від жывапісу маст. алейнымі фарбамі, у якіх сувязным рэчывам для каляровых парашкоў (пігментаў) з’яўляюцца алей ільняны, арэхавы, сланечнікавы і інш. і розныя лакі. Алейны жывапіс выконваецца пераважна на палатне, дрэве, кардоне, метал. плітах, пакрытых спец. грунтамі (станковы алейны жывапіс) ці па вапнавым тынку (манументальны алейны жывапіс). Вядомы з 10 ст. Пашырыўся на пач. 15 ст. пасля ўдасканалення яго Я. ван Эйкам. На Беларусі вядомы з пач. 16 ст. У тэхніцы алейнага жывапісу працуе пераважная большасць мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДСТА́ЎКА,
1) у дарэвалюцыйнай Расіі з 18 ст. ў шырокім сэнсе — усякае звальненне з дзярж. службы (ваен. або цывільнай).
2) Поўнае вызваленне асоб афіцэрскага складу, прапаршчыкаў і мічманаў ад нясення ваен. службы па ўзросце, стане здароўя ці інш. прычынах; адзін з відаў звальнення з абавязковай ваен. службы.
3) У практыцы дэмакр. краін адстаўка ўрада (асобных яго членаў) або кіраўнікоў выканаўчай улады — складанне імі сваіх паўнамоцтваў у сувязі з вынясеннем ураду вотуму недаверу або ганьбавання, унутр. рознагалоссямі ва ўрадзе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗІ́ЎНА-І́МПУЛЬСНАЯ АПРАЦО́ЎКА,
від ультрагукавой апрацоўкі, пры якім паверхня крохкіх матэрыялаў апрацоўваецца імпульсным уздзеяннем абразіўных часцінак. Пры абразіўна-імпульснай апрацоўцы ў зону апрацоўкі нагнятаецца суспензія абразіўных часцінак алмазу, вокісу алюмінію, карбіду крэмнію ці бору, рух якіх выклікаецца канцэнтратарам ультрагукавых ваганняў. Пры ўздзеянні на матэрыял часцінкі зразаюць яго, і апрацаваная паверхня капіруе форму рабочай часткі канцэнтратара. Крыніцай ваганняў з’яўляецца ультрагукавы генератар. абразіўна-імпульснай апрацоўкі выкарыстоўваецца пераважна для фарміравання адтулін, поласцяў, фасонных паверхняў, шліфавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБТУРА́ТАР (франц. obturater ад лац. obturare зачыняць),
1) прылада, з дапамогай якой у кінаапаратах перыядычна (на час, неабходны для змены кадра) перакрываецца светлавы паток, а таксама ажыццяўляецца мадуляцыя святла ў некаторых оптыка-мех. і фотаэл. прыборах. Адрозніваюць абтуратар з вярчальным рухам — дыскавыя, конусныя, цыліндрычныя і са зваротна-паступальным — шторныя; з люстраным пакрыццём або без яго. Абтуратар мае светлавыя адтуліны, праз якія святло праходзіць да кінаплёнкі.
