СМЕ́ТАНА (Smetana) Бедржых (2.3.1824, г. Літамішль, Чэхія — 12.5.1884),
чэшскі кампазітар, дырыжор, піяніст, педагог, музычна-грамадскі дзеяч; заснавальнік чэшскай муз. класікі. Скончыў прыватную муз. школу ў Празе (1847). Вучань І.Прокша. У 1848 адкрыў сваю муз. школу, якая пазней стала цэнтрам канцэртнай і асветніцкай дзейнасці прагрэс.чэш. музыкантаў. З 1856 канцэртаваў у Швецыі. З 1861 у Чэхіі, узначаліў артыстычнае т-ва «Умелецка бяседа», кіраваў мужч. хорам «Глагол пражскі», пісаў для яго хоры на словы чэш. паэтаў, папулярызаваў музыку айч. і інш.слав. кампазітараў. У 1866—74 дырыжор Нац.т-ра оперы. Выступаў як муз. крытык. Пачынальнік розных жанраў нац. оперы і праграмнага сімфанізму. Яго творчасць, заснаваная на нар.-песенных інтанацыях і рытмах, вызначаецца яркім нац. каларытам, дэмакратычнасцю, патрыят. накіраванасцю, працягвае традыцыі рамант. праграмнага сімфанізму Ф.Ліста. Сярод твораў: оперы лірычна-камічная «Прададзеная нявеста» і гераічна-патрыят. «Брандэнбуржцы ў Чэхіі» (абедзве паст. 1866), трагічная «Далібар» (паст. 1868), «Дзве ўдавы» (паст. 1874), эпічная «Лібуша» (паст. 1881); для арк. — «Трыумфальная сімфонія» (1854), «Урачыстая уверцюра» (1849); сімф. паэмы «Рычард III» (1858), «Лагер Валенштэйна» (1859), «Гакон Ярл» (1861); цыкл з 6 праграмных сімф. паэм «Мая Радзіма» (1858—79); 2 стр. квартэты (1876, 1883), фп. трыо, п’есы для фп., у т. л. «Чэшскія танцы» (2 сшыткі, 1877, 1879), хоры, песні і інш. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паст. опера С. «Прададзеная нявеста» (1949). З 1946 штогод у дзень смерці С. праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Пражская вясна», які адкрываецца выкананнем яго твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАРТАКА́ ПАЎСТА́ННЕ,
найбуйнейшае паўстанне рабоў у Стараж. Рыме ў 73 (ці 74) — 71 да н.э. Пачалося са змовы ў школе гладыятараў у Капуі. Гладыятары на чале са Спартаком, Крыксам і Энамаем утварылі на Везувіі ўмацаваны лагер, які папаўняўся за кошт рабоў і сельскай беднаты. Хутка атрад (каля 70 чал.) ператварыўся ў 10-тысячную армію. Пасланыя супраць паўстанцаў атрады рымлян (напачатку 3 тыс., пасля 10 тыс.чал.) былі разбіты. Паўстанне ахапіла паўд. вобласці Італіі. У 72 да н.э.рым. сенат накіраваў супраць паўстанцаў 2 консульскія арміі. У бітве каля Гарганскай гары рымляне знішчылі 30-тысячны атрад Крыкса, які аддзяліўся ад асн. арміі Спартака. Скарыстаўшы раз’яднанасць рым. армій, войска Спартака разбіла іх. Паўстанцы прайшлі праз усю Італію, у бітве каля Муціны (Паўн. Італія) разбілі армію праконсула Касія і павярнулі на Пд. Нанава набраную армію Рыма ўзначаліў Ліцыній Крас. Ён праследаваў армію паўстанцаў, не пачынаючы рашаючай бітвы. Спартак дамовіўся з піратамі пераправіцца на іх караблях у Сіцылію. Аднак, калі армія Спартака дайшла да Месінскага праліва, абяцаных караблёў не было. Спартак прарваўся праз умацаванні Краса, страціўшы каля 2/3 арміі. Спадзеючыся пераправіцца ў Грэцыю, паўстанцы скіраваліся да Брундызія. Рым. сенат накіраваў супраць іх арміі Гнея Пампея і Марка Лукула. Асцерагаючыся аб’яднання рым. армій, Спартак даў рашаючы бой арміі Краса на мяжы Апуліі і Луканіі (вясна 71 да н.э.), але быў разбіты; сам ён загінуў у баі. Каля 6 тыс. палонных рабоў былі распяты ўздоўж Апіевай дарогі.
