КАСМІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ ВЫВУЧЭ́ННЯ І КАНТРО́ЛЮ ПРЫРО́ДНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,
сукупнасць метадаў, спосабаў і апаратуры для фіксавання параметраў, вывучэння і кантролю будовы, саставу і дынамікі прыроднага асяроддзя з космасу. З дапамогай ШСЗ вядуць пошук карысных выкапняў, вывучаюць дынаміку перыяд. (сутачных, сезонных і інш.) і эпізадычных (ураганы, тайфуны, вывяржэнні вулканаў, пылавыя буры і інш.) прыродных з’яў, фіксуюць праявы антрапагеннай дзейнасці (рэгіянальныя змены ландшафтаў вакол гарадоў, забруджванне вод, энергет. страты з індустр. і жылых аб’ектаў і інш.). З дапамогай касм. метадаў назірання вызначаюць запас вільгаці на палях, стан пасеваў с.-г.культур, прагназуюць ураджай і інш. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюцца для картаграфавання ляснога фонду, інвентарызацыі лясных рэсурсаў і інш. Вызначаюцца высокай навук. і эканам. эфектыўнасцю. Уваходзяць у сістэму экалагічнага маніторынгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАВЁРТКІ (Tortricidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Больш за 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найб. у трапічных і шыракалістых лясах Азіі. На Беларусі 240 відаў, найб. трапляюцца Л. дубовая зялёная (Tortrix viridana), пладажэрка яблыневая (гл.Пладажэркі), парасткаўюны і інш. Многія віды — шкоднікі лесу, саду, с.-г.культур.
Размах крылаў 8—40 мм (звычайна 10—25 мм), пярэднія крылы рознай афарбоўкі, заднія шэрыя або бурыя. Лічынкі (вусені) даўж. да 20 мм, зеленаватыя, карычневыя або жаўтаватыя, жывуць у скручаных лісцях (адсюль назва), праточваюць хады ў каранях, пад карой, у парастках, пладах, суквеццях, шышках, дзе і акукліваюцца.
А.М.Літвінава.
Ліставёрткі: 1 — дубовая зялёная; 2 — парасткаўюн зімуючы (а — самка матыля; б — вусень; в — пашкоджанае лісце, парастак).
бельгійскі кампазітар, муз. крытык; адзін з заснавальнікаў сучаснай фламандскай кампазітарскай школы. Праф. Брусельскай (1899—1901) і Антверпенскай (1904—09) кансерваторый. У 1925 засн.час. «Revue musicale belge» («Бельгійскі музычны часопіс», існаваў да пач. 1940-х г.). У яго творчасці своеасабліва пераўтвораны традыцыі нац.муз. фальклору, дасягненні еўрап. і рус.муз.культур. Найб. вылучаецца яго аркестравая музыка — сімфонія «Мора» (1890), сімф. варыяцыі (1902) і інш. Аўтар опер «Прынцэса Сонечны Прамень» (1903), «Людзі мора» (паводле В.Гюго, 1904), балета «Нявольніца» (1904), вак.-сімф. твораў, у т. л. араторыі «Дэман» (паводле Ю.Лермантава), кантаты «Сінай» (1889) і інш., муз.-тэарэт. прац па гармоніі і аркестроўцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕРНЕБАБО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны сям. бабовых, якія вырошчваюць пераважна для атрымання харч. і кармавога зерня. Вядома больш за 60 відаў з 17 родаў — боб, віка, гарох, лубін, нут, сачавіца, соя, фасоля, чына і інш. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі найб. сеюць гарох, лубін (па ўсёй тэрыторыі), віку пераважна ў паўн. раёнах, меншыя плошчы займаюць пялюшка, эспарцэт, фасоля, боб. У сухім рэчыве зерня 25—60 % вугляводаў, 25—40% бялку, 2—7% (у соі да 37%) тлушчу, ферменты, вітаміны і інш. З зерня З.к. робяць крупы, муку, кансервы. Зерне, жамерыны, шрот, зялёная маса — корм для с.-г. жывёлы. З.к. абагачаюць глебу азотам (у севазваротах — папярэднікі для тэхн. і збожжавых культур), лубін — зялёнае ўгнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАЛІ́Т (ад неа... + грэч. lithos камень),
новы каменны век, апошні перыяд каменнага веку. Пачаўся ў 8-м тыс. да н.э. на Б.Усходзе, потым у Індакітаі як эпоха пераходу да вытвараючай гаспадаркі. У Еўропе працягваўся з 6-га да канца 3-га тыс. да н.э. У эпоху Н. пашырыліся шліхтаваныя каменныя прылады працы, вынайдзены керамічны посуд, зарадзілася земляробства і жывёлагадоўля, дасягнуў росквіту мацярынска-родавы лад. На Беларусі Н. настаў у канцы 5-га тыс. да н.э., скончыўся ў 2000—1800-я г. да н.э. У гэты час тут пражывалі плямёны днепра-данецкай культуры, верхнедняпроўскай культуры, нёманскай культуры, нарвенскай культуры, культур тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, лейкападобных кубкаў, шарападобных амфар і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВО́ДСТВА,
вытворчасць прадукцыі палявых культур (збожжавых, тэхн., кармавых і інш.); галіна раслінаводства. Адна з найб. механізаваных с.-г. галін. Спалучае вырашэнне нар.-гасп. і навук. задач земляробства, грунтуецца на дасягненнях аграноміі, глебазнаўства, біялогіі і селекцыі с.-г. раслін і інш. Забяспечвае насельніцтва харч. прадуктамі, лёгкую, харч. і інш. прам-сці сыравінай, жывёлагадоўлю кармамі.
