былы маёнтак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Вядомы з 1748 як уладанне Гільзенаў, пры іх атрымалі сваю назву (ад франц. belmont прыгожая гара). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Бяльмонтах створаны палацава-паркавы ансамбль, які ўключаў 2-павярховы мураваны палац (меў 33 пакоі), вял. круглую парадную залу, дамашнюю капліцу. У 1768 пабудаваны філіяльны касцёл Ісуса Хрыста. У 19 ст. пры Манузі і Плятэрах Бяльмонты сталі буйным цэнтрам культ. жыцця Браслаўшчыны. Тут прайшло дзяцінства мастака Я.Траяноўскага, у Бяльмонтах бывалі Н.Орда, дзекабрысты М.С.Лунін, А.В.Поджыа і інш.; існавалі багатыя музейная калекцыя і бібліятэка (у 1-ю сусв. вайну вывезена ў Петраград), парафіяльная школа (у 1804 было 30 вучняў), з 1857 дзейнічаў бровар. У 1-ю сусв. вайну палац Плятэраў разбураны. З 1976 Бяльмонты ўвайшлі ў склад в.Ахрэмаўцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ЗВА́РКА, аўтагенная зварка,
спосаб злучэння металаў мясцовым расплаўленнем іх полымем, якое ўтвараецца пры згаранні сумесі гаручага газу (ацэтылену, вадароду, пароў бензіну і інш.) з кіслародам. Робіцца з дапамогай гарэлкі зварачнай (ручная газавая зварка) ці шматполымных гарэлак вял. магутнасці (машынная газавая зварка). Выкарыстоўваецца для зваркі танкасценных (1—3 мм) вырабаў са сталі, каляровых металаў і сплаваў, чыгуну, наплаўкі слою металу на паверхню вырабаў і інш.
Найб. т-ру (каля 3200 °C) мае ацэтыленава-кіслароднае полымя. Ацэтылен атрымліваюць на месцы работы з карбіду кальцыю ў ацэтыленавых генератарах, кісларод трымаюць у балонах пад ціскам. Віды швоў пры газавай зварцы такія ж, як і пры дугавой зварцы. Ручную газавую зварку выкарыстоўваюць пераважна на рамонтных і мантажных работах, машынную — у стацыянарных умовах для зваркі труб і тонкаліставых канструкцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРУЖЫ́НСКІ (Авяр’ян Сафонавіч) (н. 10.6.1919, в. Хляўно Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Камуніст.ін-т журналістыкі ў Мінску (1941). Працаваў у прэсе, з 1949 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура», у 1981—84 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1939. Першы зб. вершаў «Песні маладосці» (1959). Піша пераважна для дзяцей: зб-кі «Цуды ёсць на свеце» (1960), «Дзе жыве зіма» (1962), «Кую-кую ножку» (1967), «Смешкі і пацешкі» (1968), «Чабарок» (1970), «Конікі-будаўнікі» (1977), «Касмічны агарод» (1981), «Працалюбы» (1987) і інш. Аўтар тэкстаў песень «Мінскі вальс», «Дзявочая лірычная», «Беларусь» і інш., песні «Мяцеліца» і «Сабірайся ў госці, мой дзядок» сталі народнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНІКА́НЦЫ (позналац. dominicani або fratres praedicatores браты-прапаведнікі),
