БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНА-КАНСТРУ́КТАРСКІ ЭНЕРГЕТЫ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т (БелНДІэнергапрам) Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1973 у Мінску на базе Мінскага аддзялення Прамэнергапраекта (з 1952). Да 1992 Бел. аддзяленне Усесаюзнага дзярж.н.-д. і праектна-канструктарскага ін-та энергет. прам-сці.
Асн. кірункі работы: выкананне комплексных праектна-вышукальных работ па буд-ве новых, расшырэнні, рэканструкцыі і тэхн. пераўзбраенні дзеючых цеплаэнергакрыніц і цеплавых сетак, праектаванне схем цеплазабеспячэння гарадоў і прамысл. вузлоў, выкананне н.-д. распрацовак у цепла- і электраэнергетыцы, энергазабеспячэнні і экалогіі энергетыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ДАЎ (Вальмен Мікалаевіч) (н. 12.2.1930, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Канд. архітэктуры (1972). Сын М.І.Аладава. Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1953). Працаваў у ін-це «Белдзяржпраект», у 1965—80 дырэктар ін-та «Белдзіпрагандаль», з 1980 выкладае ў БПА. Асн.работы: абл. бібліятэка ў г. Маладзечна; Камароўскі крыты рынак у Мінску; рэсп.спарт. комплекс «Раўбічы» (у сааўт.); афармленне выставак дасягненняў нар. гаспадаркі Беларусі ў Лейпцыгу, Плоўдзіве, Мінску, Маскве (усе ў аўтарскім калектыве). У 1966—70 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДБІВА́ЛЬНАЯ ПЕЧ,
полымная плавільная печ, у якой цеплыня перадаецца матэрыялу ад газападобных прадуктаў згарання паліва і выпрамянення ўнутранай паверхні гарачай вогнетрывалай абмуроўкі.
У бесперапынных адбівальных печах загрузка шыхты і выгрузка гатовых прадуктаў плаўкі ідуць на працягу ўсяго працэсу работы печы (напр., у вытв-сці шкла, пры рафінаванні свінцу). У садачных адбівальных печах шыхта загружаецца перыядычна, па заканчэнні працэсу ўся плаўка выгружаецца з печы (напр., выплаўка сталі ў мартэнаўскіх печах). Выкарыстоўваецца ў чорнай і каляровай металургіі, вытв-сці шкла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВАЛАВА́ННЕ,
сістэма загараджальных земляных валоў і дамбаў уздоўж берагоў рэк, вадасховішчаў, марскіх узбярэжжаў і інш. Ахоўвае тэр. ад затаплення ў час разводдзя, паводкі, ветравых нагонаў вады, прыліваў. Робяць і для забеспячэння ўстойлівага земляробства на поймавых землях, пры буд-ве польдэраў. На Бел. Палессі маштабныя работы па абвалаванні праведзены ў пойме Прыпяці.
Абвалаванне зямель для аховы ад паводак: 1 — дамба, што затапляецца; 2 — дамба, што не затапляецца; УВП — узровень веснавой паводкі; УЛ-АП — узровень летне-асенняй паводкі; УМВ — узровень межанных водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЫЖЫЕ́ЎСКІ (Анатоль Альгертавіч) (н. 31.5.1944, г. Ульянаўск, Расія),
бел. вучоны ў галіне энергетыкі. Д-ртэхн.н. (1994). Скончыў Маскоўскі ун-т (1969). З 1972 у Ін-це ядз. энергетыкі, з 1994 у Ін-це праблем энергетыкі АН Беларусі. Навук. працы па механіцы і цеплафізіцы дысперсных парагазавадкасных асяроддзяў, экалагічных аспектах узаемадзеяння энергет. і прыродных сістэм, міграцыі аэразольных выкідаў АЭС у аэра- і гідрасферах.
