1) у міжнародным праве — афіц. паведамленне мін-вам замежных спраў, дыпламат. прадстаўніцтвам, міжнар. арг-цыяй або яе службовай асобай праз накіраванне ноты або інш. дакумента, дзе выкладаецца пункт гледжання дзяржавы па якім-н. міжнар. пытанні, паведамляецца пра якія-н. паліт. факты або падзеі.
2) Пісьмовае паведамленне вэксалетрымальнікам (вэксалядаўцам) індасанту пра тое, што вэксаль застаўся неакцэптаваны або неаплачаны. Невыкананне Н. цягне для індасанта пэўныя прававыя вынікі (гл.Індасамент).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПСКІ (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 6.5. 1940, в. Шолкавічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). З 1964 працаваў у раённым друку, у апараце ЦК ЛКСМБ. З 1976 адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1978 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкуецца з 1953. Аўтар кніг публіцыстыкі «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакумент. аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пра Героя Сав. Саюза З.Тусналобаву-Марчанка), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Любі мяне пры ўсякай долі...» (з Б.Чалым, 1989; пра моладзь, вывезеную ў час Вял.Айч. вайны ў Германію), «Невядомы» (1990; пра нарадавольца І.Грынявіцкага), зб-каў прозы «Лаўрэнавы працадні» (1984), «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988). Пра родную вёску, праблемы выхавання моладзі аповесць «Адпяванне жывых» (1993). Тэма дзяцей-сірот узнята ў дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995). Аповесць «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998), створаная на архіўных і дакумент. матэрыялах, расказвае пра карані сем’яў, прозвішчаў, гербаў. Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў, казак (у т. л. казкі-коміксы) для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Якое яно, шчасце?», «Марынчына казка» (абедзве 1977), «Як бог стварыў свет» (1993), «Вясёлая азбука», «Падкідыш» (абедзве 1992; Літ. прэмія імя Я.Маўра 1993). За аповесць «Загадкавы чалавечак» (1997) Літ. прэмія імя В.Віткі 1997. Творы для дзяцей адметныя веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю, жывой нар. мовай, дасціпнасцю. Паводле аповесці «Вясёлая азбука» ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі пастаўлены мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» (1996, лібрэта С.Клімковіч, муз. В.Войціка). З 1988 прэзідэнт Бел. дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня 1-га Усебел. фестывалю нар. гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. (1995). Міжнар. прэмія А.Швейцара за дабрачынныя справы на карысць дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦЭ́ВІЧ (Уладзіслава Францаўна) (25.12.1891, в. Вішнева Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 25.2.1960),
бел.літ.-знавец і культ. дзеяч. Засл. дз. культ. Беларусі (1959). Жонка Я.Купалы. Скончыла Віленскую гімназію (1906), пед. курсы ў Варшаве (1908). Працавала выхавацельніцай дзіцячага прытулку ў Вільні. Вяла прапаганду ў рабочых гуртках (у 1909 і 1911 прыцягвалася да суда). У 1914 арганізоўвала прытулак для дзяцей бежанцаў. Прапагандавала бел. л-ру, друкавала вершы ў «Нашай ніве». У 1916 выйшла замуж за Я.Купалу. З 1919 у Мінску, працавала інспектарам дашкольных устаноў Наркамасветы БССР, выхавацельніцай і педагогам-метадыстам дзіцячых устаноў, на радыё. У 1944—60 дырэктар Літ. музея Я.Купалы. Складальнік зб-каў матэрыялаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы «Янка Купала» (1952, з В.Тарасавым), «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Янка Купала ў беларускім мастацтве» (1958), «Бібліяграфія твораў Янкі Купалы» (ч. 1, 1955, з Н.Г.Кудраўцавай). Аўтар артыкулаў і ўспамінаў пра Я.Купалу, успамінаў пра З.Бядулю, Цётку. Сабрала і апрацавала «Народныя дзіцячыя песенькі» (1939), склала «Дашкольны спеўнік» (1928, з А.Савёнак), «Зборнік вершаў для дашкольных устаноў» і «Для маленькіх» (абодва 1940), апрацоўвала нар. казкі.
