ДА́МПІР ((Dampier) Уільям) (8.6.1652, Іст-Кокер, Вялікабрытанія — сак. 1715),

англійскі мараплавец, пірат. Здзейсніў 3 кругасветныя плаванні. Некалькі гадоў правёў на в-ве Тарцю (на Пн ад Гаіці) у Вест-Індыі (гал. база піратаў у Атлантыцы), удзельнічаў у рабаванні ісп. гарадоў і паселішчаў на берагах Амерыкі. Плаваў да берагоў паўн.-зах. Аўстраліі, дзе адкрыў шмат невял. астравоў, у т. л. архіпелаг Дампір. Склаў апісанне і карты для паўд. раёнаў Ціхага ак. На аснове сваіх дзённікаў напісаў шэраг кніг, у якіх прывёў звесткі пра велічыні магн. нахілу ў розных пунктах Сусветнага ак., салёнасці марскіх вод, сувязі паміж пануючымі цячэннямі і вятрамі. Яго імем названы п-аў Дампіра Зямля у Аўстраліі, некалькі астравоў і праліваў у паўд.-зах. ч. Ціхага ак. і ў Малайскім архіпелагу.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ ПРАЦО́ЎНЫХ 1936.

Выяўляліся ў форме забастовак, дэманстрацый, мітынгаў, накіраваных супраць наступу прадпрымальнікаў на правы рабочых; састаўная частка барацьбы за стварэнне адзінага рабочага і антыфаш. нар. фронту. Адбыліся пад кіраўніцтвам міжпарт. к-та, створанага з мясц. арг-цый КПЗБ, ППС і Бунда. У лютым адбыліся стачкі гарбароў, швейнікаў, харчавікоў; у сакавіку — рабочых фанернай ф-кі, металічнага, шклянога, лесапільнага і кафельнага з-даў. 17 сак. рабочыя ўсіх прадпрыемстваў Гродна падтрымалі агульнапольскую забастоўку; стачкі пратэсту прайшлі ў адказ на расправу паліцыі над рабочымі Кракава, Чанстахова і Львова. Першамайская дэманстрацыя (больш за 4 тыс. чал.) і мітынг (больш за 8 тыс. чал.) прайшлі пад лозунгамі антыфаш. нар. барацьбы супраць вайны і фаш. тэрору, у абарону СССР, за ліквідацыю канцлагера ў Бярозе-Картузскай.

І.​І.​Коўкель.

т. 5, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЫ́СКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1812,

першая нац. канстытуцыя Іспаніі, прынятая Устаноўчымі картэсамі 18.3.1812 у г. Кадыс. Абвешчана 19 сак. ў ходзе Ісп. рэвалюцыі 1808—14 (гл. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). Паводле канстытуцыі Іспанія абвяшчалася спадчыннай манархіяй, у якой заканад. ўлада належала картэсам і каралю, выканаўчая — каралю, абвяшчаліся таксама свабода асобы і недатыкальнасць жылля, роўнасць правоў іспанцаў у метраполіі і ісп. калоніях; каталіцтва абвяшчалася афіц. рэлігіяй, забаранялася вызнанне інш. рэлігій, уводзілася нац. міліцыя ў правінцыях Іспаніі. Кароль Фердынанд VII, які вярнуўся ў Іспанію, у маі 1814 адмяніў канстытуцыю. Адноўлена ў пач. Ісп. рэвалюцыі 1820—23, але зноў адменена Фердынандам VII у кастр. 1823. Трэці раз уступіла ў сілу ў жн. 1836 і дзейнічала да прыняцця ў чэрв. 1837 новай канстытуцыі.

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКЕ́ВІЧ (Данііл Васілевіч) (16.12.1902, в. Радзеўцы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 17.1.1989),

Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейт. (1957). Скончыў Вышэйшую пагранічную школу (1929), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1937), Усесаюзны юрыд. завочны ін-т (1952). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну на фронце з сак. 1943: нач. штаба, камандзір дывізіі. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Беларусі і Польшчы, баёў у Германіі. У час Беларускай аперацыі 1944 дывізія пад яго камандаваннем прарвала абарону праціўніка на ПнУ ад Рагачова, фарсіравала р. Друць, Дабасну, Алу і разам з інш. злучэннямі штурмам авалодала Бабруйскам; у вер. 1944 у час прарыву варожай абароны фарсіравала р. Нараў (Польшча) захапіла плацдарм і адбіла 7 контратак. Да 1959 у пагранічных войсках.

Д.В.Казакевіч.

