КАНГРЭ́С ВЫТВО́РЧЫХ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (Congress of Industrial Organizations; КВП),
прафсаюзнае аб’яднанне ў ЗША у 1935—55. Створаны ў 1935 як К-твытв. прафсаюзаў часткай прафс. арг-цый (каля 1 млн.чал.), якія ўваходзілі ў Амерыканскую федэрацыю працы (АФП). Будаваўся паводле вытв. прынцыпу. З 1938 — КВП, у 1949 выйшаў з Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў (СФП). Аб’ядноўваў каля 5 млн.чал. (1951). У снеж. 1955 на аб’яднаўчым з’ездзе КВП і АФП у Нью-Йорку створана прафс. аб’яднанне Амерыканская федэрацыя працы — Кангрэс вытворчых прафсаюзаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. qualis які, якой якасці + facere рабіць),
1) характарыстыка прадмета, з’явы, аднясенне яго да якой-н. групы, катэгорыі, напр., кваліфікацыя злачынства.
2) Ступень і від прафесійнай падрыхтаванасці працоўных і служачых да выканання пэўнага віду працы. Уключае тэарэт. веды, практычныя навыкі і прафес. майстэрства. Ступень К. працоўных вызначаецца прысвоенымі ім кваліфікацыйнымі разрадамі, якія ўстанаўліваюцца з улікам складанасці, адказнасці, умоў працы на аснове тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка. Паказчыкам К. работніка таксама можа быць катэгорыя, дыплом, наяўнасць звання і вучонай ступені. Гл. таксама Тарыфная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Віктар Іванавіч) (27.4.1913, Масква — 1991),
расійскі вучоны ў галіне прыкладной механікі і аўтам. кіравання. Акад.АНСССР (1968, чл.-кар. 1958). Двойчы Герой Сац. Працы (1956, 1961). Скончыў Ленінградскі політэхн.ін-т (1938). З 1940 у НДІМін-ва станкабуд. прам-сці, з 1956 у НДІ прыкладной механікі. Навук.працы па сістэмах інерцыяльнай навігацыі і аўтаномнага кіравання. Распрацаваў тэорыю і стварыў шэраг унікальных сістэм гіраскапічных прылад кіравання і стабілізацыі. Ленінская прэмія 1957, Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, 1967, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬЁНШЧЫКАЎ (Міхаіл Дзмітрыевіч) (16.1.1913, г. Грозны, Расія — 27.5.1973),
расійскі вучоны ў галіне механікі і прыкладной фізікі. Акад.АНСССР (1962, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Грозненскі нафтавы ін-т (1932). З 1934 у Маскоўскім авіяц. ін-це, з 1944 у Ін-це механікі, з 1949 у Ін-це атамнай энергіі АНСССР. З 1962 віцэ-прэзідэнт АНСССР. Навук.працы па механіцы, ядз. энергетыцы, газавай дынаміцы і фізіцы плазмы. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1954. Ленінская прэмія 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЧКО́Ў (Анатоль Андрэевіч) (н. 20.4.1936, станіца Раднікоўская Курганінскага р-на Краснадарскага краю, Расія),
бел. вучоны ў галіне аўтаматызацыі машынабудавання. Канд.тэхн.н. (1970), праф. (1994). Скончыў Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту (1958). З 1970 у Гомельскім тэхн. ун-це (у 1981—87 прарэктар). Навук.працы па аўтаматызацыі тэхн. падрыхтоўкі вытв-сці. Прапанаваў аўтаматызаваную сістэму распрацоўкі нарматываў часу, сістэму аўтаматызаванага праектавання арганізацыі працывытв. брыгады.