2) Пругкі элемент у затворах гармат, які прыціскаецца пры выстрале да сценкі камеры і прадухіляе прарыў парахавых газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯЗА́ЦЕЛЬСТВА,
від цывільных праваадносін, у якіх адзін бок (даўжнік) абавязаны зрабіць на карысць другога боку (крэдытора) пэўныя дзеянні (перадаць маёмасць, выплаціць грошы, выканаць работу і інш.) або ўстрымацца ад іх, а крэдытор мае права патрабаваць ад даўжніка выканання яго абавязку. Крэдыторам і даўжніком могуць быць грамадзяне і юрыд. асобы (прадпрыемствы, установы, акц. т-вы і інш.) любой формы ўласнасці. Абавязацельствы могуць фіксавацца ў пагадненнях аб здзелках, у дагаворах, вынікаць з дзеючых заканадаўчых і адм. актаў і інш. нарматыўных дакументаў або абставін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТРУІ́ЗМ (франц. altruisme ад лац. alter іншы),
бескарыслівыя клопаты пра шчасце і дабрабыт інш. людзей, гатоўнасць ахвяраваць асабістымі інтарэсамі. Тэрмін увёў у 1830-я г.франц. філосаф А.Конт, які звязваў маральнае ўдасканаленне чалавека з выхаваннем у людзей пачуцця альтруізму, проціпастаўляючы ягоэгаізму. Асобныя ідэі альтруізму развіваліся ў раннім хрысціянстве, у вучэнні Францыска Асізскага (сярэднявечча), у новы час — асветнікамі (І.Гердэр, А.Шэфтсберы, Д.Юм, А.Сміт, Ж.Ж.Русо, І.В.Гётэ і інш.). Канкрэтныя формы альтруізму — міласэрнасць, дабрачыннасць, філантропія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЧ (Мікалай Міхайлавіч) (н. 2.5.1935, в. Варонічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. фізік. Чл.-кар.АН Беларусі (1989), д-р фізіка-матэм. н. (1987), праф. (1991). Скончыў БДУ (1957). З 1968 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1994 яго дырэктар. Навук. працы па хім. сувязі ў цвёрдых целах, рэнтгенаўскім аналізе рэальных крышталёў, фазавых пераходах пры высокіх цісках і т-рах, высокатэмпературнай звышправоднасці.
Тв.:
Интегральные характеристики дифракции рентгеновских лучей в монокристаллах с хаотическим распределением дислокаций // Металлофизика. 1986. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ (Васіль Васілевіч) (3.1.1861, г. Бежацк Цвярской вобл. — 26.12.1918),
рускі музыкант, балалаечнік-віртуоз. У 1838 1888 заснаваў у Пецярбургу першы аркестр рус.нар. інструментаў (з 1923 імя Андрэева), канцэртаваў з ім па Расіі, краінах Зах. Еўропы, ЗША. Пры яго ўдзеле ўдасканалена нар. балалайка, створаны яе аркестравыя разнавіднасці; арганізаваны многія аркестры рус.нар. інструментаў. Зацвердзіў балалайку як канцэртны інструмент. Аўтар каля 40 п’ес для балалайкі і аркестра, школы ігры на балалайцы (1894).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕЎРЫ́ЗМА (ад грэч. aneurysma расшырэнне),
абмежаванае расшырэнне крывяноснага сасуда ці поласці сэрца пры станчэнні і выпучванні яго сценкі. Адрозніваюць анеўрызмы сапраўдныя, калі выпучваюцца ўсе слаі сценак, і несапраўдныя — анеўрызматычны мяшок фарміруецца пры сценцы пашкоджанага сасуда. Анеўрызма сасудаў (артэрыяльныя, вянозныя, артэрыявенозныя) і аорты з’яўляюцца ўскладненнямі атэрасклерозу, сіфілісу, раненняў і інш. хвароб. Анеўрызма сэрца ўзнікае пасля інфаркту ў сценцы левага жалудачка. Анеўрызмы могуць парушаць кровазабеспячэнне і сціскаць прылеглыя тканкі. Магчымы разрывы анеўрызмы і крывацёкі са смяротным зыходам. Лячэнне спецыяльнае (асн. хваробы) і хірургічнае (траўматычныя анеўрызмы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІМЕ́ЛЕ Мікалай, бел. этнограф і археолаг сярэдзіны 19 ст. Вольнаадпушчаны селянін Віцебскай губ. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру паўн.-ўсх. Беларусі. На падставе яго апісанняў Рускае геагр.т-ва выдала працу «Побыт беларускіх сялян» (Этнографический сборник. Спб., 1854. Вып. 2). У ёй апісаны жыллё, хатняе начынне, адзенне, ежа, сямейныя і каляндарныя абрады, вытв. заняткі, звычаі, сац. і маёмасная дыферэнцыяцыя сялянства напярэдадні адмены прыгоннага права. У працы змешчаны таксама нар. прыказкі, песні, паданні. Аўтар высока цаніў працавітасць, маральныя і інтэлектуальныя якасці беларусаў.