Літ.:
Мишулин А.В. Спартаковское восстание. М., 1936;
Карышковский П.О. Восстание Спартака. М., 1958;
Хёфлинг Г. Римляне, рабы, гладиаторы: Спартак у ворот Рима: Пер. с нем. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ХАНАЎ Мікалай Сямёнавіч (3.12.1896, С.-Пецярбург — 8.2.1979),
рускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Герой Сац. Працы (1966). Нар. паэт Азербайджана (1974). Нар. паэт Узбекістана (1974). Скончыў Пецярбургскую гандл. школу (1911). З 1944 сакратар Саюза пісьменнікаў СССР. Друкаваўся з 1918. Першыя зб-кі вершаў — «Арда» і «Брага» (абодва 1922). Кнігі апавяд. «Ваенныя коні» (1927), «Вечны транзіт» (1934), аповесці «Ад мора да мора» (1925), «Вайна» (1931) адметныя назіральнасцю, маляўнічасцю і гумарам. Вершы, паэмы, нарысы, створаныя ва ўмовах ленінградскай блакады (паэма «Кіраў з намі», 1941, Дзярж. прэмія СССР 1942; зб. вершаў «Вогненны год», 1942), прасякнуты героіка-патрыят. настроямі. Пасляваен. творы ўслаўляюць баявыя і прац. подзвігі, дружбу народаў, барацьбу за мір (цыклы вершаў «Грузінская вясна», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1949; «Два патокі», 1951, Дзярж. прэмія СССР 1952; «На другім Сусветным кангрэсе міру», 1951). Аўтар кніг прозы «Двайная вясёлка» (1964), «Шэсць калон» (1968, Ленінская прэмія 1970), «Шматколерныя гадзіны» (1972). Ц. часта наведваў Беларусь, напісаў верш «У Мінску ў дні трыццацігоддзя Перамогі». На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.Куляшоў, П.Броўка, М.Танк, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, С.Грахоўскі, М.Калачынскі, П.Макаль. Броўка прысвяціў яму арт. «...Скрозь ён вельмі неабходны...» (1976) і «Самы сардэчны сябар» (1979). Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1957.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—7. М., 1973—76;
С марсианской жаждою творить. М., 1979;
Стихотворения и поэмы. М., 1984;
Бел.пер. — Ад мора да мора. Мн., 1931;
Вайна. 2 выд.Мн., 1936;
Адважны партызан. Мн., 1947;
Апавяданні пра Пакістан. Мн., 1954;
Спасціжэнне. Мн., 1978.
Літ.:
Шошин В. Н.Тихонов: Очерк жизни и творчества. Л., 1981;
Кенька М. Спасціжэнне паэзіі // Полымя. 1979. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ МЕТЭАРАЛО́ГІЯ,
старажытная галіна нар. ведаў пра магчымае надвор’е ў бліжэйшы ці больш аддалены час. Выклікана неабходнасцю арыентавацца ў зменах стану надвор’я для аптымальнага вядзення гаспадаркі, земляробства. Прадказанні надвор’я засноўваліся на шматвяковым вопыце, назіральнасці, глыбокім веданні прыроды. Геагр. месцазнаходжанне, кліматычныя ўмовы і інш. вызначаюць характэрныя асаблівасці Н.м. ў розных народаў.
