тэхнічныя сродкі для выканання аперацый па прыёме, апрацоўцы, перавозцы і выдачы паштовых адпраўленняў (пісьмаў, бандэроляў, пасылак, перыяд. друку і інш.). У паштамтах і аддзяленнях сувязі (гл.Пошта) выкарыстоўваецца рознае абсталяванне, поштаапрацоўчыя машыны; для перавозак і ўнутрывытв. транспартавання паштовых грузаў існуюць паштовыя вагоны, аўтамабілі-самапагрузчыкі, стужачныя канвееры, ланцуговыя пад’ёмнікі, кран-бэлькі і інш. Ствараюцца аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі ўсіх відаў паштовых адпраўленняў.
Да паштовага абсталявання адносяцца: машыны паштова-касавыя, маркіравальныя, для ўпакоўкі бандэроляў у пакеты, штэмпелявальныя апараты і каляндарныя штэмпелі, механізаваныя стэлажы і аўтаматызаваныя склады, прыстасаванні для абвязкі пасылак, аўтаматы для продажу паштовых картак, канвертаў і інш.Асн. віды поштаапрацоўчых машын: пісьмаразборачныя (для аўтам. вылучэння стандартных канвертаў і паштовак з патоку карэспандэнцыі), ліцовачна-штэмпелявальныя (для аўтам. устаноўкі пісьмаў і паштовак у аднолькавае становішча, гашэння на іх знакаў паштовай аплаты і нанясення адбітка каляндарнага штэмпеля), устаноўкі для сартавання бандэроляў, пасылак, пачкаабвязвальныя (для абвязкі пачкаў пісьмаў, газет, часопісаў), мешказашыўныя, наменклатурна-адрасавальныя (для друкавання суправаджальнай дакументацыі і нанясення адрасных найменняў на газеты і інш. адпраўленні, што дастаўляюцца падпісчыкам па адраснай сістэме). Першымі сродкамі П.т. былі паштовыя карэты (16 ст., Францыя і Расія) і паштовыя скрыні (сярэдзіна 17 ст.). З 1839 пачалі выкарыстоўваць паштовыя вагоны, пазней — сродкі воднага, аўтамаб. і паветр. транспарту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНАЯ НАВІГА́ЦЫЯ, астранавігацыя,
кіраванне рухам лятальных апаратаў на падставе аптычных вымярэнняў, візуальных назіранняў; разнавіднасць касмічнай навігацыі і паветранай навігацыі. Метады астранамічнай навігацыі: вугламерны (вымяраюцца вуглавыя адлегласці паміж навігацыйнымі арыенцірамі, напрыклад паміж зоркай і краем планеты, паміж двума краямі планеты); зацьменняў (фіксуюцца моманты ўсходу і захаду зорак або Сонца за бачны гарызонт планеты); візіравання планетных арыенціраў (вымяраюцца моманты часу праходжання над якім-небудзь арыенцірам) і інш.Тэхн. аснову астранамічнай навігацыі складаюць секстанты, датчыкі зорак і Сонца, бартавыя вылічальныя машыны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
тэхнічная сістэма, якая часткова або поўнасцю выконвае функцыі выкладчыка ў працэсе праграмаванага навучання. Выдае порцыі матэрыялу, кантрольныя заданні ў паслядоўнасці, адпаведнай абучальнай праграме, у тэмпе, зручным для навучэнца; вызначае правільнасць выканання кантрольных заданняў, характар памылак, далейшую паслядоўнасць праходжання курса. Мадэлявальныя абучальныя машыны (трэнажоры) прызначаны для набыцця практычных навыкаў і трэніроўкі, калі ва ўмовах рэчаіснасці гэта звязана з вял. цяжкасцямі, эканамічна немэтазгодна або немагчыма, напр. пры навучанні касманаўтаў, вадзіцеляў трансп. сродкаў, аператараў складаных машын і агрэгатаў. Як абучальная машына можа выкарыстоўвацца ЭВМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТА́НДЭР (ад франц. détendre аслабляць),
машына для ахаладжэння газаў шляхам іх расшырэння з аддачай знешняй работы. Бываюць поршневыя (падобныя да кампрэсара або паравой машыны) і турбінныя (актыўныя ці рэактыўныя турбадэтандэры). Выкарыстоўваюцца ў прамысл. устаноўках для звадкавання газаў (азоту, кіслароду, гелію і інш. з нізкай т-рай кіпення), раздзялення газавых сумесей метадам глыбокага ахаладжэння, у крыягенных рэфрыжэратарах, у некаторых сістэмах кандыцыянавання паветра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬНАЕ СУ́ДНА,
