МАЛЕ́БЕН,
кароткае хрысціянскае богаслужэнне, звычайна прысвечанае святым; калектыўны ўдзячны або заклінальны (прасільны) зварот да Бога, Багародзіцы аб здароўі, дабрабыце, выратаванні і г.д.
т. 10, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ФРА́НКА-РУ́СКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1915 аб пралівах,
сакрэтнае пагадненне, заключанае ў 1-ю сусв. вайну. Аформлена ў выглядзе абмену памятнымі запісамі і нотамі ў крас.—маі 1915. Прадугледжвала пасляваенны падзел Турцыі (саюзніцы Германіі): са згоды Англіі і Францыі да Расіі (у выпадку яе ўдзелу ў вайне да перамогі над герм. кааліцыяй) павінны былі перайсці г. Канстанцінопаль (цяпер Стамбул), пралівы Басфор, Дарданелы і сумежныя з імі раёны еўрап. і азіяцкай часткі Турцыі. Практычных вынікаў для Расіі не мела, бо анулявана Дэкрэтам аб міры 1917.
т. 1, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЬБЕРТ, Гілберт (Gilbert) Уільям (24.5.1544, г. Колчэстэр, Вялікабрытанія — 30.11.1603), англійскі фізік; адзін з заснавальнікаў навукі аб электрамагнетызме. Вучыўся ў Кембрыджы і Оксфардзе. Быў прыдворным урачом каралевы Лізаветы I. У 1600 выдаў кн. «Аб магніце, магнітных целах і вялікім магніце — Зямлі...» (рус. пер. 1956), дзе прапанаваў тэорыю магн. і эл. з’яў; даказаў, што Зямля мае магн. поле, падобнае на поле намагнічанага жал. шара, і выказаў меркаванне, што яе магн. полюсы супадаюць з геаграфічнымі. Выступаў з крытыкай вучэння Арыстоцеля, падтрымліваў геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка.
т. 5, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ АБ АХО́ВЕ ПРАВО́Ў ЧАЛАВЕ́КА І АСНО́ЎНЫХ СВАБО́Д.
Падпісана ў 1950 у Рыме дзяржавамі — членамі Савета Еўропы, увайшла ў дзеянне ў 1953, дапоўнена 10 дадатковымі пратаколамі (апошні — у 1992). Устанаўлівае кантрольны судовы механізм, які дзейнічае на падставе індывід. скаргаў фіз. асоб і скаргаў дзяржаў аб парушэннях палажэнняў канвенцыі. Для разгляду скаргаў створаны Еўрап. камісія і Еўрап. суд на правах чалавека. У гэтым удзельнічалі таксама Камітэт міністраў — гал. паліт. орган Савета Еўропы. Месцазнаходжанне ўсіх — г. Страсбур (Францыя).
Н.К.Мазоўка.
т. 6, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАП́Е́ЙСКІ ІНВЕСТЫЦЫ́ЙНЫ БАНК (European Investment Bank; ЕІБ),
банк, створаны для падтрымкі праектаў, якія маюць значэнне для некалькіх краін — членаў Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, а таксама для фінансавання больш адсталых еўрап. краін у выглядзе доўгатэрміновых крэдытаў. Дзейнічае з 1959. ЕІБ — інстытут з аўтаномным фін. статусам. Яго кіруючы орган — Савет упраўляючых у складзе міністраў фінансаў краін-удзельніц, які вызначае крэдытную палітыку, зацвярджае гадавыя балансы, прымае рашэнні аб выдачы крэдытаў і гарантый, аб выпуску пазык і памеры працэнтных ставак. Статутны капітал ЕІБ каля 15 млрд. ЭКЮ.
т. 6, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІ́ЕЎСКАЯ КАЗА́ЧЧЫНА»,
масавы антыпрыгонніцкі рух сялян на Украіне ў 1855. Апублікаванне царскага маніфеста аб прызыве апалчэнцаў для ўдзелу ў Крымскай вайне 1853—56 садзейнічала распаўсюджванню сярод сялян чутак аб запісе ў апалчэнне (у казакі), каб вызваліць іх ад прыгону. Сяляне, патрабуючы пагалоўнага запісу ў казакі, спынілі працу. Хваляванні ахапілі 9 з 12 паветаў Кіеўскай губ. Супраць сялян былі накіраваны войскі. Сяляне вёсак Быкава Грэбля, Бярэзна, Бяседка, Сітнікі, мяст. Корсунь, Таганча аказалі ўпартае супраціўленне (забіта каля 60 чал., больш за 100 чал. паранена).