На Беларусі зыходнымі ў прадказанні надвор’я найчасцей былі каляндарныя святы, перыяды (адліга на Каляды — вясна будзе ранняя, а лета багатае). У прыкметах устанаўлівалася залежнасць характару надвор’я паміж асобнымі каляндарнымі днямі і перыядамі (калі перад Калядамі мароз і завіруха, то перад Вялікаднем будзе цёпла і ціха). Меркавалі пра будучае надвор’е таксама на падставе самаадчування чалавека, арганізм якога рэагаваў на змены атмасфернага ціску, набліжэнне ападкаў. Вял. колькасць метэаралагічных прагнозаў складаюць нар. павер’і, заснаваныя на назіраннях людзей за жывёльным светам, птушкамі, насякомымі (певень спявае ўвечары — будзе дождж ці адліга; калі пчолы з раніцы сядзяць у вуллі і гудуць, а мурашкі хаваюцца ў мурашніку — будзе дождж). Асаблівасці росту, цвіцення, выспявання пладоў розных раслін тлумачылі як прадказанне пэўных зрухаў у надвор’і, як прагноз на асаблівасці будучых пор года (напр., калі шмат баравікоў, то зіма будзе вельмі снежная). Прызнанымі арыенцірамі ў вызначэнні надвор’я лічыліся нябесныя свяцілы (сонца заходзіць у хмары — на дождж). Ад маладзікоў заўсёды чакалі атмасферных перамен. Уважлівае ўзіранне ў разнастайныя праявы навакольнага свету і ўменне ўлавіць іх прычынна-выніковую залежнасць дазволілі выпрацаваць цэлую сістэму ведаў у галіне Н. м. Пад увагу браліся таксама ўзаемасувязі атмасферных з’яў (чырвоныя воблакі пасля заходу сонца паказвалі на вецер). Прадказвалі надвор’е і па рэху: калі голас разлятаўся далёка, то чакалі пагоду, калі, наадварот, быў глухі — то непагадзь. Патрэба выклікаць тое ці інш. надвор’е нарадзіла ў свядомасці сялян комплекс магічных дзеянняў, рытуалаў (сыпалі мак у калодзеж, каб пайшоў дождж). Многія з нар. прыкмет знаходзяць у наш час навук. абгрунтаванне і ўзбагачаюць веды сучасных сіноптыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ШВІН Міхаіл Міхайлавіч (4.2.1873, маёнтак Хрушчава, Ялецкі р-н Ліпецкай вобл., Расія — 16.1.1954),
рускі пісьменнік. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1902). Друкаваўся з 1898. Першае апавяданне — «Сашка» (1906). Замілаванне родным краем, назіранні над побытам і моваю жыхароў Поўначы, запісы сказаў у кн. «У краіне непалоханых птушак» (1907), «За чароўным калабком» (1908). У нарысах «Адам і Ева» (1909), «Чорны араб» (1910), «Слаўныя бубны» (1913) уражанні ад паездкі ў Крым і Казахстан. Нарысы «Крыніцы Берандзея» (1925, дапоўненае выд. пад наз. «Каляндар прыроды», 1935), аўтабіягр. раман «Кашчэеў ланцуг» (выд. 1960), аповесці «Жураўлёва радзіма» (1929), «Неапранутая вясна» (1940) пра філас. і маральныя пошукі чалавека, яго сувязь з прыродаю. У кн. «Апавяданні пра ленінградскіх дзяцей» (1944), «Аповесць нашага часу» (1945, поўнае выд. 1957) — падзеі Вял.Айч. вайны. Аўтар рамана-казкі «Асударава дарога» (нап. ў 1930-я г., апубл. 1957), паэмы ў прозе «Фацэлія» (1940), аповесці «Жэнь-шэнь» (першапачаткова «Корань жыцця», 1933, фільм «Хаціна старога Лувена», 1935), казкі-былі «Кладоўка сонца» (1945), аповесці-казкі «Карабельны гушчар» (1954), дзённікаў (кн. «Вочы зямлі», апубл. 1957), кінасцэнарыяў і інш. П. — тонкі пейзажыст, пранікнёны лірык і публіцыст, псіхолаг і педагог. З яго творчасцю тыпалагічна звязаны лірычныя пейзажы, замалёўкі прыроды Я.Маўра, Я.Брыля, В.Адамчыка, В.Вольскага. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Адамчык, Я.Брыль, Я.Маўр, Б.Сачанка і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1982—86;
Бел.пер. — Ярык. Мн., 1937;
Звер бурундук. Мн., 1940;
Лісічкін хлеб. Мн., 1941;
Журка. Мн., 1948;
Кладоўка сонца: Казка-быль. Мн., 1948;
3 дзённікаў // Маладосць. 1973. № 2.
