структурнае, а таксама мінералагічнае пераўтварэнне горных парод пад уздзеяннем тэктанічных рухаў. Пашыраны пры складкаўтварэнні і лакалізаваны ў зонах разрыўных тэктанічных парушэнняў (скід, разлом, насоў). Адбываецца з мех. раздрабленнем і сціраннем пародаўтваральных мінералаў, пры адсутнасці перакрышталізацыі. Такі Д. характэрны для верхніх узроўняў зямной кары з адносна нізкімі т-рамі. Прадуктамі яго з’яўляюцца катаклазіты, міланіты і розныя сланцы. Для сярэдніх і глыбокіх узроўняў зямной кары тэктанагенныя разбурэнні парод адбываюцца з перакрышталізацыяй і ўтварэннем новых мінералаў. Прадуктамі гэтых працэсаў з’яўляюцца тэктаніты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛ, мул,
тонкадысперсны насычаны вадой няўшчыльнены асадак, які намнажаецца на дне водных басейнаў. Мае ад 30 да 50% часцінак памерам менш за 0,01 мм. Паводле генезісу адрозніваюць І. тэрыгенны (гліністы і інш.), біягенны (дыятомавы, глабігерынавы і інш.), хемагенны (карбанатны і інш.), вулканагенны. З’яўляецца пачатковай стадыяй фарміравання многіх асадкавых горных парод (аргіліты, сланцы). Некаторыя І. (азёрны, сажалкавы, лагунны) выкарыстоўваюць як угнаенне і для мінер. падкормкі с.-г. жывёл, а таксама ў медыцыне для гразелячэння. На Беларусі пашыраны І. азёрны (сапрапель, гіція) і глебавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУМУЛІ́ТЫ (Nummulites),
род вымерлых аднаклетачных марскіх арганізмаў атр. фарамініфер кл. караняножак.
Рэшткі Н. вядомы з верхнемелавых і палеагенавых адкладаў (утварыліся каля 100 млн.г. назад). Нумулітавыя вапнякі пашыраны ў Еўропе (Парыжскі басейн), у горных масівах Цэнтр. Азіі, Паўн. Афрыцы, Цэнтр. Амерыцы (буд. матэрыял, які выкарыстоўваўся яшчэ пры ўзвядзенні пірамід). Мелі сачавіца- ці дыскападобную ракавіну дыям. 1—16 см са шматлікімі абаротамі. падзеленую перагародкамі на камеры. Вялі прыдонны спосаб жыцця. Выкапнёвыя рэшткі служаць стратыграфічным матэрыялам пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕ́ЛЕНЫ ПУНКТ, населенае месца, паселішча,
пастаяннае або часовае месца, дзе пражывае насельніцтва: звычайна мае геагр. назву (тапонім). Падзяляецца па нар.-гасп. функцыях, колькасці жыхароў, адм. статусе і інш. Вядучае месца сярод населеных пунктаў належыць гарадам. Вял. сельскія Н.п. ў Расіі і на Украіне называюць сёламі (часам і на Беларусі), на поўдні Расіі — станіцамі, у горных раёнах Каўказа, Сярэдняй Азіі і Казахстана — ауламі. На Беларусі акрамя гарадоў пашыраны вёскі, гарадскія пасёлкі, рабочыя пасёлкі, трапляюцца хутары, курортныя пасёлкі. Да 1930—40-х г. існавалі мястэчкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГАЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + газ),
1) Д. атрутных рэчываў — зніжэнне да дапушчальных норм ступені заражанасці стойкімі атрутнымі рэчывамі мясцовасці, вады, тэхнікі і інш. аб’ектаў. Ажыццяўляюць фіз. і хім. спосабамі. Праводзяць з дапамогай спец.тэхн. сродкаў — прылад, дэгазацыйных машын і інш. для прадухілення ўздзеяння атрутных рэчываў на чалавека і жывёл.
Як паняцце Д. ўзнікла ў перыяд 1-й сусв. вайны, калі пачалі выкарыстоўваць газападобныя атрутныя рэчывы. Фіз. спосабы Д. — выдаленне атрутных рэчываў выпарэннем, змываннем арган. растваральнікамі ці воднымі растворамі паверхнева-актыўных рэчываў, адсорбцый, зразаннем заражанага слоя глебы (снегу), а таксама засыпаннем заражанай паверхні інертнымі матэрыяламі (напр., пяском, шлакам). Найб. эфектыўныя хім. спосабы Д., якія заснаваны на абясшкоджванні атрутных рэчываў з дапамогай дэгазавальных рэчываў. Эфектыўная таксама Д. мыццём з выкарыстаннем мыйных сродкаў і карбанату натрыю (кальцыніраванай соды). Пры Д. скурнага покрыва чалавека карыстаюцца універсальнымі дэгазавальнымі растворамі, якія ўваходзяць у камплект індывід.хім. пакета.
