ПЕТРАШКЕ́ВІЧ Ануфрый (1793, г. Шчучын Гродзенскай вобл. — 7.12.1863),

польскі і бел. паэт. Скончыў пав. школу ў Шчучыне, Віленскі і Варшаўскі ун-ты. Канд. (1816), магістр (1821) філасофіі. У 1822—24 працаваў у архіве Радзівілаў у Вільні. Адзін з заснавальнікаў т-ва філаматаў, распрацаваў структуру арг-цыі «прамяністых». Сасланы ў Маскву (працаваў бібліятэкарам ва ун-це, 1825—31), Табольск (1832—60). У 1860 вярнуўся ў Вільню. Пісаў па-польску. У час. «Tygodnik Wileński» («Віленскі штотыднёвік», 1817) змяшчаў сентыментальныя вершы і гіст. думы ў духу рамантызму («Вёска», «Беспадстаўная скарга», «Роздум ля развалін замка Гедзіміна» і інш.). Аўтар вершаванай фалькл.-этнагр. замалёўкі «Ідылія Купала», засн. на бел. нар. вераваннях і абрадах. Збіраў матэрыялы т-ва філаматаў (выдадзены як архіў філаматаў у 1913—34 і ў 1973). Сябраваў з Я.​Чачотам, падтрымліваў сувязі з А.​Міцкевічам.

У.​І.​Мархель.

т. 12, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЗА́Й, Рэмзі (Ramsay) Уільям (2.10.1852, г. Глазга, Вялікабрытанія — 23.7.1916), англійскі хімік і фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1888). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1913). Вучыўся ва ун-тах Глазга (1866—70), Гайдэльберга і Цюбінгена (д-р філасофіі; 1872). З 1872 ва ун-це Глазга, з 1880 праф. Брыстольскага, у 1887—1913 — Лонданскага ун-таў. Навук. працы па фізічнай, арган. і неарган. хіміі, гісторыі хіміі і фізікі. Адкрыў аргон (1894, разам з Дж. У.Рэлеем), неон, крыптон і ксенон (1898, разам з М.​Траверсам). Вылучыў гелій з газаў клевіту (разнавіднасць уранавай смаляной руды; 1895). Вызначыў месца інертных газаў у перыяд. сістэме хім. элементаў (1900, адначасова з Дз.І.Мендзялеевым). Эксперыментальна назіраў самаадвольны радыеактыўны распад радыю і радону з утварэннем гелію (1903, разам з Ф.Содзі). Нобелеўская прэмія 1904.

Літ.:

Соловьев Ю.И., Петров Л.П. Вильям Рамзай, 1852—1916. М., 1971.

У.Рамзай.

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАВАРЫ́СТВА ПСТО́РЫКАЎ-МАРКСІ́СТАЎ БССР,

грамадская навуковая арганізацыя ў 1927—33. Дзейнічала як аднайм. філіял Усесаюзнага т-ва і працавала пад яго кіраўніцтвам. Яго папярэднікам было Бел. марксісцкае т-ва, якое працавала з 1923. Парт. кіраўніцтва БССР паставіла перад т-вам задачы: выкрыццё «буржуазных нацыяналістычных канцэпцый», даследаванне праблем метадалогіі гісторыі, вывучэнне гісторыі Беларусі і асабліва рэв. руху, а таксама гісторыі Расіі, усеаг. гісторыі. Т-ва правяло шэраг дыскусій па канкрэтных праблемах гісторыі, абмеркавала пытанні перыядызацыі гісторыі Беларусі і праграму гэтага курса для ВНУ, паўстання 1863—64, генезісу капіталізму і развіцця рабочага руху на Беларусі, характару газ. «Наша ніва», крытычна разгледзела асн. працы С.​Х.​Агурскага, М.​В.​Доўнар-Запольскага, З.​Х.​Жылуновіча (Ц.​Гартнага), У.​М.​Ігнатоўскага, М.​М.​Нікольскага, У.​І.​Пічэты і інш. Выпусціла «Марксісцкі зборнік» (№ 1—2, 1929—31). Перастала існаваць у пач. 1933.

У.​М.​Міхнюк.

т. 15, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗВО́Д,

воінскае падраздзяленне ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь. Уваходзіць у склад роты, батарэі (за выключэннем асобных У., якія непасрэдна ўваходзяць у склад батальёна, дывізіёна, палка і інш.). У залежнасці ад прызначэння У. уключае 2—4 аддзяленні (разлікі, экіпажы). У. узначальвае камандзір, як правіла, з ліку малодшых афіцэраў або прапаршчыкаў. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь У. існуюць ва ўсіх родах войск і спец. часцях, а таксама ў інш. войсках і воінскіх фарміраваннях, ваен. навуч. установах.

