаў у Кардыльерах Канады і ЗША узнікла серыя падняццяў фундамента, што абумовіла фарміраванне плато Каларада. Заключныя дэфармацыі і буйныя насовы ларамійскага ўзросту адзначаны на Алясцы (хр. Брукс) і ў Мексіцы (Усх. Сьера-Мадрэ). Складаная ўнутр. будова эўгеасінкліналі з зонамі меланжу, насовамі і ссовамі пачала развівацца ў пярмі і дасягнула кульмінацыі ў мелавы перыяд. У кайназоі на З вобласці былі пашыраны рыфтаўтварэнне (рыфты Рыо-Грандэ і Каліфарнійскага зал. ў Кардыльерах ЗША, на З Аляскі) і інтэнсіўны вулканізм, які працягваецца ў межах Алеуцкай дугі. Аляскінскага хр., Каскадных гор, Трансмексіканскага вулканічнага пояса. Шматлікія радовішчы нафты і газу (больш за 2 тыс.; у ЗША, Мексіцы, на шэльфе Мексіканскага зал.). медзі (ЗША, Канада, Мексіка), урану (плато Каларада) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБЛІМА́ЦЫЯў псіхалогіі,
псіхічны працэс пераўтварэння і пераключэння энергіі афектыўных памкненняў на мэты сац. дзейнасці і культ. творчасці. Ідэя С. адлюстравана ў творах пісьменнікаў 18 ст. (Г.Штылінг, Наваліс), у працах філосафаў 19 ст. (А.Шапенгаўэр, Ф.Ніцшэ). У навук. ўжытак тэрмін «С.» ўвёў З.Фрэйд у 1900. У пач. 20 ст. паняцце «С.» стала шырока выкарыстоўвацца ў псіхааналіт. філасофіі. У псіхааналізе Фрэйда С. — працэс, у выніку якога энергія, накіраваная першапачаткова на сексуальныя (лібіда) або агрэсіўныя мэты, перанакіроўваецца на дасягненне інш. сацыяльна і культурна санкцыянаваных мэт (спорт, інтэлектуальная праца, маст. творчасць, фарміраваннерэліг. абрадаў і культаў і інш.). На яго думку, сублімаваная энергія стварае цывілізацыю. М.Шэлер лічыў, што здольнасць да С. ўласціва ўсім формам арганізацыі прыроднага свету, а чалавек — апошні акт С. ў прыродзе. «Звышсублімацыя», на яго думку, — «празмерная інтэлектуалізацыя», якая ўласціва сучаснай культуры і выклікае ў чалавека дэструктыўныя схільнасці. Псіхааналіт. тэорыя разглядае С. як адзін са сродкаў вырашэння ўнутр. канфліктаў, якія ў адваротным выпадку прывялі б чалавека да неўрозу, няздольнасці знайсці адэкватнае выйсце са складаных жыццёвых сітуацый. Ідэі С. выкарыстоўваюцца ў псіхатэрапеўтычнай практыцы, псіхалогіі сацыяльнай, псіхалогіі творчасці, дзіцячай псіхалогіі, псіхалогіі спорту і інш.
