МАДЭЛІ́РАВАННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

дзейнасць па вызначэнні аптымальных мадэлей сац. сістэм, іх асн. якасцей, крытэрыяў, параметраў, а таксама спосабу дзеяння, адносін, працэсаў і інш. Аб’екты М.с. — сац. супольнасці, працэсы, з’явы, грамадскія сувязі, якія падлягаюць уздзеянню суб’ектаў мадэліравання (элементы і сістэмы матэрыяльнай і духоўнай вытв-сці, сац. структуры грамадства, эканам., паліт. і інш. адносіны). Ажыццяўляецца М.с. нетрадыцыйных сац. аб’ектаў — т.зв. «адкрытых сістэм» (ладу жыцця, сістэм адукацыі, аховы здароўя і інш.). Адпаведна спосабу ўзнаўлення рэчаіснасці і сродкам пабудовы сац. мадэлі адрозніваюць іх асн. класы: матэрыяльныя (заснаваны на ўдзеле ў іх людзей), ідэальныя («машынныя мадэлі»), змешаныя («чалавека-машынныя мадэлі»). Вылучаюць таксама тэарэт. і эмпірычныя, ігравыя і неігравыя, аналітычныя і машынныя, рэгрэсійныя, прычынныя і імітацыйныя, алгарытмічныя і аптымізацыйныя, з кіраваннем і без кіравання і інш. сац. мадэлі. М.с. ажыццяўляецца тэхн., матэм. і лагічнымі сродкамі, пры дапамозе якіх атрымліваюць, аналізуюць і перапрацоўваюць інфармацыю аб стане сац. супольнасцей, працэсаў і з’яў, тэндэнцыях іх развіцця або непасрэдна распрацоўваюць сац. мадэлі. На Беларусі назапашаны пэўны вопыт М.с. працэсаў прац. актыўнасці, узнаўлення і размеркавання прац. рэсурсаў, паводзін вял. і малых сац. груп і інш.

І.​В.​Катляроў.

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕМБРА́ННЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗДЗЯЛЕ́ННЯ,

метады раздзялення вадкіх і газавых сумесей, якія ажыццяўляюць з дапамогай селектыўна пранікальных (раздзяляльных) мембран. Растворы раздзяляюць метадамі адваротнага осмасу, ультрафільтрацыі, дыялізу, электрадыялізу, выпарвання праз мембрану, калоідныя сістэмы — метадамі мікрафільтрацыі і ультрафільтрацыі.

М.м.р. заснаваны на рознай пранікальнасці мембран адносна кампанентаў сумесі, якую раздзяляюць. Рухальнай сілай працэсаў раздзялення з’яўляецца градыент ціску, канцэнтрацыі, эл. патэнцыялу, т-ры з розных бакоў мембраны. Рухальную сілу працэсу раздзялення, селектыўнасць і тэрмін выкарыстання мембран памяншае т.зв. канцэнтрацыйная палярызацыя — павелічэнне канцэнтрацыі кампанента з найменшай скорасцю пранікальнасці каля паверхні мембраны. Для паслаблення ўплыву гэтай з’явы ў мембранных апаратах сумесь, якую раздзяляюць, эфектыўна перамешваюць. М.м.р. выкарыстоўваюць для апраснення марской вады, ачысткі прамысл. і быт. сцёкавых вод, канцэнтравання і ачысткі раствораў высокамалекулярных злучэнняў, у т. л. біялагічна актыўных, стэрылізацыі паветра, раздзялення і абагачэння тэхн. газаў (напр., пры сінтэзе аміяку) і інш.

Літ.:

Дытнерский Ю.И. Мембранные процессы разделения жидких смесей. М., 1975;

Хванг С.-Т., Каммермейер К. Мембранные процессы разделения: Пер. с англ. М., 1981;

Кестинг Р.Е. Синтетические полимерные мембраны: Пер. с англ. М., 1991.

А.​В.​Більдзюкевіч.

