БАЙКА́ЛЬСКІЯ НЕАЛІТЫ́ЧНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

археалагічныя культуры неаліту на тэр. Прыбайкалля. Насельніцтва найб. ранняй ісакаўскай культуры (4-е — пач. 3-га тыс. да нашай эры) займалася паляваннем, вырабляла сланцавыя наканечнікі стрэл, шліфаваныя цёслы, вастрадонны і паўяйкападобны керамічны посуд з адбіткам сеткі-пляцёнкі на паверхні. Плямёны сяроўскай культуры (3-е тыс. да нашай эры) удасканалілі каменныя і касцяныя прылады (шліфавалі і свідравалі). З’явіліся рэчы з зялёнага нефрыту, складаны лук з касцянымі абкладамі, скульптурныя выявы ласёў, рыб, антрапаморфныя фігуркі, наскальныя малюнкі. Кругладонны посуд упрыгожаны адбіткамі розных штампаў. Асн. заняткам насельніцтва кітойскай культуры (сярэдзіна 3 — пач. 2-га тыс. да нашай эры) было рыбалоўства. З’явіліся састаўныя (з косці і каменю) рыбалоўныя кручкі, доўгія касцяныя кінжалы з крамянёвымі ўкладышамі, павялічылася колькасць вырабаў з нефрыту. Пахавальны абрад насельніцтва Байкальскіх неалітычных культур — трупапалажэнне ў грунтавых магілах; нябожчыкаў пасыпалі вохрай.

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДЭ́РА (Сцяпан Андрэевіч) (1.1.1909, с. Стары Угрынаў Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 15.10.1959),

дзеяч украінскага нац. руху, лідэр Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН). Чл. АУН з 1929, з 1940 (пасля яе падзелу) кіраўнік фракцыі бандэраўцаў — АУН(б). Арганізоўваў і ажыццяўляў тэрарыст. дзейнасць супраць польск. улад у адказ на іх антыўкр. палітыку на Зах. Украіне. Двойчы прыгавораны да пакарання смерцю. З пач. 2-й сусв. вайны супрацоўнічаў з гітлераўскімі спецслужбамі. За абвяшчэнне без згоды ням. акупац. улад акта пра ўтварэнне «Украінскай самастойнай саборнай дзяржавы» зняволены ў канцлагеры Заксенгаўзен і Араніенбург. З 1943 АУН(б) абвясціла стратэгію «двухфрантавой» барацьбы (у т. л. і на тэр. Бел. Палесся) супраць Берліна і Масквы. Бандэра вызвалены з канцлагера па загадзе Г.​Гімлера ў кастр. 1944. Пасля вайны жыў у Мюнхене. Быў атручаны.

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫМЕ́ТР (ад грэч. optos бачны + ...метр),

оптыка-механічная прылада для найб. дакладных вымярэнняў лінейных памераў дэталяў. З дапамогай аптыметра вызначаюць памер у межах шкалы (абс. метады вымярэння) ці параўноўваюць лінейны памер з канцавой мерай даўжыні або з эталонам (адносны метад). Пераўтваральны элемент аптыметра — рычажна-аптычнае прыстасаванне: рычажная перадача — рухомае люстэрка і пераўтваральнік — аўтакаліматар. Бываюць верт. і гарызантальныя; з акулярам або з праекцыйным экранам. Цана дзялення да 0,2 мкм, межы вымярэнняў да 500 мм. Аптыметр забяспечваецца зменнымі прыстасаваннямі для вымярэнняў сярэдняга дыяметра разьбы, даўжыняў канцавых мер, спец. галоўкай для вымярэнняў адтулін дыяметрам ад 1 да 13,5 мм, праекц. насадкай для акулярных трубак і інш.

Схема аптыметра з праекцыйным адлікам: 1 — лямпа; 2 — пласціна са шкалой і індэксам; 3 — экран; 4 — праектавальныя люстэркі; 5 — рухомае люстэрка; 6 — нерухомае люстэрка; 7 — вымяральны стрыжань.

