ДЗІЦЯ́ЧАЯ ПРА́ЦА,

1) праца малалетніх асоб, якія не дасягнулі ўзросту працоўнай дзеяздольнасці. У 1833 у Вялікабрытаніі прыняты закон, паводле якога забаранялася эксплуатацыя Дз.п. і была ўстаноўлена працягласць прац. дня для дзяцей 9—13 гадоў 8, для падлеткаў да 18 гадоў — 12 гадзін. У Францыі першым актам, які рэгуляваў Дз.п., быў закон 1841. У ЗША федэральным законам 1938 аб прац. нормах быў устаноўлены мінім. ўзрост прыёму на працу — 16 гадоў. У пач. 1970-х г. у краінах, якія сталі на шлях развіцця, працоўныя ва ўзросце 10—14 гадоў складалі, паводле даных ЮНЕСКА, 31% агульнай колькасці дзяцей гэтага ўзросту. Паводле звестак Цэнтра ААН па правах чалавека ў Жэневе (1993) больш за 100 млн. дзяцей у свеце існуюць за кошт цяжкай працы, больш за 50 млн. дзяцей працуюць у небяспечных або шкодных для здароўя ўмовах. Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 13.12.1956 забаронены прыём на работу асоб, якім не споўнілася 16 гадоў. У Беларусі ў 1993 прыняты Закон «Аб правах дзіцяці», паводле якога самаст. праца непаўналетніх дапускаецца з 16-гадовага ўзросту; забараняецца прымус дзіцяці да любой працы, небяспечнай для яго здароўя або якая перашкаджае атрыманню базавай адукацыі.

2) Від працоўнай дзейнасці, якая выкарыстоўваецца ў выхаваўчых мэтах з ранняга дзяцінства. У класічнай пед. л-ры (Я.​А.​Каменскі, Дж.​Лок, І.​Г.​Песталоцы, К.​Дз.​Ушынскі, П.​П.​Блонскі, С.​Ф.​Шацкі, А.​С.​Макаранка, В.​А.​Сухамлінскі) і сучасных даследаваннях (Р.​С.​Бурэ, Г.​М.​Годзіна, В.​І.​Логінава. В.​Г.​Нячаева, Д.​В.​Сяргеева, А.​Д.​Шатава і інш.) адзначаецца выхаваўчы характар працы, яна разглядаецца як натур. ўмова жыццядзейнасці і першая жыццёвая неабходнасць здаровага арганізма. У выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту выкарыстоўваецца праца па самаабслугоўванню, што развівае самастойнасць, вучыць пераадольваць цяжкасці, прывучае да ахайнасці і чысціні. Гаспадарча-бытавая праца мае грамадскую накіраванасць — задавальненне патрэбнасцей інш. дзяцей або дарослых. Праца дзяцей у прыродзе (догляд за раслінамі і жывёламі) накіравана на задавальненне патрэбнасцей дзяцей па ахове прыроды. У далейшым такая праца становіцца адным з відаў прадукц. працы. Ручная праца (выраб цацак і інш. прадметаў) развівае канструктыўныя здольнасці, дае карысныя практычныя навыкі. Гэтыя віды працы арганізоўваюцца і ў дзіцячых дашкольных установах у розных формах (даручэнні, дзяжурствы, калектыўная праца). Вучэбная праца ў дашкольным узросце не набывае самаст. значэння, але пачынае складвацца ў асобны від працы, што важна для падрыхтоўкі дзяцей да школы. Праца навучэнцаў у школе (ручная праца ў пач. класах, заняткі ў вучэбных майстэрнях у сярэдніх класах і вучэбна-выхаваўчая практыка ў старэйшых класах) мае мэтанакіраваны і сістэматычны характар. Асн. час у школьнікаў займае вучэбная праца, якая з’яўляецца сур’ёзным абавязкам навучэнцаў перад грамадствам.

Н.​У.​Літвіна.