Літ.:
Теория личности в западноевропейской и американской психологии. Самара, 1996;
Фрейд З. Введение в психоанализ // Фрейд З. Психоаналитические этюды. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЕ́ЙНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэматычнае мэтанакіраванае ўздзеянне на дзіця дарослых членаў сям’і і сямейнага ладу жыцця. Гал. задача С.в. — падрыхтоўка дзіцяці да жыцця ў пэўных сац. умовах. С.в. звычайна будуецца на аснове ідэалогіі, маралі і сістэмы ўзаемаадносін таго сац. пласта, да якога належыць сям’я. Фарміраванне асобы дзіцяці адбываецца ў выніку непасрэднага ўплыву аб’ектыўных умоў яго жыцця ў сям’і (сямейных адносін, структуры сям’і і колькасці яе членаў, прыкладу бацькоў і інш.) і ўздзеяння мэтанакіраванага выхавання дарослымі. Свядомая выхаваўчая дзейнасць дарослых становіцца эфектыўнай, калі праводзіцца не адасоблена ад рэальнага жыцця бацькоў, а пацвярджаецца ім. На С.в. істотна ўплывае духоўная культура бацькоў, іх вопыт сац.зносін, сямейныя традыцыі. Асобая роля належыць пед. культуры бацькоў, якая дае магчымасць звузіць элемент стыхійнасці, які найбольш уласцівы С.в. Маральнае ўздзеянне сям’і як выхаваўчага ін-та чалавек адчувае на працягу ўсяго жыцця. Аднак уплыў С.в. на розных этапах развіцця дзіцяці неаднолькавы. З паступленнем дзіцяці ў навуч. ўстановы сям’я пачынае падзяляць сваю выхаваўчую функцыю з інш.сац. ін-тамі; чым мацнейшая ўзаемасувязь і пераемнасць паміж С.в. і выхаваннем грамадскім, тым больш значны вынік выхавання як адзінага мэтанакіраванага працэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́НЕЦ МАДЭ́РН.
Склаўся на мяжы 19—20 ст. у ЗША і Германіі як адзін з кірункаў сучаснай харэаграфіі. Тэрмін «Т.м.» выцесніў назвы «вольны танец», «дунканізм», «танец басаножак», «рытмапластычны танец», «экспрэсіянісцкі», «новы маст. танец» і інш. Заснавальніца Т.м. — амер. танцоўшчыца А.Дункан (імітацыя ант. форм танца, «танец басаножак», адмаўленне ад традыц. балетнага касцюма, зварот да сімф. і камернай музыкі). Асн. прынцыпы Т.м.: увасабленне новых тэм і сюжэтаў, пошук арыгінальных выразных танц.-пластычных сродкаў, высокая ступень імправізацыі, сінтэз розных стыляў, акцэнт на індывід. вынаходлівасць харэографа. Для яго развіцця характэрны імкненне да эксперыментавання, стварэння новых стылявых канцэпцый як процістаянне традыц. балетным формам. Фарміраванне Т.м. звязана з тэарэт. працамі Ф.Дэльсарта, Р. фон Лабана, практыкамі М.Вігман, М.Грэхем, Э.Жакам-Далькрозам, К.Іосам, Р.Сен-Дэні і інш. Т.м. паступова сінтэзаваўся з класічным танцам, што найб., ярка выявілася ў творчасці балетмайстраў К.Галяйзоўскага, С.Ліфара, В.Ніжынскага, М.Фокіна, Л.Якабсона, пазней — у творчасці Дж.Баланчына, М.Бежара, Ю.Грыгаровіча, Р.Пці. У розных краінах свету сфарміраваліся і развіваюцца розныя школы і плыні. Значную ролю ў папулярызацыі і станаўленні Т.м. на Беларусі адыгрывае штогодні Міжнар. фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (з 1992). На бел. балетнай сцэне элементы Т.м. відавочны ў паст. А.Дадышкіліяні, В.Елізар’ева, Р.Паклітару і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІ́МІЯ ТО́РФУ,
навука пра састаў і хім. ўласцівасці торфу, якія вызначаюць асн. кірункі перапрацоўкі тарфяной сыравіны з мэтай атрымання разнастайных прадуктаў і матэрыялаў для розных галін гаспадаркі.