т. 1, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НЬ,

горад у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобл., на р. Адроў. Падпарадкоўваецца Аршанскаму гарсавету. За 9 км ад Оршы, на аўтамаб. дарозе Орша—Коханава. 14,4 тыс. ж. (1995). Прадпрыемствы металаапр. і лёгкай прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў, магіла ахвяраў фашызму.

Вядома як сяло Барань (потым Старая Барань), што ў 1518 належала кн. К.​І.​Астрожскаму. З 1598 мястэчка Аршанскага пав. У 1-й пал. 17 ст. ў Барані 38 дамоў. У 2-й пал. 19 ст. каля 300 ж., працавалі крухмальны з, млын, было нар. вучылішча (адкрыта ў 1871, 31 вучань). У 1873 тут заснаваны драцяна-цвіковы з. У 1924—60 цэнтр сельсавета ў Аршанскім раёне. З 1935 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 16.7.1941 да 27.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. З 17.5.1972 горад.

т. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРО́Н ((Aron) Рэймон) (14.3.1905, Парыж — 17.10.1983),

французскі філосаф, сацыёлаг. Праф. Кёльнскага (з 1930), у 1956—68 праф. у Сарбоне, з 1970 — у Калеж дэ Франс, потым Берлінскага ун-таў. Паліт. аглядальнік газет «Le Figaro» («Фігаро», з 1947), «L’Express» («Экспрэс», з 1977). Адзін з аўтараў тэорый «адзінага індустрыяльнага грамадства» і «дэідэалагізацыі». Распрацоўваў т.зв. крытычную філасофію гісторыі. Лічыў, што прагрэс навукі і тэхнікі ў 20 ст. параджае пэўныя ідэалы і адначасова робіць немагчымым іх здзяйсненне, што вядзе да масавага песімізму. Драма цывілізацыі, паводле Арона, складаецца з супярэчнасці спосабаў існавання і ідэалаў дэмакр. і індустр. грамадства; дысгармонія гэтых 2 тэндэнцый сучаснай цывілізацыі робіць яе нестабільнай. Асн. працы: «Уводзіны ў філасофію гісторыі» (1938), «Этапы сацыялагічнай думкі» (1967), «Расчараванне ў прагрэсе» (1969), «Прамова ў абарону Еўропы, што дэградзіруе» і інш. Аўтар «Мемуараў» (1983).

т. 1, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУСЬКА́ЛІЙ»,

вытворчае аб’яднанне ў Беларусі, у г. Салігорск. Утворана ў 1970 як Беларускі калійны камбінат на базе 1-га (працуе з 1963), 2-га (з 1965) і 3-га (з 1969) камбінатаў (рудаўпраўленняў). З 1975 ВА «Беларуськалій», у якое ў 1977 увайшоў 4-ы калійны з. Працуе на базе Старобінскага радовішча калійных і каменнай соляў. Выпускаў каля 20% сусв. вытв-сці калійных угнаенняў, здабываў больш за 40 млн. т калійнай руды, выпрацоўваў каля 5,7 млн. т калійных угнаенняў у пераліку на 100% K2O (1988). У 1994 выпушчана 2,54 млн. т угнаенняў. Асн. прадукцыя (1995): калій хлорысты дробназярністы і грануляваны, натрый хлорысты тэхнічны, соль калійная змешаная, соль кухонная і для жывёлагадоўлі. Супрацоўнічае з прадпрыемствамі і фірмамі Расіі, Германіі, Польшчы і інш. краін.

Да арт. «Беларуськалій». У забоі шахты.

т. 3, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́НДЗІЧЫ,

вёска ў Путрышкаўскім с/с Гродзенскага р-на. Прымыкае да паўн. ўскраіны г. Гродна. 1283 ж., 498 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

У 1561 сяло ў Гродзенскай эканоміі Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. ВКЛ. З 1674 маёнтак Грандзічы належаў Гродзенскаму кляштару кармелітаў. У 1705 у час Паўн. вайны 1700—21 у Грандзічах размяшчалася шведскае войска Карла XII, якое мела намер адрэзаць рус. войска ад Вільні. З 1795 у Рас. імперыі. У 1889 маёнткам валодала П.​Сулеўская. У 1904 вёска, 350 ж., і маёнтак, 33 ж. З 1921 у Польшчы, у Гродзенскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 1611 ж., 418 двароў. З 1987 у Путрышкаўскім сельсавеце.