т. 6, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА РАСЛІ́Н,

1) комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні асобных відаў і ўсёй сукупнасці дзікарослых раслін, уключае ахову генафонду, фітацэнозаў, біягеацэнозаў у цэлым і інш. рэсурсаў расліннага свету, састаўная частка аховы прыроды і праблемы захавання біял. разнастайнасці Зямлі. Уключае ахову лясоў, ахову расліннага покрыва, зялёных насаджэнняў, балотнай і лугавой расліннасці, лек., асабліва ахоўных раслін і інш. Ахова рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін ажыццяўляецца ў адпаведнасці са спісам, прапанаваным Міжнар. саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Еўрапейскім Чырвоным спісам рэдкіх і тых, што знікаюць, відаў раслін, рэгіянальнымі і нац. Чырвонымі кнігамі праз увядзенне забароны на іх збіранне, праз аднаўленне колькасці, утварэнне асабліва ахоўных прыродных тэрыторый у месцах іх росту, абвяшчэнне помнікамі прыроды асобных месцаў іх росту, штучнае развядзенне некат. відаў, уключэнне адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання.

На Беларусі ахова раслін рэгулюецца законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), парадкам выдачы дазволаў на збіранне раслін з відаў, занесеных у Чырвоную кнігу, адпаведнымі палажэннямі зямельнага, воднага і ляснога заканадаўства, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш. У адпаведнасці з канвенцыяй аб міжнар. гандлі відамі дзікай фауны і флоры, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, забаронены збіранне, продаж і купля ўсіх відаў сям. ятрышнікавых, лабеліі Дортмана і воўчніка баравога. Ахова некат. гаспадарча карысных відаў раслін і грыбоў ажыццяўляецца ліцэнзаваннем, правядзеннем біятэхн. мерапрыемстваў, увядзеннем часовых забарон на збіранне асобных відаў. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове раслін ажыццяўляюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь з залучэннем грамадскасці. Адной з формаў аховы раслін з’яўляецца вырошчванне і развядзенне рэдкіх і гаспадарча карысных відаў на спец. участках, у гадавальніках, бат. садах і гэтак далей.

2) Галіна с.-г. навукі, якая распрацоўвае метады і спосабы барацьбы з хваробамі і шкоднікамі с.-г. культур і лясных парод, з пустазеллем. Прадугледжвае комплекс мерапрыемстваў у сельскай і лясной гаспадарцы, накіраваных на павелічэнне ўраджаю і зберажэнне якасці прадукцыі за кошт ліквідацыі страт ад шкодных арганізмаў, а таксама на прадухіленне біял. забруджвання навакольнага асяроддзя. Асн. задача — знішчэнне шкодных для сельскай і лясной гаспадаркі арганізмаў або абмежаванне іх дзейнасці (гл. Каранцін). Ахову тэр. Беларусі ад пранікнення каранцінных шкоднікаў, хвароб і пустазелля, каранцінныя мерапрыемствы ажыццяўляе Бел. дзярж. каранцінная інспекцыя. Дзярж. служба аховы раслін праводзіць практычныя мерапрыемствы па ахове ў калгасах, саўгасах, арг-цыях, установах, на прадпрыемствах, а таксама на прысядзібных участках, у калект. садах і агародах. Распрацоўку сістэм мерапрыемстваў па барацьбе са шкоднікамі, хваробамі і пустазеллем, метадычнае кіраўніцтва вытв. службай па ахове раслін ажыццяўляе Аховы раслін Беларускі НДІ.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 2, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАЯ ПЕ́СНЯ,

сольная ці харавая песня, створаная прафес. кампазітарам або аматарам для масавага распаўсюджання; адна з вядучых жанравых разнавіднасцей сав. прафес. і аматарскай (самадзейнай) песеннай творчасці. Характэрныя рысы: куплетная (страфічная) будова (пераважае чаргаванне сольнага запеву з хар. прыпевам), апора на быт. жанры (у прыватнасці, марш), муз. вобраз сканцэнтраваны ў мелодыі, якая абагульнена адлюстроўвае сэнс слоў і не патрабуе абавязковага муз. суправаджэння. Агульназначнасць зместу ў спалучэнні з прастатой паэт. і муз. мовы, выкарыстанне пеўчых галасоў у найб. зручных рэгістрах абумоўліваюць яе максімальную даступнасць для ўсеагульнага выканання і ўспрыняцця.

