ПЕРАПРА́ВАЧНЫЯ СРО́ДКІ,

сродкі, якія выкарыстоўваюцца для пераправы войск і баявой тэхнікі пры пераадоленні водных перашкод. Бываюць табельныя (штатныя), індывідуальныя, мясц. і падручныя. Да табельных адносяцца пантонныя паркі, пераправачна-дэсантныя сродкі, мостаўкладчыкі, механізаваныя масты, разборныя метал. масты (гл. Мост ваенны), танкавыя плаўсродкі, дэсантныя лодкі і інш. Індывідуальныя П.с. — плавальныя касцюмы і выратавальныя камізэлькі. Выкарыстоўваюць таксама П.с. мясц. (судны, баржы, катэры, лодкі, паромы і інш.) і падручныя (бочкі, бітоны, бярвёны і інш.).

т. 12, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЛІ́Т ( франц. perlite ад perle жэмчуг),

кіслае водазамяшчальнае вулканічнае шкло з канцэнтрычнай сферычнай паасобнасцю, па якой яно расколваецца на шарыкі, якія маюць злёгку ірызуючую паверхню (нагадваюць жамчужыны). Колер светла-шэры з адценнямі. Шчыльн. 2,3—2,4 г/см³, порыстасць 1,8—70%. Раздроблены П. пры награванні да 1000—1200 °C успучваецца і павялічваецца ў аб’ёме ў 10—20 разоў. Цепла- і гукаізалятар, напаўняльнік бетону (гл. Перлітабетон), у сельскай гаспадарцы паляпшае структуру глебы.

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СКАЎСКАЕ АГАЛЕ́ННЕ РАЧНЫ́Х АДКЛА́ДАЎ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 250 м на Пн ад в. Пескі Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Зальвянка. Ва ўступе поймы (выш. да 5 м) ускрываюцца рэчышчавыя, поймавыя і старычныя рачныя адклады (пяскі з праслоямі торфу), якія ўтварыліся ў галацэне 8—2,7 тыс. г. назад. У іх выяўлены рэшткі раслін і жывёл. Адно з найб. дэталёва даследаваных агаленняў адкладаў галацэну.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГМЕ́НТ (ад лац. pigmentum фарба) у выяўленчым мастацтве, каляровы парашок, што ўваходзіць як састаўная частка ва ўсе віды фарбаў і вызначае іх колеравыя якасці. Бываюць П. арганічныя і неарганічныя, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на натуральныя (вохра, мел, сурык і інш.) і штучныя (сажа, ультрамарын, бялілы і інш.). Да П. адносяць таксама арган. лакі. Дамешкі да П. сувязнога рэчыва вызначаюць тэхн. якасці фарбаў (напр. Акварэль, Пастэль і інш.).

т. 12, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ДМАНТ (Piedmont),

перадгорнае плато, якое прымыкае да ўсх. краю Апалачаў, у ЗША. Выш. ад 40—80 м на У, да 200—400 м на З, шыр. ад 50 да 200 км. Складзена з крышт. і метамарфічных парод. Паверхня слабаўзгорыстая, на ПдУ стромка абрываецца да Прыатлантычнай нізіны. Астанцовыя ўзгоркі дасягаюць выш. 500—700 м. Рэкі, якія перасякаюць усх. край П., утвараюць серыю стром і вадаспадаў. Месцамі захаваліся мяшаныя лясы.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і камунальнага сельскага унітарнага прадпрыемства. За 40 км на ПдУ ад г. Жлобін, 67 км ад Гомеля, 3 км ад чыг. ст. Салтанаўка. 1132 ж., 486 двароў (2000). Спіртзавод. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Усясвяцкая царква (1902).

т. 12, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ЧНЫЯ ЗМА́ЗКІ, кансістэнтныя змазкі,

высакавязкія мазі, якія атрымліваюцца ўвядзеннем у вадкія нафтавыя ці сінт. маслы цвёрдага загушчальніка (мыла, парафіну, сілікагелю, сажы і інш.). Вызначаюцца высокай т-рай кроплепадзення, добрым прыліпаннем да паверхняў трэння, стабільнасцю ўласцівасцей. Найб. пашыраны: графітная і чыгуначная П.з., кансталін, літол, салідол і інш. Выкарыстоўваюць для змазвання вузлоў механізмаў (калі падача вадкай змазкі немагчыма), для кансервацыі розных дэталей і механізмаў пры іх працяглым захоўванні і транспартаванні.

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́ТНІЦА,

вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на ПнЗ ад г. Столін, 220 км ад Брэста, 13 км ад чыг. ст. Відзібор. 1262 ж., 530 двароў (2000). З-д ліцейнага абсталявання. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, швейнае атэлье, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Пакроўская царква (1875).

т. 12, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮ́СЫ,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на паўд.-зах. беразе воз. Плюсы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на Пн ад г. Браслаў, 247 км ад Віцебска, 48 км ад чыг. ст. Друя. 266 ж., 109 двароў (2000). Піларама, млын. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Тройцы (пач. 20 ст.).

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЛЯСУ́ХА»,

бел. нар. сольны танец імправізацыйнага характару. Наз. таксама «Плясавая», «П.-рассядуха». Муз. памер ​2/4. Тэмп ад павольнага да вельмі хуткага. Пабудаваны на разнастайных прысядачных рухах (таму наз. і «П.-рассядуха») і дробатах з суправаджэннем пляскання ў далоні. Танец часам суправаджаецца кароткімі, часцей чатырохрадковымі прыпеўкамі. Сустракаюцца варыянты «П.», якія выконваюцца пад «Барыню». Мяркуюць, што танец запазычаны ў пач. 20 ст. ў перасяленцаў з Расіі. Зафіксаваны ў Гомельскай вобл.

т. 12, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)