ГАРЭЛЬЕ́Ф (франц. haut-rélief літар. высокі рэльеф),
від рэльефнай скульптуры, у якім выявы выступаюць над плоскасцю фону больш як на палавіну свайго аб’ёму. Выкарыстоўваюцца ў манум.-дэкар.мастацтве, надмагіллях, афармленні інтэр’ераў грамадскіх, жылых і культавых будынкаў, мемар. дошках. Можа спалучацца з барэльефам. На Беларусі ў гарэльефе выкананы надмагіллі Вольскіх (пасля 1623), Сапегаў (пасля 1635), у касцёлах у в. Крамяніца Дольная (Зэльвенскі р-н) і в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), выявы святых у Гродзенскім езуіцкім касцёле (1736) і інш. У наш час у гарэльефе выкананы надмагілле Я.Коласа, кампазіцыі манумента Перамогі, «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды (1979, скульпт. А.Арцімовіч) — абедзве ў Мінску. Гарэльеф выкарыстаны ў помніку вызваліцелям Полацка і інш.
Гарэльеф «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды ў Мінску. Скульпт. А.Арцімовіч. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ХРЫСЦІ́ЦЕЛЬ (каля 8 да н.э. — каля 28 н.э.),
біблейскі прарок і аскет. У 27—28 пачаў прапаведаваць у пустыні каля р. Іардан: абвяшчаў надыход «царства божага», заклікаў да пакаяння і даваў воднае хрышчэнне. Сярод ахрышчаных быў Ісус Хрыстос, на якога І.Х. указаў як на чаканага месію; яго вучні Андрэй, Сымон, Якаў і Іаан сталі вучнямі Ісуса. За публічнае асуджэнне сувязі цара Галілеі Ірада Антыпы з Ірадыядай зняволены і абезгалоўлены. Пра смерць І.Х. згадвае яўр. гісторык Іосіф Флавій. Памяці І.Х. прысвечана самая стараж. базіліка Рыма — Латэранская. Выявы І.Х. вельмі пашыраны ў сярэдневяковым мастацтве (жывапіс у баптыстэрыях, скульптуры ў Ам’енскім, Шартрскім, Рэймскім саборах) і новага часу (Данатэла, Л.Гіберці, Анджэліка, Д.Гірландайо, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Эль Грэка, М.Караваджа, Рэмбрант, Б.Э.Мурыльё, Н.Пусэн).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БАЦ ((Kabatc) Эўгеніюш) (н. 11.1.1930, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),
польскі празаік і перакладчык. У 1967—73 супрацоўнік польск пасольства ў Рыме. Друкуецца з 1950. У зб.апавяд. «П’яны анёл» (1957), аповесцях «Занадта многа сонца» (1959), «Раманс» (1960), «Адзінаццатая запаведзь» (1965), «Адпачынак у высокай траве» (1968), «Выкраданне Джульеты» (1974) сац.псіхал. праблемы сучаснага яму пакалення. Аповесці «Патрыцыя, ці Аб каханні і мастацтве ў асяродку ночы» (1975), «Аўтастрада сонца» (1979) прысвечаны Італіі. Аўтар фантаст. аповесці «Смерць працаўніка ў атэлі «Savoy» (1985). Тэматыка асобных твораў звязана з Беларуссю. Пераклаў на польск. мову аповесць «Трэцяя ракета» В.Быкава, раман «Людзі на балоце» І.Мележа. Аўтар успамінаў пра Мележа «Сонца ў вачах» (1979). На бел. мову творы К. перакладалі Я.Брыль, В.Рагойша, А.Клышка, П.Стэфановіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́ЧНАЕ (ад грэч. kōmikos смешны, вясёлы),
