ЖЫЛЮ́К (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 27.10.1948, с. Багданаўка Цярнопальскай вобл., Украіна),
бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1974). З 1971 саліст Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае прыгожым мяккім голасам вял. дыяпазону, высокай пеўчай культурай. Сярод партый: Рыка, Бургамістр («Джардана Бруна», «Візіт дамы» С.Картэса), Леў Данілавіч («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі), Раберт, Ялецкі («Іаланта», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Маралес («Кармэн» Ж.Бізэ), Шарплес («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Жэрмон («Травіята» Дж.Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні; прэмія на 1-м Міжнар. конкурсе оперных спевакоў імя С.Крушальніцкай, 1991, Львоў), Раеўскі («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), сола барытона ў вак.-харэагр. прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз.К.Орфа. Выступае як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу імя М.І.Глінкі (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЕРАПАДО́БНЫЯ, сінапсіды,
тэраморфы (Synapsida, Theromopha),
падклас вымерлых паўзуноў. 2 атр.: пеліказаўры і тэрапсіды (Therapsida), 60 сям., каля 1 тыс. відаў. Рэшткі вядомы на ўсіх мацерыках, акрамя Аўстраліі, ад познакаменнавугальнай эпохі да сярэдзіны юрскага перыяду (росквіт у пярмі). Адасобіліся ад прымітыўных катылазаўраў. У верхнім карбоне і пярмі пераважалі прымітыўныя З., якіх аб’ядноўваюць у атр. пеліказаўраў (4 падатр.; 85—90 відаў, даўж. да 300 см). Афіякадонты і сфенакадонты — драпежнікі, казеазаўры — малюскаеды, эдафазаўры — расліннаедныя. З верхняй пярмі да сярэдняй юры былі пашыраны тэрапсіды (З падатр.: анамадонты, дэйнацэфалы, тэрыядонты; каля 450 відаў, даўж. да 600 см). Усе З. мелі добра развітыя іклы, зубы паднябення. З. — пераходныя жывёлы ад прымітыўных паўзуноў да млекакормячых, тыповыя прыкметы якіх з’явіліся ў тэрыядонтаў. Па рэштках З. вызначаюць узрост кантынентальных адкладаў.
Да арт.Зверападобныя. 1 — эдафазаўр; 2 — шкілет тытанафонеуса з атрада тэрапсід.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЕ́РАЎ (Анатоль Цімафеевіч) (3.11.1931, Масква — 1986),
рускі мастак, прадстаўнік андэграўнду (плыні, альтэрнатыўнай афіц. мастацтву). Скончыў маст.-рамесніцкае вучылішча ў Маскве. У творчасці спалучаў традыцыі рус. авангарду з дасягненнямі сучаснага еўрап. мастацтва. Быў папулярны ў элітарных колах, у 1957 узнагароджаны залатым медалём маст. конкурсу Міжнар. фестывалю моладзі ў Маскве (старшыня конкурсу Д.Сікейрас), але афіц. прызнання не атрымаў. Дыяпазон яго жывапісных прыёмаў вельмі шырокі: ад фавізму да абстрактнага экспрэсіянізму («Кампазіцыя», 1959, «Коні», 1965, «Купалы», 1980-я г., «Нацюрморт з грыбамі», 1980, «Палітра мастака», 1985, «Яблык», 1986, пейзажы). Найб. віртуознасці ў тэхніках алею, акварэлі, гуашы, тушы дасягнуў у партрэтах («Мащ», «Н.Кастакі», абодва 1957, «І.Вульфовіч», 1967, «А.Сасна», 1980, «В.Шумскі», 1981, аўтапартрэты і інш.). Іл.гл. таксама да арт.Гуаш.