Літ.:
Пришвина В.Д. Круг жизни: Очерки о М.М.Пришвине. М., 1981;
Яе ж. Путь к слову. М., 1984;
Курбатов В.Я. Михаил Пришвин: Очерк творчества. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАХМА́НІНАЎ Сяргей Васілевіч (1.4.1873, маёнтак Анег, цяпер Наўгародскі р-н, Расія — 28.3.1943),
рус. кампазітар, піяніст, дырыжор. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па кл.фп. (1891, у А.Зілоці) і кампазіцыі (1892, у С.Танеева і А.Арэнскага). У 1895 канцэртаваў па Расіі, у т. л. на Беларусі, і за мяжой. У 1897—98 дырыжор Маскоўскай прыватнай рускай оперы С.Мамантава, у 1904—06 — Вял.т-ра. З 1917 за мяжой, пераважна ў ЗША. У 2-ю сусв. вайну даваў канцэрты ў фонд Чырв. Арміі. Р. — адзін з апошніх кампазітараў-рамантыкаў, які завяршыў рус.рамант. традыцыю М.Глінкі, П.Чайкоўскага, М.Рымскага-Корсакава. Яго музыцы ўласцівы яркі меладызм, маляўнічасць, арыгінальнасць гарманічнай мовы, багацце і разнастайнасць рытмікі; рамантычны пафас і напружаны драматызм спалучаюцца з праніклівай лірыкай і паэтычнай сузіральнасцю. Сярод твораў: оперы «Алека» (1892, паст. ў Бел. т-ры оперы і балета ў 1949), «Скупы рыцар» і «Франчэска да Рыміні» (абедзве паст. 1904); кантата «Вясна» (1902), вак.-сімф. паэма «Званы» (1913); сімф. паэма «Востраў мёртвых» (1909), «Тры рускія песні» для арк. і хору (1926); 3 сімфоніі (1895, 1907, 1936), Сімф. танцы (1940), 4 канцэрты (1891, 1901, 1909, 1926); Рапсодыя на тэму Паганіні (1934) для фп. з арк., фп. варыяцыі, 2 фп. санаты (1907, 1913), цыклы фп. п’ес, Элегічнае трыо для фп., скрыпкі і віяланчэлі (1893), саната для віяланчэлі і фп. (1901), больш за 80 рамансаў і інш. Выканальніцкае мастацтва Р. — адно з вышэйшых дасягненняў сусв. піянізму 20 ст.
Літ. тв.: Литературное наследие. Т. 1—3. М., 1978—80.
С.В.Рахманінаў.
Літ.:
Келдыш Ю. Рахманинов и его время. М., 1973;
Брянцева В.Н. С.В.Рахманинов. М., 1976;
Воспоминания о Рахманинове. Т. 1—2. 5 изд. М., 1988;
Паисов Ю. Жизнестойкость романтического миросозерцания: Рахманинов // Русская музыка и XX в. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́РЫХ Святаслаў Мікалаевіч (23.10.1904, С.-Пецярбург — 30.1.1993),
расійскі і індыйскі мастак, мастацтвазнавец, грамадскі дзеяч. Сын М.К.Рэрыха і А.І.Рэрых. Ганаровы чл.АМСССР (1978) і Балгарскай АМ (1978), чл.Інд.нац. акадэміі прыгожых мастацтваў (1987). Вучыўся на арх. курсах Калумбійскага і Гарвардскага ун-таў (ЗША, 1920—23). З 1923 узначальваў Міжнар. цэнтр мастацтваў «Карона Мундзі», з 1928 віцэ-прэзідэнт Музея М.Рэрыха ў Нью-Йорку, чл.-заснавальнік Пакта Рэрыха, таксама кіраваў даследаваннямі па батаніцы, аюрведычнай і тыбецкай медыцыне, вывучэннем гімалайскага і тыбецкага мастацтва і фальклору ў Міжнар.НДІ «Урусваці». З 1931 жыў у Індыі. У 1980-я г. ў г. Бангалор заснаваў культ.-асв. «Цэнтр мастацтваў», у які ўваходзяць школа выяўл. мастацтваў, музей стараж.-інд. мастацтва, выставачныя залы і маст. галерэя імя М.Рэрыха. Па яго ініцыятыве створаны Міжнар. цэнтр Рэрыхаў з Цэнтрам-музеем імя М.Рэрыха (1989, Масква) і Міжнар. мемарыяльны трэст імя М.Рэрыха (1992, Індыя). Яго творчасць як мастака і як грамадскага дзеяча прасякнута глыбокім гуманізмам. У творчасці абапіраўся на лепшыя традыцыі рас.рэаліст. мастацтва, заходнееўрап. жывапісу, стараж. традыцыі Індыі. Сярод лепшых твораў: «Чаша Буды» (1938), трыпціх «Укрыжаванне чалавецтва» (1939—40), «Гірнар» (1944), серыя «Свяшчэнная флейта» (1946—48), «Дэвіка Рані Рэрых» (1951), «Чырвоная зямля» (1953), «Вечнае жыццё» (1954), «Вясна» (1958), «П’ета», «Вогненны дракон» (абодва 1960), «Папярэджанне чалавецтву» (1962), «Дажджы» (1971), «Мая краіна цудоўная» (1974), «Палюбі бліжняга свайго» (1976). Маст. мова партрэтаў, пейзажаў, жанравых карцін і кампазіцыйных фантазій вылучаецца поліфанічным гучаннем колеру, светланоснасцю. Філас. светапогляд Р. складаўся на аснове гуманіст. традыцый эпохі Адраджэння і вывучэння Жывой Этыкі. Лічыў, што прыгажосць з’яўляецца эвалюцыйнай сілай, якая пераўтварае жыццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́МІНЫ,
