ПО́ЛЬСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (ППС; Polska Partia Socjalistyczna),
левая палітычная партыя ў Польшчы. Засн. ў 1893 на падставе праграмных установак Парыжскага з’езда польскіх сацыялістаў (ліст. 1892), які абвясціў лозунг стварэння незалежнай Польскай дэмакр. рэспублікі і барацьбы за дэмакр. правы нар. мас. Да 1918 дзейнічала гал. чынам у Каралеўстве Польскім. Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — Цэнтр. рабочы к-т. Кіраўнікі ППС (Ю.Пілсудскі, С.Вайцяхоўскі і інш.) планавалі аднавіць Польскую дзяржаву шляхам нац.-вызв. паўстання. У 1900—04 у ГІПС узмацніўся левы кірунак (М.Бялецкі, Ф.Кон і інш.), да якога ў чэрв. 1905 перайшло кіраўніцтва партыяй, што актыўна ўдзельнічала ў рэвалюцыі 1905—07. 9-ы з’езд ППС (ліст. 1906, Вена) выключыў Пілсудскага і яго прыхільнікаў з партыі. У 1918 ППС, вядомая як ППС-лявіца, аб’ядналася з Сацыял-дэмакратыяй Каралеўства Польскага і Літвы ў Камуніст. рабочую партыю Польшчы (з 1925 Камуністычная партыя Польшчы). Прыхільнікі Пілсудскага стварылі ППС — «рэв. фракцыю», якая ў 1909 прыняла назву ППС. У час 1-й сусв.вайны 1914—18 ППС Пілсудскага ўдзельнічала ў яго ваен.-паліт. кампаніі на баку Германіі і Аўстра-Венгрыі (стварэнне легіёнаў польскіх), у 1918 — у стварэнні незалежнай Польскай дзяржавы. У ліп. 1920 увайшла ў кааліцыйны ўрад В.Вітаса, у 1926 падтрымала дзярж. пераварот Пілсудскага, але з ліст. 1926 адмовілася ад супрацоўніцтва з «санацыйным рэжымам» і перайшла ў апазіцыю. Пасля захопу Польшчы гітлераўскай Германіяй (вер.—кастр. 1939), кіраўніцтва партыі абвясціла пра роспуск ППС. Пасля вызвалення краіны (1944—45) створана адноўленая ППС (кіраўнік Э.Асубка-Мараўскі), якая ў снеж. 1948 утварыла разам з Польскай рабочай партыяй Польскую аб’яднаную рабочую партыю. Дзейнасць ППС у Польшчы аднавілася ў 1987. У 1993—94 у складзе Саюза лявіцы дэмакратычнай. У 1995 з ППС злучыліся інш. невял. сацыяліст. партыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
завяршальная наступальная аперацыя Вял.Айч.вайны 1941—45. Праведзена 6—11.5.1945 сав. войскамі 1-га (каманд. Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў), 4-га (каманд.ген. арміі А.І.Яроменка), 2-га (каманд. Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі (укр. франтоў па знішчэнні ням.-фаш. групоўкі на тэр. Чэхіі і Славакіі. У П.а. ўдзельнічалі 2-я армія Войска Польскага, 1-я і 2-я румынскія арміі і 1-ы Чэхаславацкі армейскі корпус. У выніку Берлінскай аперацыі 1945сав. войскі ахапілі з Пн, ПнУ і Пд левы і правы флангі ням.-фаш. войск у Чэхаславакіі, дзе абараняліся групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршал Ф.Шорнер) і ч. сіл групы армій «Аўстрыя» (каманд.ген.-палк. Л.Рэндуліч). Рашэнне аб П.а. прынята ў ходзе бітвы за Берлін (планавалася на 7 мая). Неабходнасць падтрымаць Пражскае паўстанне 1945 паскорыла наступленне сав. войск. 6 мая войскі 1-га Укр. фронту выйшлі на рубеж Рудных гор, занялі г. Дрэздэн і ўступілі на тэр. Чэхаславакіі. 6-я танк. армія 2-га Укр. фронту пераадолела рубеж Рудных гор і з Пд прасоўвалася да Прагі. Войскі 4-га Укр. фронту наступалі з У і вызвалілі г. Оламаўц. Кульмінацыяй аперацыі стала 8 мая, калі быў разгромлены штаб групы армій «Цэнтр» і парушана кіраўніцтва ням. войскамі. У ноч на 9 мая 3-я і 4-я танк. арміі 1-га Укр. фронту зрабілі 80-кіламетровы кідок і ўвайшлі ў Прагу, куды ў той жа дзень падышлі часці 2-га і 4-га Укр. франтоў. 10—11 мая праціўнік спыніў супраціўленне; у палон здаліся 860 тыс. салдат і афіцэраў, у т. л. 60 генералаў. 11 мая 1945 сав. войскі сустрэліся з часцямі 3-й амер. арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІК,
1) у шырокім значэнні — аб’ект, які з’яўляецца часткай культурнай спадчыны краіны, народа, чалавецтва. Паводле тыпалагічных прыкмет вылучаюць археалагічныя помнікі, П. гісторыі, архітэктуры, мастацтва (гл.Помнікі гісторыі і культуры, Мемарыяльныя збудаванні, Манументальнае мастацтва, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс), пісьменнасці (летапісы, казанні, жыціі, словы, хронікі, пасланні, евангеллі, мемуары і інш.). Распрацавана сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў па ахове П. (гл.Ахова гісторыка-культурнай спадчыны).
2) У вузкім значэнні — твор манум. мастацтва (архітэктура, скульптура, жывапіс) на ўшанаванне памяці пэўнай асобы ці ў гонар знамянальнай падзеі, часцей у выглядзе статуі, бюста, скульпт. групы, калоны, абеліска, арх. збудавання, штучна насыпанага кургана і інш. Звычайна такім П. уласціва функцыя актыўнага грамадскага ўздзеяння, якая выяўляецца не толькі ў іх ідэйнай праграме, але і ў характары іх пастаноўкі і пластычнай трактоўкі. П., разлічаныя, як правіла, на агляд іх вял. колькасцю людзей, адыгрываюць важную ролю ў арг-цыі навакольнай прасторы.