Асн. кірункі навук. распрацовак: сувязь хім. саставу з відам і тыпам торфу; хімія гумінавых кіслот, піроліз торфу; вытв-сць біялагічна актыўных рэчываў гумінавага паходжання, тэхналогіі атрымання воску, прэпаратаў для медыцыны, быт. хіміі, сарбцыйных матэрыялаў для ачысткі сцёкавых вод ад нафтапрадуктаў і іонаў цяжкіх металаў, фарбавальнікаў і інш.Вял. клас арган. злучэнняў торфу — бітумаў, вугляводаў, гумінавых рэчываў — вызначае яго каштоўнасць як хім. сыравіны і арган. ўгнаення. Тэрмічная перапрацоўка торфу дазваляе атрымліваць тэхнал. газ, вадкае паліва, кокс, вугляродныя сарбенты і інш.
На Беларусі як самаст. галіна хіміі пачала фарміравацца з 1912 на Мінскай балотнай доследнай станцыі. З 1932 даследаванні па Х.т. вядуцца ў Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН. Уклад у фарміраванне і развіццё навук. даследаванняў па Х.т. зрабілі П.І.Бялькевіч, У.Я.Ракоўскі, І.І.Ліштван і інш.Гл. таксама Тарфяная прамысловасць, Торфаздабыча, Торфалячэнне.
Літ.:
Лиштван И.И., Король Н.Т. Основные свойства торфа и методы их определения. Мн., 1975;
Раковский В.Е., Пигулевская Л.В. Химия и генезис торфа. М., 1978;
Тишкович А.В. Использование торфа в сельском хозяйстве. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОБС (Hobbes) Томас (5.4.1588, г. Малмсберы, Вялікабрытанія — 14.12.1579 14.12.1679),
англійскі філосаф-матэрыяліст. Скончыўшы Оксфардскі ун-т (1608), працаваў гувернёрам у арыстакратычнай сям’і У.Кавендыша (пазней герцага Дэваншырскага), з якой быў звязаны да канца жыцця. На фарміраванне светапогляду Гобса значна паўплывалі Ф.Бэкан, Г.Галілей, П.Гасендзі, Р.Дэкарт, з якімі ён быў асабіста знаёмы. Прырода ў вучэнні Гобса — сукупнасць аб’ектыўна існуючых фіз. цел, што розняцца велічынёй, фігурай, размяшчэннем у прасторы і рухам, які ўяўляецца як чыста мех. перамяшчэнне матэрыяльнага аб’екта і атаясамліваецца з усімі інш. формамі руху. Пачуццёвыя якасці ён разглядаў не як уласцівасці саміх рэчаў, а як формы іх успрымання. У сац. філасофіі зыходзіў з пастулата аб антыграмадскай, ці эгаістычнай, агрэсіўнай прыродзе чалавека. Таму ў грамадстве і дзяржаве Гобс бачыў перш за ўсё сродак пазнання прычын грамадз. войнаў і іх пераадолення, забеспячэння ўсеагульнага міру і бяспекі. Гобс абгрунтоўваў дагаворную тэорыю ўзнікнення дзяржавы з дадзярж. формаў існавання людзей, калі індывіды жылі раз’яднана ў стане пастаяннай «вайны ўсіх супраць усіх». У сваім этычным вучэнні развіваў ідэі пра супадзенне грамадз. абавязкаў і маральнага доўгу, прыродных законаў маралі і грамадз. дабрачыннасцей. Асн. працы: філас. трылогія «Асновы філасофіі» — «Пра грамадзяніна» (1642), «Пра цела» (1655), «Пра чалавека» (1658); «Левіяфан, або Матэрыя, форма і ўлада дзяржавы царкоўнай і грамадзянскай» (1651).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́К-БАЛАХО́ВІЧА ПАХО́Д 1920,
ваенная акцыя Рус.нар. добраахвотніцкай арміі (з рус. і бел. вайсковых часцей) на чале з ген. С.Н.Булак-Балаховічам у ліст. 1920 на Палессі. Паліт. кіраўнік акцыі — старшыня Рус.паліт.к-та ў Польшчы Б.В.Савінкаў. Акцыя была разлічана на падтрымку сялянства, незадаволенага палітыкай «ваеннага камунізму». Меў на мэце стварэнне незалежнай Бел. дзяржавы і саюзнай з ёй Рас.дэмакр. рэспублікі. Падтрыманы начальнікам Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскім.