Тв.:
Динамическая устойчивость работы системы неэквивалентных парогенерирующих каналов // Диссоциирующие газы как теплоносители и рабочие тела АЭС. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАНАПО́ЎНЕНАЯ ЛЯ́МПА,
лямпа напальвання, балон якой запоўнены інертным газам (крыптонам або сумессю азоту з аргонам). У галагенных газанапоўненых лямпах да інертных газаў дадаюць галагены або іх злучэнні. Мае павялічаныя (у параўнанні з вакуумнымі) т-ру ніці напальвання, светлавую аддачу (галагенныя — да 30 лм/Вт) і тэрмін работы, а таксама запаволенае выпарэнне вальфраму. Газанапоўненыя лямпы вырабляюць магутнасцю ад 40 Вт і вышэй (галагенныя — да дзесяткаў кілават). Выкарыстоўваюцца для асвятлення вял. адкрытых прастораў, кіна- і тэлестудый, у капіравальных і праекцыйных апаратах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́ШЧАНКА (Дзмітрый Васілевіч) (н. 25.1.1951, Мінск),
бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1974). Працуе ў ін-це «Мінскпраект» (з 1969). Асн.работы: у Мінску — праект рэканструкцыі дзіцячага парку імя М.Горкага (1978), Парк 60-годдзя Кастрычніка (1986), воднае добраўпарадкаванне ўчастка р. Свіслач (1988), водаахоўная зона Сляпянскай воднай сістэмы і 7 сквераў уздоўж яе (1989, у складзе аўтарскага калектыву; Дзярж. прэмія СССР 1989). Паводле яго праектаў ствараюцца паркі: у Нясвіжы; у Мінску — па праспекце газ. «Праўда», вул. П.Глебкі, на левабярэжнай частцы Камсамольскага воз. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗААБАРО́Т,
паказчык аб’ёму работы, выкананай грузавым транспартам. Вымяраецца ў тона-кіламетрах (ткм). Паказчыкі грузаабароту выкарыстоўваюць у планаванні і статыстыцы для вымярэння прадукцыйнасці працы на транспарце. Для вызначэння грузаабароту масу перавезенага грузу ў тонах памнажаюць на далёкасць перавозкі і падсумоўваюць атрыманыя здабыткі. Сабекошт перавозак таксама вызначаюць у разліку на 1 ткм, таму што выдаткі на перавозку залежаць ад далёкасці і масы грузу. Паказчыкі грузаабароту не выкарыстоўваюць для ацэнкі дзейнасці трансп. прадпрыемстваў, бо грамадства зацікаўлена ў найлепшым задавальненні патрэб у перавозках пры мінімальных трансп. выдатках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ВІНСКАЯ (Валянціна Гаўрылаўна) (н. 10.2.1936, в. Лемяшы Жытомірскай вобл., Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1967). У 1967—84 працавала на шклозаводзе «Нёман» (г.п. Бярозаўка Лідскага р-на). Працуе ў гутнай тэхніцы. пераважна ў каляровым шкле. Сярод твораў: наборы посуду «Паўночныя матывы». «Карункі»; кампазіцыі «Дуброва», «Эцюд», «Сосны»; блюды «Мак і васількі», «Леў», «Коннік»; дэкар. камплекты «Вясна», «Ружы» і інш.Работы вылучаюцца выяўл. вобразнасцю, сакавітасцю формаў. З 1984 у С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТА́НДЭР (ад франц. détendre аслабляць),
машына для ахаладжэння газаў шляхам іх расшырэння з аддачай знешняй работы. Бываюць поршневыя (падобныя да кампрэсара або паравой машыны) і турбінныя (актыўныя ці рэактыўныя турбадэтандэры). Выкарыстоўваюцца ў прамысл. устаноўках для звадкавання газаў (азоту, кіслароду, гелію і інш. з нізкай т-рай кіпення), раздзялення газавых сумесей метадам глыбокага ахаладжэння, у крыягенных рэфрыжэратарах, у некаторых сістэмах кандыцыянавання паветра і інш.