Прататыпамі П. былі стараж. пахавальныя збудаванні (мегаліты, курганы, абеліскі, піраміды, грабніцы, надмагіллі і інш). Асн. кампазіцыйныя тыпы П. склаліся ў ант. мастацтве: алегарычныя ці партрэтныя статуі і скульпт. групы (група тыраназабойцаў Гармодыя і Арыстагітана ў Афінах, 477 да н.э.), конныя статуі (статуя Марка Аўрэлія, 161—180, у 1538 устаноўлена на пл. Капітолія ў Рыме), стэлы, аркі трыумфальныя, трыумфальныя калоны (калона Траяна ў Рыме, 111—114, арх. Апаладор з Дамаска). Сярод П. сярэдневяковай Еўропы найб. вылучаюцца крыжы, якімі адзначалі памятныя месцы, а таксама (пераважна на 3) скульпт. выявы данатараў. Традыцыяй многіх краін (у т. л. дапятроўскай Русі) было ўвекавечванне знамянальных падзей узвядзеннем культавых пабудоў (Васіля Блажэннага храм у Маскве, узведзены ў памяць перамогі над Казанскім ханствам). У Італіі майстры Адраджэння, выкарыстоўваючы стараж.-рым. спадчыну, адрадзілі традыцыі свецкіх П. (конныя статуі кандацьераў Гатамелаты ў Падуі, 1447—53, скульпт. Данатэла, і Калеоні ў Венецыі, 1479—88, скульпт. А. дэль Верок’ё). У эпоху маньерызму з’явіліся тэндэнцыі да пышнай рэпрэзентатыўнасці і ўрачыстасці, у перыяд барока і класіцызму яны ўзмацніліся. П. (пераважна манархам і палкаводцам) часта адыгрывалі важную ролю ў гар. забудове (П. Пятру I у Пецярбургу — «Медны коннік», 1768—78, скульпт. Э.М.Фальканэ). У перыяд ампіру зноў узводзілі арх. манументы, прысвечаныя ваен. перамогам (трыумфальная арка на б.пл. Зоркі, цяпер пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.Ф.Шальгрэн; Аляксандраўская калона ў Пецярбургу, 1830—34; арх. А.А.Манферан). У 2-й пал. 18 ст. і асабліва ў 19 ст. ставілі П. выдатным грамадскім дзеячам і творчым асобам (І.А.Крылову ў Пецярбургу, 1848—55, скульпт. П.К.Клот; І.В.Гётэ і Ф.Шылеру ў г. Веймар, 1857, скульпт. Э.Рычэль); для іх характэрны сімволіка, алегарызм, эклектычная стылістыка. П. канца 19 — пач. 20 ст. адметныя гіганцкімі маштабамі (Віктару Эмануілу II у Рыме, 1885—1911, арх. Дж.Саконі), празмерна грубымі формамі (О.Бісмарку ў г. Гамбург, 1901—06, скульпт. Г.Ледэрэр). У 20 ст. актуальнасць набыла ідэя стварэння арх. і скульпт. мемар. комплексаў, прысвечаных памяці ахвяр 1-й і 2-й сусв. войнаў. Яны ўяўляюць сабой развітыя аб’ёмна-пластычныя прасторавыя кампазіцыі, якія могуць уключаць арх. збудаванні, традыц. мемар. формы (абеліск, стэлу, пліту з рэльефамі і надпісамі, аркі, калоны) 1 манум. скульптуру (статуарную, рэльефную, алегарычнага характару). Многія П. гэтага часу вылучаюцца экспрэсіўнасцю, метафарычнай насычанасцю вобразаў («Зруйнаваны горад» у г. Ротэрдам, 1953, скульпт. В.Цадкін; помнік Я.Сібеліусу ў Хельсінкі, 1961—67, скульпт. Э.Хілтунен), з’явіўся новы тып невыяўл. П., блізкі па духу да архітэктуры малых форм (П. ахвярам 2-й сусв.вайны ў г. Мілан, 1948). Сав. П., прысвечаныя выдатным асобам і падзеям мінулага і сучаснасці, у сукупнасці ўтвараюць вобразны летапіс гісторыі краіны. Першыя сав. П. па характары блізкія да станковай скульптуры, пазнейшым уласцівы манум. формы, якія спрыялі іх уключэнню ў гар. ансамбль ці навакольны ландшафт (Марсава пале ў Пецярбургу, Ю.А.Гагарыну ў Маскве, 1980, скульпт. П.Бандарэнка, і інш.). Пасля Вял.Айч.вайны пашыраны мемар. збудаванні (у Трэптаў-парку ў Берліне, на Піскароўскіх могілках у Пецярбургу, Малахавым кургане ў Валгаградзе), партрэтныя манументы і П. з уключэннем рэальных узораў ваен. тэхнікі (танкі, самалёты і інш.). Сучасныя П. характарызуюцца разнастайнасцю тыпаў, вял. дыяпазонам маст. сродкаў ад рэаліст. да абстрактных.