Папярэднікамі М.п. можна лічыць харалы, гусіцкія гімны, канты і інш. Да М.п. адносяцца баявыя гімны франц. рэвалюцыі 1789—94 («Марсельеза» і інш.), міжнар. і рус. песні 19 — пач. 20 ст. («Інтэрнацыянал», «Варшавянка»), песні перыяду грамадз. вайны («Па далінах і па ўзгор’ях), камсамольскія песні 1920-х г. («Маладая гвардыя», «Наш паравоз»), усенародна вядомыя песні І.​Дунаеўскага («Песня аб Радзіме», «Кахоўка», «Марш вясёлых рабят»), М.​Блантара («Кацюша»), А.​Аляксандрава («Свяшчэнная вайна»), У.​Захарава («Ой, туманы мае...»), А.​Новікава (.«Гімн дэмакратычнай моладзі свету»), В.​Салаўёва-Сядога («Падмаскоўныя вечары»), А.​Астроўскага («Хай заўжды будзе сонца»), А.​Пахмутавай («Песня аб трывожнай маладосці»), Д.​Тухманава («Дзень Перамогі») і інш. Да канца 1950-х г. паняцце «М.п.» вызначала ўсю песенную творчасць сав. кампазітараў. З 1960-х г. пашыраюцца жанравыя арыенціры песеннай творчасці, вял. ролю набываюць аўтарская песня і эстрадная. Паняцце «М.п.» паступова трансфармуецца ў агульнавядомы «шлягер», які не патрабуе масавага выканання. На мяжы 1980—90-х г. масавыя жанры, у т. л. і М.п., пачынаюць падпарадкоўвацца законам шоу-бізнесу, дзе папулярнасць залежыць не ад маст. якасцей ці ступені запамінальнасці песні, а ад рэкламы.

На Беларусі апора на традыц. рысы М.п. спалучаецца з пераўтварэннем у ёй нац. фалькл. элементаў. Сярод найб. папулярных М.п.: «Бывайце здаровы» І.​Любана, «Песня пра Нёман» Н.​Сакалоўскага, «Зорка Венера» С.​Рак-Міхайлоўскага, «Радзіма мая дарагая», «Лясная песня» У.​Алоўнікава, «Мы ідзем па зямлі» І.​Лучанка і інш. У 1970—90-я г. рэпертуар М.п. фарміравалі пераважна вак.-інстр. ансамблі «Песняры» (бел. нар. песня «Касіў Ясь канюшыну», «Мой родны кут» Лучанка), «Верасы» («Завіруха» Э.​Ханка, «Карнавал» В.​Раінчыка), «Сябры» («Вы шуміце, бярозы» Ханка, «Гуляць дык гуляць» В.​Іванова). На адбор М.п. ўплываюць хіт-парады Бел. радыё, тэлефестываль «Песню бярыце з сабой». У апошні час паняцце «М.п.» ўсё больш звужаецца да папулярнасці сярод слухачоў пэўных узроставых катэгорый і маст. прыхільнасцей.

Літ.:

Нестьев И.В. Массовая песня // Очерки советского музыкального творчества. М.; Л., 1947. Т. 1;

Сохор А.Н. Русская советская песня. Л., 1959;

Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.

Р.​М.​Аладава, Н.​Я.​Бунцэвіч.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т МІНІ́СТРАЎ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (СМ Рэспублікі Беларусь),

вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады, урад Рэспублікі Беларусь. Утвораны ў 1946 замест Савета Народных Камісараў Беларускай ССР, да 1991 СМ БССР, да 1994 і з 1996 СМ Рэспублікі Беларусь. Утвараўся Вярх. Саветам БССР (з 1991 Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь) і быў яму падпарадкаваны. У межах сваіх паўнамоцтваў забяспечваў кіраўніцтва нар. гаспадаркай, сац.-культ. будаўніцтвам, ажыццяўляў меры па падтрыманні грамадскага парадку, абароне інтарэсаў дзяржавы і ахове правоў грамадзян. Пастановы і распараджэнні ўрада былі абавязковыя да выканання на ўсёй тэр. Беларусі. Паўнамоцтвы СМ і яго пастаяннага органа — Прэзідыума, парадак арганізацыі і дзейнасці вызначаліся законам. З увядзеннем у 1994 пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і стварэнні пры ім Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь функцыі ўрада перайшлі да Кабінета Міністраў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятая на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, зноў прадугледжвае ўрад — СМ Рэспублікі Беларусь як цэнтр. орган дзярж. кіравання, падсправаздачны ў сваёй дзейнасці Прэзідэнту і адказны перад парламентам — Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь. Урад краіны складаецца з Прэм’ер-міністра, яго намеснікаў і міністраў. У яго могуць уваходзіць і кіраўнікі інш. рэсп. органаў дзярж. кіравання. Прэм’ер-міністра прызначае Прэзідэнт са згоды Палаты прадстаўнікоў Парламента Рэспублікі Беларусь. СМ Рэспублікі Беларусь кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзярж. кіравання і інш. органаў выканаўчай улады; распрацоўвае асн. кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі; распрацоўвае і прадстаўляе Прэзідэнту для ўнясення ў Парламент праект рэсп. бюджэту і справаздачу аб яго выкананні; забяспечвае правядзенне адзінай эканам., фін., крэдытнай і грашовай палітыкі, дзярж. палітыкі ў галіне навукі. культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сац. забеспячэння і аплаты працы; прымае меры па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нац. бяспецы і абараназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю; выступае ад імя ўласніка ў дачыненні да маёмасці, якая з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь, арганізуе кіраванне дзярж. уласнасцю; забяспечвае выкананне Канстытуцыі, законаў і дэкрэтаў, указаў і распараджэнняў Прэзідэнта; мае права адмены актаў мін-ваў і інш. рэсп. органаў дзярж. кіравання; ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта; выдае пастановы, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэр. Рэспублікі Беларусь. Кампетэнцыя, парадак арганізацыі і дзейнасці ўрада вызначаюцца Законам аб СМ Рэспублікі Беларусь на аснове Канстытуцыі.

Старшынямі СМ Беларусі ў розны час былі: П.​К.​Панамарэнка (1946—48), А.​Я.​Кляшчоў (1948—53), К.​Т.​Мазураў (1953—56), М.​Я.​Аўхімовіч (1956—59), Ц.​Я.​Кісялёў (1959—78), А.​Н.​Аксёнаў (1978—83), У.​І.​Бровікаў (1983—86), М.​В.​Кавалёў (1986—90), В.​Ф.​Кебіч (1990—94); прэм’ер-міністрамі — М.​М.​Чыгір (1994—96), С.​С.​Лінг (1997—2000), У.​В.​Ярмошын (2000—2001), Г.​В.​Навіцкі (з 10.1.2001).

М.​І.​Дзянісаў.

