1) асобныя састаўныя часткі і іх найпрасцейшыя злучэнні ў машынах, прыладах, апаратах, прыстасаваннях. Робяцца з аднаго матэрыялу без выкарыстання зборачных аперацый.
Да Д.м. адносяцца валы, восі, спружыны, падшыпнікі, муфты, шпіндэлі, поршні, шасцерні, балты, заклёпкі, шпонкі і інш., а таксама злучэнні (раздымныя — балтовыя, шпоначныя, шліцавыя, клінавыя, профільныя; нераздымныя — зварныя, заклёпачныя, прэсавыя), перадачы (трэннем — фрыкцыйныя і раменныя; счапленнем — зубчастыя, вінтавыя, чарвячныя, ланцуговыя).
2) Навук. дысцыпліна, якая вывучае тэорыю, разлікі і канструяванне Д.м. Яе задачы: выбар матэрыялаў для вырабу дэталей; наданне дэталям мэтазгодных форм і памераў, якія забяспечваюць трываласць канструкцый; вызначэнне ступені дакладнасці памераў, якасці рабочых паверхняў дэталей; распрацоўка тэхн. умоў на выраб Д.м. і інш. Звязана з механізмаў і машын тэорыяй, супраціўленнем матэрыялаў, матэрыялазнаўствам, тэхнічнай дыягностыкай, надзейнасцю вырабаў, тэхн. чарчэннем.
Літ.:
Детали машин. Расчет и конструирование: Справ. Т. 1—3. 3 изд. М., 1968—69.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ У СФЕ́РЫ ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦТВА І І́НШАЙ ГАСПАДА́РЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ,
злачынствы, якія парушаюць правільнае функцыянаванне нар. гаспадаркі, прадпрымальніцтва, сферы гандлю, аказання паслуг, выкарыстання прыродных рэсурсаў і інш.
Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў адносяцца: перадача або адпраўка спажыўцу недабраякаснай, некамплектнай або нестандартнай прадукцыі; рэалізацыя прадукцыі, забруджанай радыенуклідамі больш за дапушчальныя ўзроўні; ілжэпрадпрымальніцтва; выманьванне крэдыту або датацый; ілжывае банкруцтва; злоснае банкруцтва; спекуляцыя; парушэнне парадку ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці; парушэнне антыманапольнага заканадаўства; нядобрасумленная канкурэнцыя; незаконнае карыстанне таварнымі знакамі; дыскрэдытацыя ці незаконнае выкарыстанне дзелавой рэпутацыі канкурэнта; распаўсюджванне лжывай інфармацыі аб прадукцыі; зрыў публічных таргоў; камерцыйны подкуп; падман пакупнікоў і заказчыкаў; выпуск у продаж недабраякасных тавараў; выраб, захоўванне з мэтай продажу або продаж моцных спіртных напіткаў хатняй выпрацоўкі; парушэнне правіл гандлю; парушэнне ветэрынарных правіл; занятак забароненымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці; утойванне ці заніжэнне прыбытку і даходаў; браканьерства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧА́ГА,
ганчарны выраб, вял. гліняная пасудзіна для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў. На Беларусі вядомы вузкагорлыя і шыракагорлыя К. Вузкагорлыя былі пашыраны ў 10—1-й пал. 13 ст. ў час гандлю з візант. гарадамі паўн. і зах. ўзбярэжжа Чорнага м. і выкарыстоўваліся для дастаўкі вадкіх прадуктаў (алею, віна і інш.). Формай былі падобныя на ант.амфары (якія таксама наз. К.) з пукатым тулавам, 2 вертыкальна выгнутымі ручкамі, вострым, закругленым або амаль плоскім дном. Рэшткі К. знойдзены пры раскопках амаль ва ўсіх бел. гарадах. Аздабляліся лінейным арнаментам; часта на К. трапляюцца літары і словы. Шыракагорлыя паліваныя К. былі пашыраны з 14—16 ст. Мелі масіўнае пукатае тулава з плоскім дном з 2 дугападобнымі ручкамі. У іх трымалі соленыя грыбы, агуркі, зерне і інш. У наш час К. выйшлі з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДУ́КЦЫЯ ПРА́ЦЫ,
працэс звядзення складанай працы да простай, якая не патрабуе спец.прафес. навучання, прадугледжвае звычайныя ўмовы вытв-сці, сярэднія фіз. і разумовыя здольнасці чалавека. Аб’ектыўная аснова для Р.п. — затраты часу работніка на атрыманне кваліфікацыі пры найб. эфектыўных формах падрыхтоўкі ў іх аптымальным спалучэнні, а таксама затрат на навучанне работніка для выканання складанай працы. Р.п. ўключае таксама працэс звядзення больш інтэнсіўнай і цяжкай працы да неабходнага ўзроўню інтэнсіўнасці і цяжкасці. Для звядзення відаў працы рознай складанасці да адзінай меры карыстаюцца каэф. рэдукцыі. Ёсць некалькі метадаў яго вылічэння: параўнанне затрат на навучанне работнікаў розных кваліфікацый, суадносіны заработных плат работнікаў розных кваліфікацыйных груп, параўнанне складанасці і цяжкасці працы і інш.Р.п. ўлічваецца пры распрацоўцы тарыфных сетак, фарміраванні цэн, разліку поўных затрат працы на выраб прадукцыі ў адной краіне, пры міжнар. супастаўленнях і інш.эканам. разліках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ЙОРК (New York),