На Беларусі П. розных відаў (камяні, крыжы, курганы і інш.) вядомы са старажытнасці. З 17 ст.найб. пашыраны надмагіллі. У 19 ст. ставілі бюсты царам і вяльможам [Аляксандру II у б. Саборным (цяпер сквер на пл. Свабоды) скверы ў Мінску, не захаваўся]. У 1908 устаноўлены Ляснянскі мемарыяльны комплекс, у 1912 — П. героям вайны 1812 у Віцебску (арх. І.Фамін), П. Перамогі 1812 у г. Кобрын (арх. Д.Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца і інш. У 1920-я г. стваралі П. дзеячам рэв. руху ў духу авангарднага мастацтва (Віцебск, не захаваліся). У 1930—50-я г. пераважалі П.-збудаванні, П.-манументы. якія з’яўляліся сведчаннем перамогі новага грамадскага ладу (помнік Леніну з рэльефнымі фрызамі на пастаменце на пл. Незалежнасці ў Мінску, скульпт. М.Манізер). У пасляваен. гады створаны ансамблі пл. Перамогі з Манументам Перамогі ў Мінску; устаноўлены бюсты і статуарныя П., прысвечаныя героям вайны: С.Грыцаўцу ў Мінску (скульпт. З.Азгур), К.Заслонаву ў Оршы (абодва 1955, скульпт. С.Селіханаў) і інш. У 1960—70-я г. створаны шырока вядомыя мемар. комплексы: помнік Вызваліцелям у Віцебску, Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь; шматфігурныя скульпт. П. — Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнік Я.Коласу з літ. персанажамі (скульпт. Азгур, арх. Ю.Градаў, Л.Левін), Я.Купалу са скульпт. групай фантана (абодва 1972, скульпт; А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі, арх. Градаў, Левін) у Мінску, статуарны помнік Ф.Скарыне ў Полацку (1975, скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, Заспіцкі). П. 1980—2000-х г. прысвечаны пераважна дзеячам нац. гісторыі і культуры: статуарныя П. — М.Багдановічу ў Мінску (1981, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.Казакоў, Л.Маскалевіч), Сымону Буднаму ў Нясвіжы (1982, скульпт. С.Гарбунова), Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі (скульпт. А.Арцімовіч, арх. І.Марозаў), Я.Драздовічу ў Мінску (1993, скульпт. І.Голубеў), Ф.Скарыне ў Празе (1996, скульпт. Э.Астаф’еў), Ефрасінні Полацкай у Мінску (1999) і Полацку (скульпт. Голубеў, арх. В.Ягадніцкі), С.Буднаму і В.Цяпінскаму (скульпт. Голубеў), кн. Давыду ў Давыд-Гарадку (скульпт. А.Дранец, арх. Левін), княгіні Соф’і Слуцкай у Слуцку (усе 2000; скульпт. М.Інькоў, арх. М.Лук’янчык), надмагільны помнік В.Тураву ў Мінску (1999, скульпт. М.Якавенка); П.-бюсты кн. Нясвіжскага і М.К.Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы (1992, скульпт. Гумілеўскі), В.Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах Магілёўскай вобл. і П. Масленікава ў Магілёве (1998, скульпт. У.Лятун). Створаны комплекс «Мінск — горад-герой», мемар. храм-П. «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку (1996, аўтары: Ю.Паўлаў, М.Каралёў, Т.Каралёва-Паўлава, В.Лапцэвіч, Г.Паўлава, А.Паўлаў, Д.Хамякоў), мемарыял на месцы мінскага гета на пл. Юбілейнай (1998—2000, скульпт. Э.Полак, А.Фінскі, арх. Левін) у Мінску, помнік А.Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. Арцімовіч, Інькоў, М.Канцавы, арх. В.Рыбакоў) і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Помнік. Конная статуя Марка Аўрэлія ў Рыме. 161—180.Помнік князю Давыду ў г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл. 2000. Скульпт. А.Дранец, арх. Л.Левін.Надмагільны помнік В.Тураву, 1999. Скульпт.
М.Якавенка.
Помнік Ю.А.Гагарыну ў Маскве. 1980. Скульпт. П.Бандарэнка і інш.Помнік Ф.Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. 1975. Скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, А.Заспіцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1939—45,
самая вялікая і кровапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва. У яе была ўцягнута 61 дзяржава, больш за 80% насельніцтва Зямлі, ваен. дзеянні ішлі на тэр. 40 дзяржаў, а таксама на марскіх і акіянскіх прасторах. Пачалася ў выніку абвастрэння барацьбы паміж буйнейшымі дзяржавамі за перадзел зон уплыву, што склаліся пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Вырашальную ролю ў развязванні вайны адыграла Германія, правячыя колы якой імкнуліся ліквідаваць Версальска-Вашынгтонскую сістэму дагавораў (1919—22). З устанаўленнем у 1933 фаш. дыктатуры палітыка Германіі грунтавалася на ідэалогіі нацызму. У 1936 Германія заключыла дагавор з Японіяй, вядомы пад назвай «Антыкамінтэрнаўскі пакт», да якога потым далучыліся Італія, Іспанія і інш. краіны; у 1939—40 ён ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл.Берлінскі пакт 1940). Блоку агрэсіўных краін процістаяла кааліцыя Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і іх саюзнікаў. Правячыя колы зах. дзяржаў, спрабуючы адвесці пагрозу ад сваіх краін, спачатку імкнуліся не да таго, каб стрымаць фаш. агрэсараў, а каб накіраваць іх удар на інш. дзяржавы, потым на СССР. Такая палітыка паскарала рост ваенна-прамысл. патэнцыялу дзяржаў фаш. блоку. Японія ў пач. 1930-х г. акупіравала значную ч. Кітая, Італія ў 1935 — Эфіопію, у 1939 — Албанію, Германія ў 1938 — Аўстрыю (гл.Аншлюс). У 1936—39 здзейснена герм.-італьянская інтэрвенцыя ў Іспаніі. Кульмінацыяй патуральніцкай палітыкі зах. дзяржаў у адносінах да фаш. агрэсараў стала Мюнхенскае пагадненне 1938 аб расчляненні Чэхаславакіі: 1.10.1938 Германія акупіравала Судэцкую вобл., у 1939 — усю краіну.
Каб прадухіліць агрэсію на У, СССР заключыў з Германіяй 23.8.1939 дагавор аб ненападзе, а 28.9.1939 — дагавор «Аб дружбе і граніцы». Сав. Саюз імкнуўся выйграць час для ўмацавання сваёй абараназдольнасці.
