ДЖО́ЎЛЯ—ЛЕ́НЦА ЗАКО́Н,
закон, які характарызуе цеплавое дзеянне эл. току. Паводле Дж.—Л.з. колькасць цеплыні Q, што выдзяляецца на ўчастку эл. ланцуга з супраціўленнем R пры працяканні па ім пастаяннага току I за час t, вызначаецца ў СІ формулай Q = I2Rt. Устаноўлены Дж.П.Джоўлем у 1841 і эксперыментальна пацверджаны Э.Х.Ленцам у 1842. Выконваецца для асяроддзяў, у якіх праўдзіцца Ома закон; абагульняецца на выпадак пераменнага току (гл. Пойнтынга вектар).
т. 6, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁРАН,
верхні слой глебы, густа пераплецены жывымі і адмерлымі каранямі, парасткамі і карэнішчамі шматгадовых траў. Фарміруецца пад травяністай расліннасцю ў выніку дзярновага глебаўтваральнага працэсу на аблогах, поймавых і сухадольных лугах і пашы, забалочаных глебах. Мае павышаную колькасць пажыўных рэчываў (асабліва азотных) і большую звязнасць у параўнанні з ніжняй часткай перагнойнага гарызонту. Дз., ці дзярнінай называюць таксама выразаныя пласты з зарослага травою верхняга слоя глебы, якімі ўмацоўваюць адхоны, схілы і інш.
т. 6, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕРЫ́ДА (ад геа... + грэч. meris частка, слой),
жывое покрыва, сукупнасць усіх жывых арганізмаў, якія насяляюць планету. Зрэдку выкарыстоўваецца і як сінонім біясферы. Тэрмін прапанаваў рус. вучоны У.М.Беклямішаў (1928). У паняцці У.І.Вярнадскага ў біял. сэнсе — жывое рэчыва Зямлі. На Зямлі існуе каля 2 млн. відаў арганізмаў, у т. л. 1,5 млн. відаў жывёл. Маса жывога перавышае масу зямной кары. Колькасць прадукцыі за 1 млрд. гадоў у 10 разоў перавышае масу зямной кары.
т. 5, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМЕРАФО́БЫ [ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...фоб(ы)],
1) віды жывых арганізмаў, якія пазбягаюць згуртаванняў культ. раслін. Вял. колькасць гемерафобаў — біяіндыкатары ўмоў навакольнага асяроддзя.
2) Віды жывёл і раслін, што зніклі ці знікаюць у выніку ўздзеяння чалавека на прыроднае асяроддзе і расліннасць. У шэрагу выпадкаў патрабуюцца спец. меры іх аховы ў мэтах захавання генафонду. У флоры Беларусі пад уплывам меліярацыі гемерафобы знікаюць (напр., асобныя віды балотных раслін). Гл. таксама Гемерафілы.
т. 5, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМЕРЭЦІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура верхняга палеаліту ў Закаўказзі, у Імерэціі, у даліне р. Квірыла. Вылучаюцца 3 характэрныя этапы. Для 1-га этапу характэрна спалучэнне мусцьерскіх форм, нуклеусападобных прылад, буйных вастрыёў, скрабкоў, масіўных разцоў і з’яўленне пласцінак з прытупленым краем. На 2-м этапе павялічваецца колькасць пласцінак з прытупленым краем і вастрыёў, паяўляюцца геам. мікраліты. 3-і этап адметны дамінаваннем мікраінвентару. Для І.к. характэрна амаль поўная адсутнасць двухбаковай апрацоўкі і касцяных прылад.
т. 7, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙЦЫ (саманазва каро сарам, часон сарам, ханчук сарам),
нацыя, асн. насельніцтва Рэспублікі Карэя (44 млн. чал.) і Карэйскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (22,5 млн. чал.). Агульная колькасць 70,2 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў Кітаі (2 млн. чал.), Японіі (1,6 млн. чал.), ЗША (0,5 млн. чал.), Узбекістане (183,3 тыс. чал.), Рас. Федэрацыі (107 тыс. чал.), Казахстане (103,3 тыс. чал.), Кыргызстане і інш. Гавораць на карэйскай мове. Вернікі пераважна будысты, канфуцыянцы, хрысціяне (прэсвітэрыяне).
т. 8, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РДЫ (саманазва курд, курмандж),
адзін са стараж. народаў Пярэдняй Азіі. Паводле ацэнкі, агульная колькасць 18 млн. чал. (1992). Жывуць у Турцыі (7,5 млн.), Іране (5,6 млн.), Іраку (3,7 млн.), Сірыі (745 тыс.), Германіі (240 тыс.), а таксама ў Арменіі, Ліване, Грузіі, Казахстане, Кыргызстане, Азербайджане, Афганістане, Рас. Федэрацыі. Гавораць на курдскай мове. Вернікі — мусульмане-суніты, частка — шыіты, хрысціяне, прыхільнікі сінкрэтычных культаў (язіды і інш.). На Беларусі створана (1995) т-ва К. «Курдыстан».
т. 9, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАЦЫТА́РНАЯ ФО́РМУЛА, лейкацытаграма, лейкаграма,
працэнтныя суадносіны розных відаў лейкацытаў у перыферычнай крыві пазваночных жывёл і чалавека. Мае ўзроставыя асаблівасці. У норме Л.ф. дарослага чалавека ўтрымлівае лейкацыты (базафільныя гранулацыты — 0—1%, эазінафільныя — 0,5—5%, нейтрафільныя — 65—75%), лімфацыты — 19—45%, манацыты — 3—11%. Л.ф. і колькасць лейкацытаў адрозніваюцца ў розных відаў жывёл і чалавека, залежаць ад фізіял. стану арганізма, зменьваюцца ў час хвароб. Л.ф. мае дыягнастычнае і прагнастычнае значэнне.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВЕНЬ,
моцны, звычайна кароткачасовы дождж канвектыўнага паходжання, або шквалісты дождж пры праходжанні халоднага фронту ў цыклонах умераных шырот. Інтэнсіўнасць Л. — колькасць ападкаў за 1 мін. Пры працягласці 5 мін Л. лічаць дождж з сярэдняй інтэнсіўнасцю 0,5 мм/мін, 30 мін — 0,23 мм/мін і г.д. У кожным пункце Беларусі ў сярэднім за год бывае 8 Л. Найбольшы адзначаны 6.8.1970 (г. Бабруйск), дзе за 3 гадз 35 мін выпала 128 мм ападкаў.
т. 9, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАКІ́НЫ,
біялагічна актыўныя рэчывы, якія сінтэзуюцца і выдзяляюцца папуляцыямі лімфацытаў пад уздзеяннем антыгена. Паводле хім. прыроды — глікапратэіды, малекулярная Maca 15 000—80 000. Пры дапамозе Л. ажыццяўляюцца кааперацыя, каардынацыя і рэгуляванне функцыі клетак, якія ўдзельнічаюць у імунным адказе. Колькасць у плазме крыві і культуральным асяроддзі, якое ўтрымлівае лімфацыты, з’яўляецца мерай інтэнсіўнасці рэакцый клетачнага імунітэту. Некаторыя Л. (інтэрферон) ужываюць для кампенсацыі дэфектаў клетачнага імунітэту пры вірусных інфекцыях і пухлінных захворваннях.
т. 9, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)