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАШЭ́ІН (Мікалай Іванавіч) (1885 г. Ржэў Цвярской вобл., Расія — 1937),

удзельнік Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны на Беларусі. З 1915 на Зах. фронце, вёў рэв. агітацыю сярод салдат. Чл. РСДРП(б). З сак. 1917 чл. Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, з крас. чл. бальшавіцкай фракцыі выканкома Зах. фронту, дэп. Устаноўчага сходу ад Зах. акругі і фронту. З ліст. 1917 чл. часовага бюро ВРК Зах. фронту, старшыня выканкома Савета сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ.; са студз. 1918 нам. старшыні Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Са снеж. 1918 нач. гарнізона г. Мінска. З ліп. 1919 на Зах. фронце, камандаваў чырвонаармейскім атрадам пад Баранавічамі. У 1930-я г. ў Маскве, у 1936 беспадстаўна арыштаваны, расстраляны.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНІЛЯКЕ́ВІЧ (Міхаіл Паўлавіч) (6.2.1887, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 11.8.1945),

дзяржаўны дзеяч БССР. У 1907—14 працаваў на з-дах Пецярбурга. За ўдзел у рэв. руху быў зняволены. З 1914 у арміі. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917, адзін з арганізатараў Чырв. гвардыі ў Петраградзе. Удзельнічаў у баях супраць Каледзіна. З 1919 на парт. і прафс. рабоце ў БССР. З мая 1929 нарком працы БССР, у сак. 1931 — вер. 1933 сакратар ЦВК БССР. З 1933 на парт. і прафс. рабоце ў РСФСР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1924—27, 1930—32, чл. ЦКК КП(б)Б у 1927—30, 1932—33 і яе Прэзідыума ў 1929—30, 1932—33. Чл. ЦВК БССР у 1922—33 і яго Прэзідыума ў 1933—33.

т. 5, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБЕНБА́ЎЭРЫ (Grabenbauer),

музыканты 18 — пач. 19 ст.

Дамінік (? — раней 25.2.1804), клавесініст і педагог. У 1757—72 працаваў пры двары гетмана Браніцкага ў Беластоку (Польшча), даваў прыватныя ўрокі музыкі. Часта выязджаў у Слонім, з 1778, верагодна, жыў у ім стала (1.1.1779 заключыў з М.​К.​Агінскім кантракт на 8 гадоў, паводле якога абавязваўся навучаць прыгонных ігры на клавікордах). Працаваў да 1804 у муз. школе пры Слонімскай капэле Агінскага. Ева (1760, Беласток — ?), спявачка і педагог. Дачка Дамініка. З 1.1.1779 працавала ў Слонімскім тэатры Агінскага. Паводле кантракта павінна была вучыць прыгонных спевам, а таксама выступаць у операх і камедыях. У 1780 спявала ў оперы «Тэлемак». У сак. 1785 пакінула Слонім разам з мужам, прыдворным спеваком М.​Лазарыні.

Г.​І.​Барышаў.

т. 5, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛА (Тодар Іванавіч) (сак. 1896, в. Чабусы Любанскага р-на Мінскай вобл. — 1935?),

бел. гісторык. Скончыў БДУ (1925). З 1925 вучыўся ў аспірантуры БДУ. З 1928 навук. супрацоўнік у Інбелкульце і Бел. АН, з 1929 у Магілёўскім дзярж. архіве. Даследаваў гісторыю сялянства і сельскай гаспадаркі, гарадоў Беларусі 16—18 ст., вывучаў феад. памесце і становішча прыгонных сялян. 24.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Елабуга (Татарская АССР), дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Землеўласнік і земляроб па Статуту Літоўскаму 1588 г. Мн., 1928;

Панская гаспадарка на Беларусі і быт падданага сялянства ў другой палове XVIII ст. Мн., 1928;

Места Берасцейскае ў XVI ст.: (сац.-экан. нарыс). Мн., 1930.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯПЛЕ́ЎСКІ (Рыгор Майсеевіч) (1.5. 1889, г. Брэст — 1939),

савецкі дзярж. дзеяч. Скончыў Кіеўскі камерцыйны ін-т (1915). 3 мая 1917 чл. Палескага к-та РСДРП(б), потым выканкома Гомельскага Савета. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 узначальваў ВРК г. Гомель. Дэлегат Дэмакр. нарады 1917, II (1917) і III (1918) Усерас. з’ездаў Саветаў. 3 сак. 1918 нам. старшыні Самарскага губвыканкома і гар. Савета. 3 мая 1920 заг. аддзела НКУС. З 1921 чл., старшыня Малога Саўнаркома, адм.-фін. камісіі СНК СССР. З 1934 нам. пракурора СССР. Чл. ЦВК СССР. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Аўтар успамінаў «Аб рабоце У.​І.​Леніна ў Саўнаркоме ў 1921—1922 гг.» (1976).

Літ.:

Корнилович Э.А. Председатель Малого Совнаркома // Корнилович Э.А. Революцией призванные. Мн., 1980.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШЛАЕ́ЎСКІ (Аляксандр Захар’евіч) (24.3.1856—1920),

расійскі ваен. дзеяч і гісторык. Засл. праф. (1905). Ген. ад інфантэрыі (1912). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1877), Акадэмію Генштаба (1884), з 1898 выкладаў у ёй. Адначасова ў 1899—1902 нач. Ваен.-вучонага архіва Гал. штаба. З 1908 нач. Гал. штаба, у сак.вер. 1909 нач. Генштаба, потым камандзір 2-га Каўк. корпуса. У пач. 1-й сусв. вайны пам. галоўнакаманд. Каўк. арміяй. З 1915 у адстаўцы, на гасп. і інш. пасадах. Са снеж. 1917 старшыня Каўк. ваен.-гіст. камісіі па абагульненні вопыту 1-й сусв. вайны. Аўтар прац па рас. ваен. гісторыі, у т. л. «Паўночная вайна 1708 г. ад р. Улы і Бярэзіны за р. Дняпро» (1901).

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)