расійскія акцёры, браты. Нарадзіліся ў г. Чыта (Расія). Юрый Мяфодзьевіч (н. 18.6.1935). Нар.арт. Расіі (1974). Нар.арт.СССР (1988). Чл.-кар.Рас. акадэміі адукацыі (1992). Праф.Тэатр. вучылішча імя М.Шчэпкіна (1986). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1957). З 1957 у Малым т-ры (з 1988 маст. кіраўнік). У 1990—91 міністр культуры Расіі. Ігра адметная глыбокім драматызмам пры мяккасці, лірычнасці акцёрскай манеры: Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Мікалай II («... і Аз ваздам» С.Кузняцова) і інш. Займаецца рэжысурай. Зняўся ў фільмах: «Бяссонная ноч» (1960), «Вясна на Одэры» (1968), «Чырвоная палатка» (1970, СССР—Італія), «Дэрсу Узала» (1976), «Блуканне па пакутах» (1977), «Крык цішыні» (1982), «Ад’ютант яго правасхадзіцельства» (1970, Дзярж. прэмія Расіі, 1971), «ТАСС упаўнаважаны заявіць», «Тайна вілы «Грэта» (абодва 1984), «Прывал вандроўнікаў» (1991), «У пачатку было слова», «Сны пра Расію» (абодва 1992) і інш.Віталь Мяфодзьевіч (н. 12.12.1941). Нар.арт. Расіі (1992). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1963). У 1963—85 і з 1988 у Малым т-ры. Пераважна характарны акцёр, надзелены драм. талентам. Камед. ролям уласцівы вытанчанасць, лёгкасць, імпульсіўнасць: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Фіеска («Змова Фіескі ў Генуі» Ф.Шылера), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля) і інш. З 1963 здымаецца ў кіно: «Жанчыны» (1966), «Старэйшая сястра» (1967), «Салют, Марыя!» (1971), «Сібірыяда» (1979), «Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана» (1979—83), «Сільва» (1981), «Пікавая дама» (1982), «Вяртанне з арбіты» (1984), «Чалавек, які закрыў горад» (1983), «Зімовая вішня-1» (1985), «Ён, яна і дзеці» (1986), «Зімовая вішня-2» (1990), «Чорны квадрат» (1992), «Зімовая вішня-3» (1995) і інш.
Літ.:
Москалева И. Ю.Соломин. М., 1974;
Закржевская Л. В.Соломин. М., 1979.
Да арт.Саломіны. Юрый Мяфодзьевіч і Віталь Мяфодзьевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЛІЗА́Р’ЕЎ Валянцін Мікалаевіч (н. 30.10.1947, Баку),
бел. балетмайстар. Нар.арт. Беларусі (1979), нар.арг.СССР (1985). Акад.Міжнар.слав. акадэміі (1996), Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў у С.-Пецярбургу (1997). Праф.Бел. акадэміі музыкі (1995). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча імя А.Ваганавай (1967), балетмайстарскае аддзяленне Ленінградскай кансерваторыі (1972). Стажыраваўся ў Францыі па стыпендыі ЮНЕСКА (1982). З 1973 гал. балетмайстар Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1996 дырэктар — маст. кіраўнік Нац.акад.т-ра балета Беларусі, дзе стварыў усе свае асн. пастаноўкі: «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына (1974), «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (1978), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983), «Балеро» на муз. М.Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1986, 1997), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1988), «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1989), «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані (1995, Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Ставіў балеты таксама ў Расіі, Польшчы, Югаславіі, Турцыі. Стваральнік харэаграфіі для тэлефільма «Фантазія» («Веснавыя воды», паводле І.Тургенева) з удзелам М.Плісецкай (1975, Цэнтр. тэлебачанне, рэж. А.Эфрас) і інш. У творчасці імкнецца да ўвасаблення значных тэм сучаснасці. У харэаграфічнай мове шырока выкарыстоўвае прыёмы сучаснай пластыкі. Яго дзейнасць спрыяла міжнар. прызнанню бел. балетнага т-ра. Пад кіраўніцтвам Е. бел. балет з поспехам гастраліраваў амаль у 30 краінах свету. Яго творчасці прысвечаны тэлефільмы «Стварэнне» (1979) і «Валянцінаў дзень» (1993, рэж. абодвух В.Шавялевіч). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў і артыстаў балета (1970), 7-га Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1993, Масква, спец. прыз), прэміі «Чалавек года» ў галіне муз. мастацтва з уручэннем прыза «Залатая Неферціці» (1996), вышэйшай узнагароды Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ла данс» (Парыж, 1996). Чл. Савета Еўропы па культуры (1990), старшыня і чл. журы міжнар. конкурсаў балета ў Маскве, Варне (Балгарыя), Нагоі (Японія), Кіеве, Віцебску.