Літ.:
Анатолий Зверев: Живопись. Графика: Альбом. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛЕХСКАЯ МІНІЯЦЮ́РА,
мініяцюрны жывапіс на лакавых вырабах з пап’е-машэ; рускі нар.маст. промысел. Склаўся ў 1923 у г.п.Палех на аснове мясц. іканапіснага промыслу. У 1924 заснавана Палехская арцель стараж. жывапісу, у 1932 — Палехскае т-ва мастакоў, з 1953 — Маст.-вытв. майстэрні Маст. фонду Расіі. Тэхналогія вырабу паўфабрыкатаў перанята ў майстроў фядоскінскай мініяцюры. Сюжэты на тэмы казак, паданняў, літ. твораў, песень, сучаснага жыцця выконваюцца тонкім плаўным малюнкам, вызначаюцца багаццем залатой штрыхоўкі, выразнасцю сілуэта спрошчаных фігур, якія часта ўкрываюць усю паверхню скарбонак, куфэркаў, партабакаў, пудраніц і інш. Характар трактоўкі фігур, пейзажу, архітэктуры паходзіць ад іканапісных традыцый. Сярод буйнейшых майстроў П.м. П.Бажэнаў, І.Баканаў, С.Бахіраў, І.Вакураў, І.Голікаў, А.Катухін, А.Качупалаў, І.Маркічаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛО́НСКІ (Самуіл Уладзіміравіч) (27.9.1902, г. Гайсін Вінніцкай вобл., Украіна — 2.5.1955),
бел. і расійскі кампазітар, харавы дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Кіеўскі муз.-драм.ін-т (1926), кампазіцыі вучыўся ў В.Залатарова. У 1928—41 у Мінску: маст. кіраўнік вак. ансамбля, хормайстар капэлы Бел. філармоніі, Ансамбля песні і танца БВА, кіраўнік самадз.хар. калектываў. У 1942—43 узначальваў Бел.дзярж. ансамбль песні і танца. З 1945 у Маскве. Аўтар песень і хароў, у т. л. песні «Вечарынка ў калгасе» на словы Я.Купалы, аперэты «Зарэчны барок» (разам з М.Івановым; паст. 1940), п’есы для арк.бел.нар. інструментаў «Кірмаш», твораў для духавога арк., інстр. мініяцюр, рамансаў, музыкі для т-ра і кіно, апрацовак нар. песень, у т. л.бел., рус., укр., англ., для мяшанага хору, для голасу з фп., баянам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАРЖЫ́НСКІ (Іван Сяргеевіч) (3.3.1896, с. Петра-Свістунова Вясёлаўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна — 22.2.1960),
украінскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў укр.вак. школы. Нар.арт.СССР (1944). Скончыў Екацярынаслаўскую кансерваторыю (1922). З 1925 саліст Харкаўскага, з 1935 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. З 1946 праф. Кіеўскай кансерваторыі. Валодаў моцным, гнуткім, выразным голасам аксамітнага тэмбру, вял. артыстызмам. Сярод партый: Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Выбарны, Тарас Бульба («Наталка Палтаўка», «Тарас Бульба» М.Лысенкі), Гаўрыла («Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча), Чуб («Ноч перад калядамі» М.Рымскага-Корсакава), Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Сярод вучняў: Дз.Гнацюк, А.Кікаць, Я.Чарванюк і інш.Дзярж. прэмія СССР 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАВА (Ніна Міхайлаўна) (н. 9.8.1947, хутар Красненскі Сямікаракорскага р-на Растоўскай вобл., Расія),
бел. артыстка балета. Нар.арт. Беларусі (1980). Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1966). У 1966—88 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Выконвала гал. партыі пераважна лірыка-драм. плана. Яе мастацтва вызначалася ўпэўненай тэхнікай танца, закончанасцю поз, адточанасцю вярчэнняў, сцэн. абаяльнасцю. Сярод партый: Наталька («Курган» Я.Глебава), Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Доўрская дзяўчына («Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Эгіна («Спартак» А.Хачатурана), Ева («Стварэнне свету» А.Пятрова). З 1992 жыве за мяжой.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 112—116.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІ́РУЮЧЫЯ МУ́ШКІ (Agromyzidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца М.м. (мінёры): шмат’едная (Phytomyza atricornis, або Ph. horticola), капусная (Ph. ruflpes), заразіхавая (Ph. orobanchia), злакавыя (з роду Agromyza), падкорнікі (з роду Phytobia).
Даўж. 0,9—4 мм. Цела і ногі кароткія, грудзі масіўныя, брушка шырокае. Крылы роўныя з целам або крыху даўжэйшыя. Спінка звычайна светлая, ногі і бакі грудзей жоўтыя. 1—2 генерацыі за год. Зімуюць у фазе кукалкі. Лічынкі расліннаедныя, выгрызаюць шчылінападобныя поласці — міны (адсюль назва) у парэнхіме лісця, радзей у сцёблах; у некат. развіваюцца ў камбіі маладых дрэў, у суквеццях ці насенні складанакветных, утвараюць галы. Большасць манафагі і алігафагі, некат. паліфагі. Каля 150 відаў — шкоднікі с.-г. культур.
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1981). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1959). Працаваў у маскоўскіх т-рах «Сучаснік», на Таганцы, на Малой Броннай, імя М.Ярмолавай, з 1980 у МХАТ імя М.Горкага, з 1989 у МХАТ імя А.Чэхава. Выканальніцкае майстэрства адметнае псіхалагізмам і вострым драматызмам, імпульсіўнасцю, канцэнтраваным выражэннем сутнасці вобраза: Шаманаў («Мінулым летам у Чулімску» А.Вампілава, 1974), Тарцюф («Тарцюф» Мальера, 1981), Князь Тэймураз Хевіставі («Абвал» паводле М.Джавахішвілі, 1984), Вяршынін («Тры сястры» Чэхава», 1985), Міша («Мішаў юбілей» А.Гельмана і Р.Нельсана, 1993) і інш. З 1959 здымаецца ў кіно: «Мне дваццаць гадоў» (1965), «Альпійская балада» (1966), «Печкі-лавачкі» (1972), «Ксенія, любімая жонка Фёдара» (1974), «Не страляйце ў белых лебедзяў» (1980), «Кін-дза-дза» (1986), «Дзіцячыя гульні» (1987), «Чорны манах» (1988), «Вечны муж», «Князь Сярэбраны» (абодва 1991) і інш.