катэгорыя эстэтыкі, якая адлюстроўвае неадпаведнасць паміж недасканалым, нежыццёвым зместам з’явы або прадмета і яго вонкавым выяўленнем, што прэтэндуе на паўнацэннасць, значнасць або маскіруецца пад іх. Вытокі К. ў гульнёвым, калектыўным самадзейным смеху, напр. у карнавальных гульнях. У ходзе развіцця культуры адасабляюцца віды К. — іронія, гумар, сатыра. Мае сац. характар, яго вытокі ў аб’ектыўных супярэчнасцях грамадскага жыцця. Суадносіцца з прыгожым, агідным, нізкім, процілеглае трагічнаму і ўзнёсламу, але здольнае да сінтэзу з імі (трагікамічнае, камічны аспект узнёслага). Для К., дзе адлюстроўваюцца супярэчнасці рэальнасці, важна гульня на ўтрыроўцы велічы прадметаў (карыкатура), на фантаст. спалучэннях (гратэск), збліжэнні далёкіх паняццяў (досціп). Разнастайнасць смешнага ў жыцці абумоўлівае шматграннасць выяўлення К. ў мастацтве. На К. заснаваны адзін з гал. відаў драмы — камедыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭПТУАЛІ́ЗМ (ад лац. conceptus думка, паняцце),
1) кірунак зах.-еўрап. сярэдневяковай схаластычнай філасофіі пра сутнасць агульных паняццяў (універсалій). К. займае прамежкавае становішча паміж сярэдневяковым рэалізмам і наміналізмам у рашэнні праблемы рэалій. Паводле К., агульнае на ўзроўні аб’ектыўных рэчаў не існуе; няма такога быцця. Агульнае — гэта канцэпты, г. зн. ідэальныя (іматэрыяльныя) паняцці. Яны першапачаткова ўласцівы чалавечаму розуму і толькі ў ім існуюць. Яны апрыёрныя (дадоследныя) і з’яўляюцца формай пазнання, з дапамогай якой раскрываецца падабенства рэчаў. Найб. вядомыя прадстаўнікі К.П.Абеляр, У.Окам, Т.Гобс. У новы час ідэі К. пра прыроду паняццяў адстойвалі Дж.Лок, Э.Кандыльяк, К.Гельвецый. Паступова К. стаў адным з прынцыпаў тэорыі пазнання, паводле якога агульнае разглядаецца толькі як вынік абстракцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯЦКО́Ў (Міхаіл Нічыпаравіч) (н. 25.9.1946, с. Каменскі Хутар Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1978 на Камбінаце мастацтваў у Гомелі. Працуе ў манум. і дэкар. прыкладным мастацтве, пераважна ў галіне керамікі. Аўтар манум. пано «Вясна» (1984) у цэнтр. паліклініцы, «Праца», «Свята» (абодва 1985) у Палацы культуры «Гомсельмаша», размалёвак у прафес.-тэхн. вучылішчы № 67 (1986; усе ў Гомелі) і інш. Станковыя работы вызначаюцца пластычнай выразнасцю форм, імкненнем да выяўлення натуральнай прыгажосці матэрыялу: дэкар. наборы «Беларусіка» (1977), «Сялянскі» (1978), «Вячэрні» (1981), вазы «Вясенняе абуджэнне» (1975), «Лета» (1982), дэкар. пластыка «Памяць народная» і «Свята на сяле» (1978), «Сельскія эцюды» (1980), «Успаміны пра дзяцінства» (1985), дэкар. скульптура «Маці Палесся» (1980), «Мая Беларусь» (1989), «Францыск Скарына» (1990) і інш.