т. 14, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА ВО́ЛІ,

філасофска-этычнае паняцце, якое азначае самавызначальнасць чалавека ў сваіх дзеяннях. У філасофіі цесна звязана з праблемамі дэтэрмінізму і індэтэрмінізму волі чалавека, у этыцы — з пытаннямі аб адказнасці чалавека за свае дзеянні, аб суадносінах С.в. і маралі; у хрысц. філасофіі і этыцы разглядаецца ў кантэксце праблемы Божага прадвызначэння і свабоды выбару асобы. Праблеме С.в. належыць адно з цэнтр. месцаў у гісторыі філас. і этычнай думкі. Сакрат падкрэсліваў вызначальную ролю пазнання ў ажыццяўленні С.в. Платон звязваў С.в. з арыентацыяй на ўсеагульны ідэал дабра, Арыстоцель — з праблемай маральнага выбару. Для сярэдневяковай філасофіі характэрны ідэі прадвызначэння і прэваліравання Божай усемагутнасці над асабістай С.в. чалавека (Аўгусцін, І.​Дунс Скот, Фама Аквінскі) або прызнання С.в. асобы як магчымасці выбару паміж дабром і злом (Пелагій). У антрапацэнтрычнай філасофіі Адраджэння С.в. разглядалася як аснова чалавечай дабрадзейнасці, поўнага прыроднага і культ. самаразвіцця асобы (Л.​Вала, К.​Салютаці, Дж.​Манеці). Бел. філасофія Адраджэння прасякнута ідэямі С.в., якая набліжае чалавека да вобраза Бога (С.​Будны, Л.​Зізаній), з’яўляецца асновай самаўдасканалення асобы шляхам падпарадкавання эмоцый і памкненняў розуму (Б.​Будны, А.​Алізароўскі), творчага самавыяўлення (М.​К.​Сарбеўскі). З 17 ст. ў вырашэнні праблемы С.в. вызначыліся 2 супрацьлеглыя пазіцыі: дэтэрмінізм, які сцвярджае, што воля абумоўлена знешнімі прычынамі і адмаўляе існаванне С.в. (Т.​Гобс, Б.​Спіноза), і індэтэрмінізм, які адстойвае ідэю самаабумоўленасці волі і абсалютнай С.в. (І.​Фіхтэ). І.​Кант аб’яднаў дэтэрмінізм і індэтэрмінізм, сцвярджаючы, што чалавек абсалютна несвабодны ў прыродным асяроддзі і валодае С.в. толькі ў інтэлігібельным (розумаспасцігальным) свеце. Г.​Гегель лічыў С.в. атрыбутам сусв. духу, А.​Шапенгаўэр разглядаў С.в. чалавека як выяўленне сусв. С.в. і крыніцу адвечных пакут, звязаных з бясконцасцю чалавечых жаданняў. Рацыяналістычную трактоўку С.в. прапанавалі К.​Маркс і Ф.​Энгельс, якія лічылі, што пазнанне і засваенне навакольнага асяроддзя спрыяюць ажыццяўленню С.в. Ірацыянальнай трактоўкі С.в. прытрымліваліся С.​К’еркегор, Г.​Маркузе, К.​Ясперс, якія сцвярджалі, што веды і рацыяналізм звужаюць магчымасці для выяўлення С.в. Э.​Фром вызначыў парадаксальную адметнасць чалавека 20 ст. — «уцёкі» ад С.в. як форму самаабароны ад непакою, звязанага з адзінотай, адказнасцю за выбар і нявызначанасцю будучыні. У экзістэнцыялізме і фенаменалогіі С.в. разглядаецца як неад’емны атрыбут асобы, які выводзіць яе па-за межы матэрыяльнага свету (М.​Хайдэгер, Ж.​П.​Сартр). Гл. таксама Воля, Свабода, Свабода і неабходнасць.

Літ.:

Ноговицин О.М. Ступени свободы: Логико-ист. анализ категории свободы. Л., 1990;

Максимов А.М. Измерения свободы. Екатеринбург, 1994;

Калмыков Р.Б. Анатомия свободы. Иваново, 1995;

Валла Л. Об истинном и ложном благе;

О свободе воли: Пер. с лат. М., 1989;

Шопенгауэр А. Свобода воли и нравственность: Пер. с нем. М., 1992;

Виндельбанд В. О свободе воли: Пер. с нем. Мн.;

М., 2000;

Левин Г.Д. Свобода воли: Современ. взгляд // Вопр. философии. 2000. № 6.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 14, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СОЙМ, сейм,