марское судна для пракладкі, падняцця і рамонту падводных (марскіх, акіянскіх) кабеляў сувязі. Мае кабелеўкладачныя машыны з электрапрыводам: кармавую (для апускання кабелю на дно) і 2 насавыя (для падняцця кабелю з дна), апаратуру бесперапыннага кантролю эл. характарыстык кабелю (напр., каэфіцыента перадачы сігналаў), прылады з захопамі для пошуку кабелю і інш. У трумах К.с. ўкладваюць віткамі да некалькіх тысяч кіламетраў падводнага кабелю сувязі. Водазмяшчэнне К.с. 7—20 тыс.т, скорасць пракладкі кабелю на глыбіню да 6 км — 15 км/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІ-САД,
горад у Югаславіі, у Рэспубліцы Сербія. Каля 300 тыс.ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Дунай. Адзін з важнейшых прамысл. цэнтраў Югаславіі, гал.эканам. цэнтр Ваяводзіны. Прам-сць: маш.-буд. (рачныя судны, самалёты, станкі, с.-г.машыны, эл.-тэхн. абсталяванне), хім., фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, харчовая. Штогадовыя с.-г. кірмашы; пастаянная с.-г. выстаўка краіны. Ун-т. Музеі і маст. галерэі. Арх. помнікі 14—18 ст.Гіст. цэнтр сербскай культуры. Значна разбураны авіяцыяй НАТО у 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МПАВАЯ СТА́НЦЫЯ,
комплекс збудаванняў, машын, прыстасаванняў для напорнага перамяшчэння вадкасцей. Звычайна ўключаюць прыёмныя збудаванні (водазабор), усмоктвальныя і напорныя трубаправоды, помпы, рухавікі, пускавое, ачышчальнае і размеркавальнае абсталяванне, сродкі аўтаматыкі і тэлекіравання. Бываюць наземныя, заглыбленыя (ніжэй узроўню зямлі), глыбокія (шахтавага тыпу) і плывучыя (на пантонах, баржах); стацыянарныя і перасоўныя (самаходныя, прычапныя, навясныя), якія выкарыстоўваюцца пераважна для падачы вады ў дажджавальныя машыны і ўстаноўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСЕЛЕРО́МЕТР (ад лац. accelerare паскараць + ...метр),
прылада для вымярэння паскарэння руху машын, іх сістэм і звёнаў, вібрацыі машын і збудаванняў. Звычайна акселерометр — маятнікавая прылада, у якой адхіленне маятніка (інерцыйнай масы) пад уплывам паскарэння машыны перадаецца на стрэлку градуіраванай шкалы. Бываюць мех., пнеўмат., эл. і інш. Лятальныя апараты (у т. л. ракеты) забяспечваюцца акселерометрам ў выглядзе гірамаятнікаў ці паплаўковых маятнікаў з аўтам. кампенсацыяй сіл трэння. Акселерометр рэлейнага тыпу выкарыстоўваюць для вызначэння найб. намагання пры штампоўцы, коўцы, забіванні паляў і інш.Найб. дакладныя ўжываюцца ў інерцыяльнай навігацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЯРЦІ́НСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВОД.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1828—1914 у Альбярціне. У 1830 пабудаваны мураваны будынак для плаўкі чыгуну. З 1845 вырабляў сячкарні і млынавыя машыны, у 1895 — сячкарні, веялкі і інш.с.-г. прылады, у 1900 — сячкарні, турбіны для вадзяных млыноў. У 1890 меў чыгуналіцейную печ і 3 такарныя станкі. З 1903 наз. машынабудаўнічы з-д. Вырабляў посуд для вінакурняў і піваварняў, у 1908—10 — драцяныя і шавецкія цвікі, шпількі, у 1913 — вадзяныя турбіны, малатарні, абсталяванне для млыноў і крупадзёрак; працавалі 50 рабочых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АМКАДО́Р»,
канцэрн, акц.т-ва на Беларусі па вырабе дарожна-буд. тэхнікі. Створаны ў 1993. Уключае больш за 80 прадпрыемстваў і ўстаноў: спец.КБ «Дармаш», доследна-эксперым.З-д, з-ды «Ударнік», «Дармашмет», «Агрэгат», «Унімод», «Унікаб», «Амкадор-Мота», «Усяж», «Амкадор-Пінск» і інш. Мае таксама прадпрыемствы ў Расіі, Польшчы, Балгарыі і інш.Асн. прадукцыя: пагрузчыкі аднакаўшовыя франтальныя, бульдозеры-пагрузчыкі, экскаватары-пагрузчыкі, дарожныя каткі, снегаачышчальнікі, аўтобусы, машыны для лесапрамысл. комплексу і камунальнай гаспадаркі, прычэпы для легкавых аўтамабіляў, мэбля, інструмент, электратавары, швейныя вырабы і інш.