чэшскі графік, жывапісец, тэатр. мастак, пісьменнік. Прадстаўнік нац.-дэмакр. кірунку ў чэш.мастацтве 1-й пал. 20 ст.Нар. мастак Чэхаславакіі (1947). Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Празе (1906—07). Зазнаў уплыў М.Алеша. Творчасць вызначаецца блізкасцю да традыцый нар. мастацтва. Сярод твораў: ілюстрацыі да кн. «Казкі пра Гонзіка і залатавалосую Ізолю» Я.Гаўлічака (1906), «Прыгоды бравага салдата Швейка» Я.Гашака (выд. 1926), «Байкі» Эзопа (1931); да ўласных кн. «Мая азбука» (1911), «Каламайка» (1913), «Вясёлае прыродазнаўства Лады» (1917), «Вершы Эрбена і народныя» (1920), «Хроніка майго жыцця» (1942); малюнкі «Вадзянік» (1937), «Раство» (1938), «Чэшская вёска» (1942), «Вясна» (1954) і інш. Працаваў як пейзажыст («Трыпціх з чэшскім пейзажам», 1935, і інш.). Афармляў тэатр. спектаклі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРУ́К (Юрый Міхайлавіч) (н. 12.10.1957, г. Стоўбцы Мінскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1981). У 1981—95 працаваў на Магілёўскім камбінаце «Мастацтва», адначасова ў 1988—93 выкладаў у Магілёўскім вучылішчы культуры. З 1995 старшыня Магілёўскай абл. арганізацыі Бел. саюза мастакоў. Працуе ў жывапісе і манум.мастацтве. Аўтар жывапісных твораў «Партрэт Паўліны Мядзёлкі» (1982), «Крыж у Давыд-Гарадку» (1988), «Сон Палешука» (1990), «Мост на Гарыні» (1995), «Фотаздымак з вёскі Вепрын» (1996), «Беларускія могілкі» (1997), вітражоў «Музыка» (1984), «Беларускія асветнікі» ў Ін-це ўдасканалення настаўнікаў у Магілёве (1986), серыі вітражоў «Майстры» (1988), аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі ў Палацы шлюбу (1987), мазаічнага пано на фасадзе шпіталя №1 (1994; абодва ў Магілёве). Творам характэрны стрыманая каляровая гама, пошукі пластычнай выразнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІГРА́ФІЯ (ад грэч. pas усякі + ...графія),
від ідэаграфічнага пісьма, зразумелага ўсім людзям. Напр., нотнае пісьмо, арабскія лічбы і інш. Да П. адносяцца таксама штучныя сістэмы перадачы думкі з дапамогай агульназразумелых знакаў (гл.Інтэрлінгвістыка, Штучныя мовы). Адным з першых прапанаваў міжнар. ідэаграфічнае пісьмо для запісу лагічных разважанняў Г.Лейбніц («Аб мастацтве камбінаторыкі», 1666). У 2-й пал. 20 ст. універсальны семантычны код быў распрацаваны на Беларусі В.У.Мартынавым. У межах інтэрлінгвістыкі П. першапачаткова разглядалася як штучная мова ў цэлым (не толькі пісьмо), як пазілалія — агульначалавечая мова, вынайдзеная людзьмі. У канцы 20 ст. праблемы П. па-новаму асэнсоўваюцца ў шматлікіх канцэпцыях «структуры прадстаўлення ведаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОГ,
старажытны нар. духавы сігнальны амбушурны муз. інструмент Вядомы многім народам свету. Вырабляецца з рагоў і біўняў жывёл, а таксама з ракавін, дрэва, металу. У залежнасці ад памераў і формы, наяўнасці ці адсутнасці ігравых адтулін Р. дазваляе здабываць адзін або некалькі тонаў абертонавага ці паступеннага гукарадаў. Моцнае, далёка чутнае гучанне Р. спрыяла выкарыстанню яго як камунікатыўнага сродку ў абрадах, рэліг. цырымоніях, паляўнічай, пастухоўскай, вартаўнічай і ваен. практыцы. На Беларусі пашыраны Р. розных памераў (30—50 см), робіцца з пустацелых рагоў быка, каровы, барана, з дрэва (бярозы, алешыны, клёну формай, блізкай да натуральнага рога жывёлы), часам з бляхі; ігравых адтулін не мае.
У муз.мастацтве Р. — папярэднік разнастайных духавых інструментаў (валторны. трамбона і інш.), а таксама аснова рагавога аркестра.