штат на ПнУ ЗША. Пл. 127,2 тыс.км². Нас. 18137 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г.Олбані. Найб. гарады і прамысл. цэнтры — Нью-Йорк і Буфала. Большая ч.тэр. занята адгор’ямі Апалачаў. На в-ве Лонг-Айленд, каля воз. Антарыо і ўздоўж р.Св. Лаўрэнція — нізіны. Клімат умераны, марскі. Сярэднямесячныя т-ры паветра на нізінах ад 0 °C (студз.) да 23 °C (ліп.). Ападкаў 800—1000 мм за год. Гал.р. Гудзон, у ніжнім цячэнні даступная марскім суднам. Пад хваёвымі і мяшанымі лясамі каля 25% тэрыторыі. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па аб’ёмах прадукцыі апрацоўчай прам-сці, банкаўскіх укладаў, гандл. абаротаў. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: маш.-буд., у т. л. эл.-тэхн., электронная, оптыка-механічная, інструментальная, вырабнавук. апаратуры, авіяракетная, судна- і прыладабудаванне; швейная, паліграф., чорная і каляровая металургія, хім., нафтаперапр., фармацэўтычная, харч., гарбарна-абутковая, ювелірная. Вырабспарт. абсталявання і цацак. Здабыча цынкавай і жал. руды, буд. матэрыялаў. Лесанарыхтоўкі. Марское рыбалоўства. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу; малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. На в-ве Лонг-Айленд вырошчваюць бульбу і агародніну, на ўзбярэжжах азёр Эры і Антарыо — вінаград і фрукты (яблыкі, ігрушы, вішні). Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.
На тэр. Н.-Й., якую здаўна насялялі індзейскія плямёны іракезаў, першыя еўрапейцы з’явіліся ў 1524. У 1614 галандцы засн. тут гандл. факторыю. У 1621 кіраванне гэтай тэр. атрымала галандская Зах.-інд. кампанія, якая заснавала калонію Новыя Нідэрланды са сталіцай Новы Амстэрдам. У 1664 калонію захапілі англічане і перайменавалі яе і сталіцу ў Н.-Й. У 17 і 18 ст. за валоданне гэтай тэр. ваявалі англічане і французы, паступова выцясняючы індзейцаў на 3. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83тэр. Н.-Й. была ахоплена ваен. дзеяннямі, у іх ліку бітва 1777 пад Саратогай, аблога г. Нью-Йорк. У 1788 Н.-Й. ратыфікаваў канстытуцыю ЗША і ўвайшоў у склад федэрацыі як штат-заснавальнік. З 1-й пал. 19 ст. пачалося інтэнсіўнае эканам. развіццё штата, значны наплыў імігрантаў з Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАЎКА́РЫЯ (Araucaria),
род голанасенных раслін сям. араўкарыевых. Каля 18 відаў. Пашыраны ў Паўд. Амерыцы, Аўстраліі, на астравах Ціхага ак.Найб. вядомыя араўкарыя высокая, чылійская і бразільская (культывуюцца як дэкар. на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа і Крыма). На Беларусі араўкарыю высокую вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.
Хвойныя, пераважна двухдомныя дрэвы, звычайна з плоскай парасонападобнай кронай, выш. да 60—75 м і дыям. ствала да 2,5 м. Галінкі кальчакаватыя, гарызантальна распасцёртыя. Кара тоўстая, баразнаватая, смалістая. Лісце размешчана спіральна, плоскае, скурыстае, ад ланцэта- да шырокаяйцападобнага, часам іголкападобнае, даўж. 4—10 см. Мікрастробілы («мужчынскія шышкі») цыліндрычныя, буйныя — даўж. да 20—25 см і дыям. да 4—5 см. Жаночыя шышкі авальныя, дыям. 7—35 см. Насенне арэхападобнае, з крыльчатай лускавінкай, у некаторых відаў ядомае. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, на выраб мэблі, муз. інструментаў, паперы і інш., смала — як лекавы сродак.
Араўкарыя даўгалістая: галінка з мікрастробілам (мужчынская шышка) і жаночая шышка (справа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЗАВІ́ЛЬ (Brazzaville),
горад, сталіца Конга. Размешчаны на правым беразе р. Конга, насупраць г. Кіншаса (Заір). Вылучаны ў асобную адм. акругу. 760,3 тыс.ж. (1990). Рачны порт. Чыгункай і шашой злучаны з марскім портам Пуэнт-Нуар. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-прамысл. і фін. цэнтр краіны. Тэкст., швейная, запалкавая, тытунёвая, харчасмакавая (алейная, піваварная, рыбаперапр.), дрэваапр., папяровая, абутковая, металаапр., хім.прам-сць. Суднарамонт. Саматужныя разьбярства па дрэве, вырабмаст. керамікі. Ун-т. Пастэраўскі ін-т. Нац. музей.
