раздзел фізікі, у якім вывучаюцца фіз. ўласцівасці крышталёў у сувязі з іх атамным (хімічным) саставам і будовай крышталічнай рашоткі. Для крышталёў характэрна анізатрапія, іх анізатропныя ўласцівасці характарызуюцца сукупнасцю некалькіх незалежных велічынь і апісваюцца тэнзарамі.
Кожны крышталь у адносінах да адных уласцівасцей можа. быць анізатропным, да другіх — ізатропным. Наяўнасць залежнасці якой-н. уласцівасці ад напрамку ў крышталі і колькасць незалежных велічынь, якімі гэтая ўласцівасць апісваецца, вызначаюцца прыродай самой уласцівасці і сіметрыяй крышталя. Некаторыя фіз. ўласцівасці крышталёў не могуць залежаць ад напрамку, напр., цеплаёмістасць, шчыльнасць. Гл. таксама Крышталяграфія, Крышталяоптыка.
Літ.:
Най Дж. Физические свойства кристаллов и их описание при помощи тензоров и матриц: Пер. с англ. 2 изд. М., 1967;
Сиротин Ю.И. Шаскольская М.П. Основы кристаллофизики. 2 им, М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Леў Уладзіміравіч) (13.1.1899, г. Тамбоў, Расія — 29.3.1970),
расійскі кінарэжысёр, тэарэтык кіно, педагог; адзін з пачынальнікаў рас. кінамастацтва. Нар.арт. Расіі (1969). Д-р мастацтвазнаўства (1946). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. З 1939 праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі. У кіно пачынаў як мастак (1916). Рэжысёрскі дэбют — фільм «Праект інжынера Прайта» (1918). Стварыў тэорыю мантажу («эфект К.»). Фармальныя і жанравыя пошукі ў фільмах «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў» (1924), «Прамень смерці» (1925), «Гарызонт», «Вялікі суцяшальнік» (абодва 1933) і інш. Стужкам К. ўласцівы напружанасць сюжэтаў, востра акрэслены малюнак роляў, высокая выяўл. культура. Аўтар кніг «Мастацтва кіно» (1929), «Асновы кінарэжысуры» (1941) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРА́КІН (Барыс Іванавіч) (30.7.1676, Масква — 28.10.1727),
расійскі ваен. дзеяч, дыпламат, гісторык, адзін з паплечнікаў цара Пятра I. Ген.-маёр (1712). З роду кн. Куракіных, нашчадкаў Гедзіміна. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96 і Палтаўскай бітвы 1709, потым на дыпламат. службе. Садзейнічаў дыпламат. забеспячэнню пазіцый Расіі ў час Паўночнай вайны 1700—21, у т. л. па даручэнні Пятра I заключыў у 1710 дагавор «аб узаемнай дружбе і саюзе» з курфюрстам Гановера Георгам. З 1711 пасол у Нідэрландах, у 1724—27 — у Францыі. Пакінуў багатую рукапісную спадчыну (надрук. ў «Архіве князя Ф.А.Куракіна», т. 1—10, 1890—1902) — дыпламат. матэрыялы, аўтабіяграфію «Жыццё князя Барыса Карыбута-Куракіна з роду, які паходзіць з Польшчы і Літвы», «Гісторыю пра цара Пятра Аляксеевіча» і інш.
Літ.:
Молчанов Н.Н. Дипломатия Петра Великого. 3 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАЧКІН (Акім Рыгоравіч) (н. 10.9.1912, г. Ветка Гомельскай вобл.),
бел. скульптар. Засл. работнік культ. Беларусі (1988). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1934). Працуе ў станковай і манум. скульптуры. Асн. тэма творчасці — гераізм народа ў Вял.Айч. вайне: кампазіцыі «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1951), «У тыле ворага» (1958), «Рэйкавая вайна» (1974), партрэты Героя Сав. Саюза А.М.Кіжаватава (1967), падпольшчыцы С.С.Панковай (1968). Аўтар помнікаў воінам Сав. Арміі і партызанам ў Слоніме (1956), Паставах (1965), Полацку (1967), Вілейцы (1969), в. Грозаў Капыльскага (1973) і Маслакі Горацкага (1983) р-наў і інш. Сярод інш. работ: «Поўдзень» (1965), «Юнацтва» (1973), «За волю, за долю» (1982), «На родных прасторах» (1983), бюст Ю.А.Гагарына (1969).
Літ.:
А.Р.Курачкін / Аўтар тэксту Л.Н.Дробаў. Мн., 1987.
бел. і расійскі артыст балета. Засл. арт. Расіі (1995). Скончыў Бакінскае харэаграфічнае вучылішча (1976). З 1976 саліст Азерб.т-ра оперы і балета імя М.Ф.Ахундава, у 1980—87 Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1989 — Марыінскага т-ра. Творчасці ўласцівы дасканалая тэхніка танца, выразнасць і чысціня пластычнага малюнка, лірычная пранікнёнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Зігфрыд і Прынц («Лебядзінае возера» і «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Крас («Спартак» А.Хачатурана), Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Юнак («Балеро» М.Равеля) і інш. Лаўрэат V Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 140—144.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛЯ́НДЫЯ (ням. Kurland),
Курземе, гістарычная вобласць на З Латвіі. Са старажытнасці населена балцкімі плямёнамі, ад аднаго з іх (куршаў) наз. Курземе. Кантактавала з Полацкім княствам. З пач. 13 ст. ў саюзе з літ. князямі намагалася абараніцца ад экспансіі крыжакоў. Да 1267 заваявана і хрысціянізавана крыжацкім Лівонскім ордэнам, тут існавала Курляндскае епіскапства. З 1561 б.ч. К. ўваходзіла ў склад падвасальнага ВКЛ (з 1569 Рэчы Паспалітай) Курляндскага герцагства, у якім з 1617 дзейнічалі Курляндскія статуты. Адсюль паходзіў фаварыт рас. імператрыцы Ганны Іванаўны Э.І.Бірон (курляндскі герцаг у 1737—40 і 1763—69, гл.Біронаўшчына). Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Расіі, уключана ў Курляндскую губ. (1796—1917). У 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Германіі (з 1915). 3 ліст. 1918 у складзе Латвіі (да 1940 яе правінцыя).
