ВЯРНА́ДСКІ Уладзімір Іванавіч
(12.3.1863, Пецярбург — 6.1.1945),
савецкі вучоны, мысліцель і грамадскі дзеяч; заснавальнік геахіміі, біягеахіміі, радыегеалогіі, цэласнага вучэння аб біясферы, жывой матэрыі (арганізуючай зямную абалонку) і эвалюцыі біясферы ў наасферу (сферу розуму). Сын І.В.Вярнадскага. Акад. АН СССР (Пецярбургскай АН, 1912). Замежны чл. Чэхаславацкай АН (1926), Сербскай АН (1926), Парыжскай АН (1928) і інш. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1885). Навук. і пед. дзейнасць звязана пераважна з Расійскай АН (1906—45) і Маскоўскім ун-там (1890—1911). Адзін з арганізатараў камісіі па вывучэнні натуральных вытворчых сіл Расіі (1915—30), АН Укр. ССР (першы прэзідэнт 1919—21), Дзярж. радыевага ін-та (дырэктар 1922—39), Біягеахім. лабараторыі АН СССР (дырэктар 1927—45; Ін-т геахіміі і аналітычнай хіміі імя Вернадскага), міжнар. камісіі па вызначэнні абс. ўзросту горных парод (віцэ-прэзідэнт 1937—45), Камісіі па ізатопах (1938), Уранавай камісіі (1939). Працаваў у Радыевым ін-це ў Сарбоне (Парыж) разам з М.Кюры-Складоўскай, у Карлавым ун-це (Прага). Распрацаваў тэорыю будовы алюмасілікатаў. Ідэі Вернадскага сыгралі выдатную ролю ў станаўленні сучаснай карціны свету. Яго вучэнне аб узаемаадносінах прыроды і грамадства зрабіла моцны ўплыў на фарміраванне сучаснага экалагічнага ўсведамлення. Стварыў навук. школу рус. мінералогаў і геахімікаў. Дзярж. прэмія СССР 1943.
Тв.:
Избр. соч. Т. 1—5. М., 1954—60.
Літ.:
Мочалов И.И. В.И.Вернадский — человек и мыслитель. М., 1970.
т. 4, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)