НАГ ((Nag) Марцін) (н. 30.7.1927, г. Ставангер, Нарвегія),
нарвежскі славіст, перакладчык, паэт. Скончыў ун-т у Осла (1953), з 1964 выкладчык слав. л-р у ім. Даследуе нарвежска-слав.культ. сувязі. Аўтар прац «Ібсен у рускім духоўным жыцці» (1967), «Гамсун у рускім духоўным жыцці» (1969), «Двое нарвежцаў з Талстым» (1979), «Пісьменнік і яго перакладчык: Кнут Гамсун і П.Е.Гансэн» (1980), «Горкі ў Нарвегіі» (1983) і інш. У 1979 наведаў Беларусь. Надрукаваў шэраг артыкулаў пра бел. л-ру і культуру: «Янка Купала — беларускі Нурдаль Грыг» (1980), «Аблічча Беларусі» (1981) і інш. У лірычных мініяцюрах (зб. «Сустрэчы», 1981) адлюстраваў асобныя з’явы гіст. і культ. жыцця бел. народа, намаляваў вобраз Я.Купалы: «Паэт Янка Купала і беларускі народ», «Дом дзяцінства Янкі Купалы», «Драма Янкі Купалы» і інш. На нарв. мову пераклаў верш Я.Купалы «А хто там ідзе?» (1980). На бел. мову яго вершы пераклалі М.Мятліцкі, У.Сакалоўскі, В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ЎДЗІЎ,
горад на Пд Балгарыі, на р. Марыца. Адм. ц. Плоўдзіўскай вобл. Каля 450 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Другі пасля Сафіі прамысл. і культ. цэнтр краіны. Гандл.-прамысл. цэнтр с.-г. раёна Верхнефракійскай нізіны. Прам-сць: харчасмакавая (кансервавая, цукр., тытунёвая і інш.), каляровая металургія, маш.-буд. (вытв-сць станкоў, мотакараў, эл. і электроннай прадукцыі), тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, футравая, хім., шкляная. 5 ВНУ, у т. л.ун-т. Музеі (маст., археал., этнагр.), оперны тэатр.Арх. помнікі эпох тур. панавання (15—16 ст.) і Балгарскага адраджэння (1-я пал. 19 ст.). Помнік воінам Сав. Арміі «Алёша» (1955—57). Штогадовыя міжнар. кірмашы (з 1933, арх. ансамбль, 1948—49).
Першае паселішча на тэр. П. ўзнікла пры фракійцах. Да 4 ст. да н.э.наз. Эўмалпіяды, пасля захопу Фракіі Філіпам II Македонскім перайменаваны (4 ст. да н.э.) у Філіпопаль. З 9 ст. ў складзе Першага Балгарскага царства. У 1360 захоплены туркамі. Сучасная назва з 17 ст., калі горад стаў адным з гал.балг.культ. і эканам. цэнтраў. З канца 18 ст. буйны горад Паўд. Балгарыі. Пасля Берлінскага кангрэса 1878 адм. ц.Усх. Румеліі. 18.9.1885 уз’яднаны з Балгарыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ЎСКІ (Ян) (1881 — ?),
бел. скульптар. Вучыўся ў Кракаўскай АМ у К.Ляшчкі, 5 гадоў жыў у Швейцарыі, дзе на яго творчасць паўплываў аўстр. сецэсіён (мадэрн). Багушэўскі — адзін з актыўных членаў культ. аб’яднання «Агніска» (Мінск, 1907), удзельнік маст. выставак, дзе экспанаваліся яго работы «Мінулыя часы», «Галава Буды» і інш., створаныя пад уплывам сімвалізму. У праграмным дакладзе на абмеркаванні маст. выстаўкі (Мінск, 1911) сцвярджаў вял. грамадска-выхаваўчыя магчымасці скульптуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНГАЛО́Р, Бенгалуру, Бангалур,
горад на Пд Індыі. Адм. ц. штата Карнатака. Вядомы з 16 ст. 2,7 млн.ж., з прыгарадамі 4,2 млн.ж. (1991). Трансп. вузел. Аэрапорт. Важны прамысл., навук. і культ. цэнтр паўд.ч. Індыі. Авія-, вагона-, станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць. Дакладнае машынабудаванне (у т. л. выраб гадзіннікаў). Развіты традыц. галіны прам-сці — гарбарна-абутковая, тэкст. і харчовая. Цэнтр касм. даследаванняў. Саматужныя промыслы. Акадэмія навук.Ун-т. Батанічны сад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР-КО́ХБА (сапр.Шымон бен Касіба; ? — 135),
