прылада для рэгістрацыі слядоў (трэкаў) зараджаных часціц высокіх энергій. Прынцып дзеяння заснаваны на закіпанні перагрэтай вадкасці ў наваколлі траекторыі часціцы. Выкарыстоўваецца для рэгістрацыі актаў узаемадзеяння часціц з ядрамі вадкасці або па прадуктах іх распаду на інш. часціцы. Вынайдзена амер. вучоным Д.Глезерам (1952).
Для вымярэння імпульсаў зараджаных часціц П.к. змяшчаюць у магн. поле. Пераграванне вадкасці ажыццяўляецца хуткім змяншэннем ціску ад пачатковага (раўнаважнага) значэння. Пры праходжанні зараджанай часціцы праз такую вадкасць уздоўж яе следу ўтвараюцца «зародкавыя» цэнтры кіпення.
Рабочая вадкасць П.к. — вадарод, у т. л. ў сумесі з неонам, прапан, фрэон, ксенон і інш.
Узаемадзеянне К−-мезона ў вадкавадароднай пузырковай камеры з пратонамі, у выніку якога нараджаюцца часціцы Σ+, K+, π+, π−, K0, якія распадаюцца на π+- і π−-мезоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ТРУБА́,
устаноўка, у якой ствараецца паток паветра або іншага газу для эксперым. вывучэння з’яў, што ўзнікаюць пры абцяканні газам цвёрдых целаў (лятальных апаратаў, іх частак і інш.). Адну з першых аэрадынамічных труб сканструяваў К.Э.Цыялкоўскі (1897).
Аэрадынамічная труба мае: сапло, праз якое праходзіць паветра; кіравальныя лапаткі, што надаюць паветр. патоку патрэбны напрамак; рабочую частку, дзе знаходзяцца доследны аб’ект і датчыкі фіз. велічыняў для вымярэння; вентылятар або кампрэсар, якія ўтвараюць паток газу; дыфузар для выдалення газу. У аэрадынамічнай трубе вывучаюць мадэлі або рэальныя аб’екты, вымяраюць сілы, што дзейнічаюць пры палёце самалётаў, ракет, пры руху цягнікоў і інш.трансп. сродкаў; праводзяць даследаванні і вызначаюць аптымальную форму гэтых аб’ектаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМЕ́ТР (ад грэч. optos бачны + ...метр),
оптыка-механічная прылада для найб. дакладных вымярэнняў лінейных памераў дэталяў. З дапамогай аптыметра вызначаюць памер у межах шкалы (абс. метады вымярэння) ці параўноўваюць лінейны памер з канцавой мерай даўжыні або з эталонам (адносны метад). Пераўтваральны элемент аптыметра — рычажна-аптычнае прыстасаванне: рычажная перадача — рухомае люстэрка і пераўтваральнік — аўтакаліматар. Бываюць верт. і гарызантальныя; з акулярам або з праекцыйным экранам. Цана дзялення да 0,2 мкм, межы вымярэнняў да 500 мм. Аптыметр забяспечваецца зменнымі прыстасаваннямі для вымярэнняў сярэдняга дыяметра разьбы, даўжыняў канцавых мер, спец. галоўкай для вымярэнняў адтулін дыяметрам ад 1 да 13,5 мм, праекц. насадкай для акулярных трубак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНО́МЕТР (ад гальвана... + ...метр),
высокаадчувальная электравымяральная прылада, прызначаная для вымярэння малых токаў і напружанняў. Бывае пастаяннага і пераменнага току, са стрэлачным або светлавым паказальнікам (люстраны гальванометр, у якога на рухомай частцы гальванометра замест стрэлкі прымацавана мініяцюрнае люстэрка). Найб. пашырана выкарыстанне гальванометра для выяўлення адсутнасці току ці нулявой рознасці патэнцыялаў паміж якімі-н. пунктамі ланцуга (нуль-індыкатар). Пры праходжанні праз рамку гальванометра кароткачасовых імпульсаў атрымліваюцца балістычныя адхіленні рухомай часткі гальванометра ад нулявога становішча з наступным вяртаннем у яго пасля некалькіх ваганняў. Пры гэтым першае (максімальнае) адхіленне прапарцыянальнае працёкламу зараду. Для вымярэняў працяглых імпульсаў штучна павялічваюць момант інерцыі рухомых частак гальванометра (балістычны). Папярэднік гальванометра — гальванаскоп (для вызначэння наяўнасці току ў эл. ланцугу і яго напрамку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЗІМЕ́ТРЫЯ (ад доза + ...метрыя),
раздзел прыкладной ядз. фізікі, які займаецца вымярэннем і вывучэннем іанізавальных выпрамяненняў і эфектаў узаемадзеяння іх з рэчывам. На аснове рэгістрацыі выпрамянення метадамі Д. атрымліваюць таксама інфармацыю аб крыніцах выпрамянення, іх ізатопным складзе і размеркаванні ў прасторы, апрамененым целе. Тэхн. сродкамі Д. з’яўляюцца дазіметрычныя прылады (дазіметры).