артыстка балета, педагог. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1904). Дачка Ф.Л.Кшасінскага. Вучылася ў Пецярбургскім тэатр. вучылішчы. У 1890—1917 выступала ў Марыінскім т-ры ў С.-Пецярбургу, а таксама ў Монтэ-Карла, Варшаве, Вене, Парыжы, антрэпрызе С.Дзягілева. Яе выкананне вылучалася бравурнасцю, жыццярадаснасцю, пікантнасцю, класічнай завершанасцю. Сярод партый: Млада, Нікія («Млада», «Баядэрка» Л.Мінкуса), фея Дражэ, Адэта—Адылія, Аўрора («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Пахіта («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Каламбіна («Арлекінада» Р. Дрыга), Ліза («Марная засцярога» Ф.Герольда), Эсмеральда (аднайм. балет Ц.Пуні) і інш. З 1920 у Францыі, адкрыла (1929) балетную студыю ў Парыжы. Аўтар «Успамінаў» (1960).
Літ.:
Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 2. Танцовщики. Л., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КШАСІ́НСКІ (сапр.Кшасінскі-Нечуй) Фелікс
(Адам-Валезіуш) Іванавіч (Янавіч; 17.11.1823, Варшава — 16.7.1905),
расійскі артыст балета, балетмайстар. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1898). Вучыўся ў Варшаўскай балетнай школе (1831—38, педагог М.Піён). У 1844—52 танцоўшчык балетнай трупы «Варшаўскіх урадавых тэатраў». З 1853 саліст Пецярбургскай балетнай трупы. Асабліва па-заліхвацку выконваў польск., цыганскія, венг. танцы ў балетах і операх; першы ў Расіі «мазурыст». Сярод партый: Ініга («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Бірбанта («Карсар» А.Адана), цар Нубійскі, Кандаўл, Клод Фрола («Дачка фараона», «Цар Кандаўл», «Эсмеральда» Ц.Пуні), Брамін («Баядэрка» Л.Мінкуса). Наватар у пошуках «рэаліст. грыму» ў балетным т-ры. Паставіў балеты «Сялянскае вяселле» («Вяселле ў Айцове») Я.Стэфані, «Роберт і Бертрам, або Два злодзеі» І.Шміта і Пуні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБА́НАЎ (Андрэй Міхайлавіч) (10.8.1900, Масква — 18.2.1959),
расійскі рэжысёр. Нар.арт. Расіі (1947). Скончыў школу 2-й студыі МХАТ (1922). У т-ры з 1924. У 1930—40-я г. рэжысёр Тэатра-студыі пад кіраўніцтвам Р.Сіманава, у інш. т-рах. У 1945—56 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя М.М.Ярмолавай. Выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (з 1948 праф.). Пастаноўкі класічных твораў («Вішнёвы сад» А.Чэхава, 1934; «Шалёныя грошы» А.Астроўскага, 1945; «Дачнікі», 1949, «Дасцігаеў і іншыя», 1952, М.Горкага) адметныя нечаканасцю, сучаснай трактоўкай канфлікту, сатыр. вастрынёй, яркай камедыйнасцю. Рэжысура сучасных п’ес вылучалася стрыманасцю, прастатой агульнага тону «Таня» А.Арбузава (1939), «Старыя сябры» Л.Малюгіна (1946) і інш. Дзярж прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБІ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. labillis рухомы, няўстойлівы) у фізіялогіі, функцыянальная рухавасць, уласцівасць узбудлівай тканкі ўзнаўляць без скажэння частату наносімых рытмічных раздражненняў. Тэрмін прапанаваны М.Я.Увядзенскім (1886). Мера Л. — макс. колькасць імпульсаў за 1 сек, якую фізіял. апарат (валакно, сінапс) здольны ўзнавіць пры зададзеным рытме. Адлюстроўвае час, на працягу якога тканка аднаўляе працаздольнасць пасля чарговага цыкла ўзбуджэння. Пры перавышэнні Л. ўзнікае мясц. застойнае ўзбуджэнне, якое прыводзіць да тармажэння. Неаднолькавую Л. маюць нейроны з розных абласцей нерв. сістэмы. Напр., рухальныя нейроны спіннога мозга ўзнаўляюць частату 200—300 Гц, уставачныя да 1000 Гц. У біялогіі і медыцыне Л. азначае рухомасць, няўстойлівасць, зменлівасць (напр., псіхікі, фізіял. стану, пульсу, т-ры цела і інш).
Літ.:
Голиков Н.В. Физиологическая лабильность и ее изменения при основных нервных процессах. Л., 1950.