кіраўнік паўстання 132—135 супраць рым. панавання ў Іудзеі. Абвясціўшы сябе месіяй і «князем Ізраіля», аднавіў яўр.культ і правіў (у т. л. чаканіў уласную манету) на адваяваных у рымлян землях (б.ч. Палесціны, каля 50 крэпасцяў) з цэнтрам у г. Бетар. Загінуў пры абароне Бетара ад легіёнаў рым. палкаводца Юлія Севера. Пры раскопках на ўзбярэжжы Мёртвага м. на пач. 1950-х г. знойдзена некалькі дакументаў Бар-Кохбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАХТО́ННЫЯ КУ́ЛЬТЫ,
спрадвечныя рэліг.-магічныя культы карэннага насельніцтва краіны. Вызначэнне ўзнікла ў сувязі з неабходнасцю адрозніваць мясц. самабытныя культы ад іх сінкрэтызаваных з сусветнымі рэлігіямі мадыфікацый. Аўтахтонныя культы ўключаюць татэмістычныя, фетышысцкія, анімістычныя вераванні (гл.Татэмізм, Фетышызм, Анімізм), сістэму племянных ініцыяцый, культ продкаў, культы правадыроў і абагаўлёных цароў, політэізм і інш. раннія формы рэлігіі на розных стадыях іх развіцця. Асаблівасці гіст. развіцця народаў, умоў прыроднага асяроддзя вызначаюць падабенства і розніцу, агульнае і асаблівае ў аўтахтонных культах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ЯЎРЭ́ЙСКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ і АБШЧЫ́Н,
нацыянальнае культурнае аб’яднанне яўрэяў Беларусі. Створана ў крас. 1991. Мэты і задачы: адраджэнне яўрэйства Беларусі як нац., рэліг. і культ. супольнасці; абарона правоў і інтарэсаў яўр. народа ў органах дзярж. улады; стварэнне ў месцах кампактнага пражывання яўрэяў нац. абшчын; разгортванне сістэмы яўр. асветы; стымуляванне вывучэння іўрыту; распаўсюджванне маралі і традыцый іудаізму сярод яўр. насельніцтва і інш. Аб’ядноўвае 135 яўр. арг-цый і 17 гар. абшчын (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БЭП),
палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў снеж. 1993. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. Асн. мэты — стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь грамадства, у якім будзе рэальна забяспечана права грамадзян на здароўе і паўнацэннае жыццё ў сацыяльна і экалагічна здаровым асяроддзі, абарона грамадзянскіх, паліт., экалагічных, сац. і культ. правоў і свабод грамадзян, фарміраванне ў іх сучаснага экалагічнага светапогляду і экалагічнай культуры. Мае пярвічныя арг-цыі ва ўсіх абласцях Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ СЬВЕТ»,
навуковы, культ.-асветны і літ. часопіс. Выдаецца з 1971 у ЗША на бел. мове бел. эміграцыяй. Выходзіць у залежнасці ад паступлення матэрыялаў. Рэдактар і выдавец М.Прускі (жыве ў г. Гранд-Рапідс, штат Мічыган, ЗША). Публікуе навук. артыкулы па гісторыі Беларусі, па пытаннях бел. культуры, літ. творы, успаміны і інш. Многія нумары прысвечаны асобным бел. дзеячам. Змяшчае таксама гіст. і сучасныя фотаздымкі, тэксты і ноты бел. песень, гумарыстычныя старонкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФОНД КУЛЬТУ́РЫ (БФК),
добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў крас. 1987 у Мінску з мэтай адраджэння і развіцця нац. традыцый, мовы, краязнаўчага руху. Фінансуе стварэнне помнікаў, выданне беларускамоўных кніг. Арганізуе і фінансуе выстаўкі, дабрачынныя вечарыны, фалькл. святы, навук.-практычныя канферэнцыі па праблемах культуры і гісторыі Беларусі. Аказвае дапамогу суполкам беларусаў за мяжой. Пры фондзе працуюць камісія «Вяртанне», культ.-асв. аб’яднанні, маст. і бібліятэчны саветы. Сумесна з Мін-вам культуры Беларусі выдае час.«Спадчына».