Пачала развівацца ў сувязі з неабходнасцю стварэння радыяцыйнай бяспекі чалавека, потым набыла важнае значэнне ў фіз., хім. і радыебіял. даследаваннях, радыяцыйнай тэхналогіі, ахове навакольнага асяроддзя. Раздзел Д., звязаны з вызначэннем эквівалентнай дозы выпрамянення, наз.эквідазіметрыяй; метады вымярэння актыўнасці радыеактыўных крыніц складаюць аснову радыеметрыі; даследаванні біял. ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў на клетачным і малекулярным узроўнях выклікалі ў 1960-я г. інтэнсіўнае развіццё мікрадазіметрыі, якая займаецца пытаннямі мікраскапічнага размеркавання энергіі пры ўзаемадзеянні выпрамянення з рэчывам. Гл. таксама Дозы выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЛЕ́КТАР (ад лац. deflecto адхіляю, адводжу),
1) прыстасаванне для змены напрамку патоку газаў, вадкасцей, сыпкіх матэрыялаў, гукавых хваль.
2) Выцяжное прыстасаванне на вентыляцыйнай шахце (для адсмоктвання забруджанага паветра з памяшканняў) або коміне. Дзеянне заснавана на выкарыстанні энергіі патоку паветра (ветру), які абдзімае Д.
3) Прылада для вымярэння і ўстаранення дэвіяцыі магнітных компасаў. Вымярае гарыз. і верт. складальныя напружанасці магнітнага поля, якія дзейнічаюць на стрэлку компаса.
4) У оптаэлектроніцы прыстасаванне для змены паводле пэўнага закону напрамку распаўсюджвання аптычнага выпрамянення. Бываюць механічныя (сканеры) і оптаэлектронныя (у т. л. вадкакрышталічныя). Найб. пашыраны электрааптычныя і акустааптычныя. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах аптычнай апрацоўкі інфармацыі, у аптычных запамінальных прыстасаваннях, у лазерных друкавальных прыстасаваннях і інш.
Дэфлектары: а — механічны круглай формы (1 — патрубак, 2 — дыфузар, 3 — парасон-каўпак); б — электрааптычны дыскрэтны (1 — мадулятары святла, 2 — двухпраменепраламляльныя крышталі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГ (ад галанд. log адлегласць),
1) навігацыйная прылада для вымярэння скорасці руху карабля (судна) і пройдзенай ім адлегласці.
Найб. пашыраны Л., якія вымяраюць скорасць руху адносна вады. Яны бываюць механічныя (з крыльчаткай, якая верціцца ў вадзе пры руху судна), гідрадынамічныя (заснаваныя на залежнасці паміж скорасцю і ціскам патоку вады, што абцякае карабель), індукцыйныя і інш. Ёсць таксама Л., якія даюць паказанні адносна зямлі (дна) — доплераўскія гідраакустычныя і геамагнітныя.
2) Становішча карабля (судна) бортам да ветру, хвалі, прычала і да т.п. (напр., «стаць Л. да хвалі» азначае «стаць бортам да хвалі»).