2) Д. ў металургіі — выдаленне газаў з вадкага металу. Найб. эфектыўнае вакуумаванне (гл.Вакуумная металургія), таксама Д. адбываецца ў працэсе плаўкі, разліўкі, кіпення, перамешвання, адстойвання металу і інш. 3) Д. ўгорнай справе — выдаленне руднічных газаў з падземных горных вырабатак. Ажыццяўляецца бурэннем свідравін у масіве горных парод, адсмоктваннем газаў з вял. колькасцю метану і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНАЯ РАСПРАЦО́ЎКА РАДО́ВІШЧАЎ,
сістэмы горна-тэхн. працэсаў па здабычы карысных выкапняў з нетраў зямлі. Найб. пашырана распрацоўка цвёрдых выкапняў (руд, нярудных выкапняў, вуглёў) шахтавым спосабам з утварэннем горных вырабатак (у шахтах, на рудніках). Выкарыстоўваецца таксама свідравінны спосаб здабычы адносна мяккіх выкапняў, калі іх разбурэнне і транспартаванне адбываецца за кошт энергіі вадзяных струменяў (патокаў), і інш. спосабы змены агрэгатнага стану рэчыва (напр., ператварэння вугалю ў гаручы газ пры падземнай газіфікацыі вугалю).
Пры шахтавым спосабе робяцца раскрыўныя работы, падрыхтоўка радовішча да эксплуатацыі, выманне выкапняў з выкарыстаннем мех. і выбуховага разбурэння забояў, горных мацаванняў вырабатак, транспартавання горнай масы. Свідравінны спосаб уключае стварэнне буравой свідравіны, разбурэнне пласта выкапня і ператварэнне яго ў гідрасумесь гідрадынамічным, ультрагукавым і інш. метадамі, адпампоўку гідрасумесі на паверхню. Шырока выкарыстоўваецца для здабычы солей іх растварэннем і адпампоўкай расолаў на паверхню.
На Беларусі П.р.р. шахтавым спосабам ажыццяўляецца пры здабычы калійнай солі (акрамя гідраздабычы) на Старобінскім радовішчы; свідравінны спосаб — пры здабычы кухоннай солі на Мазырскім радовішчы.
Б.А.Багатаў, П.Я.Антонаў.
Падземная распрацоўка радовішчаў: а — агульная схема распрацоўкі (1 — руднае цела, 2 — квершлаг, 3 — клецевы пад’ём, 4 — скіпавы пад’ём, 5 — капры); б — механагідраўлічным спосабам (1 — вадавод, 2 — грунтапомпа, 3 — пульпаправод вертыкальны, 4 — пульпаправод штрэкавы, 5 — механа-гідраўлічны камбайн); в — гідраманіторным спосабам (1 — вадавод, 2 — гідраманітор).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
спецыяльна абсталяваныя збудаванні, размешчаныя ў тоўшчы зямлі. Да іх адносяцца: трансп. і гідратэхн. тунэлі; збудаванні метрапалітэна, электрастанцыі (гал. чынам гідраэлектрычныя станцыі, а таксама атамныя 4 цеплавыя); склады і халадзільнікі; аб’екты гар. гаспадаркі (пешаходныя пераходы, гаражы, калектары, трубаправоды, газаразмеркавальныя станцыі, магазіны і інш.); ёмістасці (рэзервуары) для пітной вады, газавыя сховішчы, нафтасховішчы, сховішчы для захоўвання шкодных адходаў вытв-сці; прамысл. аб’екты (напр., кампрэсарныя і помпавыя станцыі, заводы); лячэбныя аб’екты (пераважна ў саляных вырабатках); збудаванні грамадз. абароны, ваен. аб’екты. Асобную групу складаюць П.з. шахтаў (эл. падстанцыі, дэпо, станцыі водаадліву, шахтавыя ствалы, капітальныя штрэкі, штольні і інш).
П.з. неглыбокага залажэння будуюць адкрытым спосабам (у катлаванах, траншэях), метадамі апускнога калодзежа або «сцяна ў грунце» (у траншэях робяцца сцены з наступным выманнем грунту з унутр. аб’ёму). П.з. глыбокага залажэння ствараюць закрытым спосабам з выкарыстаннем буравых свідравін, горных вырабатак, горных камбайнаў, шчытоў праходчых, буравыбуховых работ і інш. Пры вядзенні падземных работ выкарыстоўваюць асушэнне, замарожванне грунтоў, хім. замацаванне, тампанаж, цэментацыю і сілікатызацыю. Гідраізаляцыя П.з. дасягаецца ўшчыльненнем або паляпшэннем хім. дабаўкамі матэрыялаў, што кладуцца ў канструкцыю, стварэннем воданепранікальных перакрыццяў.
