ЛЯНКЕ́ВІЧ (Аляксандр Алаізавіч) (псеўд. Ляндэр ; 1823, Гродзенская губ. — ?),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі, Літве і Польшчы. У 1840—61 у арміі, падпалкоўнік. Пасля адстаўкі жыў у сваім фальварку Панюкі Гродзенскага пав. 2.5.1863 падняў паўстанне ў Гродзенскім пав. Пасля аб’яднання з ваўкавыскімі паўстанцамі — вайсковы нач. Гродзенскага і Ваўкавыскага пав. 3.6.1863 каля в. Мілавіды (Баранавіцкі р-н) на чале аб’яднаных сіл гродзенскіх, ваўкавыскіх, слонімскіх і навагрудскіх паўстанцаў нанёс паражэнне урадавым войскам. 1.8.1863 разам з лідскімі паўстанцамі перайшоў Нёман і дзейнічаў у Аўгустоўскай губ. Паўстанцкія ўлады надалі яму званне палкоўніка. У вер. 1863 выехаў за мяжу. Завочна прыгавораны да пакарання смерцю.

Г.​В.​Кісялёў, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРТВАНАРАДЖА́ЛЬНАСЦЬ,

нараджэнне мёртвага плода, смерць якога надышла пасля 28 тыдняў цяжарнасці жанчыны ці пры родах. Пры М. плод даўж. 35 см і больш, масай 1000 г і больш; пасля нараджэння не зрабіў ніводнага ўздыху. Плод з меншай масай і даўж. лічыцца познім выкідышам (гл. Аборт). Адрозніваюць М.: антэнатальную (гібель плода да родаў), інтранатальную (гібель у час родаў) і постнатальную (у народжанага плода ёсць сэрцабіццё, аднак адсутнічае дыханне, і ён гіне). Асн. прычыны М.: унутрывантробная гіпаксія плода, прыроджаныя заганы развіцця, інфекц. хваробы і інш. Як стат. паказчык М. — суадносіны колькасці мёртванароджаных да 1000 народжаных (на Беларусі 8—10%).

Ю.​К.​Малевіч.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЦЭ́ВІЧ (Кароль Урсын) (1797—9.2.1867),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. Са шляхецкага роду Урсын-Нямцэвічаў. Скончыў Свіслацкую гімназію, вучыўся ў Віленскім ун-це. У 1830 абраны віцэ-маршалкам Гродзенскай губ. У час паўстання 1830—31 на 4 месяцы інтэрніраваны ў Гродне. Уцёк пад Беласток, дзе ўзначаліў невял. атрад, які быў разбіты 16.5.1831, адышоў пад Белавежу, пасля рассеяны. Н. далучыўся да дывізіі ген. М.​Рыбінскага. У жн. 1831 увайшоў у склад Сената Каралеўства Польскага як прадстаўнік ад Гродзеншчыны. Пасля капітуляцыі Варшавы эмігрыраваў у Парыж, дзе звязаны з Ю.Нямцэвічам, А.Чартарыйскім. Аўтар мемуараў «Успаміны з 1831 г.» (1863), «Успаміны пра паўстанне ў Брэсце Літоўскім» (1869).

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖНІ́ЎНЫЯ ПАСЕ́ВЫ,

пасевы с.-г. раслін, якія займаюць поле ў летне-асенні перыяд і высяваюцца адразу пасля ўборкі асн. культуры; дасягаюць фізіял. спеласці і даюць ураджай у гэтым жа годзе. Высяваюцца лубін, турнэпс, кукуруза, віка, сланечнік, гарчыца і інш. на палі, што вызваліліся з-пад рана ўбраных культур — азімых, аднагадовых траў, ранняй агародніны і інш. Для захавання ў глебе вільгаці пасля ўборкі асн. культуры своечасова ўзорваюць глебу і прыкачваюць пасевы. Насенне пры пасеве забараноўваецца больш глыбока, з павялічанай нормай высеву. Агратэхн. работы па падрыхтоўцы глебы і сяўба пажніўных культур праводзяцца ў макс. кароткія тэрміны. Гл. таксама Прамежкавыя культуры.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 11, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДЗЕКАБРЫ́СТАЎ,

тайная рэв. арг-цыя дзекабрыстаў. Засн. ў 1821 у Пецярбургу членамі б. дзекабрысцкай арг-цыі «Саюз дабрабыту» (распалася ў пач. 1821) М.М.Мураўёвым, М.С.Луніным, С.П.Трубяцкім, Я.​П.​Абаленскім, М.​І.​Тургеневым. У 1823 прыняты статут. Узначальвала т-ва дума з 3 чал. Частка членаў т-ва на чале з Мураўёвым выступала за канстытуцыйна-манархічны федэратыўны дзярж. лад Расіі, радыкальна настроеныя члены на чале з К.Ф.Рылеевым падтрымлівалі рэсп. праграму Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў. Пасля смерці Аляксандра I у абставінах міжцаравання т-ва ўзняло 14(26).12.1825 у Пецярбургу паўстанне. Спыніла існаванне пасля задушэння паўстання.