саслоўна-прадстаўнічы орган у ВКЛ у 15—1-й пал. 16 ст. і Рэчы Паспалітай у 2-й пал. 16—18 ст. Генезіс С. мае карані ў вечавых сходах (гл. Веча). Дакладны час ператварэння нарад вял. князя ВКЛ з саноўнікамі ў пасяджэнні вальнага агульнадзярж. С. як прадстаўнічага органа ўсяго шляхецкага саслоўя спрэчны. Першапачаткова сістэмы прадстаўніцтва на С. не існавала. Манарх прымаў рашэнні і аб скліканні С., і аб яго складзе. На ім маглі вырашацца любыя пытанні, што прапаноўваліся гаспадаром або Радай Вялікага княства Літоўскага. Збіраліся і С. асобных зямель ВКЛ Віленскі прывілей 1565 і Статут ВКЛ 1566 стварылі ін-т павятовых соймікаў і вызначылі сістэму прадстаўніцтва шляхты на С. — па 2 паслы (дэпутаты) ад павета. Баярства, якое не атрымала шляхецкіх правоў, духавенства, мяшчанства і сялянства не мелі свайго прадстаўніцтва на С. як асобныя станы. С. падзяляўся на 2 палаты: кола паноў-рады (Рада ВКЛ) і рыцарскае (шляхецкае) кола. Пасля Люблінскай уніі 1569 супольны вальны С. Рэчы Паспалітай складаўся з Сената (вышэйшая палата) і Пасольскай Ізбы (ніжэйшая палата). Адразу пасля заключэння уніі ў складзе Пасольскай Ізбы было 170 паслоў, з якіх 48 прадстаўлялі ВКЛ. Колькасць паслоў павялічвалася шляхам стварэння новых соймікавых акруг. Да выключнай кампетэнцыі С. належалі: выданне заканадаўчых актаў, увядзенне падаткаў, скліканне паспалітага рушэння, выпрацоўка агульнага кірунку знешняй палітыкі, зацвярджэнне мірных дагавораў. Канвакацыйны С. вызначаў месца і час выбараў манарха, выпрацоўваў умовы, якія ставіліся кандыдату на трон. Элекцыйны С. выбіраў манарха. На каранацыйным С. манарх прысягаў выконваць умовы, паводле якіх адбылося яго выбранне. У адпаведнасці з «Генрыкавымі артыкуламі» манарх абавязваўся кожныя 2 гады склікаць 6-тыднёвы ардынарны (звычайны) С. Пры неабходнасці маглі склікацца экстраардынарныя (надзвычайныя) 2-тыднёвыя С. Каралю было пакінута права заканадаўчай ініцыятывы і санкцыянавання пастаноў С. Пасля Люблінскай уніі большасць С. адбывалася ў Варшаве, каранацыйныя — у Кракаве. Экстраардынарны С. 1653 прайшоў у Брэсце. На С. 1673 прынята пастанова, што кожны 3-і чарговы С. будзе адбывацца ў Гродне. Соймавыя пастановы (канстытуцыі) прымаліся кансэнсусам, іх падпісваў кароль, паслы і сенатары. З 1652 некаторыя С. заканчваліся без прыняцця пастаноў, зрываліся шляхам выкарыстання пасламі права ліберум вета (з 1669). У 1764—66 пастаноўлена менш важныя пытанні вырашаць большасцю галасоў.

Літ.:

Любавский М.К. Литовско-русский сейм: Опыт по истории учреждения в связи с внутренним строем и внешнею жизнью государства. М., 1900;

Максимейко Н.А. Сеймы Литовско-Русского государства до Люблинской унии 1569 г. Харьков. 1902;

Historia sejmu Polskiego. T. 1. Warszawa, 1984;

Dzieje sejmu Polskiego. 2 wyd. Warszawa, 1997.

А.​А.​Радаман.

Сойм Рэчы Паспалітай. Гравюра з кнігі «Статут Вялікага княства Літоўскага». Вільня. 1619.

т. 15, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ МО́ВЫ імя Ф.​Скарыны (ТБМ),