Да 1.9.1939 нацысцкая Германія мела ўзбр. сілы ў 4,6 млн.чал., 4093 баявыя самалёты, 3195 танкаў, 107 караблёў, у т. л. 57 падводных лодак. Аснову стратэгічнай канцэпцыі вермахта складаў «бліцкрыг» («маланкавая вайна»), Вайна пачалася нападам 1.9.1939 гітлераўскай Германіі на Польшчу. 3.9.1939 вайну Германіі аб’явілі Вялікабрытанія і Францыя. У склад іх кааліцыі ўвайшлі і брыт. дамініёны і калоніі (Аўстралія, Новая Зеландыя, Індыя, Паўд.-Афр. Саюз, Канада і інш.). На працягу 9 месяцаў усе гэтыя краіны вялі т.зв.«дзіўную вайну» — практычна нічога не рабілі. Гэта дазволіла Германіі за некалькі тыдняў разграміць Польшчу, паступова акупіраваць Данію, Нарвегію, Бельгію, Галандыю, Люксембург. 17.9.1939 СССР увёў свае войскі на тэр.Зах. Беларусі і Зах. Украіны, якія былі ў складзе Польшчы. Зах. Беларусь аб’ядналася з БССР, Зах. Украіна — з УССР. 10.5.1940 ням.-фаш. войскі пачалі наступленне на Францыю. Абышоўшы «лінію Мажыно» з Пн, прарваўшы абарону ў раёне Седана, 20 мая гітлераўцы выйшлі да Ла-Манша. Бельгійская армія, брыт. экспедыц. сілы і частка франц. арміі былі адрэзаны ў Фландрыі. 28 мая капітулявала бельгійская армія. Англійскім і частцы франц. і белы. войск, блакіраваным у раёне Дзюнкерка, удалося эвакуіравацца ў Вялікабрытанію (гл.Дзюнкеркская аперацыя 1940). У пач.чэрв. 1940, прарваўшы фронт, гітлераўцы вымусілі франц. армію капітуляваць (гл.Французская кампанія 1940). 14 чэрв. без бою заняты Парыж. 22 чэрв. Францыя падпісала акт аб капітуляцыі. 10.6.1940 Італія аб’явіла вайну Францыі і Вялікабрытаніі. Італьян. войскі ў жн. захапілі Брыт. Самалі, частку тэр. Кеніі і Судана, у сярэдзіне вер. ўварваліся ў Егіпет, але ў снеж. 1940 разбіты англ. войскамі. Пачатае ў кастр. 1940 наступленне італьянцаў з Албаніі на Грэцыю грэч. армія адбіла. У студз.—маі 1941 брыт. войскі пры падтрымцы паўстаўшага насельніцтва і партызан выгналі італьянцаў з Брыг. Самалі, Кеніі, Судана, Эфіопіі, Італьян. Самалі, Эрытрэі. Італьян. флот на Міжземным моры панёс вялікія страты. У пач. 1941 у Паўн. Афрыку на дапамогу італьян. войскам прыбыў герм. Афрыканскі корпус ген. Э.Ромеля. У крас. 1941 італьян.-ням. войскі дасягнулі лівійска-егіпецкай граніцы. У той жа час яп. войскі пачалі акупацыю новых раёнаў Кітая, захапілі паўн.ч.франц. Індакітая. Пасля паражэння Францыі Вялікабрытанія апынулася адзін на адзін з Германіяй. Дапамагчы англічанам усё больш схіляўся ўрад ЗША Вясной 1941 ЗША увялі свае войскі ў Грэнландыю, летам — у Ісландыю. У жн. 1940 герм. авіяцыя пачала масіраваную бамбардзіроўку Вялікабрытаніі (гл.Бітва за Англію 1940—41).
Летам 1940 да СССР былі далучаны Прыбалт. дзяржавы, на іх тэр. створана магутная групоўка Чырв. Арміі, якая магла наносіць прамыя ўдары па Германіі з мора і паветра. 28.6.1940 Чырв. Армія ўвайшла ў Бесарабію і Паўн. Букавіну, з тэр. якіх сав. авіяцыя магла пагражаць нафтапромыслам Румыніі — гал. пастаўшчыка нафты Германіі. У адказ у вер. 1940 Германія ўвяла свае войскі ў Румынію. Паміж Германіяй і СССР пачаўся перыяд адкрытага дыпламат. проціборства за ўплыў на Балканах. Ужо ў крас. 1941 Германія цалкам панавала ў гэтым рэгіёне, вясной 1941 яна акупіравала Балгарыю, Грэцыю, частку Югаславіі. Да Берлінскага пакта далучыліся Венгрыя, Румынія, Славакія, у 1941 — Балгарыя і Фінляндыя. Сав. Саюзу ўдалося дасягнуць буйной паліт. перамогі на Усходзе: 13.4.1941 падпісаны сав.-яп. пакт аб нейтралітэце, што значна знізіла верагоднасць вайны на 2 фронты.
22.6.1941 нацысцкая Германія напала на СССР. Пачалася Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45, якая стала найважнейшай часткай Д.с.в. Настаў якасна новы этап вайны, які прывёў да кансалідацыі ўсіх антыгітлераўскіх сіл. 12.7.1941 заключана пагадненне паміж СССР і Вялікабрытаніяй аб сумесных дзеяннях, 2 жн. — паміж СССР і ЗША аб ваенна-эканам. супрацоўніцтве і аказанні матэрыяльнай падтрымкі СССР. 14.8.1941 ЗША і Вялікабрытанія абнародавалі Атлантычную хартыю, да якой 24 вер. далучыўся СССР. Каб папярэдзіць стварэнне фаш.ваен. баз на Б.Усходзе, англ. і сав. войскі ў жн.—вер. 1941 увайшлі ў Іран. Сумесныя ваенна-паліт. дзеянні сталі пачаткам стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Супраць СССР Германія кінула свае асн. сілы: 83% сухапутных сіл вермахта, у т. л. 86% танк. дывізій і 100% матарызаваных, 4 з 5 паветраных флатоў. Сав.-герм. фронт стаў асноўным.