т. 10, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМА (лац. norma правіла, узор),

межы, у якіх прадметы, з’явы, прыродныя і грамадскія сістэмы, віды чалавечай дзейнасці і зносін захоўваюць свае якасці, функцыі, формы ўзнаўлення. Адлюстроўвае тое, што існуе або павінна існаваць. Канкрэтызуецца ў правілах, узорах, загадах: устаноўленая мера чаго-н. (нормы працы, норма промыслу і інш.) або сярэдняя велічыня сукупнасці выпадковых падзей, з’яў (норма рэакцыі, Н. прыбытку і інш.); загад, устаноўлены парадак, прынцып, агульнае правіла, узор (нормы сацыяльныя, Н. літ. мовы і інш.); форма рэгуляцыі паводзін у сац. (норма права, нормы маральныя), біял., тэхн. і інш. сістэмах. Вылучаюць неразвітыя Н. (імператыў не вызначаны), «мёртванароджаныя» (імператывы не маюць дастатковых сац., культурных і інш. падстаў), Н.-фікцыі (умоў для дзеяння Н. ўжо няма, аднак яна яшчэ нясе знакавыя нагрузкі), Н.-фантомы (забаронена, аднак яшчэ дзейнічае) і інш. З развіццём грамадства праблематыка Н. мяняецца. У індустр. і постіндустр. грамадствах ускладняюцца Н., якія рэгулююць прыродныя і тэхн. сістэмы. Н. сацыяльныя ўсё больш становяцца прынцыпам арганізацыі ўзаемаадносін паміж людзьмі і менш за ўсё ўзорам, формай. У сучасным грамадстве Н. — сацыякультурныя праграмы, якія павінны адпавядаць узроўню развіцця тэхнікі, тэхналогій, а таксама стану прыроды.

т. 11, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. positio становішча),

1) пункт гледжання па якім-небудзь пытанні; акрэсленая ацэнка факта, з’явы, падзеі; дзеянні, паводзіны, што зыходзяць з гэтай ацэнкі (П. ў спрэчках, П. чакання і да т.п.).

2) Ваенная П. — паласа (раён, участак) мясцовасці (акваторыі), занятая або намечаная для заняцця войскамі. П., як правіла, абсталёўваюцца ў інж. адносінах і з’яўляюцца састаўной ч. глыбока эшаланіраваных абарончых палос, размешчаных у пэўным парадку па фронце і ў глыбіню. Аснову кожнай П. складаюць звязаныя паміж сабой адзінай сістэмай агню і загарод апорныя пункты падраздзяленняў, якія абараняюцца. П. абсталёўваюцца акопамі, траншэямі, хадамі зносін і інш. Рыхтуюцца таксама П. агнявых сродкаў, а для пускавых установак ракетных войск — стартавыя П. У сухап. войсках адрозніваюць П. баявыя, запасныя, абарончыя, перадавыя, прамежкавыя і інш. Перад наступленнем у зыходным раёне рыхтуюцца чакальныя П.; у ходзе наступлення войскі займаюць і абсталёўваюць П. для замацавання захопленай мясцовасці. П. для ВМФ (ВМС) з’яўляецца водная прастора, якую займаюць караблі для вядзення бою; у прыбярэжных раёнах абсталёўваюцца мінна-артыл. П.

3) Становішча, размяшчэнне чаго-небудзь (напр., П. фігур на шахматнай дошцы).

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́КТЫ АБ ПРАВА́Х ЧАЛАВЕ́КА,

2 міжнародныя дагаворы ў галіне абароны правоў чалавека, ухваленыя Генеральнай Асамблеяй ААН 16.12.1966.

Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах складаецца з 53 арт., многія з якіх паўтараюць Усеагульную дэкларацыю аб правах чалавека 1948. У дадатак да Дэкларацыі Пакт абвяшчае правы кожнага грамадзяніна прымаць удзел у вядзенні дзярж. спраў: права галасаваць і быць выбраным на выбарах, забеспячэнне свабоднага волевыяўлення выбаршчыкаў, права допуску на ўмовах роўнасці да дзярж. службы. Пакт аб сацыяльных і культурных правах мае 31 арт., з якіх большасць прысвечана нац. і этн. меншасцям. Устанаўляе права на працу і пералічвае меры, якія павінна прымаць дзяржава, каб забяспечыць справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы, абвяшчае правы чалавека на сац. забеспячэнне, адукацыю, удзел у прафсаюзах, правы на ахову сям’і, пэўны жыццёвы ўзровень, мед. дапамогу.

Гэтыя дагаворы звязваюць свабоду паводзін дзяржавы ў сферы нац. заканадаўства, аднак не вызначаюць, як дзяржава павінна выконваць свае абавязацельствы па ахове правоў чалавека. Такія з’явы, як генацыд, апартэід, расізм, не ўваходзяць ва ўнутр. кампетэнцыю дзяржавы і кваліфікуюцца як міжнародныя злачынствы.

І.​В.​Савіна.