т. 8, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІФЕ́СТ АБ ВО́ЛЬНАСЦІ ДВАРА́НСТВА 1762,
«Аб дараванні вольнасці і свабоды ўсяму расійскаму дваранству», закон Рас. імперыі, які пашырыў саслоўныя правы і прывілеі дваранства. Выдадзены 1.3.1762 імператарам Пятром III. Вызваляў дваран ад абавязковай цывільнай і ваен. (у мірны час) службы, дазваляў ім бесперашкодна выязджаць за мяжу з абавязкам вяртацца па патрабаванні ўрада. «Вызваленне» дваран паводле маніфеста спарадзіла ў прыгонных сялян неабгрунтаваныя спадзяванні на хуткае ўласнае вызваленне ад «службы» памешчыкам, што паўплывала на ўзмацненне сац. напружанасці ў рас. вёсцы напярэдадні сялянскай вайны 1773—75.
т. 10, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКА́ТАРЫ экалагічныя,
рэчывы, арганізмы, якія вызначаюць ступень забруджвання знешняга асяроддзя антрапагеннымі таксікантамі. Здольныя адлюстроўваць уздзеянне і захоўваць яго з мінім. зменамі да моманту індыкацыі. Напр., снег — інфарматыўны І. тэхнагеннага ўздзеяння на геасістэмы праз атмасферу, торф — прасторавы і часавы І. забруджвання (тарфяныя балоты назапашваюць інфармацыю аб забруджванні навакольнага асяроддзя за працяглы перыяд) і інш. У геабатаніцы І. выкарыстоўваюць пры вывучэнні экалагічных асноў і практычных спосабаў выкарыстання фітацэнозаў і іх кампанентаў у якасці паказчыкаў умоў асяроддзя. Напр., знікненне лішайнікаў са ствалоў дрэў сведчыць аб павелічэнні колькасці сярністага газу ў паветры. Экалагічная дыягностыка таксама праводзіцца з дапамогай біяіндыкатараў. Некат. віды раслін і жывёл даюць магчымасць выявіць характэрныя асаблівасці навакольнага асяроддзя, напр., прысутнасць карысных выкапняў, забяспечанасць тэр. мікраэлементамі, вільгаццю, пажыўнымі рэчывамі і інш. Найлепшымі І. з’яўляюцца больш буйныя, мнагалетнія з вузкай талерантнасцю і інш. якасцямі арганізмы. Некат. віды жывёл індуцыруюць фауну (напр., вял. колькасць стракоз сведчыць аб багатай фауне вадаёма).
т. 7, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МЕР ((Kromer) Марцін) (1512, г. Беч, Польшча —23.3.1589),
польскі гісторык, пісьменнік, дыпламат. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1528—30) і ун-це Балонні, дзе ў 1539 атрымаў ступень доктара права; у Рыме вывучаў тэалогію і прыняў духоўны сан. Пасля вяртання на радзіму быў сакратаром біскупа Пятра Гамрата, з 1544 — караля Жыгімонта II Аўгуста. З 1570 каад’ютар (нам. біскупа), з 1579 біскуп вармінскі. Яго праца «Аб паходжанні і гісторыі палякаў» (1555, на лац. мове) ахоплівае перыяд ад легендарных часоў да 1506. Гэты твор у значнай ступені з’яўляецца кампіляцыяй хронік Я.Длугаша, Мацея з Мехава, Б.Вапоўскага, звесткі якіх К. крытычна пераасэнсаваў; ёсць шмат інфармацыі пра ВКЛ. У працы «Аб веры і навуцы лютэраўскай. Размовы шляхціца з манахам» (1551—54) адстойваў дагматы догматы* каталіцызму. Для караля Генрыка Валезы напісаў кнігу «Польшча, або Аб становішчы, звычаях, уладзе і кіраванні Каралеўства Польскага» (1577). Аўтар муз. трактатаў.
А.А.Семянчук.
т. 8, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ З’ЕЗД.
Адбыўся 7—11.2.1926. 146 дэлегатаў ад Інбелкульта, Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК), музеяў і 167 краязнаўчых арг-цый (5 тыс. чл.). Абмеркаваў паліт. даклад, інфармацыйны даклад пра дзейнасць Інбелкульта, справаздачу ЦБК, справаздачы з месцаў. Прыводзіліся звесткі пра гісторыка-археал. даследаванні, апрацоўку і выданне стараж. актаў, падрыхтоўку да выдання Літоўскай метрыкі, вывучэнне нар. побыту, этнаграфіі, метэаралаг. і феналагічных назіранняў, збіранне матэрыялаў для слоўніка жывой бел. мовы. Адзначаліся сувязі ЦБК з арг-цыямі Смаленшчыны, Расіі, Узбекістана, Грузіі, Азербайджана, Вільні, Коўна, Рыгі, Лейпцыга і роля час. «Наш край» у наладжванні гэтых сувязей. На з’ездзе выступілі А.Смоліч, С.Некрашэвіч, М.Гарэцкі, І.Пятровіч, М.Доўнар-Запольскі, У.Ігнатоўскі, М.Мароз, М.Мялешка, Я.Дыла, Я.Ракаў, Д.Васілеўскі і інш. З’езд прыняў рэзалюцыі аб навук. дзейнасці, аб час. «Наш край», краязнаўчай працы ў галіне гісторыі і археалогіі, аб ахове помнікаў і інш.
А.М.Гесь.
т. 12, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)