Гітлераўскія войскі за 3 тыдні прасунуліся на 350—600 км, захапілі Прыбалтыку, Малдавію, Беларусь, значную частку Украіны і РСФСР. Аднак Германіі не ўдалося дасягнуць стратэгічнай мэты «Барбароса плана». У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі ў час Маскоўскай бітвы 1941—42 пацярпеў крах міф пра непераможны вермахт, значна актывізаваўся партызанскі рух на акупіраванай тэр.СССР і Рух Супраціўлення; Германія вымушана была перайсці да тактыкі працяглай вайны.
7.12.1941 Японія нападам на амер.ваен. базу Пёрл-Харбар у Ціхім акіяне развязала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША, Вялікабрытанія і шэраг іншых краін аб’явілі вайну Японіі. 1.1.1942 падпісана Дэкларацыя прадстаўнікамі 26 дзяржаў — удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі, якая абавязвала іх выкарыстоўваць ваен. і эканам. рэсурсы ў вайне супраць краін фаш. блока. 26.5.1942 СССР і Вялікабрытанія падпісалі дагавор аб саюзе супраць Германіі і яе сатэлітаў. 11.6.1942 СССР і ЗША заключылі пагадненне аб прынцыпах узаемадапамогі ў вядзенні вайны.
Летам 1942 ням. войскі пачалі новае наступленне на сав.-герм. фронце. 17.7.1942 пачалася Сталінградская бітва 1942—43 — адна з пераломных у вайне. 19.11.1942 пачалося контрнаступленне сав. войск пад Сталінградам, якое скончылася акружэннем і разгромам 330-тыс. групоўкі войск праціўніка. Захапіўшы ініцыятыву, Чырв. Армія нанесла гітлераўцам шэраг паражэнняў зімой і вясной 1943. Англ. войскі ў гэты час бамбілі гарады Германіі, вялі баі ў Паўн. Афрыцы. Японія панавала на моры, акупіравала Бірму, Малаю, Філіпіны, а-вы Інданезіі і інш., стварыла пагрозу Аўстраліі. Нарошчванне сіл ЗША у Ціхім акіяне з 1-й пал. 1942 прывяло да змены суадносін сіл на карысць саюзнікаў. Пасля шэрагу паражэнняў у Каралавым моры і каля в-ва Мідуэй (1942) яп. флот перайшоў да абароны. Пасля падзей у Эль-Аламейнскай аперацыі ЗША і Вялікабрытанія ў сярэдзіне ліст. 1942 занялі тэр. Марока, Алжыра, уступілі ў Туніс; вясной 1943 дамагліся капітуляцыі італа-герм. войск на п-ве Бон. 10.7.1943 амер. і англ. войскі высадзіліся на в-ве Сіцылія, у пач. верасня — на Апенінскім п-ве. 25 ліп.фаш. ўрад Мусаліні быў скінуты. Новы італьян. ўрад 3.9.1943 падпісаў перамір’е з ЗША і Вялікабрытаніяй, у кастр. аб’явіў вайну Германіі. Пачаўся распад фаш. блока. На працягу 1943 амер. войскі высадзіліся ў Новай Гвінеі, захапілі Алеуцкія а-вы, нанеслі шэраг паражэнняў яп.ВМФ.
Разгром ням.-фаш. войск у Курскай бітве 1943 прымусіў фаш. Германію перайсці да стратэгічнай абароны, на ўсіх франтах змянілася ваенна-паліт. становішча. Колькасць дзяржаў, што аб’явілі вайну Германіі, з чэрв. 1941 да снеж. 1943 павялічылася з 5 да 36. У 1944 сав. войскі ліквідавалі блакаду Ленінграда, вызвалілі Правабярэжную Украіну, Крымскі п-аў, увайшлі ў Румынію. У выніку Беларускай аперацыі 1944 была вызвалена ўся тэр. Беларусі, значная частка Літвы, Латвіі, пачалося вызваленне Польшчы. 23.8.1944 у выніку паўстання ў Румыніі быў скінуты ваенна-фаш. рэжым Антанеску; новы ўрад аб’явіў вайну Германіі. Тое ж адбылося і ў Балгарыі. 29.8.1944 пачалося Славацкае нац. паўстанне. Сав. войскі вялі баі за вызваленне Чэхаславакіі, Венгрыі, Югаславіі, паўн.-ўсх. раёнаў Нарвегіі (гл.Будапешцкая аперацыя 1944—45, Вісла-Одэрская аперацыя 1945). 6.6.1944 англа-амер. і канадскія войскі высадзіліся ў Нармандыі, 15 жн.амер.-французскія — у Паўд. Францыі, быў адкрыты другі фронт. 19.8.1944 пачалося Парыжскае паўстанне, да прыходу саюзнікаў франц. сталіца была ўжо ў руках патрыётаў. У пач. 1945 пачалося магутнае наступленне сав. войск па ўсім фронце ад Карпат да Балтыйскага мора, а армій саюзнікаў — у Італіі і Германі Для каардынацыі дзеянняў саюзнікаў і пасляваен. ўпарадкавання свету адбылася Крымская канферэнцыя 1945. У 2-й пал. красавіка — пач. мая саюзнікі дайшлі да Эльбы, уступілі ў Чэхаславакію, Аўстрыю. 16 крас. пачалася Берлінская аперацыя 1945. 25 крас.сав. войскі ў раёне Торгаў на р. Эльба аб’ядналіся з часцямі 1-й амер. арміі. 6—11.5.1945 сав. войскі разграмілі апошнюю ням. групоўку і завяршылі вызваленне Чэхаславакіі. У поўнач 8 мая ў Карлсхорце (прадмесце Берліна) прадстаўнікі герм.вярх. галоўнакамандавання падпісалі акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі. У маі 1945 з усёй кааліцыі дзяржаў, якія развязалі Д.с.в., барацьбу працягвала толькі Японія. Разам з еўрап. праблемамі на Патсдамскай канферэнцыі 1945 была ўдзелена вял. ўвага лёсу Японіі. 8.8.1945 СССР аб’явіў вайну Японіі, 10 жн. тое ж зрабіла Манголія. Сав.-мангольскія войскі разграмілі квантунскую армію і вызвалілі паўн.-ўсх. частку Кітая, Паўн. Карэю, 6 і 9 жн. ЗША упершыню выкарысталі новую зброю, скінуўшы 2 атамныя бомбы на гарады Хірасіма і Нагасакі. 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі. Д.с.в. скончылася.
