БЕ́РКМАН Юзаф (4.8.1838, г. Валожын Мінскай вобл. — 19.7.1919),
бел. жывапісец. Скончыў гімназію ў Вільні. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це, маст. адукацыю атрымаў у Пецярбургскай АМ. За ўдзел у паўстанні 1863—64 на Беларусі сасланы ў Сібір, дзе і жыў пасля адбыцця катаргі; у Іркуцку меў жывапісную майстэрню. З 1877 жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1880 — у Лібаве (цяпер г. Ліепая, Латвія). Пісаў пераважна сцэны з паўстання і жыцця ссыльных паўстанцаў («Труна Серакоўскага», «Смерць Нарбута»). Гэтай жа тэматыцы прысвечаны серыі акварэляў (да Вял.Айч. вайны захоўваліся ў Львоўскай карціннай галерэі). Сярод работ жывапісныя карціны «Коннік з двума канямі», «Тройка» (абедзве 1877), «Чацвёрка» (1914) і інш. Большасць твораў захоўваецца ў Іркуцкім маст. музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РХЕРТ (Borchert) Вольфганг (20.5.1921, г. Гамбург, Германія — 20.11.1947),
нямецкі пісьменнік. У 1941—45 на фронце (за антыфаш. погляды арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю, замененага штрафным батальёнам). Друкаваўся з 1938. Аўтар зб. вершаў «Ліхтары, ноч і зоркі» (1946), драмы «На вуліцы перад дзвярыма» (1947). Кнігі «Дзьмухавец», «У гэты аўторак» (абедзве 1947) склалі апавяданні з выразна акрэсленым сюжэтам, мастацка-публіцыст. дэкларацыі ад імя «пакалення тых, хто вярнуўся», вершы ў прозе і эсэ. У літ. творах — уплыў І.Гёльдэрліна і Р.М.Рыльке, элементы экспрэсіянізму і «плыні свядомасці»: двухпланавасць фабулы і вобраза, спалучэнне рэальнага з умоўным. Паклаў пачатак т.зв. «л-ры руінаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЭ́ЦА Ляіля Ахцямаўна (н. 13.1.1951, г. Харкаў, Украіна),
бел. мастак. Скончыла Харкаўскі маст.ін-т (1974). Працуе ў тэхніцы каляровай літаграфіі, кніжнай графікі, акварэлі. Асн. работы: графічныя серыі «Украінскія матывы» (1977), «Зямля ў квецені» (1979), «Чарнобыльскі след» і «Праява» (1989), «Гістарычныя асобы Беларусі» (1993—96, разам з В.Варэцам) і інш.; іл. да кніг «Мая рэспубліка», «Намеснік бабулі» П.Кавалёва (абедзве 1988), «Буду настаўнікам» Э.Агняцвет (1990), «Беларуска-італьянская кухня» (1995), «Паміж Масквой і Варшавай» В.Іпатавай (1996, у сааўт.) і інш. Стварыла серыі паштовых марак «Мастакі Беларусі», «Гістарычныя асобы Беларусі», «Беларускія спартсмены да алімпіяды ў Атланце».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНО́ВІЧ Уладзімір Мікалаевіч (н. 26.9.1932, Душанбе),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім пед. ін-це (1958—59). Першае апавяд. «Мы тут жывём» (1961). Аўтар аповесцей «Два таварышы» (1967), «Ступень даверу» (1972), рамана «Жыццё і незвычайныя прыгоды салдата Івана Чонкіна» (1969—75, у СССР 1988; працяг — раман «Прэтэндэнт на прастол», 1979). У 1974 выключаны з СП СССР, у 1980 выехаў у ФРГ. Апублікаваў сатыр. аповесць «Іванькіяда» (1976, у СССР 1989), зб. прозы і публіцыстыкі «Шляхам узаемнай перапіскі» (1979), п’есу «Трыбунал», кнігу нарысаў «Антысавецкі Савецкі Саюз» (абедзве 1985), фантаст. раман-утопію «Масква 2042» (1986). У 1990 вярнуўся ў Расію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КАЎ Мітрафан Барысавіч (да 1911 Мартышчанка Мітрафан Паўлавіч; 15.6.1882, хутар Шарпаеўка, Растоўская вобл., Расія — 27.11.1934),
рускі жывапісец, заснавальнік сав. батальнага жывапісу. Вучыўся ў Адэскім маст. вучылішчы (1898—1903), Пецярбургскай АМ (1903—11). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1925). Аўтар карцін «Тачанка» (1925), «Кавалерыйская атака», «Трубачы Першай коннай арміі», «Атрад Будзённага» (абедзве 1934) і інш., у якіх з гіст. дакладнасцю, пераканаўча ўзнавіў гераічныя будні грамадз. вайны, атмасферу 1920-х г. Ініцыятар стварэння дыярам і панарам (эскізы дыярам «Штурм Перакопа», 1931; «Абарона Царыцына», 1933, і інш.). Імя Грэкава прысвоена Студыі ваенных мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНУ́Й, Ануйль (Anouilh) Жан (23.6.1910, г. Бардо, Францыя — 3.10.1987), французскі драматург. У цэнтры яго камерных п’ес «Гарнастай» (1934), «Падарожнік без багажу» (1937), «Дзікунка» (паст. 1938) трагічны канфлікт героя з жорсткасцю навакольнага свету. Аўтар лірыка-іранічных камедый «Вячэра ў Санлісе», «Леакадзія» (абедзве 1942), «мудрагелістых п’ес» «Падвал» (1961), «Арышт» (1975) і інш., паліт. фарса «Дзівак, ці Закаханы рэакцыянер» (паст. 1959). У антыфаш. трагедыі «Антыгона» (паст. 1943), гіст. драмах «Жаваранак» (1953), «Бекет, ці Гонар Божы» (1959) паказана гібель маральна бескампраміснага героя, які адстойвае сваю чалавечую годнасць. П’есы Ануя вызначаюцца разнастайнасцю і навізной сюжэтаў, натуральнасцю дыялогу, эмацыянальнасцю і гумарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМБО́ЎСКІ (Dembowski) Эдвард (25.4 або 31.5.1822, Варшава — 27.2.1846),
польскі паліт. дзеяч, філосаф, публіцыст. У 1842—43 рэдактар і выдавец час. «Przegląd Naukowy» («Навуковы агляд»), вакол якога аб’ядналася незалежная маладая інтэлігенцыя. Пад уплывам Г.Каменскага ўступіў у Саюз польск. народа і разам з П.Сцягенным прымаў удзел у падрыхтоўцы нар. паўстання. У 1843 пад пагрозай арышту ўцёк у Познань, дзейнічаў у незалежніцкім руху ў Малапольшчы. З 1845 у Галіцыі, адзін з кіраўнікоў Кракаўскага паўстання 1846. Застрэлены аўстрыйцамі ў час дэманстрацыі. Аўтар прац «Думкі пра будучыню філасофіі», «Нарыс гісторыі польскай літаратуры» (абедзве 1845) і інш.
Тв.:
Pisma. T. 1—5. Warszawa, 1955.
Літ.:
Szypowska M. Edward Dembowski, 1822—1846. Warszawa, 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖДАН Алег (сапр.Пушкін Алег Аляксеевіч; н. 5.1.1938, г. Смаленск, Расія),
бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1960), Літ.ін-т імя М.Горкага (1969), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1978). Працаваў на Бел. тэлебачанні, кінастудыі «Беларусьфільм». З 1993 у час. «Нёман». Друкуецца з 1963. Піша на рус. мове. Асн. тэмы: жыццё гараджаніна ў першым пакаленні, побыт людзей правінцыяльных гарадоў Беларусі (кн. прозы «У час развітання», 1975, «У гасцях і дома», «Знаёмы», абедзве 1977, «Рысы і абліччы», 1985, «Па абодва бакі прахадной», 1987, «Самастойнае жыццё», 1990). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Сумленны, разумны, нежанаты» і «Хочаце любіце, хочаце не», п’есы «Салгалі Богу, салгалі» (1993). Перакладае на рус. мову творы бел. пісьменнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў Уладзімір Усцінавіч (н. 25.4.1949, в. Мурожніца Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. акварэліст, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1971). Разнастайныя па пластычнай манеры творы аб’ядноўвае мяккасць жывапісных рашэнняў і стрыманасць колеру. Сярод твораў: пейзажы «Месяц над возерам» (1985), «Край блакітных азёр» (1986), цыкл «Далёкі ўсход» (1990), «Раніца» (1995), «Браслаўшчына» і «Сведка стагоддзяў» (1996); нацюрморты «Вярба» (1986), «Нацюрморт з трубой, ракушкамі і марскімі вожыкамі» і «Кета» (абодва 1990), тэматычныя кампазіцыі «Сталі на смерць» і «Памяць» (абедзве 1985). Яго творам уласцівы адметная логіка пабудовы маст. вобраза, спалучэнне канкрэтыкі вобразных вырашэнняў з узнёсла рамантычнымі і сімвалічнымі прыёмамі яе інтэрпрэтацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ЎСКІ Аляксандр Сцяпанавіч (н. 27.1.1923, в.Вял. Труханавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. жывапісец. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1956). Стыпендыят ЮНЕСКА (1961). З 1956 выкладае ў Бел.АМ. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны і пейзажа. Творы вылучаюцца рэаліст. вобразнай мовай, дасканалай маст. формай, прыўзнята-рамант. ладам: «На работу ў вёску» (1956), «Блакітная песня» (1972), «Красавіцкі вечар» (1975), «Над возерам» (1977), «9 мая» (1978), «Снегіры» (1982), «Аўтапартрэт. Год 1941» (1984), «Размова» (1985), «Маладзік нарадзіўся» (1987), «Вестка аб Перамозе» (1990), «Час восеньскіх туманаў», «Адліга» (абедзве 1991), «Зварот да вытокаў» (1992), «Туманная раніца» (1993), «У родным краі» (1995).