АМФІКТЫЯНІ́Я (грэч. Amphiktionia),
рэлігійна-паліт. саюз плямёнаў і гарадоў у Стараж. Грэцыі, які меў агульныя свяцілішчы, казну, правілы вядзення вайны і інш. Ёсць звесткі пра амфіктыянію пры свяцілішчах Апалона: у Дэльфах, на в-ве Дэлас; пры свяцілішчах Пасейдона: на в-ве Калаўрыя, у Беотыі і інш. Найб. звестак захавалася пра дэльфійска-пілейскую амфіктыянію, куды ўваходзіла 12 абшчын. Амфіктыяніі страцілі значэнне пасля заваявання Грэцыі рымлянамі (146 да н.э.).
т. 1, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЛЯСНА́Я ГАЗЕ́ТА».
Выходзіць са студз. 1995 у Мінску на бел. і рус. мовах. Інфармуе пра рэформы і сац. палітыку ў лясной галіне нар. гаспадаркі Беларусі, пра сучасны стан бел. лясоў, іх захоўванне і выкарыстанне. Знаёміць з распрацоўкамі вучоных, дасягненнямі перадавых лясгасаў, леспрамгасаў, прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці, іх лепшымі працаўнікамі. Друкуе матэрыялы на тэмы прыроды і экалогіі. Дае парады па будаўніцтве, агародніцтве, нар. медыцыне.
т. 2, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВОПРО́СЫ ИСТО́РИИ»,
навуковы часопіс. Выдаецца з 1926 у Маскве на рус. мове штомесяц. Засн. як час «Историк-марксист», у 1941 аб’яднаны з «Историческим журналом», з 1945 — сучасная назва. Друкуе праблемныя артыкулы па рас. і сусв. гісторыі, тэорыі гіст. працэсу, гістарыяграфіі і інш. Асн. раздзелы: «Гістарычныя партрэты», «Улада і інтэлігенцыя», «Гісторыя і лёсы», «Гісторыкі пра час і пра сябе», «Гістарыяграфія», «Лісты ў рэдакцыю» і інш.
т. 4, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МПФЕР (Kaempfer) Энгельберт (16.9.1651, г. Лемга, Германія — 2.11.1716),
нямецкі ўрач, натураліст, падарожнік па Азіі. Наведаў Паўд. Аравію, в-аў Цэйлон, Індыю, а-вы Суматра і Ява, Індакітай. У 1690 трапіў у Японію (адзін з першых еўрапейцаў) і пражыў там 2 гады. Сабраў звесткі пра гісторыю, прыроду, дзярж. лад краіны, калекцыі, зрабіў шматлікія замалёўкі. Яго твор «Гісторыя Японіі і Сіяма» доўгі час быў гал. крыніцай звестак пра Японію.
т. 8, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРБ (Korb) Іаган Георг (каля 1670, г. Ноймаркт, Германія — каля 1742),
дыпламат, падарожнік. Сакратар пасольства аўстр. імператара Леапольда I у Расію (1698—99). У 1700 выдаў у Вене на лац. мове «Дзённік падарожжа ў Масковію», у якім ёсць звесткі пра Вільню, Ашмяны, Баруны, Мінск, Барысаў, Друцк, Шклоў і інш. бел. гарады і вёскі, побыт іх жыхароў, пра касцёлы, кляштары, шляхі зносін і інш.
В.П.Грыцкевіч.
т. 8, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫГАЛО́М»,
літаратурна-мастацкі часопіс. Выйшаў адзін нумар у лют. 1935 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Ю.Кіпель. Змясціў матэрыялы пра грамадскае і літ. жыццё Зах. Беларусі. Сярод публікацый — інфармацыя пра 1-ы Усесаюзны з’езд сав. пісьменнікаў, вершы М.Танка, Ф.Грышкевіча, вытрымкі з прац К.Маркса, Г.В.Пляханава, П.А.Гольбаха, Э.Сінклера. Меў рубрыку «Культурная хроніка». Канфіскаваны і забаронены польскімі ўладамі.
т. 8, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУТАНІ́ЗМ (ад грэч. Pluton Плутон, бог падземнага царства),
геалагічная канцэпцыя канца 18 — пач. 19 ст. пра вядучую ролю ўнутраных сіл у геал. гісторыі Зямлі. Надаваў гал. значэнне дзеянню эндагенных працэсаў (асабліва глыбіннаму магматызму і вулканізму) у фарміраванні і пераўтварэнні парод зямной кары. Канцэпцыя распрацавана шатл. геолагам Дж.Гетанам («Тэорыя Зямлі», 1795). Развіццё П. адбывалася ў супрацьпастаўленні нептунізму. Уяўленне пра ўтварэнне асадкавых горных парод было памылковым.
т. 12, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПО́РТ (франц. report),
біржавая здзелка на рынку каштоўных папер, пры якой ажыццяўляецца продаж каштоўных папер з адначасовым пагадненнем пра іх выкуп праз пэўны тэрмін па больш высокім кошце; здзелка на валютным рынку, пры якой ажыццяўляецца продаж нац. валюты за замежную пры адначасовым пагадненні пра яе выкуп праз пэўны тэрмін па больш высокім кошце. Накіраваны на павышэнне курсу каштоўных папер ці нац. валюты; часта носіць спекулятыўны характар.
т. 14, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МЫ СВЕ́ТУ,
сукупнасць уяўленняў пра будову сістэм нябесных (касмічных) цел (Зямлі, Месяца, Сонца і планет), што існавалі на розных этапах развіцця цывілізацыі. Спробы стварыць мадэлі С.с. рабілі стараж. індусы, вавіланяне, грэкі і інш., аднак гістарычна найб. важнымі з’яўляюцца геацэнтрычная сістэма свету і геліяцэнтрычная сістэма свету. Уяўленні пра будову планетных сістэм з’яўляюцца асн. часткай астранамічнай карціны свету.
Літ.:
Еремеева А.И. Астрономическая картина мира и ее творцы. Мн., 1984.
т. 14, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРКА́САЎ Аляксей Цімафеевіч (2.6.1915, в. Патапава Краснаярскага краю, Расія — 13.4.1973),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Краснаярскім аграпед. ін-це. Працаваў аграномам. Дылогія «Сказанне пра людзей тайгі» (раманы «Хмель», 1951—66; «Чорная таполя», 1969) пра падзеі, што адбываліся пераважна ў Сібіры ад паўстання дзекабрыстаў да рэв. 1917. Аўтар рамана «Дзень пачынаецца на Усходзе» (1949), зб-каў аповесцей і апавяд. «Ліка» (1959), «Шумейка» (1962), аповесці «Ластаўка» (1965) і інш.
т. 17, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)