Подзвігам людзей, сярод якіх было шмат беларусаў, у Д.с.в. быў іх удзел у падп. барацьбе супраць фашызму ў канцлагерах Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Майданак і інш. У Маўтгаўзене пасля гераічнай гібелі ген.-лейт. Дз.М.Карбышава падп. барацьбу ўзначаліў ураджэнец Чавусаў палк. Л.Я.Маневіч. У канцлагерах у Рэгенсбургу, Нойаўбінгу, Вурдэне, Асвенціме і інш. актыўную барацьбу вялі ген. П.Д.Цумараў і інш. патрыёты. Найбольш моцным і арганізаваным быў удзел сав. патрыётаў, у т. л. беларусаў, у франц. Супраціўленні. Д.с.в. была самай разбуральнай і кровапралітнай у свеце. У ёй загінула каля 62 млн.чал. Найбольшую колькасць ахвяр панёс Сав. Саюз — 27 млн.чал., у т. л. больш за 2,5 млн. — жыхары Беларусі. За вял. ўклад у перамогу над фаш. Германіяй БССР была запрошана на канферэнцыю ў Сан-Францыска (25.4.1945) для выпрацоўкі і падпісання (26.6.1945) Статута ААН і тым самым быць у ліку першапачатковых дзяржаў — заснавальніц ААН.
Разгром фашызму карэнным чынам змяніў расстаноўку сіл у свеце. Перамога, атрыманая пры вырашальнай ролі СССР, прывяла да стварэння сусв. сістэмы сацыялізму, якая паўстагоддзя рабіла глабальны ўплыў на развіццё пасляваен. свету. Эканам. і ваенна-паліт. цэнтр краін Захаду перамясціўся з Еўропы ў ЗША. Перамога над фашызмам выклікала рост нац. самасвядомасці народаў, спрыяла распаду каланіяльнай сістэмы.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 1—12. М., 1973—82;
Документы и материалы кануна второй мировой войны, 1937—1939. Т. 1—2. М., 1981;
Годкризиса, 1938—1939: Док. и материалы. Т. 1—2. М., 1990;
Черчилль У. Вторая мировая война: Сокр. пер. с англ.Кн. 1—3. М., 1991;
Ог Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;
Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.
У.І.Гуленка.
Да арт.Другая сусветная вайна 1939-45. Салдаты вермахта ўзломліваюць польскую дзяржаўную граніцу (1.9.1939).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Салдаты Войска Польскага праходзяць па вызваленай Варшаве (1945).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Жыхары Сафіі вітаюць часці Чырвонай Арміі (верасень 1944).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Падпісанне акта аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі (8.5.1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ КАНГРЭ́С 1814—15,
міжнародны кангрэс, які завяршыў войны еўрапейскіх дзяржаў супраць напалеонаўскай Францыі. Праходзіў у вер. 1814 — чэрв. 1815 у Вене. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх еўрап. дзяржаў, акрамя Турцыі. Гал. роля належала Расіі, Англіі і Аўстрыі.
Кангрэс праходзіў у вострых супярэчнасцях, асабліва па пытаннях падзелу Польшчы і Саксоніі. 3.1.1815 Англія, Францыя і Аўстрыя падпісалі тайны дагавор супраць Расіі і Прусіі. Пад націскам гэтых краін Расія адмовілася ад часткі сваіх прэтэнзій на польск. тэрыторыю. Ёй была перададзена ўсх.ч. Варшаўскага герцагства, т.зв. Каралеўства Польскае. Зах. частка (Познань) засталася за Прусіяй, паўднёвая (Галіцыя) — за Аўстрыяй. Прусія атрымала толькі паўн.ч. Саксоніі, а таксама Рэйнскую правінцыю, Вестфалію, ч. Памор’я. Венскі кангрэс пазбавіў Францыю ўсіх яе заваёў. Уздоўж яе граніц быў створаны бар’ер з дзяржаў, здольных затрымаць новую агрэсію. Бельгія і Галандыя штучна аб’яднаны ў адзінае каралеўства Нідэрланды. Быў створаны Германскі саюз у складзе 39 герм. дзяржаў, герцагства Люксембург (належала каралю Нідэрландаў) і Гальштыніі (мела асабістую унію з Даніяй). З 19 швейц. кантонаў створана Швейц. канфедэрацыя, ёй аддалі важныя пагранічныя раёны. Англія пакінула сабе калоніі і марскія базы, захопленыя ў Галандыі і Францыі — Капскую калонію, а-вы Цэйлон і Мальта. Аўстрыя атрымала Тарнопальскую акругу, Ламбардыю і Венецыю. Данія, саюзніца Напалеона I, страціла Нарвегію, якую перадалі Швецыі. Італія засталася раздробленай і трапіла пад моцны ўплыў Аўстрыі.
Рашэнні Венскага кангрэсу былі накіраваны на аднаўленне і ўмацаванне феад. парадкаў у Еўропе, задавальненне тэр. прэтэнзій дзяржаў-пераможцаў, захаванне раздробленасці Германіі і Італіі. Венскі кангрэс стварыў т.зв. венскую сістэму, пры якой у Еўропе першынствавалі Англія і (да Крымскай вайны 1853—56) Расія. Для аховы ўстаноўленага Венскім кангрэсам міжнар. парадку ў вер. 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Вызначаныя Венскім кангрэсам граніцы ў Еўропе захоўваліся больш за 50 гадоў.