Лагі: а — механічны (1 — крыльчатка, 2 — днішча судна); б — гідрадынамічны (1, 6 — адтуліны для прыёму статычнага і сумарнага ціскаў; 2, 5 — трубаправоды статычнага і сумарнага ціскаў; 3 — дыяфрагма; 4 — сільфонны апарат; pдын, pст — дынамічны і статычны ціскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЯ ТЭРМАМЕТРЫ́Я,
метад вымярэннянізкіх тэмператур (звычайна ніжэй за 1 К), заснаваны на залежнасці ад т-ры магн. уласцівасцей шэрагу рэчываў.
Тэрмаметрычным параметрам звычайна служыць магнітная ўспрыімлівасць χ парамагн. солей жалеза, кобальту, нікелю, рэдказямельных элементаў, ядз. парамагнетыка (пры больш нізкіх т-рах T < 0,1 К) і інш., у якіх χ найпрасцейшым чынам залежыць ад т-ры: χ=C/T (гл.Кюры закон). Па замеранаму ў слабым знешнім магн. полі χ і вядомай для дадзенага парамагнетыка пастаяннай Кюры C вызначаюць т.зв.магн. т-ру T. У вобласці т-р, дзе выконваецца закон Кюры, T супадае з тэрмадынамічнай т-рай T. Пры паніжэнні т-ры значэнні T і T могуць не супадаць, тады магн. т-ру пераводзяць у тэрмадынамічную па спец. табліцах і крывых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТ ВЫМЯРА́ЛЬНЫ,
прылада для вымярэнняэл. велічынь (супраціўлення, ёмістасці і інш.) метадам параўнання з узорнай мерай. М.в. бываюць пераменнага току; ураўнаважаныя (найб. дакладныя; прынцып работы засн. на нулявым метадзе вымярэнняў і неўраўнаважаныя (значэнні вымеранай велічыні адлічваюць па паказаннях вымяральнай прылады; пры нестабільнай крыніцы сілкавання ў якасці вымяральнага механізма выкарыстоўваецца, напр., лагометр); з ручным ўраўнаважваннем і аўтаматычныя (выкарыстоўваюцца таксама для неперарыўных вымярэнняў). Амічныя супраціўленні вымяраюць М.в. пастаяннага току адзінарнымі (4-плечнымі; ад 1 Ом і вышэй), падвойнымі (6-плечнымі; да 1 Ом) і камбінаванымі (ад 10−8 да 108Ом). Ёмістасці і індуктыўнасці вымяраюць М.в. пераменнага току 4-плечнымі (найб. пашыраны) і 6-плечнымі. Пры спалучэнні М.в. з вымяральнымі пераўтваральнікамі вызначаюць неэл. велічыні (напр., т-ру, дэфармацыю, паскарэнне). Выкарыстоўваюцца ў электра- і радыётэхн. апаратуры, даследчых лабараторыях і на прадпрыемствах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛІНЕ́ЙНАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,
раздзел нелінейнай оптыкі, які вывучае залежнасць нелінейных аптычных з’яў ад частаты святла і змен характарыстык рэчыва. Выкарыстоўваецца для вымярэння аптычных уласцівасцей рэчыва і яго энергет. узроўняў, шырыні квантавых пераходаў і іх імавернасці, эфектыўнасці і рэлаксацыі розных працэсаў у рэчыве.
Метады Н.с. грунтуюцца на назіранні нелінейных аптычных з’яў (гл.Нелінейная оптыка) і вывучэнні іх залежнасці ад параметраў выпрамянення (частаты, палярызацыі, інтэнсіўнасці, напрамку распаўсюджвання і інш.) Дае магчымасць атрымліваць прынцыпова новую інфармацыю, таксама даныя, даступныя метадам звычайнай лінейнай спектраскапіі са значна большай дакладнасцю, адчувальнасцю і раздзяленнем. Гл. таксама Лазерная спектраскапія.
На Беларусі даследаванні па Н.с. пачаты ў 1956 у Ін-це фізікі Нац.АН пад кіраўніцгвам Б.І.Сцяпанава і праводзяцца ў розных ін-тах Нац.АН і ун-тах.
Літ.:
Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.