бел. добраахвотная грамадская арганізацыя. Засн. ў 1989 у Мінску. Арганізатары-заснавальнікі: Саюз пісьменнікаў Беларусі, мін-вы адукацыі, культуры Рэспублікі Беларусь, ін-ты мовазнаўства і літаратуры Нац. АН Беларусі, Дзярж. к-т Рэспублікі Беларусь па друку, Бел. фонд культуры, т-ва «Радзіма», Бел. т-ва дружбы і культ. сувязі з замежнымі краінамі, Нац. тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. Старшыні т-ва: Н.​С.​Гілевіч, з 1997 Г.​М.​Бураўкін, з 1999 А.​А.​Трусаў. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд, які склікаецца 1 раз у 2 гады, кіруючы орган паміж з’ездамі — Рэсп. рада ТБМ, выканаўчы орган — Сакратарыят. Рэвізійная камісія кантралюе дзейнасць выбарных органаў і структурных падраздзяленняў т-ва. Мэты т-ва: аднаўленне ў грамадстве стаўлення да роднай мовы як да нац. святыні, пашырэнне яе ўжытку ва ўсіх сферах жыцця рэспублікі, усебаковае развіццё і захаванне яе чысціні і самабытнасці. Пры т-ве дзейнічае 8 камісій: адукацыйная, арганізацыйная, выдавецкая, па культуры мовы і ўдасканаленні правапісу, па сувязях з замежнымі краінамі, па тапаніміцы і гіст. сімволіцы, тэрміналагічная і інш. Працуе ініцыятыўная група па стварэнні Бел. нац. ун-та, бел. бацькоўскі к-т, кніжны і відэаклуб. Мае б-ку стараж. бел. кнігі (больш за 600 асобнікаў рэдкіх бел. кніг). За час існавання т-вам выдадзена больш за 20 кніг мастацкай, навуковай, навукова-папулярнай, асветніцкай л-ры, у т. л. тэрміналагічныя слоўнікі па фізіцы, вышэйшай матэматыцы, зоапаразіталогіі, батаніцы, бел. вайсковы слоўнік і інш. З сак. 1990 выдае штотыднёвую газ. «Наша слова». У 1990 прымала ўдзел у падрыхтоўцы Закона «Аб мовах у Беларускай ССР», арганізацыі кантролю за выкананнем гэтага закона, у стварэнні «Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Рэспубліцы Беларусь» (1991). ТБМ правяло рэсп. канферэнцыі: «Шляхі станаўлення нацыянальнай беларускай школы» (1990), «Інтэлігенцыя і нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі» (1991), «Беларуская мова і нацыянальна-дзяржаўны суверэнітэт Беларусі», «Шляхі ўдасканалення правапісу беларускай літаратурнай мовы» (1992), сумесна з Мін-вам адукацыі па праблемах бел. тэрміналогіі (1994, 1995), «Закон аб мовах — вынікі і перспектывы», «Беларуская тапаніміка. Гісторыя і сучаснасць» (2000). Падтрымлівае беларускамоўныя класы і школы, прапагандуе родную мову і культуру. Удзельнічала ў перапісе насельніцтва Беларусі (1999). Ім перададзена бязвыплатна каля 10 тыс. асобнікаў кніг для рэгіянальных суполак ТБМ, а таксама для вясковых, школьных і раённых б-к. Структуры т-ва працуюць у кожным раёне Мінска, ва ўсіх буйных гарадах і 64 раёнах Беларусі, а таксама ў Вільні, Рызе, Іркуцку, Маскве, С.-Пецярбургу, Севастопалі, існуе суполка ў Германіі. На 1.1.2001 у ТБМ больш як 5500 актыўных членаў і каля 10 000 прыхільнікаў. Мае сваю афіцыйную сімволіку.

А.​А.​Трусаў.

т. 15, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СІНЫ,

1) філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае адзін з аб’ектыўных момантаў узаемасувязі рэчаў, абумоўленай матэрыяльным адзінствам свету. Існаванне, спецыфічныя ўласцівасці і развіццё рэчаў залежаць ад сукупнасці іх адносін да інш. рэчаў. Паняцце аб адносінах узнікае як вынік параўнання дзвюх ці больш рэчаў па выбранай (зададзенай) аснове (прыкмеце). Калі аснова параўнання не адвольная, то і адносіны як вынік параўнання таксама не адвольныя, іх анталагічны статус у дадзеным выпадку праяўляецца ў існаванні асновы (пры гэтым самі адносіны можна разглядаць як уласцівасць гэтай асновы).

Адрозніваюць унутраныя адносіны частак рэчы і яе знешнія адносіны з інш. рэчамі, адносіны істотныя і неістотныя, неабходныя і выпадковыя і інш. Істотныя агульныя ўстойлівыя адносіны паміж з’явамі выступаюць як закон іх развіцця і функцыяніравання. Асаблівы характар маюць грамадскія адносіны, вывучэнне якіх дае ключ да разумення сутнасці чалавека і гісторыі грамадства. Тыпы і ўласцівасці адносін, законы іх узаемасувязі вывучаюцца тэорыяй пазнання, логікай, матэматыкай, агульнай тэорыяй сістэм. 2) Эмацыянальна-валявая ўстаноўка асобы на што-небудзь (выказванне яе пазіцыі).