Літ.:

Мемуары декабристов: Северное общество. М., 1981.

т. 12, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙНСКАЯ ДЭМІЛІТАРЫЗАВА́НАЯ ЗО́НА Існавала ў 1919—36. Устаноўлена пасля 1-й сусв. вайны паводле Версальскага мірнага дагавора 1919

(гл. таксама карту да гэтага арт.),

ахоплівала тэр. Германіі на левым беразе р. Рэйн і паласу шырынёй 50 км на яе правым беразе. У зоне забаранялася размяшчаць герм. войскі, будаваць ваен. ўмацаванні і г.д. Яе мірны статус пацверджаны Лакарнскімі дагаворамі 1925. У сак. 1936 нацысцкі ўрад А.​Гітлера абвясціў пра аднаўленне поўнага суверэнітэту Германіі над Р.д.з. і ўвёў туды войскі, што прывяло да ліквідацыі зоны ў парушэнне ўмоў Версальскага і Лакарнскіх дагавораў. Пасля поспеху гэтай акцыі нацысты распачалі падрыхтоўку да аншлюсу Аўстрыі.

т. 13, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕ́ЎК І НІКА́ТАР (грэч. Seleukos Nikatōr «Пераможца», каля 358—281 або 280 да н.э.),

заснавальнік дынастыі Селеўкідаў і Селеўкідаў дзяржавы. Палкаводзец Аляксандра Македонскага, пасля смерці якога атрымаў (у 321) пад уладу сатрапію Вавілонія, дзе замацаваўся ў 312 (312 да н.э. — пачатак т. зв. селеўкідскай эры). У выніку барацьбы з інш. дыядохамі, далучыў да сваіх уладанняў Мідыю, Сузіяну, Персіду, пазней Бактрыю; у 305 абвясціў сябе царом. Выйграў бітву пры Іпсе (301) і захапіў Месапатамію і Сірыю; пасля перамогі над Лісімахам пры Курупедыі (Карупедыён) заняў амаль усю М. Азію. Для заваявання Фракіі і Македоніі С. з войскамі пераправіўся цераз Гелеспонт (Дарданелы), але быў забіты.

т. 14, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАПЦЫ́,

адна са старых рускіх сектаў, якая вылучылася з хрыставер’я (хлыстоў). У 1760—70-я г. пашырылася сярод аброчных сялян у шэрагу цэнтр. губерняў Расіі. Заснавальнікам і найб. аўтарытэтам С. лічыўся К.​Селіванаў. Аскетызм у С. прыняў крайнюю форму: патрабаваў ад вернікаў «вогненнага хрышчэння» — кастрацыі. Лічылася, што менавіта С. (са спасылкай на Евангелле, дзе ідзе размова пра С., якія самі спаклалі сябе для царства нябеснага) будуць тымі выбраннікамі, «ангелападобнымі людзьмі», якія застануцца пасля страшнага суда. Царскія ўлады жорстка праследавалі С., неаднаразова ссылалі. У пачатку 20 ст. налічвалася прыблізна 5—6 тыс. С. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі абшчыны С. распаліся.

т. 14, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭІАНІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + іанізацыя),

знікненне іонаў у газе пасля спынення знешняга ўздзеяння, якое прыводзіць да іанізацыі. Выклікаецца працэсамі дыфузіі на сценкі, што абмяжоўваюць аб’ём з газам, і рэкамбінацыяй іонаў і электронаў.

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРО́ДКАВЫ МЯШО́К,

цэнтральная частка семязавязі кветкавых раслін, у якой развіваецца яйцаклетка і адбываецца двайное апладненне, палавое пакаленне пакрытанасенных раслін — жаночы гаметафіт. Пасля двайнога апладнення з З.м. развіваецца зародак расліны і эндасперм.

т. 6, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)