В.​М.​Князева.

т. 5, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХО́НІН (Мікалай Мікалаевіч) (13.12.1876—3.12.1917),

расійскі ваен. дзеяч. Ген.-лейтэнант (1917). З дваран Смаленскай губ. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча (1896) і Акадэмію Генштаба (1902). У 1-ю сусв. вайну камандаваў палком, памочнік (са снеж. 1915) і ген.-кватэрмайстар (з чэрв. 1916) штаба Паўд.-Зах. фронту, нач. штаба Паўд.-Зах. (чэрв.жн. 1917) і Зах. (жн.вер. 1917) франтоў, нач. штаба пры вярх. галоўнакамандуючым А.​Ф.​Керанскім (з 23.9.1917). Выконваў абавязкі вярх. галоўнакамандуючага пасля Кастр. рэвалюцыі (16—22.11.1917; зняты з пасады сав. ўладамі за адмову неадкладна ўступіць у мірныя перагаворы з герм.-аўстр. камандаваннем). 3.12.1917 арыштаваны; забіты на вакзале ў Магілёве натоўпам салдат і матросаў, якія даведаліся пра вызваленне ім з турмы ў Быхаве кіраўнікоў Карнілава мяцяжу 1917 (ген. Л.​Г.​Карнілава, А.​І.​Дзянікіна і інш.).

т. 6, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫМ,

1) акладная (падатковая) адзінка на Русі і ў Расіі (9—18 ст.), Македоніі (13—14 ст.), Польшчы, Закаўказзі (13—19 ст.). Складаўся з дома і двара аднаго ўладальніка; падатак («падымнае») звычайна браўся з колькасці печаў і дымаходаў у гаспадарцы (напр., у 16—18 ст. спец. падатак на карысць мясц. адміністрацыі ў Расіі).

2) Сялянская гаспадарка ў ВКЛ у 14—18 ст. Уяўляла сабой гасп. комплекс малой або вялікай (якая не падзялялася) сям’і, складалася з хаты, гасп. будынкаў, розных с.-г. угоддзяў, рабочай і прадукц. жывёлы, гасп. інвентару. Д. быў адным з асн. аб’ектаў права ўласнасці феадалаў на зямлю, а таму і адным з асн. аб’ектаў уліку іх маёмасці. Разам са службай, дварышчам, жэрабем і валокай служыў таксама адной з асн. адзінак абкладання дзярж. падаткамі і феад. павіннасцямі.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЦКО́ (Галіна Рыгораўна) (н. 15.7.1930, г. Гомель),

бел. вучоны ў галіне эндакрыналогіі і геранталогіі. Д-р біял. н. (1984), праф. (1991). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1954). З 1954 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі, з 1958 у Сектары геранталогіі АН Беларусі, з 1987 у Ін-це радыебіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні агульных заканамернасцей уздзеяння працэсу старэння і радыяцыі на функцыю эндакрыннай сістэмы і гарманальную рэгуляцыю метабалізму, павелічэнні прыстасавальных магчымасцей арганізма ва ўмовах працяглага ўздзеяння малых доз іанізавальнага выпрамянення.

Тв.:

Старение и инсулин. Мн., 1975;

Жировая ткань при старении. Мн., 1985 (разам з А.​С.​Жукавай, Л.​Д.​Чайкай);

Гормоны и старение: Мембранные механизмы гормональной регуляции. Мн., 1991 (разам з Я.​Ф.​Канаплёй, А.​А.​Мілюціным);

Прыродная радыеактыўнасць. Мн., 1994 (разам з Я.​Ф.​Канаплёй).

т. 5, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)