На Беларусі П.з. з’яўляюцца Мінскі метрапалітэн, газасховішчы, аб’екты грамадз. абароны, калектары, шахты і інш.
І.І.Леановіч.
Падземныя збудаванні. Тунэль для 4-палоснага руху аўтатранспарту пад адным з каналаў Амстэрдама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛАГЕНІ́Я (ад металы + грэч. genos нараджэнне),
раздзел вучэння аб карысных выкапнях, які даследуе геал. і геахім. заканамернасці размяшчэння рудных радовішчаў у прасторы і часе. Тэрмін уведзены ў 1892 франц. геолагам Л. дэ Лане. Асн. задача М. — перспектыўная ацэнка руданоснасці геал. структур і эпох. М. падзяляецца на: эндагенную (даследуе радовішчы металічных руд, утварэнне якіх звязана з глыбіннымі працэсамі); экзагенную (радовішчы жалеза, нікелю, марганцу і інш., утвораныя ў паверхневых умовах пры выветрыванні горных парод і асадканамнажэнні ў водных басейнах); агульную (тэарэт. асновы і агульныя заканамернасці пашырэння рудных фармацый); рэгіянальную (руданосныя плошчы і рудныя радовішчы ў межах геал. рэгіёна, таксама адносна тэктанічных структур, тыпаў горных парод і інш.); спецыяльную (заканамернасці пашырэння ў часе і прасторы арудзянення аднаго металу, напр., берылію, жалеза ці комплексу металаў, напр., медна-нікелевых сульфідных руд).
Рудныя комплексы металаў пераважна прымеркаваны да асобных рэгіёнаў зямнога шара, якія наз.металагенічнымі правінцыямі, узнікненне іх абумоўлена геал. будовай і геал. гісторыяй гэтых тэрыторый. У геал. гісторыі Зямлі вылучаны металагенічныя эпохі — пэўныя перыяды часу назапашвання металаў на асобных участках зямной кары ў выглядзе радовішчаў. Рэзка адрозніваюцца ў металагенічных адносінах геасінкліналі, для якіх характэрны эпохі глыбіннага рудаўтварэння, і платформы, што з’яўляюцца абласцямі пашырэння рудных радовішчаў паверхневага генезісу. У выніку правядзення металагенічных даследаванняў складаюцца металагенічныя і прагнозныя карты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННЫ РЭЛЬЕ́Ф,
рэльеф, створаны ці зменены дзейнасцю чалавека; частка антрапагеннага ландшафту. Формы антрапагеннага рэльефу ўзніклі з пачаткам гасп. дзейнасці (паляўнічыя ямы, пячоры, эрозія глебаў на пашах і інш.). Свядомае пераўтварэнне рэльефу адбываецца пры меліярацыі зямель, буд-ве, рэкультывацыі парушаных ландшафтаў. Стыхійна ўзнікаюць формы антрапагеннага рэльефу ў выніку нерацыянальнага вядзення сельскай і лясной гаспадаркі, буд-вагорных вырабатак, пракладкі дарог, выпрабаванняў ядз. зброі: ямы, прасяданні глебы, конусы вынасу, водмелі, рухомыя пяскі, камяністыя россыпы, кар’еры, адвалы, тэрыконы і інш.
Антрапагенны рэльеф у зоне здабычы калійных солей каля г. Салігорск.
асадкавыя горныя пароды, складзеныя з рэшткаў жывёльных і раслінных арганізмаў або прадуктаў іх жыццядзейнасці. Паводле рэчыўнага саставу падзяляюцца на карбанатныя (вапнякі), крамяністыя (дыятаміт, радыялярыт і інш.), фасфатныя (ракушачнік, касцяныя брэкчыі, гуана), вугляродзістыя (выкапнёвыя вугалі, гаручыя сланцы, нафты, цвёрдыя бітумы) пароды (гл. таксама Арганагенныя пабудовы). На тэр. Беларусі да арганагенных горных парод належаць нафта, бурыя вугалі, гаручыя сланцы, торф, мелавыя пароды і інш.
Літ.:
Логвиненко Н.В. Петрография осадочных пород с основами методики исследования. 3 изд. М., 1984;
Неотектоника и полезные ископаемые Белорусского Полесья. Мн., 1984.