Як галіна практычнай дзейнасці чалавека П. бярэ пачатак ад прымітыўных форм земляробства ў эпоху першабытна-абшчыннага ладу. З развіццём грамадскіх вытв. адносін, што суправаджалася ўкараненнем у с.-r. вытворчасць больш дасканалых сістэм земляробства, П. набывала ролю магутнага фактару ўздзеяння на прыроду (ператварэнне прыродных зямель у с.-г. ўгоддзі, замяшчэнне натуральных біягеацэнозаў культурнымі, хімізацыя, меліярацыя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́ ГАДАВА́ЛЬНІК,
гаспадарка, якая вырошчвае пасадачны матэрыял лясных парод для азелянення, стварэння лясных культур і ахоўных лясных насаджэнняў; таксама ўчастак зямлі, дзе гадуюць пасадачны матэрыял. Уваходзяць у лясгасы. Л.г. падзяляюць на малыя (да 5 га), сярэднія (5—15), вялікія (больш за 15) і базісныя (больш за 25 га); таксама часовыя (закладваюць паблізу будучай пасадкі на тэрмін да 5 гадоў), пастаянныя (для доўгатэрміновага выкарыстання). Пастаянныя маюць аддзяленні: чаранковых саджанцаў; пасяўное і школьнае для вырошчвання сеянцаў і саджанцаў; матачнае для атрымання матэрыялу для вегетатыўнага і насеннага размнажэння; дэндралагічнае. На Беларусі 207 Л.г. (у т. л. пастаянных 72) агульнай пл. 1405 га (1997). 3 іх найбуйнейшыя Глыбоцкі, Смаргонскі, Старобінскі, Мазырскі, Ваўкавыскі, Жлобінскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬЧЫ́РАВАННЕ (ад англ. mulch абкладваць карані раслін саломай, гноем і інш),
пакрыццё глебы ахоўным слоем з розных матэрыялаў (мульчы); агратэхн. прыём. У якасці мульчы выкарыстоўваюць кампосты, тарфяную крошку, перагной, адкіды, адходы дрэваапрацоўкі (апілкі, папера і інш.), іржышча збожжавых, лісце, салому, палімерныя матэрыялы і інш. Адрозніваюць М. суцэльнае, міжрадковае, у прыствольных кругах дрэў і кустоў і вертыкальнае (з запаўненнем мульчой верт. шчылін для перахоплівання паверхневага сцёку). Затрымлівае вільгаць, рэгулюе паветр. і тэмпературны рэжымы глебы, угнойвае яе, узмацняе карысныя біяхім. глебавыя працэсы, перашкаджае ўтварэнню глебавай скарынкі, ветравой і воднай эрозіі, прыгнечвае прарастанне пустазелля. Выкарыстоўваецца пры вырошчванні с.-г.культур, лясных парод. Найб. эфектыўна ў раёнах з недастатковым увільгатненнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДКІ (Gryllotalpidae),
сямейства насякомых надсям. цвыркуновых атр. прамакрылых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды. Шкоднікі палявых, агароднінных, пладовых культур і лясных парод. На Беларусі ў вільготных мясцінах (каля вадаёмаў, у садах, агародах і інш.) трапляецца М. звычайная (Gryllotalpa gryllotalpa).
Цела даўж. 25—60 мм, цёмнае, густа ўкрытае дробнымі валаскамі. Пярэдняспінка вялікая. Пярэднія ногі капальныя, з моцна развітымі сцёгнамі і галёнкамі. Надкрылы кароткія. Крылы шырокія, доўгія, складзеныя ў выглядзе жгутоў. Жывуць у верхніх слаях глебы. Кормяцца падземнымі ч. раслін, насеннем, насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі. На паверхню выходзяць ноччу. Добра плаваюць. Поўны цыкл развіцця 1—3 гады. Зімуюць лічынкі і дарослыя формы.
Да арт.Мядзведкі: 1 — мядзведка звычайная; 2 — пашкоджанні карэньчыкаў сеянцаў хвоі; 3 — гняздо з яйцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛО́БАВА (Вера Леанідаўна) (н. 29.8.1943, в. Крыўча Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фітапаталогіі і селекцыі раслін. Д-рс.-г.н. (1999). Скончыла БСГА (1965). З 1972 у Бел.НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва, з 1991 у Бел.НДІ агародніцтва (заг. лабараторыі). Навук. працы па імунітэце агароднінных культур і селекцыі агурка. Аўтар і сааўтар раянаваных і перспектыўных сартоў агурка: Верасень, Зарніца, Світанак, Беларускі, Карал і гібрыдаў Янус і Зубраня.
Тв.:
Создание исходного материала огурца с устойчивостью к комплексу болезней // Весці Акад. аграрных навук Рэспублікі Беларусь. 1997. № 3;
Многолетняя динамика болезней огурца в открытом грунте в условиях Беларуси // Весці АН Беларусі. Сер. біял.навук. 1997. № 4.