Літ.:
Дебидур А. Дипломатическая история Европы: Священный союз от Венского до Берлинского конгресса, 1814—1878: Пер. с фр.Т. 1. Ростов н/Д, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКАЎСКІ РАЁН,
на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 20,7 тыс.чал. (1995), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 12,9 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Ветка, 88 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Вяліканямкоўскі, Данілавіцкі, Маланямкоўскі, Неглюбскі, Прыснянскі, Радужскі, Свяцілавіцкі, Стаўбунскі, Хальчанскі, Шарсцінскі, Яноўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), адселена 16 700 жыхароў з 53 населеных пунктаў.
Большая ч. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся, паўн., паўд.-зах. і ўсх. часткі — на Чачорскай раўніне. Паверхня раўнінная, пераважаюць выш. 120—150 м, найвыш. пункт 188,9 м (на ПдУ раёна, каля в. Старое Закружжа). Карысныя выкапні: торф, вапна, мел, гліны для грубай керамікі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 580 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рака Сож з прытокамі Беседзь, Нёманка, Спонка, Ліпа. У поймах рэк шмат старыц. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 30,3% тэр. раёна. Найб. лясістасць на ПнЗ па левабярэжжы Сажа. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Балоты займаюць 10,3 тыс.га. Біял. заказнік Веткаўскі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 51 тыс.га, з іх асушана 16,6 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 5 калгасаў і 10 саўгасаў. Конезавод «Гомельскі». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла, сталярныя вырабы), тэкст. (пража, пакрывалы, ручнікі), харч. (масла, крухмал) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Гомель—Ветка—Свяцілавічы—Чачэрск, Буда-Кашалёва—Ветка—Добруш. Суднаходства па Сажы і Беседзі. У раёне 11 сярэдніх, 3 базавыя, 5 пач. школ, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 15 дашкольных устаноў, 26 клубаў, 21 б-ка, 4 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў, пансіянат для ветэранаў Вял.Айч.вайны і працы. Помнік архітэктуры — сядзіба пач. 19 ст. ў в. Хальч. Вёска Неглюбка — цэнтр ткацкага рамяства. Выдаецца газ. «Голас Веткаўшчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮСТ (франц. buste),
пагрудная выява чалавека, адзін з найб. пашыраных відаў скульпт.партрэта.
Узнік у Стараж. Егіпце і Стараж. Грэцыі. Канчаткова склаўся ў партрэтным мастацтве Стараж. Рыма. Быў пашыраны ў мастацтве эпохі Адраджэння і новага часу (Данатэла, Л.Берніні, Ж.А.Гудон, А.Радэн і інш.). У Расіі бюсты стваралі Б.Растрэлі, Ф.Шубін, Н.Андрэеў, В.Мухіна, С.Лебедзева і інш.
На Беларусі помнікі-бюсты вядомыя з 17 ст. (М.К.Радзівілу ў фарным касцёле ў Нясвіжы). Значнае месца займаў бюст у творчасці бел. скульптараў 19 — пач. 20 ст. (К.Ельскі, Р.Слізень, А.Краснапольскі, В.Бубноўскі, Я.Астроўскі і інш.). У 1930-я — пач. 1940-х г.бел. скульптары стварылі бюсты дзеячаў рэв. руху і культуры: М.В.Фрунзе (А.Глебаў), Я.Купалы і Я.Коласа (абодва З.Азгур), Г.Грыгоніса (М.Керзін); у гады Вял.Айч.вайны — воінаў і партызан Л.М.Даватара (А.Грубэ), Ф.А.Смалячкова і М.Ф.Сільніцкага (абодва Азгур); у пасляваенны перыяд — П.Багрыма, К.Крапівы, М.Танка, Цёткі (А.Пашкевіч; усе Азгур), У.Уладамірскага (А.Глебаў), Я.Коласа (С.Селіханаў), М.Багдановіча (Г.Мурамцаў; Л.Гумілеўскі), Я.Купалы і Я.Коласа (абодва В.Занковіч), Л.І.Бяды, Ю.А.Гагарына, У.В.Кавалёнка, П.І.Клімука, Г.Ц.Берагавога (усе І.Міско), помнік-бюст Я.Купалу ў Араў-парку (г. Нью-Йорк, ЗША; скульпт. А.Анікейчык) і інш. У 1990-я г. ў Нясвіжскім парку ўстаноўлены бюст кн. Юрыю Нясвіжскаму, архітэктару Дж.Бернардоні (усе С.Гумілеўскі), кн. М.К.Радзівілу Сіротку, У.Сыракомлю, Т.Макоўскаму, Я.Коласу (усе М.Канцавы).
А.К.Лявонава, Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Бюст. Б.Растрэлі. Партрэт А.Д.Меншыкава. 1716—17.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗА (да 1940 Бяроза-Картузская, Картуз-Бяроза),
горад у Беларусі, цэнтр Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Ясельда. За 102 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская на лініі Брэст—Баранавічы, на аўтадарозе Кобрын—Баранавічы. 30,5 тыс.ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах вядома з 1477 як вёска Слонімскага, у 1521 — Кобрынскага пав.ВКЛ. Належала Гамшэям, Вештартовічам, Гастоўскім, Рудзінскім, з канца 16 ст. — Сапегам. З 1629 мястэчка. У 1648—89 пабудаваны Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў (картузаў, адсюль назва Картуз-Бяроза). У 1706 тут адбылася сустрэча рас. цара Пятра I з каралём польскім і вял.кн.літ. Аўгустам II. У час Паўночнай вайны 1700—21швед. войскі разбурылі Бярозу і абрабавалі кляштар. З 1795 Бяроза ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Пружанскага пав. (з 1801 Гродзенскай губ.). У 1-й пал. 19 ст. праводзілася 8 кірмашоў на год, дзейнічалі 2 гарбарныя і суконныя мануфактуры. У 1871 праз Бярозу пракладзена Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. У 1897 — 6,2 тыс.ж. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіравана герм. войскам, у 1919—20 занята польскім войскам, Чырв. Арміяй. З 1921 у Польшчы, мястэчка Пружанскага пав. Палескага ваяв. У 1934 створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр раёна. З 23.6.1941 да 15.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія ў створаным імі лагеры смерці загубілі 7 тыс.чал. Дзейнічала патрыят. падполле. Бяроза вызвалена войскамі 28-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1969 — 7,5 тыс.чал.