Сканцэнтраваўшы свае сілы ў раёне Лунінец—Мікашэвічы—Тураў, армія Булак-Балаховіча (20 тыс.чал.) 6.11.1920 пачала наступленне ўздоўж р. Прыпяць. Разбіўшы часці Чырв. Арміі, яна заняла Петрыкаў, Калінкавічы, Мазыр, падышла да Рэчыцы. У Мазыры Булак-Балаховіч абвясціў сябе «начальнікам Беларускай дзяржавы», галоўнакамандуючым усімі ўзбр. сіламі Беларусі і пракламаваў незалежнасць Беларусі; выдаў загад пра фарміраваннебел. войска, назначыў «урад Беларусі» на чале з П.П.Алексюком і абвясціў «звергнутымі» ўрады БССР і Бел.Нар. Рэспублікі. 16 ліст.Чырв. Армія пачала контрнаступленне і 20.11.1920 узяла Мазыр. Асн. сілы Булак-Балаховіча прабіліся на польскі бок фронту, большасць арміі была раззброена польск. ўладамі; інтэрніраваныя ў Белавежскай пушчы асобныя атрады ўдзельнічалі ў нападах на БССР да 1922.
Літ.:
Историко-стратегический очерк XVI-й армии. Могилев, 1921. С. 148—160;
Simanskij P. Kampanja białorusko-rosyjskiej armji ludowo-ochotniczej gen. Bułak-Bułachowicza w r. 1920 // Bellona. Warszawa, 1931. Т. 37, z. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛЧЭ́ННЕ,
1) часовае ваеннае фарміраванне (пераважна добраахвотнае) з цывільнага насельніцтва для адпору ворагу ў надзвычайных умовах. Вядома са старажытнасці. Пры феадалізме універсальная сістэма агульнай мабілізацыі доўгі час масавае народнае апалчэнне было асн. спосабам разгортвання войска, ядро якога складала княжацкая (каралеўская, ханская) дружына. Апалчэннем наз. таксама сярэдневяковыя ваен. фарміраванні міліцыйнага тыпу (рыцарскае, дваранскае, гарадское апалчэнне). У Расіі вядомы масавыя апалчэнні ў 1611—12, 1812, 1855—56. Вял. ролю адыграла Народнае апалчэнне ў Вял.Айч. вайне 1941—45.
На тэр. Беларусі апалчэнне наз.пагоняй. У 13—14 ст. адыгрывала важнейшую ролю ў абароне краіны. У сталым сярэднявеччы масавую мабілізацыю сялян замяніла феад. апалчэнне (ахоплівала ўсіх землеўладальнікаў). Велічыня зямельнага надзелу вызначала памер вайсковай павіннасці (земскай службы). Ухвалу (пастанову) аб скліканні ўсеагульнага апалчэння мог прыняць толькі вальны сойм. Войскі апалчэння мелі ўласную вял. харугву. Кіраваў апалчэннем найвышэйшы, з 17 ст.вял. гетман літоўскі. Нярэдка камандаванне прымаў кароль і вял. князь ВКЛ. Апалчэнне з тэр. ўсёй дзяржавы склікалася ў 1528, 1567, 1654 і інш. гады. З 17 ст. эфектыўнасць такой формы арганізацыі войска знізілася, але інстытут апалчэння існаваў да канца 18 ст.
2) Дзярж. апалчэнне — частка ўзбр. сіл Расійскай імперыі ў 1874—1917 (прызначалася для папаўнення дзеючай арміі і дапаможнай службы ў ваен. час). Аналагічная катэгорыя ваеннаабавязаных у Венгрыі наз. гонвед, у Аўстра-Венгрыі і Германіі — ландвер і ландштурм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КРАЁВАЯ АБАРО́НА (БКА),
вайсковае фарміраванне на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр.Беларусі ў Вял.Айч. вайну.
