ГУСЬ БЕЛАЛО́БАЯ (Anser albifrons),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Жыве ў сырых тундрах і лесатундрах Еўразіі, Паўн. Амерыкі, на астравах Паўн. Ледавітага ак. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца на веснавым (крас.) і асеннім (кастр.—ліст.) пралётах.
Даўж. цела 66—76 см, маса 2—3,2 кг. Апярэнне зверху буравата-шэрае, знізу святлейшае, на бруху чорныя папярочныя плямы. На лбе вакол дзюбы белая пляма (адсюль назва). Дзюба аранжава-жоўтая, ногі светла-аранжавыя. Добра ходзіць і плавае, пры небяспецы нырае, хутка бегае. Гняздо будуе на сухім месцы — узгорку, высокім беразе ракі. Нясе 4—6 яец. Корміцца маладымі раслінамі (злакі, асокі і інш.). На зіму адлятае на Пд. Аб’ект палявання.
т. 5, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЖАСТХА́Н,
штат на ПнЗ Індыі. Пл. 342 тыс. км². Нас. каля 50 млн. чал. (2000), пераважна раджастханцы і хіндустанцы. Адм. ц. — г. Джайпур. На Пн — ч. Інда-Гангскай раўніны, на Пд — Дэканскае пласкагор’е. Цэнтр ч. Р. перасякае з ПдЗ на ПнУ хр. Аравалі (выш. да 1722 м). Клімат трапічны, мусонны, сухі на ПнЗ, са значнымі летнімі ападкамі на ПдУ. Пераважае ксерафітная расліннасць. У эканоміцы гал. роля належыць сельскай гаспадарцы, асабліва жывёлагадоўлі. Гадуюць коз. авечак, буйн. раг. жывёлу, вярблюдаў. Земляробства пераважна на У, на арашальных землях (мясц. віды сорга, пшаніца, кукуруза, бавоўна, алейныя і садовыя культуры). Горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць. Саматужныя промыслы. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
т. 13, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЕГАЗАТРЫМА́ННЕ, снеганамнажэнне,
агратэхнічны прыём, накіраваны на назапашванне снегу. Праводзіцца на палях з азімымі культурамі і на зябліве пад пасеў яравых культур. Садзейнічае памяншэнню глыбіні прамярзання глебы, ахоўвае азімыя культуры ад вымярзання, стварае дадатковыя запасы вільгаці на палях, паляпшае ўмовы інфільтрацыі расталай вады вясной. С. ажыццяўляюць з дапамогай куліс, полеахоўных лясных палос, штучных перашкод з галля ці шчытоў, снегавых валоў, размешчаных упоперак пануючых вятроў, пакінутага ў полі высокага ржышча і інш. На Беларусі праводзіцца пераважна на ПдУ, дзе ў маі і чэрв. назіраецца недахоп вільгаці, а таксама на пясчаных і рыхласупясчаных глебах, на неаблесеных вяршынях марэнных град, водападзелах і інш., асабліва ў маласнежныя зімы.
т. 15, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН (Van),
бяссцёкавае салёнае возера на У Турцыі. Размешчана на Армянскім нагор’і, на выш. 1720 м. Пл. каля 3,7 тыс. км². Глыб. да 145 м. Каля берагоў Вана — вулканы Сюпхан і Немруг. Суднаходства (чыг. паром на лініі Анкара — Тэбрыз). Солеварэнне. На ўсх. узбярэжжы — г. Ван.
т. 3, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСЛЯ́РНЫ СПОРТ,
адзін з водных відаў спорту; уключае веславанне акадэмічнае (на суднах з уключынамі), веславанне на байдарках і каноэ і вяслярны слалам (на суднах без уключын). Да вяслярнага спорту адносяць таксама гонкі на ялах, шлюпках, прагулачных лодках. На Беларусі развіваецца з 1930-х г.
т. 4, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́МБЕРЛІ (Kimberley),
плато на ПнЗ Аўстраліі. Выш. да 936 м. Складзена з крышт. парод і пясчанікаў, на У — з базальтаў. Клімат субэкватарыяльны. На Пн — вечназялёнае эўкаліптавае рэдкалессе, па далінах вільготныя трапічныя лясы, на Пд — арыднае рэдкалессе, на пясчаніках злакі і хмызняк. Нац. парк Гейкі-Гордж.
т. 8, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЕ БАЛО́ТА,
на ПнУ Глускага р-на Магілёўскай вобл., на водападзеле р. Пціч і яе прытока р. Ліса. Вярховага, нізіннага і мяшанага тыпаў. Пл. 1,7 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 1,4 тыс. га. На балоце воз. Дзікае. Глыб. торфу да 6,5 м, сярэдняя 2,7 м. Ёсць сапрапелі. На вярховых участках пераважае дрэвава-хмызняковая расліннасць з хвоі, бярозы, вольхі, на нізінных — асокі і імхі.
т. 6, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎКО́Ў Пётр Маркавіч (1910, в. Аляксандраўка Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 31.3.1968),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, удзельнік баёў пад Масквой, вызвалення Беларусі, баёў у Польшчы, Германіі. Камандзір гарматы сяржант Л. вызначыўся: у чэрв. 1944 у час бою на шашы Орша—Магілёў; на тэр. Польшчы; у крас. 1945 на беразе р. Эльба. Пасля вайны на гасп. рабоце.
т. 9, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-УСХО́ДНЯЯ КАТЛАВІ́НА,
падводная катлавіна ў паўн.-ўсх. частцы Ціхага акіяна. Абмежавана на Пн Алеуцкім жолабам, на У — мацерыковым схілам Паўн. Амерыкі, на З — Паўн.-Заходнім і Гавайскім падводнымі хрыбтамі і горнай градой Лайн, на ПдУ — Усходне-Ціхаакіянскім падняццем. Даўж. з Пн на Пд каля 8900 км, з У на З каля 4200 км. Пераважаюць глыб. 5500 м, найб. 7168. Шматлікія разломы, вельмі складаны рэльеф дна.
т. 12, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЛІКАВЫ КАНВЕ́ЕР, рольганг,
від канвеера для транспартавання масавых паштучных і тарных грузаў па роліках, размешчаных на невял. адлегласці адзін ад аднаго на апорнай станіне. На непрывадных Р.к. грузы прасоўваюцца ўручную або спаўзаюць пад дзеяннем сілы цяжару, на прывадных ролікі круцяцца ад бясконцага ланцуга ці стужкі або ад электрапрывода. Прывадныя Р.к. выкарыстоўваюцца ў пракатных металург. цэхах, на прадпрыемствах буд. матэрыялаў, непрывадныя — пераважна на прамысл. прадпрыемствах і складах.
т. 13, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)