Засн. ў 1880 франц. даследчыкам і падарожнікам П.С. дэ Браза на месцы стараж. негрыцянскага паселішча. Паліт. і гандл. значэнне набыў на мяжы 19 і 20 ст. У 1905—10 адм. ц.Франц. Конга, у 1910—58 — Франц. Экватарыяльнай Афрыкі і Сярэдняга Конга. У 2-ю сусв. вайну адзін з асн. апорных пунктаў руху «Свабодная Францыя» (з 1942 «Змагарная Францыя»), які ўзначальваў Ш. дэ Голь. З 1960 сталіца Конга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДА́ТКІ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
сукупныя затраты жывой і арэчаўленай працы на вытворчасць прадукту. Ва ўмовах таварна-грашовых адносін выступаюць у вартаснай (грашовай) форме. Адрозніваюць грамадскія выдаткі вытворчасці (уключаюць перанесеную вартасць выкарыстаных сродкаў вытв-сці і ўсю зноў створаную вартасць, раўняюцца кошту тавару і служаць аб’ектыўнай асновай планавых цэн) і грашовыя затраты прадпрыемстваў на вытворчасць тавараў (яны меншыя за іх вартасць, выступаюць у форме сабекошту прадукцыі, які ўключае выдаткі на спажытыя матэрыяльныя рэсурсы, аплату працы работнікаў, расходы па збыце і рэалізацыі прадукцыі). Велічыня грамадскіх выдаткаў вытворчасці залежыць ад эфектыўнасці сродкаў працы і ад прадукцыйнасці працы. Чым вышэйшая эфектыўнасць сродкаў працы і яе прадукцыйнасць, тым меншыя выдаткі грамадства на выраб прадукту. Зніжэнне выдаткаў прадпрыемства дасягаецца шляхам павышэння прадукцыйнасці працы, лепшага выкарыстання сыравіны, матэрыялаў і асн.вытв. фондаў, паглыблення спецыялізацыі і кааперавання, развіцця камбінавання. Важнейшымі фактарамі зніжэння выдаткаў вытворчасці прадпрыемства з’яўляюцца ўдасканаленне гасп. механізма, пераход да эканам. метадаў кіравання, ліквідацыя безгаспадарчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗНІ́, Газна,
горад на ПдУ Афганістана, у даліне р. Газні. Адм. ц. правінцыі Газні. Вядомы з 7 ст. Каля 50 тыс.ж. (1992). Трансп. вузел на шашы Кабул—Кандагар. Стараж. цэнтр апрацоўкі металу. Саматужная вытв-сць паласаў, абутку, шуб з аўчыны, баваўняных тканін. Выраб скур. Гандаль футрам, воўнай, сушанымі фруктамі. У сярэднія вякі — важны культ., гандл. і паліт. цэнтр Сярэдняга Усходу. У наваколлі арх. помнікі 10—19 ст., у т. л. маўзалей султана Махмуда Газневі.
Упершыню ўпамінаецца ў 7 ст. Дасягнуў росквіту ў 10—11 ст., калі быў сталіцай дзяржавы Газневідаў, гандл. і культ. цэнтрам на Сярэднім Усходзе. У сярэдзіне 12 ст. разбураны Гурыдамі. У 1215—21 пад уладай Харэзмшахаў, з 1221 цюрка-манголаў, Куртаў, Цімурыдаў, з пач. 16 ст.Вялікіх Маголаў. З 1747 у складзе Афг. дзяржавы. Газні — стараж. цэнтр маст. апрацоўкі металу. Каля Газні 2 мемарыяльныя вежы 12 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБІ́СКУС (Hibiscus),
род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі як рэдкая занесеная аднагадовая расліна трапляецца гібіскус трайчасты (H. trionum). Многія віды вырошчваюць у адкрытым грунце, у аранжарэях і пакоях. Найб. вядомыя гібіскусы: кітайская ружа, або клянок (H. rosa-sinensis), — доўгаквітучая пакаёвая расліна; гібрыдны (H. x hybridus) — уключае шматгадовыя буйнакветкавыя полігібрыды; у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі культывуюць гібіскус сірыйскі (H. syriacus). Гасп. значэнне мае каштоўная тэхн. расліна гібіскус каноплевы (H. cannabinus), вядомая пад назвай кенаф, і гібіскус ядомы, або бамія (H. esculentus).
Шматгадовазялёныя або лістападныя дрэвы і кусты, таксама шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны. Лісце пераважна пальчаталопасцевае, кветкі звычайна двухполыя, буйныя, яркаафарбаваныя. Плод — каробачка. Дэкар., харч. і тэхн. (валакністыя, алейныя) расліны, некат. віды выкарыстоўваюць на выраб валакна і паперы, у ежу.