Літ.:

Уемов А.И. Вещи, свойства и отношения. М., 1963;

Райбекас А.Я. Вещь, свойство, отношение как философские категории. Томск, 1977;

Проблема связей и отношений в материалистической диалектике. М., 1990.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЧУВА́ННЕ,

псіхічны працэс адлюстравання асобных уласцівасцяў і з’яў аб’ектыўнага свету пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуццяў. Узнікаюць ад таго, што раздражняльнікі дзейнічаюць на ўспрымальныя часткі аналізатараў—рэцэптары; нервовыя імпульсы дасягаюць галаўнога мозга і выклікаюць адчуванне. Спецыфіка адчування чалавека, іх дасканаласць абумоўлены сац.-гіст. прычынамі, працоўнай дзейнасцю. Адчуванні з’яўляюцца крыніцай непасрэднай інфармацыі аб навакольным свеце. Як адлюстраванне аб’ектыўных уласцівасцяў рэчаў адчуванне з’яўляецца сродкам пазнання рэчаіснасці. У чалавека найб. развіты зрокавыя адчуванні. Потым ідуць адчуванні слыху, смаку, нюху, дотыку. Працэсы, што адбываюцца ў арганізме, выклікаюць арганічныя адчуванні (голад, смагу, боль). Існуюць таксама адчуванні вібрацыйныя, руху і становішча органаў цела, раўнавагі і інш.

У працэсе пазнання адчування выконваюць функцыі: як субстрат успрымання даюць апошняму магчымасць адлюстраваць структуру вонкавых прадметаў; выступаюць у ролі прыкмет аб’ектыўных уласцівасцяў вонкавых прадметаў пры ўмове, што ўзаемасувязь паміж якасцю адчування і ўласцівасцю прадмета раней вядомая; з’яўляюцца асновай для фарміравання элементарных уяўленняў. Праблематыка адчування распрацоўваецца ў псіхафізіцы сенсорных працэсаў і розных раздзелах фізіялогіі. Разнастайнасць адчування адлюстроўвае якасную разнастайнасць навакольнага свету. Адчуванні дапамагаюць чалавеку прыстасоўвацца да асяроддзя і ўздзейнічаюць на яго.

Літ.:

Ковалгин В.М. Рефлекторная теория ощущений. Мн., 1963;

Ананьев Б.Г. Теория ощущений. Л., 1961.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫЯЦЫ́ЙНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,

раздзел матэматыкі, які вывучае тэорыю экстрэмуму (найбольшых ці найменшых значэнняў) функцыяналаў, залежных ад адной ці некалькіх функцый, падпарадкаваных пэўным абмежаванням. Узнікла ў 18 ст. на аснове прац. Л.Эйлера і Ж.Лагранжа як развіццё метадаў рашэння экстрэмальных задач механікі і фізікі. Першымі былі задачы аб брахістахроне, паверхнях вярчэння, знаходжанні геадэзічнай лініі і ізаперыметрычная задача (напр., знаходжанне замкнёнай плоскай лініі зададзенай даўжыні, якая абмяжоўвае найб. плошчу).

Варыяцыйнае злічэнне грунтуецца на паняцці варыяцыі (абагульненне паняцця дыферэнцыяла на выпадак функцыяналаў; адсюль назва). Гал. пытанні даследаванняў класічнага варыяцыйнага злічэння — умовы існавання і метады знаходжання экстрэмальных функцый, а таксама неабходныя і дастатковыя ўмовы, якія яны павінны задавальняць. Значны ўклад у распрацоўку і развіццё варыяцыйнага злічэння зрабілі А.Лежандр, К.Веерштрас, Д.Гільберт, ням. матэматыкі К.​Якобі, К.​Каратэадоры і інш. Абагульненнем задач класічнага варыяцыйнага злічэння з’яўляюцца задачы аптымальнага кіравання, даследаванні якіх пачаліся ў 1950-я г. (Л.​С.​Пантрагін, Р.​В.​Гамкрэлідзе, У.​Р.​Балцянскі), на Беларусі вядуцца з 1960-х г. (Р.​Габасаў і Ф.​М.​Кірылава).

Літ.:

Лаврентьев М.А., Люстерник Л.А. Курс вариационного исчисления. 2 изд. М.; Л., 1950;

Янг Л. Лекции по вариационному исчислению и теории оптимального управления: Пер. с англ. М., 1974.

В.​В.​Гарохавік.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)