У Бярозе прадпрыемствы маш.-буд., буд. матэрыялаў (Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў), харч. (Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, Бярозаўскі сыраробны камбінат) прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў, Бярозаўская Петрапаўлаўская царква. Помнікі на месцы б. канцэнтрацыйнага лагера, сав. лётчыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1812,
наступальная аперацыя рас. войск у ліст. 1812 на завяршальным этапе вайны 1812 з мэтай акружэння і знішчэння напалеонаўскай арміі. Праводзілася арміяй М.І.Кутузава (каля 50 тыс.чал.), 3-й Зах. арміяй П.В.Чычагова (каля 35 тыс.чал.) і 1-ым пях. корпусам П.Х.Вітгенштэйна (каля 40 тыс.чал.). Арміі Кутузава процістаялі гал. сілы Напалеона (каля 30 тыс.чал., а таксама 30—40 тыс.чал. адсталых і небаяздольных). Насупраць арміі Чычагова былі разрозненыя атрады гал.ч. польскіх войск (атрад Ф.К.Касецкага, гарнізон М.Бранікоўскага, 17-я пях. дывізія Я.Г.Дамброўскага; усяго каля 9 тыс.чал.). Корпусу Вітгенштэйна процістаялі франц. карпусы К.Віктора і Ш.Удзіно (каля 25 тыс.чал.). Напалеон прыняў рашэнне перапраўляцца цераз Бярэзіну вышэй ад Барысава, у раёне вёсак Студзёнка і Весялова, пачаў скрытную падрыхтоўку да пераправы і адначасова зрабіў захады па дэзінфармацыі рус. камандавання. Кутузаў памылкова лічыў больш верагодным адступленне Напалеона на Мінск і Слонім і зрабіў адпаведныя загады. У выніку Чычагоў 25—26 ліст. перавёў амаль усе свае войскі з-пад Барысава на Пд. 26 ліст. па наведзеных мастах пачалася 3-дзённая пераправа франц. войск, якія захапілі плацдарм на правым беразе Бярэзіны і адначасова забяспечылі прыкрыццё гасцінца Барысаў—Студзёнка. На левым беразе французы ўтрымлівалі ўсе подступы да мастоў, пакуль не прайшлі ўсе баяздольныя часці. Раніцай 29 ліст. масты былі спалены, і армія Напалеона рушыла ў напрамку Маладзечна. У Бярэзінскай аперацыі 1812 рус. камандаванне не дасягнула ў поўнай меры пастаўленай мэты. Нягледзячы на колькасную перавагу, стратэг. ініцыятыву перад пачаткам аперацыі, выгаднае геагр. размяшчэнне рас. войск, ядро франц. арміі прарвалася з акружэння. Але панесеныя Напалеонам страты (каля 70 тыс.чал.) азначалі немагчымасць далей працягваць вайну. Вынікі Бярэзінскай аперацыі канчаткова вызначылі перамогу Расіі ў вайне.
Літ.:
Гл. пры арт. Вайна 1812.
В.В.Антонаў.
Да арт.Бярэзінская аперацыя 1812. Пераправа цераз Бярэзіну. Лістапад 1812 г. Аўталітаграфія сярэдзіны 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЙРУ́Т,
горад, сталіца Лівана. Размешчаны на скалістым п-ве на ўсх. узбярэжжы Міжземнага м. 1,1 млн.ж. (1990). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Порт (вываз цытрусавых, яблыкаў, аліўкавага алею, шоўку-сырцу, воўны). Праз Бейрут ідзе транзітны гандаль краін Б. і Сярэдняга Усходу з Еўропай і інш. рэгіёнамі. Прамысл. і гандл.-фінансавы цэнтр Лівана. У Бейруце і яго прыгарадах каля 70% усіх прамысл. прадпрыемстваў краіны. Тэкст., харч., гарбарная, нафтаперапр., цэм., металаапр.прам-сць. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Музеі: Нац. музей Лівана, прыгожых мастацтваў, амер. ун-та.
Вядомы з 15 ст. да нашай эры пад назвай Берыт, горад і порт Фінікіі. У 3 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры значны гандл.-рамесны цэнтр, меў аўтаномію і права чаканіць манету. З 635 у складзе Арабскага халіфата. У 1110—1291 (з перапынкам) пад уладай крыжаносцаў, у 14—15 — егіп. мамлюкаў. У 1516—1918 у складзе Асманскай імперыі. Пры эміру Фахр-ад-дзіне II (1590—1635) сталіца створанай ім незалежнай ліванскай дзяржавы, рэзідэнцыя эміра. У 1920—43 адм. цэнтр падмандатнага Францыі Лівана. З 1943 сталіца Ліванскай Рэспублікі. У 1952—75 фін. і банкаўскі цэнтр Б. Усходу. Моцна пацярпеў у час працяглай грамадз.вайны (1975—90).
У горадзе захаваліся рэшткі фінікійскіх, рымскіх і візант. збудаванняў. Сярод арх. помнікаў сярэднявечча мячэць Амара (Джамі аль-Амары, перабудавана ў 1291 з царквы Іаана Хрысціцеля) і «Палацавая мячэць» (пач. 16 ст.). Сучасны Бейрут — з прамымі вуліцамі, шырокай набярэжнай і 3 гал. плошчамі, забудаваны шматпавярховымі дамамі (арх. А.Табет і інш.). У паўн. частцы горада — атэлі «Сен-Жорж» і «Фінікія», будынак Мін-ва юстыцыі, стадыён на 100 тыс. гледачоў і інш. За 25 км ад Бейрута — палац Бейт-эд-дзін, аздоблены мармурам і размалёўкай (19—20 ст.).