МІЭЛАЦЫ́ТЫ [ад грэч. myelos (касцявы) мозг + ...цыт(ы)],
адна з форм клетак крывятворнай (міэлоіднай) тканкі чырвонага касцявога мозгу ў пазваночных. Утвараюцца са ствалавых крывятворных клетак, праходзяць стадыі міэлабласту і праміэлацыту. З М. развіваюцца зярністыя лейкацыты (гранулацыты). У норме М. ў кроў не паступаюць, але могуць з’яўляцца пры паталаг. працэсах (напр., лейкозах).
т. 10, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯЗІ́Т (ад мія... + ...іт),
запаленне шкілетных мышцаў чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны; гнойны (напр., флегманозны) і нягнойны (напр., серозны, туберкулёзны і інш.). Асаблівая форма — асіфіцыравальны М., пры якім у тоўшчы мышцаў утвараюцца ўчасткі касцявой тканкі. Суправаджаецца болямі, прыпухласцю, парушэннем функцыі мышцаў. Лячэнне тэрапеўт. і сімптаматычнае (абязбольвальныя сродкі, фізіятэрапія).
т. 10, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЎЛЯ́НКА, Нароўля,
рака ў Мазырскім і Нараўлянскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 27 км. Пл. вадазбору 124 км². Пачынаецца за 3 км на ПдЗ ад в. Міхалкі Мазырскага р-на. Рэчышча ў ніжнім цячэнні на працягу 3 км каналізаванае. Пры ўпадзенні Н. ў Прыпяць г. Нароўля.
т. 11, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАНТАЛО́ГІЯ [ад неа... + грэч. on (ontos) існае, істота + ...логія],
комплекс біялагічных навук пра сучасны арган. свет. Вывучае будову і функцыян. асаблівасці жывых арганізмаў, іх індывід. развіццё, роднасныя сувязі, пашырэнне, узаемаадносіны з навакольным асяроддзем і паміж сабой. Пры вывучэнні слаба змененых рэшткаў арганізмаў з антрапагенавых адкладаў (напр., трупаў мамантаў) мяжуе з палеанталогіяй.
т. 11, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕК (англ. neck літар. шыя),
слупападобнае геал. цела ў жарале вулкана. Складаецца з лавы, туфалавы, лавабрэкчыі, вулканічнай брэкчыі і інш. Папярочнае сячэнне акруглае або авальнае. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да 1,5 км. Залягае ў больш слабых горных пародах, пры іх эрозіі выступае ў выглядзе слупападобнага падняцця. З’яўляецца рудазмяшчальнай структурай.
т. 11, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСКРЫЖАВА́ЛЬНАСЦЬ,
немагчымасць свабоднага скрыжавання паміж асобінамі розных відаў, якія ў прыродных умовах насяляюць адну тэрыторыю, і пры аддаленай гібрыдызацыі. Прычына — рэпрадуктыўная ізаляцыя. Адыгрывае важную ролю ў відаўтварэнні, адзнака адасаблення віду. У селекцыі для пераадолення Н. выкарыстоўваюць спец. прыёмы: поліплаідыю, вегетатыўнае збліжэнне ў раслін, штучнае асемяненне ў жывёл.
Р.Г.Заяц.
т. 11, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСУ́ЧАЯ ЧАСТАТА́,
частата гарманічнага вагання, якое мадулюецца (гл. Мадуляцыя ваганняў) з мэтай перадачы інфармацыі. У выніку змены аднаго з параметраў вагання (радзей двух) утвараецца спектр частот, шырыня якога залежыць ад віду мадуляцыі. Напр., пры амплітуднай мадуляцыі ў спектры радыё- ці інш. частот разам з Н.ч. ёсць бакавыя частоты з перададзенай інфармацыяй.
т. 11, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭС-БЮРО́,
1) рэдакцыйны апарат для абслугоўвання прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі на перыяд работы з’ездаў, канферэнцый, нарад. Арганізуе прэс-канферэнцыі, выпускае прэс-рэлізы і г.д. 2) Пастаянна дзеючы орган інфармацыі пры рэдакцыях газет, агенцтвах друку, пасольствах, прадстаўніцтвах і інш. установах, які забяспечвае друк гатовымі артыкуламі, інфармацыяй, ілюстрацыйным і інш. матэрыялам.
т. 13, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІДЭРЫ́ЧНЫ МЕ́СЯЦ, Зорны месяц,
прамежак часу паміж 2 паслядоўнымі вяртаннямі Месяца, пры яго бачным месячным руху, у адно і тое ж (адносна зорак) месца нябеснай сферы. Працягласць непастаянная, можа мяняцца на некалькі гадзін. Сярэдняе значэнне С.м. 27,321661 сярэдніх сонечных сутак. С.м. роўны перыяду поўнага абарачэння Месяца вакол Зямлі (адносна зорак).
т. 14, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАВІЯ́ЛЬНАЯ ВА́ДКАСЦЬ (ад грэч syn разам + лац. ovum яйцо),
вязкая вадкасць, якую прадуцыруе сінавіяльная абалонка ў поласць сустава. Памяншае трэнне паверхні сустава пры руху, прадухіляе сустаўныя храсткі ад сцірання, выконвае таксама метабалічную і бар’ерную функцыі, у суставе яе ўтрымліваецца 1—2 мл. Паводле саставу — дыялізат плазмы крыві з уключэннем гіялуронавай кіслаты.
т. 14, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)