УНІЯ́ЦТВА,
царкоўная плынь, заснаваная на уніі царкоўнай розных хрысц. цэркваў з рымска-каталіцкай царквой на ўмовах прызнання першымі вяршэнства папы рымскага і каталіцкай дагматыкі пры захаванні ўласных арганізац. структур, традыцый рэліг. культу і выкарыстання адпаведна традыцыйна сакральнай ці нар. мовы ў богаслужэнні. Да У. адносяцца Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду. Пра У. на Беларусі гл. Брэсцкая унія 1596, Беларуская грэка-каталіцкая царква.
т. 16, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАГАЦЫТО́З (ад грэч. phagos пажыральнік + kytos клетка),
актыўнае захопліванне і паглынанне мікраскапічных іншародных жывых аб’ектаў (бактэрыі, фрагменты клетак) і цвёрдых часцінак аднаклетачнымі арганізмамі ці некат. клеткамі шматклетачных жывёл (фагацытамі). Адкрыты І.І.Мечнікавым у 1882. Складаецца з паслядоўных стадый: збліжэнне аб’екта Ф. і фагацыта, размяшчэнне аб’екта на паверхні фагацытуючай клеткі (атракцыя), паглынанне, ператраўліванне. Адыгрывае важную ролю пры запаленні, гаенні ран, як фактар неспецыфічнага імунітэту.
т. 16, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАКІ́Р (араб., літар. — бядняк, жабрак),
выканаўца ў цырку ці на эстрадзе нумароў, заснаваных на дэманстрацыі неадчувальнасці цела да фізічнай болі. Сярод трукаў, якія выконваюць Ф., — хаджэнне басанож па лёзах шабляў, бітым шкле, па вуголлі, якое гарыць, глытанне агню, жаб, рыб і інш., пратыканне вострымі прадметамі рук, ног, языка і інш. Ф. наз. таксама мусульманскага вандроўнага манаха (гл. ў арт. Дэрвіш).
т. 16, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАМІ́ЛІЯ (лац. familia сям’я),
у Старажытным Рыме сямейная гаспадарча-юрыд. адзінка, якая аб’ядноўвала ўсіх членаў сям’і, што паходзілі па мужчынскай лініі ад аднаго родапачынальніка або ўвайшлі праз шлюб ці ўсынаўленне. Улада галавы сям’і распаўсюджвалася на ўсю Ф., у т. л. на маёмасць і рабоў. Члены Ф. аб’ядноўваліся дамашнім культам. Ф. наз. таксама род, шэраг пакаленняў, якія маюць аднаго продка.
А.Г.Зельскі.
т. 16, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІТАМЕЛІЯРА́ЦЫЯ (ад фіта... + меліярацыя),
комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні ўмоў прыроднага асяроддзя шляхам культывацыі ці падтрымання натуральных расл. згуртаванняў (напр., стварэнне лесапалос, кулісных пасадак, пасевы траў). Вылучаюць Ф. біяпрадукцыйную (павышэнне колькасці і якасці карыснай чалавеку прадукцыі), гуманітарную (аздараўленне асяроддзя для аптымізацыі фіз. і духоўнага стану чалавека), інжынерную (паляпшэнне эксплуатацыі інж. збудаванняў), прыродаахоўную (захаванне і паляпшэнне біяцэнозаў, прыроднага асяроддзя), інтэр’ерную (аздараўленне асяроддзя ў памяшканні).
т. 16, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІТАТРО́Н (ад фіта... + грэч. thronos месцазнаходжанне),
памяшканне (камера ці комплекс камер), дзе вырошчваюць расліны ў штучных, спецыяльна створаных умовах. У Ф. вывучаюць працэсы жыццядзейнасці раслін у залежнасці ад асветленасці, вільготнасці глебы і паветра, т-ры асяроддзя і інш.; вызначаюць устойлівасць відаў і сартоў раслін да хвароб і шкоднікаў; у Ф. можна атрымліваць па некалькі ўраджаяў за год, што паскарае селекцыйны працэс.
т. 16, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОНД ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ,
сукупнасць прыродных рэсурсаў, умоў і найб. важных кампанентаў прыроднага асяроддзя, якія выкарыстоўваюцца ці могуць быць выкарыстаны для задавальнення патрэб чалавецтва. Вызначаецца як прыроднае багацце і гал. аб’ект прыродакарыстання, падлягае рацыянальнай эксплуатацыі, спалучанай з дзейнасцю па захаванні і паляпшэнні якасці прыроднага асяроддзя. Асн. састаўныя часткі Ф.п.р.: водны фонд, зямельны фонд, лясны фонд, тарфяны фонд і інш.
П.І.Лабанок.
т. 16, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́ЗА ў музыцы,
адносна завершаная частка муз. сказа; тэматычна-сінтаксічная адзінка. Можа быць элітнай ці падзяляцца на матывы. Ад суседніх пабудоў адасабляецца меладычнымі, гарманічнымі, метрарытмічнымі фактурнымі сродкамі. Тэрмін «Ф.» запазычаны ў 18 ст. з мовазнаўства і атрымаў пашырэнне ў музыцы з развіццём кампазітарскай творчасці і выканальніцкай практыкі. Падзел муз. твора на Ф. наз. фразіроўкай.
Літ.:
Гл. да арт. Форма музычная.
т. 16, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФТАРЫ́РАВАННЕ,
1) увядзенне атама фтору ў малекулу хім. злучэнняў.
2) Штучнае абагачэнне злучэннямі фтору пітной вады, харч. прадуктаў, зубной пасты і інш. з мэтай рэгулявання колькасці фтарыд-іонаў у арганізме чалавека. Ф. вады праводзяць на станцыях водаачысткі (пры зыходнай канцэнтрацыі фтарыд-іонаў менш за 0,5 мг/л) растварэннем невял. колькасці гексафторасілікату (Na2SiF6) ці фтарыду натрыю (NaF) і інш. Прыродныя воды абясфторваюць.
т. 16, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВА́ЛЕВАЯ ПАВЕ́РХНЯ,
паверхня. ва ўсіх пунктах якой хваля мае ў дадзены момант часу аднолькавую фазу. У ізатропным асяроддзі напрамак распаўсюджвання патоку энергіі (гл. Умава вектар) супадае з нармаллю да Х.п. Форма Х.п. залежыць ад умоў узнікнення і распаўсюджвання хваль. У найпрасцейшых выпадках — плоскасці (гл. Плоская хваля), сферы (гл. Сферычная хваля) ці цыліндры (гл. Цыліндрычная хваля). У оптыцы Х.п. наз. фронтам хвалі.
т. 16, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)