ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКАЯ А́КЦЫЯ,

від акцый, якія размяркоўваюцца сярод заснавальнікаў акц. кампаній і даюць ім пэўныя правы і прывілеі ў параўнанні з інш. акцыянерамі. Да такіх пераваг адносяцца, напр. павышаныя дывідэнды, дадатковая колькасць галасоў на агульных сходах акцыянераў, права на першачарговае атрыманне акцый пры дадатковым іх выпуску, на атрыманне часткі заснавальніцкага прыбытку.

т. 6, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЕРНІ́Т,

запаленне пячорыстых цел палавога члена. Праяўляецца высокай т-рай цела, болем, чырванню, прыпухласцю палавога члена; параўнальна хутка фарміруецца гнайнік. Бывае востры (пачатак хваробы раптоўны, ліхаманка, гіперэмія палавога члена з інфільтратам) і хранічны (у пячорыстых целах утвараецца валакністая злучальная тканка, якая дэфармуе палавы член пры эрэкцыі). Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.

т. 7, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКА́ВА-АЛЕ́Й,

алей з насення какавы. Жаўтаватае, прыемнага паху рэчыва. Шчыльн. (пры 40 °C) 920,6 кг/м³. Т-ра плаўлення 30—34 °C. Лік амылення 192—196, ёдны лік 32—38. Выкарыстоўваюць як аснову для лек. свечак, мазей, крэмаў, губной памады; у кандытарскай прам-сці — для вырабу шакаладу і парашку какавы.

т. 7, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНАЦЫ́ЙНАЯ ЗМЕ́НЛІВАСЦЬ,

гібрыдная зменлівасць, якая ўзнікае ў выніку новых спалучэнняў (камбінацый), рэкамбінацый і ўзаемадзеяння генаў пры скрыжаваннях. Разам з мутацыямі з’яўляецца формай спадчыннай зменлівасці, што забяспечвае прыстасаванасць папуляцый і відаў да зменлівых умоў існавання. У практычнай селекцыі К.з. служыць асн. крыніцай атрымання новых парод жывёл, сартоў раслін і штамаў мікраарганізмаў.

т. 7, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПЕНСАЦЫ́ЙНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

гарызантальнае перамяшчэнне водных мас, якое пакрывае страты вады і паніжэнне ўзроўню на якім-небудзь участку акіяна, мора, возера. Узнікае пры згонна-нагонных з’явах і накіравана ў бок, процілеглы дрэйфавым цячэнням. К.ц. могуць развівацца і ў паверхневых і ў глыбінных слаях, напр. міжпасатныя (экватарыяльныя) супрацьцячэнні Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў.

т. 7, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛІ́,

гарадзішча каля в. Кісялі Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Датуецца 4—5—13 ст. Пры даследаванні выяўлены рэшткі шматкамерных жытлаў слупавой канструкцыі, ляпная (штрыхаванай, днепра-дзвінскай і банцараўскай культур) і ганчарная кераміка; жал. прылады працы, касцяныя гарпуны, гліняныя, шыферныя і бурштынавыя прасліцы, бронзавыя ўпрыгожанні, шкляныя пацеркі, бранзалеты і інш. рэчы.

т. 8, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ПАСТАЯ́ННАЯ,

каэфіцыент прапарцыянальнасці, што ўваходзіць у некаторыя формулы і ўраўненні электрамагнетызму пры запісе іх у рацыяналізаванай форме (у адзінках СІ). Абазначаецца μ0, μ0 = 4π∙10​−7 Гн/м. Звязана з электрычнай пастаяннай ε0 формулай: μ0 = 1/ε0c​2, дзе c = 3∙10​8 м/с — скорасць святла ў вакууме.

т. 9, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКЁРЫ ў генетыцы,

дамінантныя гены і адпаведныя ім адзнакі, што праяўляюцца ў клетцы, у якой гамалагічныя храмасомы нясуць розныя алелі (гетэразігота). Выкарыстоўваюцца пры адборы гаплоідаў (асобін, у клетках якіх храмасом у 2 разы меней, чым у зыходных форм). Напр., з дапамогай М. распрацаваны спосаб атрымання гаплоідаў кукурузы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЕС (франц. mélasse),

патака кармавая, сіропападобная цёмна-бурая вадкасць са спецыфічным пахам і смакам; адходы цукровай вытв-сці. Мае ў сярэднім 20—25% вады, каля 9% азоцістых злучэнняў (пераважна бялкі), каля 60% вугляводаў (пераважна цукроза), 7—10% попелу (пераважае калій). Дадаецца ў кармы для жывёлы. камбікармы, выкарыстоўваецца пры іх грануляванні.

т. 10, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАШНІЧЭ́НКА (Пётр Апанасавіч) (26.11.1922, с. Запселле Краснапольскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 1.1.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Камандзір узвода разведкі лейт. М. вызначыўся пры вызваленні Гомельскай вобл.: у цяжкім баі каля в. Печышчы Парыцкага р-на сваім целам закрыў амбразуру варожага дзота.

П.А.Мірашнічэнка.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)