ЛІСІ́ЧКА (лац. Vulpecula),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Адсутнічаюць зоркі ярчэй 4,4 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць круглы год, найлепш у ліпені. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Лісічка.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЁН (Mayon),

вулкан на ПдУ в-ва Лусон у Ціхім ак. (тэр. Філіпін). Правільны конус выш. 2462 м, складзены пераважна з андэзітаў. Частыя вывяржэнні. Нац. парк Маён-Волькана.

т. 9, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,

ваенна-адм. адзінка, тэр. агульнавайсковае аб’яднанне, у якое ўваходзяць злучэнні, часці, ваенна-навучальныя і розныя мясц. ваенныя ўстановы. Падзел тэр. краіны на ваенныя акругі практыкуецца ў многіх дзяржавах і мае на мэце забяспечыць правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай краіны і ўзбр. сіл на выпадак вайны, больш мэтанакіравана арганізаваць падрыхтоўку войск і штабоў. Бываюць прыгранічныя і ўнутраныя В.а., звычайна іх называюць па найменнях гарадоў або мясцовасці, дзе дыслацыруюцца іх упраўленні. У СССР (паводле стану на 1991) існавала 16 ваенных акруг, адной з якіх была Беларуская ваенная акруга, на базе якой створаны Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗКАЎСХО́ДНІ ФАСФАРЫТАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

на ПнУ Афрыкі і сумежнай тэр. Усх. Міжземнамор’я. Займае вял. ч. тэр. Егіпта, Саудаўскай Аравіі, Іарданіі, Ізраіля, Ірака, Сірыі, Лівана і паўд. Турцыі. Даўж. басейна каля 2000 км. Пл. каля 1 млн. км². Першыя радовішчы адкрыты ў 1896—1908 у даліне р. Ніл і на зах. узбярэжжы Чырвонага м., большасць выяўлена ў 1950—60-х г. у краінах Б. Усходу. Прамысл. залежы ў выглядзе пластоў (магутнасць 2—6 м). Распрацоўка радовішчаў бас. ў Егіпце, Іарданіі, Ізраілі, Сірыі. Б. ч. таварных фасфарытных канцэнтратаў (P2O5 больш за 30—33%) экспартуецца ў краіны Еўропы і Азіі.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКА-ТРО́КСКІ ПАВЕ́Т,

адм-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1922—39. 8.1.1922 польскі ўрад правёў выбары ў часовы сейм Віленшчыны (т.зв. Сярэдняй Літвы), які 20.2.1922 прыняў рашэнне аб далучэнні яе да Польшчы. Пастановай урада Польшчы ад 6.4.1922 утвораны Віленска-Трокскі павет у складзе Віленскай зямлі, з 22.12.1925 Віленскага ваяводства. Цэнтр павета — г. Трокі (сучасны Тракай, Літва). Пл. 183 км², нас. 168 879 чал. (без Вільні). Павет падзяляўся на 18 гмін. Пасля вызвалення Зах. Беларусі ўрад СССР у кастр. 1939 перадаў павет у склад Літвы, дзе асн. яго тэр. пазней склала Тракайскі р-н.

т. 4, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТЫ КАНГРЭГА́ЦЫІ ПРАПАГА́НДЫ ВЕ́РЫ,

«Acta S.C. de propaganda fide ecclesiam catholicam Ucrainae et Bielarusiae spectantia», серыя публікацый дакументаў па гісторыі царквы на тэр. Беларусі і Украіны. Выдаецца ў Рыме з 1953 базыльянскім ордэнам. Змяшчае акты (пратаколы) пасяджэнняў кангрэгацыі (створана ў 1622 рымскім папам для каардынацыі місіянерскай дзейнасці; распараджалася уніяцкай царквой, кантралявала місіянерскую дзейнасць каталіцкіх ордэнаў на тэр. Беларусі і Украіны), а таксама пасланні да папскіх нунцыяў, пратаколы «партыкулярных» кангрэгацый, на якіх прымаліся рашэнні аб дзейнасці уніяцкай царквы ў ВКЛ. Крыніца для вывучэння палітыкі рымскай курыі ў ВКЛ, сац.-паліт. эканам., ідэалаг. дзейнасці уніяцкай царквы.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗНЕВІ́ДЫ,

