анаксібіёз, жыццё пры адсутнасці свабоднага малекулярнага кіслароду. Звычайная ўмова існавання анаэробных арганізмаў. Тэрмін анаэрабіёз увёў франц. вучоны Л.Пастэр (1861); ён паказаў, што мікраарганізмы, якія выклікаюць маслянакіслае браджэнне, гінуць у прысутнасці кіслароду. У шматклетачных жывёл анаэрабіёз — часцей часовы стан, які забяспечвае выжыванне ў перыяды недахопу кіслароду і суправаджаецца рэзкім падзеннем абмену рэчываў і пераходам у неактыўнае становішча (гл.Анабіёз). Працэсы анаэробнага ператварэння (браджэнне, гніенне) маюць вял. значэнне ў кругавароце рэчываў у прыродзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕРО́ІД (ад а... + грэч. nēros вільготны + eidos від),
прылада для вымярэння атм. ціску. Асн. дэталь — метал. скрыначка, унутры якой вакуум. Пры павышэнні ціску яна сціскаецца, што праз злучаную з ёю спружыну выклікае зрушэнне стрэлкі на шкале. Адчувальнасць да 10 Па. Для атрымання сапраўднага значэння ціску ў паказанні анероіда ўводзяць папраўкі, якія вызначаюцца пры параўнанні з данымі ртутнага барометра. Выкарыстоўваецца таксама як вышынямер (напр., у авіяцыі; шкалу анероіда градуіруюць у метрах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННАЕ ЎЗДЗЕ́ЯННЕна прыроду,
прамы або апасродкаваны ўплыў чалавецтва на прыроду, што прыводзіць да кропкавых, лакальных, рэгіянальных ці генералізаваных (амаль да глабальных) яе змен. Пастаянна павялічваецца з развіццём прадукц. сіл і інтэнсіфікацыяй прыродакарыстання, з’яўляецца аб’ектыўнай рэаліяй, якая складае аснову пераўтварэння прыроды і абумовіла зараджэнне і развіццё тэорыі і практыкі аховы прыроды, а таксама сістэм рацыянальнага прыродакарыстання.
Літ.:
Митрюшкин К.П., Шапошников Л.К. Прогресс и природа. М., 1978;
Риклефс Р. Основы общей экологии: Пер. с англ.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІ́ЧНАЯ БУДО́ВА КАПІТА́ЛУ,
адносіны паміж вартасцю пастаяннага капіталу і вартасцю пераменнага капіталу, катэгорыя марксісцкай палітэканоміі. Адлюстроўвае тэхн. склад капіталу: колькасныя адносіны сродкаў вытв-сці да рабочай сілы. Чым больш машын, абсталявання, матэрыялаў і інш. сродкаў вытв-сці прыпадае на аднаго рабочага, тым арганічная будова капіталу і яго тэхн. будова вышэйшыя. З развіццём вытворчасці, паскарэннем тэмпаў навукова-тэхн. прагрэсу гэты паказчык павялічваецца. Гэта азначае, што доля жывой працы змяншаецца, а доля мінулай працы расце, у выніку прадукцыйнасць працы павышаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́С III (30.1.1894, Сафія — 28.8.1943),
цар Балгарыі [1918—43]. Сын Фердынанда I Кобургскага. У 1923 ухваліў путч супраць прэм’ер-міністра А.Стамбалійскага. У 1935 адправіў у адстаўку ўрад К.Георгіева і ўсталяваў сваю дыктатуру. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Германію. Пры ім Балгарыя стала саюзніцай фаш. Германіі (1941), але захавала дыпламат. адносіны з СССР, не пасылала свае войскі на сав.-герм. фронт, у мясц. канцлагерах пакінута 25 тыс.балг. яўрэяў, што падлягалі дэпартацыі. Раптоўна памёр пасля вяртання з аўдыенцыі ў Гітлера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУДАКІ́», будакі-паны,
група насельніцтва бел. паходжання на тэр.б. Лукаянаўскага пав. Ніжагародскай губ. (сучасныя паўд. раёны Ніжагародскай вобл. Расіі). Утварыліся ў 17 ст. ў часы царавання Аляксея Міхайлавіча ў выніку прымусовага перасялення этнічна бел. насельніцтва. Назва паходзіць ад занятку гэтых людзей у мінулым будным промыслам (скажонае ад буднікі). Велікарус. наваколле называла «будакоў» таксама «літвой», «палякамі», «польшчай». Паводле перапісу 1897, з 995 беларусаў, што жылі ў Ніжагародскай губ., большасць (67,5%) была сканцэнтравана ў Лукаянаўскім пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́РА, вера,
у Стараж. Русі грашовы штраф, што спаганяўся са злачынца на карысць князя за забойства ці цяжкае калецтва вольнага чалавека. Калі злачынцу нельга было знайсці, віру плаціла сельская абшчына (верв), на тэрыторыі якой знойдзена цела (дзікая віра). Спагнанне віры замяніла кроўную помсту. Паводле «Рускай праўды» памер віры 40 грыўняў. За забойства дружынніка ці слугі князя віру плацілі ўдвая большую (80 грыўняў). За цяжкае калецтва (адсячэнне рукі, нагі) ці за забойства нявернай жонкі спаганялася палова віры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЛІЦЭ́НУС ((Wislicenus) Іаганес) (24.6.1835, Кляйнехштат, каля г. Кверфурт, Германія — 5.12.1902),
нямецкі хімік-арганік. Вучыўся ва ун-тах Цюрыха і Гале. З 1861 выкладаў у Цюрыху, Вюрцбургу, Лейпцыгу (з 1867 праф.). Навук. працы па тэорыі хім. будовы і ізамерыі арган. злучэнняў. Выказаў меркаванне, што малочная і мяса-малочная к-ты з’яўляюцца прасторавымі ізамерамі (1869). На падставе гэтага Я.Х. вант Гоф стварыў стэрэахім. тэорыю. Паказаў існаванне геам. (цыс-, транс-) ізамераў на прыкладзе малеінавай і фумаравай к-т (1887).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ВІ́ЛЕНСКІХ ЦЭ́ХАЎ,
«Akty cechów Wileńskich», зборнік дакументаў па гісторыі прафесійна-вытв. карпарацый у Вільні ў 1495—1700. Выдадзены ў Вільні ў 1939. Складальнік Г.Лаўмянскі. Змешчана 487 актаў (у т. л. прывілеі вял. князёў, выпіскі з соймавых пастаноў, судовыя рашэнні), звязаных з дзейнасцю віленскіх цэхаў, рамесных і мядовых «брацтваў», розных прафес. карпарацый — лекараў, купцоў, чл. віленскага магістрата і інш. Дакументы на лац., старабел., польск. мовах. Яны сведчаць, што многія цэхі Вільні аб’ядноўвалі бел.правасл. рамеснікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЧВАННЕраслін,
агратэхнічны прыём догляду пасеваў; абгортванне рыхлай глебай асновы сцяблоў раслін. Забяспечвае добрае праграванне і аэрацыю глебы, зніжае яе залішняе ўвільгатненне, садзейнічае назапашванню пажыўных рэчываў. Выкарыстоўваюць для аховы раслін ад зімовых маразоў (спаржа, артышок), веснавых замаразкаў (бульба, памідоры, вінаград, ружа), для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін, стымуляцыі ўтварэння дадатковых каранёў і бакавых парасткаў (напр., у бульбы), што можа павялічваць ураджайнасць да 15%. Колькасць акучвання і тэрмін правядзення залежаць ад біял. асаблівасцяў раслін і глебава-кліматычных умоў.