Літ.:
Народный артаст СССР Валентин Елизарьев. Мн., 1987;
Чурко Ю.М. Искусство, созвучное времени // Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;
Валентин Елизарьев: [Альбом]. Мн., 1997.
Т.М.Мушынская.
В.М.Елізар’еў.Сцэна з балета «Спартак» у пастаноўцы В.Елізар’ева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАЛО́ГІЯ (ад марфа... + ...логія) у мовазнаўстве 1) сістэма механізмаў мовы, якая забяспечвае пабудову і разуменне яе словаформ.
2) Раздзел граматыкі, які вывучае заканамернасці функцыянавання і развіцця гэтай сістэмы. Цесна звязана з марфаналогіяй, словаўтварэннем, сінтаксісам. Адрозніваюць агульную (тэарэт.) М. і прыватную М. пэўнай мовы.
Кожная словаформа членіцца на меншыя знакавыя адзінкі — марфемы, морфы. М. забяспечвае «памарфемнае» суаднясенне кампанентаў унутр. (змястоўнага) боку словаформы з кампанентамі яго знешняга (гукавога) боку. Яна накіравана на перадачу значэнняў менавіта службовымі элементамі (а не каранямі), што адрознівае яе ад лексікалогіі, у цэнтры ўвагі якой значэнні каранёў і цэлых слоў. М. вызначае марфалагічныя (граматычныя) асаблівасці цэлых класаў слоў (часцін мовы), незалежна ад іх прыватнага значэння. Кожная часціна мовы мае сваю сістэму граматычных значэнняў, катэгорый і агульных дадатковых (фармальных) адзнак, якія служаць для выражэння адносін паміж словамі ў словазлучэнні або сказе. Так, назоўнікам уласцівы значэнні роду, ліку, склону; дзеясловам — стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку і інш.; прыметнікам — роду, ліку, склону, ступеней параўнання, а для якасных — формы суб’ектыўнай ацэнкі. Напр., назоўнікі «станок», «лес», «бярэзнік» пры розных лексічных (рэальных) значэннях маюць агульныя граматычныя значэнні м.р., адз. л., назоўнага, вінавальнага склонаў; дзеясловы «паедзем», «напішам» аб’ядноўваюцца граматычнымі значэннямі закончанага трывання, простага будучага часу. 1-й асобы мн. л. і інш. Граматычныя значэнні могуць быць выражаны сінтаксічна (з дапамогай афіксаў) і аналітычна (апісальна, спалучэннем слоў). Напр., у назоўніку «вясна» значэнне ж.р., адз. л. і назоўнага склону выражана канчаткам «-а», у дзеяслове «гаворым» значэнне 1-й асобы мн. л. абвеснага ладу — канчаткам «-ым». Аналітычны спосаб выкарыстоўваецца пры выражэнні граматычнага значэння ступеней параўнання прыметнікаў і прыслоўяў («больш далёкі», «самы далёкі». «найбольш далёка»), будучага часу, загаднага і ўмоўнага ладу дзеясловаў («буду чытаць», «чытаў бы», «давайце чытаць»), Сродкамі выражэння марфал. значэння выступаюць таксама націск у слове («скалы́ — ска́лы»), чаргаванне асноў (суплетывізм, «чалавек — людзі») і інш.Марфал. змяненне слова не ўплывае на яго лексічнае значэнне.
Літ.:
Шуба П.П. Лекцыі па беларускай марфалогіі. Мн.. 1975;
Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;