дынастыя цюркскага паходжання, якая правіла ў 10—12 ст. у Газневідскай дзяржаве на Сярэднім Усходзе (на тэр. Індыі і сучаснага Афганістана). Засн. ў 962 саманідскім палкаводцам Алп-Тэгінам. Найб. магутнасці дзяржава Газневідаў дасягнула ў часы Себук-Тэгіна [977—997], які ўвёў спадчыннасць улады, павялічыў дзяржаву за кошт Пешавара на Пд і Харасана на Пн, і яго сына Махмуда [998—1030]. Махмуд пашырыў тэр. дзяржавы ад Ірана і Каспійскага м. да р. Ганг і ад Аральскага м. да Раджпутаны, пры ім значнага росквіту дасягнулі навука і культура. Пры Масудзе I [1030—41] пачаўся распад дзяржавы Газневідаў. У канцы 1180-х г. Газневіды ліквідаваны Гурыдамі.

т. 4, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,

ваенна-тэр. адзінка ў Расіі ў час 1-й сусв. вайны. Створана ў ліп. 1914 замест скасаванай Віленскай ваен. акругі; тылавы раён Паўн.-Зах., з 1915 — Паўн. франтоў. Тэр. акругі ў выніку ваен. дзеянняў неаднаразова мянялася, у 1917 уключала Віцебскую, Пскоўскую і частку Ліфляндскай губ. Штаб дыслацыраваўся ў Вільні, а пасля яе здачы ў жн. 1915 — у Віцебску. Камандаванне акругі займалася камплектаваннем і размяшчэннем вайск. часцей, нарыхтоўкай усяго неабходнага для дзеючай арміі, эвакуацыяй параненых і цывільнага насельніцтва, загадвала ўсімі ваен. ўстановамі, займалася пытаннямі цэнзуры і контрразведкі і інш. Штаб акругі расфарміраваны вясною 1918.

М.​М.​Смальянінаў.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮ́НЦКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

старажытнаплейстацэнавае зледзяненне ў Альпах (каля 800—900 тыс. гадоў назад), якое папярэднічала Міндэльскаму зледзяненню. Датуецца часам заканчэння фарміравання альпійскай складкавасці і паступовага стварэння рэльефу зямной паверхні, блізкага да сучаснага, канцом неагенавага, або пачаткам антрапагенавага перыяду. Звязана з пашырэннем плошчы зледзянення Альпаў. Вылучаюць некалькі стадый гюнцкага зледзянення. На тэр. СНД адпавядае перыяду адкладу гурыйскіх або апшэронскіх пластоў (каля 1,8—0,7 млн. г.). Некат. даследчыкі параўноўваюць гюнцкае зледзяненне з нараўскім зледзяненнем, што было на тэр. Беларусі і доўжылася прыкладна 40 тыс. г. (600—500 тыс. г. назад) ад канца брэсцкага перадледавікоўя да пач. белавежскага міжледавікоўя.

т. 5, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́КІЯ (Dacia),

у старажытнасці вобласць, населеная дакамі. Займала тэр. паміж Дунаем, Цісай, Карпатамі і Днястром — тэр. сучаснай Румыніі. Пасля заваявання Траянам (106 н.э.) — рым. правінцыя. У 118—119 падзелена на Верхнюю і Ніжнюю Д., у 158—159 — на 3 правінцыі, якія да пач. вайны з маркаманамі (166) аб’ядналіся пад назвай «правінцыі 3 Д.». Аўрэліян пад націскам готаў (з 236) і карпаў (з 248) пакінуў Д. У 270—275 ч. карэннага насельніцтва перасялілася на правы бераг Дуная, дзе былі створаны 2 правінцыі — Д.​Прыбярэжная і Д.​Унутраная; левабярэжную Д. занялі готы, вандалы і інш.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)