Тв.:
Янка Купала ў Вільні // Беларусь. 1945. № 6;
Мае ўспаміны пра Змітрака Бядулю // Там жа. 1946. № 11—12;
3 успамінаў аб Янку Купалу // Янка Купала. Мн., 1955;
Новыя матэрыялы пра Янку Купалу // ЛіМ. 1959. 30 мая.
Літ.:
Раманоўская Я. Акрыленая песняй // Полымя. 1971. № 12;
Андрэева Е. Педагог і грамадскі дзеяч // Там жа. 1982. № 7;
Тарасава Т. Песня вернасці // Дзень паэзіі—82. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́М ГРЭК (сапр.Трыволіс Міхаіл; каля 1470, г. Арта, Грэцыя — 12.12.1555),
пісьменнік-публіцыст, перакладчык, багаслоў. Адукацыю атрымаў у Фларэнцыі. Пастрыгся ў манахі і жыў на Афоне, адкуль у 1516 па запрашэнні вял.кн. Васіля III прыбыў у Маскву для выпраўлення і перакладу грэч. кніг. За збліжэнне з царк. апазіцыяй асуджаны на саборах 1525 і 1531, у 1525—51 вязень манастырскіх турмаў. Яго літ. спадчына — «словы», публіцыстычныя артыкулы, пропаведзі, філас. і багаслоўскія разважанні, пераклады. Яны вызначаюцца вобразным выкладаннем і эмацыянальнасцю стылю, іх мова кніжная, са складанымі сінтакс. зваротамі. Выступаў супраць хцівасці, бязлітаснасці і багацця царк. феадалаў («Аповесць страшная і варта памяці і пра дасканалае манаскае пражыванне», «Слова, якое падрабязней выкладае, з жалем, беспарадкі і бясчынствы цароў і ўлад апошняга жыція», «Размова розуму з душою», «Слова пра пакаянне» і інш.). Аўтар прац па фанетыцы («Пра грэчаскія галосныя і зычныя, пра склады, пра надрадковыя знакі грэчаскія і славянскія»), прасодыі («Аб прасодыі»), граматыцы. Яго праца «Тлумачэнні імёнам па алфавіце» — гал. крыніца для больш позніх рус.азбукоўнікаў. Творы М.Г. былі шырока вядомы на Беларусі. «Канон малебен...» уваходзіў у кнігу Фікарыя «Вертаград душэўны» (Вільня, 1620). «Слова на лацінаў» і «Пахвальнае слова да святых апосталаў Пятра і Паўла» выдадзены ў Магілёве (1625). Кананізаваны Рус. праваслаўнай царквою (1988).
Літ.:
Иванов А.И. Литературное наследие Максима Грека. Л., 1969;
Громов М.Н. Максим Грек. М., 1983;
Александропулос М. Сцены из жизни Максима Грека: Пер. с греч. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУР’Я́Н (Барыс Іванавіч) (н. 7.1.1924, Масква),
бел. тэатральны крытык і празаік. З 1940 акцёр у т-рах Расіі. З 1946 працаваў у БелТА, час. «Неман», газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1946. Аўтар нарысаў пра акцёраў А.Кістава і А.Клімаву, тэатр. калектывы, артыкулаў і эсэ, перакладаў з рус. мовы, п’ес для т-ра, радыё і тэлебачання, сцэнарыяў дакумент. кінанарысаў пра Г.Глебава, П.Малчанава, Р.Янкоўскага, Бел. акадэмічны т-р імя Я.Коласа. Выступае з тэатр. рэцэнзіямі і праблемнымі артыкуламі прат-р у перыяд. друку.