т. 11, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІЯМІЭЛІ́Т (ад грэч. polios шэры + myelos спінны мозг),

хвароба Гейнэ-Медзіна, эпідэмічны дзіцячы параліч, вострая інфекцыйная хвароба, якая пашкоджвае нерв. сістэму, пераважна шэрае рэчыва спіннога мозга. Бывае ад лёгкіх форм (катаральныя з’явы) да цяжкіх паралічаў. Пашыраны сярод дзяцей. Узбуджальнік — паліявірус (3 незалежных тыпаў). Крыніца інфекцыі — хворы на П. або вірусаносьбіт. Заражэнне адбываецца праз стрававальна-кішачны тракт і паветрана-кропельным шляхам. Вірус размнажаецца ў лімфатычным глотачным кольцы, рэгіянарных лімфатычных вузлах, пранікае ў кроў. Адрозніваюць непаралітычныя формы П., падобныя да менінгіту або да вострага кішачнага расстройства, і паралітычныя (спінальная, бульбарная, панцінная), калі развіваюцца вялыя парэзы і паралічы мышцаў, назіраюцца асіметрычныя паралічы ног, рук, плечавога пояса; аднаўленчы перыяд 2 гады, аднак у 50% хворых на П. развіваецца пажыццёвая інваліднасць (укарачаюцца канечнасці, адбываецца атрафія мышцаў). Для папярэджання П. праводзіцца вакцынацыя дзяцей. Лячэнне сімптаматычнае. На Беларусі значны ўклад у ліквідаванне П. зрабілі Э.Ф.Фельдман, Х.А.Протас. У канцы 1990 — пач. 2000-х г. П. ліквідуецца як інфекц. хвароба, што выклікаецца «дзікім» (завозным) штамам.

Літ.:

Полиомиелит. Начало конца. Женева, 1998.

А.​А.​Астапаў.

т. 12, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬКА (чэш. polka ад půlka палавіна),

бел. нар. танец чэш. паходжання. Муз. памер ​2/4. Выконваецца па крузе ў парах. Асноўны рух — паўкрокі з паваротам, якія ўпрыгожваюцца разнастайнымі дробнымі па (падскокамі, прысядкай, прытупамі, выстаўленнем нагі на пятку і інш.). У 1840-я г. быў пашыраны ў Еўропе як бальны танец. У розных рэгіёнах узнікалі лакальныя варыянты П., якія асіміляваліся з мясц. харэагр. фальклорам і станавіліся народнымі. Лёгкасць пранікнення П. ў бел. харэаграфію абумоўлена пэўнай блізкасцю яе да нац. танц. традыцый (2-дольнасць метра, хуткі тэмп, прастата рухаў і кампазіцыйнай будовы, жыццярадасны настрой). Бытуе ў мностве муз., харэагр. і тэкставых (у выглядзе прыпевак) разнавіднасцей. У назвах бел. П. адлюстраваны тэрыторыя пашырэння («Барысаўская», «Смаргонская», «Віцябчанка»), асаблівасці харэагр. будовы («Рассыпуха», «Вязанка»), характар лексікі і выканання («Трасуха», «Крутуха», «Ківуха», «З прысюдамі», «Драбней маку», «Паважна», «Какетка»), эмац. (гумарыстычны) настрой («Шэльма», «Расцяпа», «Гопсясюся», «Злодзей»), звычкі і рухі жывёл і з’явы прыроды («Зайчык», «Чыжык», «Дожджык»), імёны дзейных асоб («Альбіна», «Янка»), назвы старадаўніх танцаў, з якімі злілася П. («Трасуха», «Мазур-полька») і інш.

Ю.​М.​Чурко.

т. 12, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕГЕАЛО́ГІЯ (ад радые... + геалогія),

ядзерная геалогія, навука, якая вывучае радыеактыўныя працэсы (радыеактыўны распад, рэакцыі актывацыі, дзялення і сінтэзу ядзер) у прыродзе і адлюстраванне эвалюцыі атамных ядзер у развіцці Зямлі і касм. цел. Тэрмін «Р.» увёў У.​І.​Вярнадскі ў 1937. Садзейнічае вырашэнню праблем глыбіннай будовы Зямлі, вулканізму і тэктагенезу, эвалюцыі зямных абалонак, развіцця жывога рэчыва, сувязі касм. і геахім. працэсаў. З дапамогай радыеметрычных метадаў разведкі вядуцца пошукі карысных выкапняў. Цесна звязана з радыегеахіміяй, радыегідрагеалогіяй, ядзернай геафізікай, ядзернай геатэрмікай, касмахіміяй. Падзяляецца на ўласна Р., ізатопную геалогію і абсалютную геахраналогію. Даследуе прыродныя радыеізатопы (напр., урану ​238U, ​235U, торыю​232Th, калію ​40K, кальцыю ​48Ca, рубідыю ​87Rb і інш.), касмагенныя (метэарытаў, першаснага касм. выпрамянення і інш.), радыеізатопы, якія распаліся ў геал. мінулым, стабільныя ізатопы — канчатковыя прадукты распаду (напр., гелій ​4He, ксенон ​136Xe, свінец ​204, ​206, ​208Pb, вісмут ​210Bi і інш.), таксама абс. ўзрост горных парод (уран-свінцовы, калій-аргонавы, радыевугляродны і інш. метады), крыніцы і патокі цеплавой энергіі, радыяцыйна-хім. з’явы (радыёліз вады, ізатопны абмен і інш.). На Беларусі праблемамі Р. займаюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН.

