РЭСПУБЛІКА́НСКІ КАЛЯНДА́Р, рэвалюцыйны каляндар,

уведзены ў перыяд Французскай рэвалюцыі /789—99 дэкрэтам Нац. канвента ад 5.10.1793. Р.к. адмяніў хрысц. летазлічэнне і ўстанавіў новую эру (першы дзень — дзень абвяшчэння рэспублікі — 22.9.1792). Год падзяляўся на 12 месяцаў, па 30 дзён кожны, месяц — на 3 дэкады. Пасля 360 дзён уводзіліся 5 (у высакосныя гады 6) «дадатковых» дзён («санкюлатыды»). Дзесяты дзень і ўсе дадатковыя лічыліся днямі адпачынку і рэв. свят. Месяцы атрымалі новыя назвы, у якіх улічваліся асаблівасці пары года: асеннія (вандэм’ер, брумер, фрымер), зімовыя (нівоз, плювіёз, вантоз), веснавыя (жэрміналь, фларэаль, прэрыяль), летнія (месідор, тэрмідор, фруктыдор); зменены таксама назвы дзён тыдня. Р.к. дзейнічаў да 1.1.1806, калі ў перыяд напалеонаўскай Першай імперыі зноў быў заменены грыгарыянскім календаром (гл. Новы стыль). Р.к. быў узноўлены ў час Парыжскай камуны 1871 і дзейнічаў з 18 сак. па 28 мая 1871, пасля чаго адноўлены грыгарыянскі каляндар. Гл. таксама Каляндар і літ. пры ім.

т. 14, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАДКО́Ў (Цімафей Ерафеевіч) (21.2.1915, в. Шчэжар Магілёўскага р-на — 23.11.1995),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1965), праф. (1966). Скончыў Смаленскі пед. ін-т (1950). З 1946 на парт. рабоце ў Смаленскай вобл. З 1952 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ, у БДУ. З 1964 заг. кафедры і адначасова (1965—71) прарэктар Мінскага радыётэхн. ін-та. Даследаваў гісторыю рэв. руху на Беларусі напярэдадні і ў перыяд 1-й сусв. вайны, Лют. рэвалюцыі 1917. Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі» (ч. 1, 2-е выд. 1968).

Тв.:

Бальшавікі Беларусі ў перыяд першай сусветнай вайны і другой рускай рэвалюцыі (1914 — сакавік 1917 гг.). Мн., 1957;

Борьба трудящихся Белоруссии против царизма (1907—1917 гг). Мн., 1967;

Большевистская газета «Правда» в Белоруссии (1912—1917 гг.). 2 изд. Мн., 1972;

Полувековой опыт СССР и современный мир. Мн., 1975.

Э.​А.​Забродскі.

т. 14, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯНО́ВІЧ (Антон Аляксандравіч) (5.8.1917, в. Шабунеўшчына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 25.8.2000),

бел. крытык і літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1971), праф. (1971). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1945). Настаўнічаў, працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі, выкладаў бел. л-ру ў БДУ, з 1963 у Мінскім пед. ун-це. Друкаваўся з 1949. Даследаваў бел. прозу і драматургію. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), падручнікаў для студэнтаў па гісторыі бел. л-ры і інш.

Тв.:

Проза Якуба Коласа (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1953;

Кандрат Крапіва. Мн., 1956;

Змітрок Бядуля. Мн., 1960;

Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;

Беларуская савецкая драматургія, 1917—1932. Мн., 1968;

Ад вытокаў да сталасці: Бел. драматургія 1917—1945 гг. Мн., 1978;

Гісторыя беларускай драматургіі, XIX—пачатак XX ст. Мн., 1985;

Гісторыя беларускай савецкай драматургіі, 1917—1955 гг. Мн., 1990.

т. 14, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАКСЕ́РКС II Мнемон,

персідскі цар [404—358 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. На пач. праўлення вёў барацьбу за трон з малодшым братам Кірам, правіцелем М.​Азіі. Нягледзячы на поспехі ў знешняй палітыцы (разграміў спартанскі флот каля Кніда ў 394 да н.э., заключыў Анталкідаў мір 387 да н.э.), праўленне Артаксеркса II — перыяд аслаблення Ахеменідаў дзяржавы.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІДА́М II (Archidamos; ? — 427 ці 426 да н.э.),

цар Спарты [469 ці 476 — 426 да н.э.]. На чале спартанскага войска задушыў паўстанне ілотаў 464—458 ці 455 (гл. Месенскія войны). На пач. Пелапанескай вайны кіраваў паходамі ў Атыку (у 431, 430 і 428) і Платэі (429). Па яго імю гэты перыяд вайны наз. Архідамавай вайной.

т. 1, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХА́Я, Ахея (грэч. Achaia),

вобласць у Стараж. Грэцыі, населеная ахейцамі на Пн Пелапанеса. Пасля 146 да нашай эры назва Ахая пашырана на Сярэднюю і Паўд. Грэцыю. На пачатку нашай эры Ахаяй наз. рым. правінцыя з тэр. усёй заваяванай рымлянамі Грэцыі (акрамя Фесаліі, Акарнаніі і Этоліі). У перыяд элінізму на Пелапанесе існаваў Ахейскі саюз.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕГЕТРЫ́Я (ісп. behetría),

вольная сялянская абшчына ў Іспаніі ў сярэднія вякі. Была пашырана гал. чынам у перыяд Рэканкісты ў Кастыліі і Леоне. Мела самакіраванне, права выбіраць (мяняць) сеньёра і інш. Члены бегетрыі неслі вайсковую службу ў сеньёра ці караля ў час войнаў, былі звязаны з сеньёрам адносна невял. павіннасцямі. Пасля Рэканкісты бегетрыя паступова знікла.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІТАЦЫ́Н,

гармон пазваночных жывёл і чалавека, які ўтвараецца ў гіпаталамусе (паравентрыкулярным ядры), пераносіцца ў заднюю долю гіпофіза, потым выдзяляецца ў кроў. Пептыд складаецца з 9 амінакіслотных астаткаў. Стымулюе скарачэнні гладкіх мышцаў, асабліва мышцаў маткі і малочных залозаў. Выдзяляецца ў перыяд лактацыі пры раздражненні саскоў, пры расцяжэнні маткі ў познія тэрміны цяжарнасці. Выкарыстоўваецца ў акушэрстве.

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАКЦІРО́ЎКА [ад лац. ab ад + lac (lactis) малако],

спосаб прышчэплівання, пры якім 2 парасткі злучаюцца без аддзялення іх ад мацярынскіх раслін. Праводзіцца ў перыяд вегетацыі кустоў, лепш з мая да пачатку выспявання парасткаў. Пасля поўнага зрошчвання прышчэпак аддзяляецца ад мацярынскай расліны, застаючыся на прышчэпе. Адзін з асн. спосабаў размнажэння культ. сартоў у пладова-ягадных гадавальніках.

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЛІТУ́ДА (ад лац. amplitudo велічыня),

1) найбольшае (па абс. значэнні) адхіленне ад нуля перыядычна зменнай фіз. велічыні (напр., найб. зрушэнне маятніка ад стану раўнавагі).

2) Рознасць паказанняў на шкале вымяральнай прылады (барометра, тэрмометра і інш.).

3) У матэматыцы — адна з характарыстык перыяд. функцый (сінуса, косінуса і інш.).

4) У пераносным сэнсе — размах, шырыня.

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)