Тв.:
У синей бухты;
Вальс Грибоедова;
Твоя повесть: [Повести]. Мн., 1966;
На театральных перекрестках. Мн., 1967 (разам з І.Ліснеўскім);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́ЗДЗІН (Сяргей Аляксеевіч) (22.7.1926, Масква — 4.3.1991),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1958). У 1966—91 гал. рэдактар час. «Дружба народов». Аўтар раманаў «Паўтарэнне пройдзенага» (1964), «Аповесці пра жанчын» (1967), «Лізавета Паўлаўна» (1979), аповесцяў «Само сабой» (1980), «Час лістападу» (1982; прапартыз. рух на Беларусі ў Вял.Айч. вайну), зб-каў апавяданняў і аповесцяў «Я люблю нашу вуліцу...» (1969), «Тое, што было ўчора» (1975), «Вершы мінулых гадоў» (1983), а таксама кн. «Людзі і кнігі. Літаратурныя нататкі» (1978). Пісаў творы для дзяцей. Выступаў з артыкуламі пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, І.Мележа, М.Танка, А.Адамовіча, В.Быкава, І.Шамякіна, І.Чыгрынава, В.Казько. На бел. мову перакладзены кн. Баруздзіна «Месяц і сонца» (1972; пер. А.Марціновіч), «Краіна, дзе мы жывём» (1977; пер. Е.Лось).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬФ’Е́РЫ ((Alfieri) Віторыо) (16.1.1749, г. Асты, Італія — 8.10.1803),
італьянскі драматург і паэт; стваральнік нац. трагедыі класіцызму. Скончыў Турынскую ваен. акадэмію (1766). Аўтар трагедый: «любоўных» («Антоній і Клеапатра», 1774—75; «Піліп», 1776; «Актавія», 1779, і інш.), «свабоды» («Віргінія», 1777; «Змова Пацы», 1777—81; «Брут I», «Брут II», абедзве 1786, і інш.), «пра барацьбу за трон» («Дон Гарсія», 1774—78; «Марыя Сцюарт», 1777—86, і інш.), «сямейных пачуццяў» («Антыгона», 1775—76; «Альцэста», 1797, і інш.), «унутранай барацьбы» («Саул», 1782); «Міра», 1784); камедый у вершах (1800—03): «Адзіны», «Нямногія», «Проціяддзе», «Развод» і інш.; эпіграм, сатыр, празаічных памфлетаў (зб. «Ненавіснік Галаў», 1799); трактатаў «Пра тыранію», «Пра ўладара і літаратуру» (абодва 1789); аўтабіяграфіі «Жыццё Віторыо Альф’еры з Асты, расказанае ім самім» (1806). Яму належаць каля 200 санетаў і пераклады з антычных класікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШЭ́ВІЧ (Улас Міхайлавіч) (17.1.1865, Масква — 22.2.1922),
рускі журналіст, публіцыст, тэатр. крытык. Друкавацца пачаў ананімна з 1881 у газ. «Московский листок» (гумарыстычныя сцэнкі, рэпарцёрскія нататкі). З 1893 супрацоўнік газ. «Одесский листок». У 1902—18 рэдагаваў газ. «Русское слово». Майстар вострых, папулярных фельетонаў («кароль фельетона»), у якіх выкрываў царскіх міністраў, суд. сістэму, правінцыяльныя норавы. Аўтар рэаліст. нарысаў пра сахалінскую катаргу («Сахалін», ч. 1—2, 1903), тэатр. нарысаў і рэцэнзій пра артыстаў Ф.Шаляпіна, М.Ярмолаву, М.Савіну і інш. (кн. «Старая тэатральная Масква», 1923), нарысаў мемуарнага і літ.-крытычнага характару пра А.Чэхава, Л.Талстога, М.Горкага, У.Караленку, В.Верасаева і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НКА (Сяргей Мікалаевіч) (16.7.1776, маёнтак Сутокі, цяпер у Смаленскай вобл., Расія — 17.4.1847),
расійскі пісьменнік, журналіст. Брат Ф.М.Глінкі. Скончыў Сухапутны шляхецкі корпус (1795). Выдаваў час. «Русский вестник» (1808—20 і 1824). У 1827—30 цэнзар Маск. цэнзурнага к-та. Аўтар гіст. п’ес «Наталля, баярская дачка» (1806), «Міхаіл, князь Чарнігаўскі» (1808), «Мінін» (1809), «Асада горада Палтавы, або Клятва палтаўскіх жыхароў» (1810); паэм «Пажарскі і Мінін» (1807), «Царыца Наталля Кірылаўна» (1809); «Рускай гісторыі» ў 14 ч.; вершаў, гіст. і павучальных аповесцей і інш.Апубл. «Запіскі пра 1812 год» (1836), «Запіскі пра Маскву і пра замежныя здарэнні ад канца 1812 да палавіны 1815 г.» (1837). Гісторыю свайго жыцця апісаў у «Запісках» (выд. 1895).
Літ.:
Вяземский П.А. С.Н.Глинка. СПб., 1847;
Аксаков С.Т. Литературные и театральные воспоминания // Собр. соч.М., 1986. Т. 2.