Тв.:
Базовая система микроэлементных нормативов времени. М., 1989;
Практикум по токарным робототехнологическим комплексам. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ ІНСПЕ́КЦЫІ,
спецыяльныя дзярж. органы, якія ажыццяўляюць функцыі нагляду і кантролю за выкананнем прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі, службовымі асобамі і грамадзянамі пэўных правіл, устаноўленых прававымі актамі: санітарных, ветэрынарных, проціпажарных, правіл гандлю, рыбнай лоўлі, руху аўтамотатранспарту, тэхнікі бяспекі і да т.п. У Рэспубліцы Беларусь Дз.і. з’яўляюцца самаст. сістэмамі органаў або ўключаюцца ў сістэму мін-ва ці дзярж.к-та (напр., гандл. інспекцыя, дзярж. аўтаінспекцыя і інш.). Кантрольныя і наглядальныя паўнамоцтвы Дз.і. пашыраюцца на ўсе прадпрыемствы, установы і арг-цыі, незалежна ад іх ведамаснай падначаленасці. Службовыя асобы Дз.і. правамоцныя наведваць аб’екты, якія кантралююць, патрабаваць прад’яўлення неабходных дакументаў, праводзіць праверкі, ужываць у неабходных выпадках меры адм. ўздзеяння (забараніць або абмежаваць эксплуатацыю аб’екта, прыпыніць работы, адхіліць асобу ад работы, накласці штраф, вынесці папярэджанне і г.д.). На Беларусі дзейнічаюць Дз.і.: у галіне выкарыстання паліўна-энергет. і інш. матэрыяльных рэсурсаў; у галіне фінансаў, буд-ва, гандлю, санітарыі, стандартызацыі, па ахове нетраў, каранціне раслін, якасці прадукцыі, па котланаглядзе, рыбаахове, прабірным наглядзе і інш. У функцыі тэхн. і сан. Дз.і. уваходзіць таксама выдача дазволаў на пуск у эксплуатацыю прамысл. прадпрыемстваў. іх цэхаў і інш. аб’ектаў.
Разам з Дз.і. дзейнічаюць тэхн. інспекцыі працы і прававая інспекцыя працы прафсаюзаў, на якіх ускладзены кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і правіл па ахове працы і тэхнікі бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭМІ́РАВАННЕ (ад прэмія),
від матэрыяльнага стымулявання і заахвочвання работнікаў за канкрэтныя поспехі ў асабістай і калект.працы. Распрацоўка і ўкараненне сістэм П. ажыццяўляецца прадпрыемствам, а правільнасць выбару асн. яго элементаў (паказчыкі і ўмовы, колькасць прэміраваных, памер прэміі) ацэньваецца з пазіцый забеспячэння прынцыпу аплаты за працу і адпаведнасці эфекту, які павінен выяўляцца ў эканоміі выдаткаў на вытв-сць прадукцыі (работ, паслуг) і прырашчэнні прыбытку. П. можа быць штомесячнае, штоквартальнае, па выніках працы за год або інш. перыяды ў залежнасці ад асаблівасцей вытв-сці і працы, характару ўстаноўленых паказчыкаў, наяўнасці неабходных звестак аператыўнага і бухгалтарскага ўліку; таксама перыяды, што вызначаюцца сезоннасцю работ, працягласцю вытв. цыкла і інш. Памеры прэмій кожнага работніка вызначаюцца ў працэнтах да зарплаты па тарыфных стаўках (здзельных расцэнках), службовых акладах або ў памерах да -мінімальнай зарплаты. Ва ўсіх выпадках П. павінна быць забяспечана гарантаванасць крыніцы выплаты прэміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́РДНАЯ АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,
разнавіднасць здзельнай формы заработнай платы, калі аб’ём работы загадзя агавораны ў пагадненні, а аплата ажыццяўляецца за поўнае выкананне гэтага аб’ёму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДШЧЭ́П,
асколак, адбіты адбойнікам ад кавалка крэменю або нуклеуса першабытным чалавекам каменнага і бронзавага вякоў. Выкарыстоўваліся на выраб прылад працы — нажоў, сярпоў і інш.