каталіцкі манаскі жабрацкі ордэн. Створаны ў пач. 13 ст., зацверджаны папам у 1216. Заснавальнік іспанец Дамінік дэ Гусман. Галоўны накірунак ордэна — прапагандысцка-місіянерская дзейнасць. У 1232 Д. была даручана інквізіцыя. Жабрацкі характар ордэна не заўсёды вытрымліваўся, у 1475 і 1477 Д. афіцыйна дазволена валодаць маёмасцю і мець сталыя крыніцы прыбытку. Папства выкарыстоўвала ордэн у барацьбе з ерасямі, свецкімі ўладамі, рэфармацыйным рухам. Д. ўзначальвалі кафедры ў многіх ун-тах сярэдневяковай Еўропы. У Беларусі з’явіліся ў пач. 16 ст., на пач. 19 ст. мелі тут больш за 40 кляштараў і рэзідэнцый, дзейнічаў Забельскі дамініканскі калегіум. Вядомы жаночы кляштар Д. у Навагрудку. У 1830—60-я г. кляштары Д. у Беларусі зачынены, жылыя іх будынкі прыстасаваны пад казармы, шпіталі і інш., касцёлы сталі парафіяльнымі або перададзены праваслаўнай царкве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГЕ́ВІЧ (Васіль Сямёнавіч) (н. 3.1.1947, в. Жыцькава Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў фіз.ф-т Харкаўскага ун-та (1969), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1979). Працаваў выкладчыкам фізікі ў школе, на Барысаўскім шклозаводзе (1970—77), на кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1979), у час. «Маладосць» (з 1981). З 1992 — у час. «Полымя». Друкуецца з 1972. Кнігі апавяданняў і аповесцей «Спелыя яблыкі» (1976), «Калі ласка, скажы» (1978), «Жыціва» (1980), «Астравы на далёкіх азёрах» (1984). Аўтар раманаў (ад бытавога да сац.-фантастычнага) «Доказ ад процілеглага» (1985), «Мелодыі забытых песень» (1988), «Не забывай пра дом свой, грэшнік» (1990), «Кентаўры» (1993). Напісаў (разам з А.Чарновым) навук.-дакумент. кнігу пра Чарнобыль «Сталі воды горкімі» (1991). Для яго творчасці характэрны псіхалагізм, філасафічнасць, умоўна-абагульненая форма маст. асэнсавання жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКІ́ЛЬ (франц. coquille літар. ракавіна, шкарлупіна),
металічная ліцейная форма для атрымання адлівак з каляровых сплаваў, чыгуну, сталі. Складаецца з двух і болей частак з гнёздамі (утвараюць вонкавую паверхню адліўкі) і літніковай сістэмы (каналаў для запаўнення рабочай поласці).
К. бываюць: плоскія і цыліндрычныя; суцэльныя (нераздымныя) і састаўныя (раздымныя); з паветр, вадкасным і камбінаваным ахаладжэннем. Устойлівасць да 10 тыс. залівак (павышаецца ахоўнымі пакрыццямі). Выкарыстоўваецца ў серыйнай і масавай вытв-сці. Ліццём у К. атрымліваюць адліўкі масай да некалькіх тон: простыя па форме (балванкі, утулкі, пліты), складаныя (картэры, галоўкі блокаў рухавікоў) і з асаблівымі ўласцівасцямі (з павышанай герметычнасцю, зносаўстойлівасцю і інш.).
Літ.:
Специальные способы литья: Справ. М., 1991.
Л.Р.Дудзецкая.
Какіль з раздымам у вертыкальнай плоскасці: 1 — палавіны какіля; 2 — гняздо (рабочая поласць); 3 — выпар (для выхаду газаў); 4 — літнік для запаўнення формы вадкім металам пад ціскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНТА́Н (лац. Lanthanum),
La, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 57, ат. м. 138,9055, адносіцца да рэдказямельных элементаў. Прыродны Л. складаецца з 2 ізатопаў 139La (99,911%) і радыеактыўнага 138La (перыяд паўраспаду 2 ∙ 1011 гадоў). У зямной кары 2,9 ∙ 10−3% па масе. Адкрыты швед. хімікам К.Мосандэрам у 1839. Назва (ад грэч. lanthanō хаваюся) абумоўлена цяжкасцю атрымання.