Упершыню У. ўтвораны ў канцы 17 ст. ў пяхоце і кавалерыі, потым у артылерыі. Са з’яўленнем новых відаў узбр. сіл (ППА, ВПС) і родаў войск (ракетныя войскі і артылерыя, зенітныя ракетныя, радыётэхн. войскі і інш.) У. ўвайшлі ў іх арганізац. структуры (напр., радыёлакацыйны У. — у склад зенітна-ракетнага дывізіёна, радыётэхн. батальёна і інш.).

С.​М.​Абрамаў.

т. 16, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УРАДЖА́Й»,

прафсаюзнае сельскае спартыўнае таварыства. На Беларусі арганізавана ў 1956 на базе спарт. т-ваў «Калгаснік» і «Ураджай». Аб’ядноўвала фізкультурнікаў і спартсменаў вёскі, навучэнцаў с.-г. сярэдніх і вышэйшых навуч. устаноў, сельскую інтэлігенцыю. Праводзіла летнія і зімовыя сельскія спарт. гульні, спартакіяды па мнагабор’і, спаборніцтвы па асобных відах спорту і інш. Т-ва аб’ядноўвала (1981) больш за 4 тыс. калектываў фізкультуры, мела 57 стадыёнаў, 167 спарт. залаў, больш за 4 тыс. футбольных палёў, каля 15 тыс. спарт. пляцовак, 6 плавальных басейнаў (з іх 5 крытых), 297 стралковых ціраў, 76 лыжных баз і інш. Сярод выхаванцаў т-ва: чэмпіёны Алімп. гульняў Л.Тараненка, В.Угрумаў, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1978), уладальнік Кубка Еўропы (1977) у кіданні кап’я М.​Грэбнеў, чэмпіён СССР (1976, 1977) па веславанні на байдарках і каноэ З.​Сарока і інш. У 1993 т-ва падзелена на шэраг спарт. клубаў.

т. 16, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ЛЕБЕС (Celebes),

востраў у Малайскім архіпелагу, другая назва в-ва Сулавесі.

т. 17, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРАМАДА́»,

бел. нелегальнае выдавецкае т-ва. Існавала ў Пецярбургу ў 1906—07. Выдавала агітацыйную л-ру (арыгінальную і перакладную) рэв. зместу. Дзейнасць т-ва забаронена царскай цэнзурай. Захавалася 6 брашур, у т. л. «Як мужыку палепшыць сваё жыццё» (лацінкай і кірыліцай), «Чы будзе для ўсіх зямлі?», «Што такое свабода?» Сігава (пер. з укр.), «Забастоўка» (лацінкай), «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць».

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 142, 154—155.

т. 5, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АЎТАРАМПРАМПРАЕ́КТ», Дзяржаўнае прадпрыемства «Аўтарампрампраект» Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1974 у Мінску на базе праектнай канторы трэста «Аўтарамбудмантаж» (да 1991 праектны ін-т Мін-ва аўтамаб. прам-сці СССР).

Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка комплекснай праектна-каштарыснай дакументацыі на рэканструкцыю, буд-ва, тэхн. пераўзбраенне і капітальны рамонт прамысл. прадпрыемстваў з правядзеннем тапографа-геадэзічных і інж.-геал. пошукаў, абследаваннем стану канструкцый будынкаў і збудаванняў, інж. абсталявання, камунікацый; распрацоўка ген. планаў прадпрыемстваў, сістэм газазабеспячэння, мерапрыемстваў і сістэм па экалогіі.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАСЛО́ЎСКІ Міхаіл Міхайлавіч (25.3.1867, Масква — 20.4.1929),

расійскі гісторык. Акад. АН СССР (1921). Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). З 1911 праф. гэтага ун-та. Вучань В.В.Ключэўскага. Даследаваў гісторыю Расіі 18 ст. ў працах «Быт і норавы рускага дваранства ў першай палавіне XVIII ст.» (1906), «Пётр Вялікі і яго рэформа» (1920), «Пётр I. Матэрыялы для біяграфіі» (т. 1—5, 1940—48) і інш. Быў сакратаром Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцяў расійскіх, старшынёй Рус. гіст. Т-ва.

т. 2, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Бабруйску.

Дзейнічала ў 1917—19. Засн. па ініцыятыве мясц. інтэлігенцыі (М.​В.​Азбукін, В.​Д.​Дружчыц, Ю.​В.​Бібіла, К.​Давідовіч, М.​І.​Каліноўскі, Ф.​Ляшэвіч, Ф.​А.​Чарнецкі і інш.). У лекцыях, артыкулах, спец. пракламацыях члены т-ва прапагандавалі ідэі нац. адраджэння бел. народа, яго культуры і мовы, вялі палеміку з праціўнікамі бел. нац.-вызв. руху. Т-ва выступала за стварэнне сістэмы нац. адукацыі, папулярызавала гісторыю, этнаграфію, мастацтва Беларусі.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)