Стваралася ў пач. 1944 паводле дазволу А.Гітлера на правядзенне мабілізацыі на Беларусі, загадаў в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга ад 23.2.1944 і прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады Р.Астроўскага ад 6.3.1944 шляхам прымусовай мабілізацыі мужчынскага насельніцтва 1908—24 г. нараджэння. Узначальвала БКА гал. камандаванне на чале з маёрам Ф.Кушалем, якому падпарадкоўваліся акр. аддзелы БКА. Усяго было мабілізавана каля 25 тыс.чал., з якіх да крас. 1944 створана 36 пях. і 6 сапёрных батальёнаў. Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-тыднёвых курсах у Мінску, радавыя — на месцах службы. Для афіцэраў уведзены знакі адрознення чыноў і званні: лейтэнант, старшы лейтэнант, капітан, маёр, падпалкоўнік; для падафіцэраў — дружынавы і звязовы. Гал. мэты БКА — арганізацыя бел.нац. войска, барацьба супраць сав. партызанаў, Чырв. Арміі, польскай Арміі Краёвай. БКА не апраўдала надзей акупантаў. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складоў і інш.гасп. мэт. Значная частка мабілізаваных у БКА, у т. л. са зброяй у руках, пераходзілі да партызанаў. Пасля вызвалення Беларусі былі мабілізаваны ў Чырв. Армію, многія з іх пазней панеслі адм. ці крымінальнае пакаранне. Частка вайскоўцаў БКА, што апынуліся ў Германіі, увайшлі ў 1-ю бел. грэнадзёрскую брыгаду СС «Беларусь» ці ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС «Беларусь № 1», якая перайшла на бок амерыканцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРНА́ДСКІ Уладзімір Іванавіч (12.3.1863, Пецярбург — 6.1.1945),
савецкі вучоны, мысліцель і грамадскі дзеяч; заснавальнік геахіміі, біягеахіміі, радыегеалогіі, цэласнага вучэння аб біясферы, жывой матэрыі (арганізуючай зямную абалонку) і эвалюцыі біясферы ў наасферу (сферу розуму). Сын І.В.Вярнадскага. Акад.АНСССР (Пецярбургскай АН, 1912). Замежны чл. Чэхаславацкай АН (1926), Сербскай АН (1926), Парыжскай АН (1928) і інш. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1885). Навук. і пед. дзейнасць звязана пераважна з Расійскай АН (1906—45) і Маскоўскім ун-там (1890—1911). Адзін з арганізатараў камісіі па вывучэнні натуральных вытворчых сіл Расіі (1915—30), АНУкр. ССР (першы прэзідэнт 1919—21), Дзярж. радыевага ін-та (дырэктар 1922—39), Біягеахім. лабараторыі АНСССР (дырэктар 1927—45; Ін-т геахіміі і аналітычнай хіміі імя Вернадскага), міжнар. камісіі па вызначэнні абс. ўзросту горных парод (віцэ-прэзідэнт 1937—45), Камісіі па ізатопах (1938), Уранавай камісіі (1939). Працаваў у Радыевым ін-це ў Сарбоне (Парыж) разам з М.Кюры-Складоўскай, у Карлавым ун-це (Прага). Распрацаваў тэорыю будовы алюмасілікатаў. Ідэі Вернадскага сыгралі выдатную ролю ў станаўленні сучаснай карціны свету. Яго вучэнне аб узаемаадносінах прыроды і грамадства зрабіла моцны ўплыў на фарміраванне сучаснага экалагічнага ўсведамлення. Стварыў навук. школу рус. мінералогаў і геахімікаў. Дзярж. прэмія СССР 1943.
Тв.:
Избр. соч. Т. 1—5. М., 1954—60.
Літ.:
Мочалов И.И. В.И.Вернадский — человек и мыслитель. М., 1970.