Серабрыста-белы метал, tпл 920 °C, шчыльн. 6162 кг/м³. У вільготным паветры акісляецца. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з вадой, мінер. к-тамі, пры награванні — з большасцю металаў і неметалаў. Выкарыстоўваюць для легіравання алюмініевых, магніевых, нікелевых і кобальтавых сплаваў, як кампанент міш-металу — сплаў 45—50% цэрыю, 22—25% Л., 15—17% неадыму і інш. рэдказямельных элементаў з жалезам (да 5%) і крэмніем (0,1—0,3%), для паляпшэння мех. уласцівасцей сталі, чыгуну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЕЛІ́ТЫ,
манахі каталіцкага жабрацкага ордэна, заснаванага ў 1155 св. Бертольдам у Палесціне. Назва ад гары Кармель, дзе быў першы скіт К. Ордэн зацверджаны папам рымскім у 1247. Манахі павінны былі жыць у асобных келлях, не мець уласнасці, працаваць фізічна, строга захоўваць пасты, быць маўклівымі і г.д. У 13 ст. К. перабраліся на Кіпр, у Сіцылію, Англію і інш. краіны Зах. Еўропы. З канца 14 ст.сталі пашырацца ў Польшчы, адкуль праніклі ў ВКЛ. У 1452 зацверджаны і жаночы ордэн кармелітак. Мужчынскія кляштары К. існавалі ў Ружанах (цяпер Пружанскі р-н; з 1617), Мсціславе (з 1618), Вільні (з 1628), Глыбокім (з 1639), Гродне (з 1676), Мінску (з 1704), Пінску (з 1734), Гудагаі (Астравецкі р-н; з 1764) і інш. У 19 ст. ўсе кармеліцкія кляштары зачынены. У 1990-я г. пачала аднаўляцца дзейнасць К. у Мядзеле і Гудагаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАВІ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1876у Балгарыі,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць тур. панавання 18.4—23.5.1876. Падрыхтавана Балг.рэв.цэнтр. к-там (знаходзіўся ў г. Джурджу, Румынія) і рэв. к-тамі ў Балгарыі. Пачалося датэрмінова (прызначалася на 1 мая) з-за пагрозы арышту кіраўнікоў. Найб. размаху дасягнула ў паўд. Балгарыі (Плоўдзіўская рэв. акруга з цэнтрам у г. Панагюрыштэ). 17 мая каля в. Казладуй высадзіўся сфарміраваны ў Румыніі атрад Х.Боцева (у арганізацыі атрада ўдзельнічаў і беларус М.К.Судзілоўскі), які дайшоў да г. Враца, але там быў разбіты. Слаба падрыхтаванае і дрэнна ўзброенае паўстанне жорстка задушана тур. ўладамі; загінула каля 30 тыс. паўстанцаў. Рэпрэсіі тур. войскаў у час разгрому паўстання выклікалі абурэнне прагрэс. грамадскасці свету, садзейнічалі абвастрэнню міжнар. становішча і сталі адной з прычын рус.-тур. вайны 1877—78 (гл.Руска-турэцкія войны 17—19 ст.), у выніку якой Балгарыя была вызвалена ад тур. панавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРАНІ́М ПРА́ЖСКІ (Jeroným Pražsky; каля 1378—30.5.1416),
чэшскі рэліг. рэфарматар, вучоны, прамоўца; паплечнік Я.Гуса. Скончыў Пражскі ун-т (1398). У 1399 быў у Оксфардзе, дзе стаў прыхільнікам ідэй англ. рэфарматара Дж.Уікліфа. У 1405—06 выкладаў ва ун-тах Парыжа, Гайдэльберга, Кёльна.
У 1406 зблізіўся з Гусам. Шмат падарожнічаў, выступаў з пропаведзямі, у якіх выкрываў злоўжыванні каталіцкага духавенства, ням. засілле ў Чэхіі. У 1413 запрошаны ў Кракаў, пазней пры двары вял.кн.літ. Вітаўта ў Вільні, разам з ім наведаў Віцебск і Пскоў з мэтай арганізаваць барацьбу супраць рым. курыі. Паводле пісьма кракаўскага епіскапа Е.П. быў у ВКЛ нядоўга, але выклікаў такое хваляванне ў духавенстве і народзе, якога не ведалі ў гэтых краях. Спадзеючыся выратаваць Гуса, у крас. 1415 прыехаў у Канстанцу на царк. сабор. Асуджаны саборам як ерэтык і спалены.