У.​А.​Кузняцоў.

т. 13, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАЛО́ГІЯ (ад грэч. rheos цячэнне, паток + ...логія),

навука, што вывучае з’явы дэфармацыі і цякучасці рэчываў, для якіх характэрны паўзучасць (гл. Паўзучасць матэрыялаў) і рэлаксацыя. Вылучылася ў самаст. галіну механікі суцэльных асяроддзяў у 2-й чвэрці 20 ст. Цесна звязана з гідрадынамікай, пругкасці тэорыяй.

Тэарэт. Р разглядае сувязь паміж напружанасцямі, дэфармацыямі і іх зменамі ў часе, вывучае паводзіны мнагафазных сістэм у залежнасці ад рэалагічных уласцівасцей іх кампанентаў. Адрозніваюць рэалагічныя ўласцівасці фундаментальныя (пругкасць, вязкасць, пластычнасць); складаныя (іх камбінацыі); тэхналагічныя (коўкасць, клейкасць, усмоктванне, покрыўная здольнасць фарбаў). Даследуе дысперсныя сістэмы — фарбы, нафтапрадукты, буд. матэрыялы, кляі, глебы, торф, смолы, цэлюлозу, крухмал, бялкі, тлушчы, шкло і інш. Метады Р. выкарыстоўваюцца ў металургічнай і палімернай вытв-сці, горнай справе, медыцыне і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р. праводзяцца ў Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН.

Літ.:

Лодж А.С. Эластичные жидкости: Введение в реологию конечнодеформируемых полимеров: Пер. с англ. М., 1969;

Шульман З.П., Кордонский В.И. Магнитореологический эффект. Мн., 1982;

Готлиб Ю.Я., Даринский А.А., Светлов Ю.Е. Физическая кинетика макромолекул. Л., 1986.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПАРТА́Ж (франц. reportage ад англ. report паведамляць),

аператыўнае паведамленне пра з’яву, падзею, здарэнне, сведкам ці ўдзельнікам якіх быў рэпарцёр; адзін з інфарм. жанраў журналістыкі. У залежнасці ад сродкаў масавай інфармацыі (друк, радыё, тэлебачанне) Р. мае асаблівасці. У прэсе адрозніваюцца Р. падзейны (падрабязнае апісанне падзеі), тэматычны (апісваюцца падзеі, што адбываліся ў розныя часы, але аб’яднаны адной тэмай), фотарэпартаж (здымкі са сціслай тэкставай інфармацыяй). Радыёрэпартаж вызначаецца паслядоўнасцю ў выкладанні падзей. Тэлерэпартаж часта перарастае ў каменціраванне падзей (гл. Каментарый). Кінарэпартаж — фіксацыя на кінаплёнку інфармацыі з месца падзей (гл. Дакументальнае кіно). Рэпартажныя кіназдымкі падзяляюцца на падзейныя, тэматычныя, праблематычныя.

Р. ўласцівы элементы аналізу, абагульненняў, разважання і ацэнкі фактаў. У Р. няма месца вымыслу, таму што гал. крыніцы збору інфармацыі — запісы, дакументы, інтэрв’ю, асабістыя назіранні аўтара. У Р. асвятляюцца аб’ектыўныя з’явы праз непасрэднае аўтарскае адлюстраванне (што ўбачыў, пачуў, якія вывады зрабіў), таму ён мае суб’ектыўнае адценне. Адметнасць Р. ў тым, што дасягаецца эфект прысутнасці чытача ці гледача на месцы дзеяння. Словы «Р.» і «з месца падзеі» з’яўляюцца сінонімамі ў сэнсавых адносінах.

Т.​У.​Люковіч.

т. 14, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)