паводле большасці рэліг. вераванняў (у хрысціянстве, ісламе, іудаізме, будызме), месца, куды адпраўляюцца душы памерлых людзей, пераважна праведнікаў. Багасловы сцвярджаюць, што Р. трэба разумець не літар., не ў фіз. сэнсе як рэальную асалоду, а як духоўнае пачуццё задаволенасці, якое перажываюць душы праведнікаў пасля смерці. У Бібліі (Стары запавет; стараж.-яўр. эдэм), Р. — прыгожы сад, у якім жылі «першачалавекі» Адам і Ева (да грэхападзення). Райскай асалодзе супрацьпастаўляюцца пакуты грэшнікаў, якія трапляюць у пекла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́ШКІН (Цімафей Цярэнцьевіч) (15.4.1919, в. Марчанкі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. —8.1.1954),
Герой Сав. Саюза (1954). Скончыў Ульянаўскую авіятэхн. школу (1938). Удзельнік сав.-фінл. 1939—40 і Вял.Айч. войнаў. Пасля вайны ў грамадз.паветр. флоце, ст. тэхнік-лейтэнант. 8.1.1954 у час рэйсу Талін—Ленінград у сутычцы з двума бандытамі, што спрабавалі захапіць самалёт, абяззброіў аднаго і смяротна паранены другім, якога абясшкодзілі інш. члены экіпажа. У Мінску каля аэрапорта-1 помнік Р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКРЫЎНЫ́Я РАБО́ТЫ,
выдаленне горных парод, што пакрываюць карысныя выкапні, з мэтай выяўлення іх пакладаў; адзін з гал. працэсаў адкрытай распрацоўкі радовішчаў. Для аддзялення (адбойкі) ад масіву цвёрдай пароды выконваюць узрыўныя работы. Пры распрацоўцы мяккіх парод адбойку сумяшчаюць з пагрузкай экскаватарамі, скрэперамі, бульдозерамі, сродкамі гідрамеханізацыі і інш. Пароды перамяшчаюць у адвал транспартна-адвальнымі мастамі, канвеерамі, адвалаўтваральнікамі і інш. Р.р. выконваюць пры буд-ве кар’ераў, а таксама ў працэсе іх эксплуатацыі (забяспечваюць доступ да карыснага выкапня).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎНАРАЗМЕРКАВА́ННЯ ЗАКО́Н,
тэарэма класічнай статыстычнай фізікі, якая сцвярджае, што для статыстычнай сістэмы ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі на кожную ступень свабоды прыпадае аднолькавая сярэдняя энергія. Паводле Р.з. кожная ступень свабоды паступальнага і вярчальнага руху характарызуецца сярэдняй кінетычнай энергіяй, роўнай kT/2, а кожная вагальная ступень свабоды — сярэдняй энергіяй kT (kT/2 на кінетычную энергію і kT/2 на патэнцыяльную энергію). На аснове Р.з. вызначаюцца лімітныя значэнні цеплаёмістасці шмататамных газаў і цвёрдых цел пры высокіх т-рах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕДА́НТА (санскр., літар. канец ведаў),
рэлігійна-філасофская сістэма ў інд. філасофіі. Узнікла на аснове абагульнення каментарыяў да тэкстаў Ведаў (упанішад; гл.Веды) і часткова эпічных тэкстаў («Рамаяна», «Махабхарата», «Бхагавадгіта»). Уключае ўласна веданту, некаторыя вучэнні вішнуізму, шываізму, а таксама неаіндуізму. Асн.філас. катэгорыі веданты: брахман (касм. душа), атман (індывід. душа), пуруша (абстрактны духоўны пачатак), пракрыці (абстрактны матэрыяльны пачатак, прырода), артха (сэнс, значэнне), джняна (веды), авастха (псіхічны стан) і мая (ілюзія). Вышэйшая рэальнасць і прычына ўсяго існага — вечны Брахман. Мэтай быцця веданта лічыць «вызваленне», дасягненне адзінства з Богам шляхам поўнага адыходу ад рэальнасці і паглыблення ў чыстае мысленне.
Мяркуюць, што мудрэц Бадараян (каля 4—3 ст. да н.э.) сістэматызаваў вучэнні ў «Брахма-сутры» («Веданта-сутры»), што існавалі ў 7 ст. да н.э. Каментарыі да іх далі пачатак школам веданты — Шанкары, Рамануджы, Мадхвы, Валабхі, Німбаркі і інш., якія разыходзяцца ў поглядах на індывід. Я (джыву) і Брахман. Веданта значна паўплывала на індуізм. Прадстаўнікі неаведантызму 20 ст. Р.Тагор, С.Радхакрышнан і інш.
Літ.:
Чаттерджи С., Датта Д. Введение в индийскую философию: Пер. с англ.М., 1955;
Боги, брахманы, люди: Четыре тысячи лет индуизма: Пер. с чеш. М., 1969;
Костюченко В.С. Классическая веданта и неоведантизм. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЧНАСЦЬ,
бясконцае (у часе) існаванне матэрыяльнага свету, абумоўленае нестваральнасцю і незнішчальнасцю матэрыі і яе атрыбутаў, матэрыяльным адзінствам свету. Вечнасць уласціва толькі матэрыі ў цэлым; кожная асобная матэрыяльная сістэма, у т. л. грамадскае жыццё і формы яго арганізацыі, абмежаваная ў прасторы і часе (мае пачатак і канец). Вечнасць не зводзіцца да неабмежаванага аднароднага існавання матэрыі ў адных і тых жа станах ці да бясконцай паслядоўнасці кругаваротаў. Яна ўключае ў сябе пастаянныя якасныя ператварэнні матэрыі і ўзнікненне новых станаў. Прызнанне вечнасці матэрыяльнага свету, яго здольнасці бясконца рухацца і самаразвівацца з’яўляецца асновай любога паслядоўнага матэрыяліст. погляду на працэсы, што адбываюцца ў Сусвеце. У тэалогіі і аб’ектыўным ідэалізме вечнасць трактуецца як атрыбут Бога або абсалютнага духа. Бог як бясконцая і абсалютна дасканалая існасць існуе не ў часе, а ў вечнасці. Усё, што ўласціва Богу, з’яўляецца абсалютна дасканалым і застаецца нязменным. Матэрыяліст. філасофія лічыць прынцыпова немагчымым які-небудзь канчатковы стан накшталт «цеплавой смерці Сусвету» або сціскання ўсяго рэчыва свету да бясконца вял. шчыльнасці і спынення (для патэнцыяльнага знешняга назіральніка) часу. У працэсе змянення матэрыі час можа змяняцца толькі ад мінулага да будучыні (гл. таксама Прастора і час, Касмалогія, Матэрыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМА́ЛЬНАЕ КІРАВА́ННЕ,
раздзел матэматыкі, які вывучае кіраванне сістэмамі, тэхн. аб’ектамі і інш., што забяспечвае найлепшае (аптымальнае) працяканне працэсаў у пэўным, папярэдне вызначаным кірунку. Дае магчымасць рэалізаваць мэту кіравання за найменшы магчымы час або з найбольшым эканам. эфектам.
Першыя задачы аптымальнага кіравання пастаўлены ў пач. 1950-х г. пры вывучэнні дынамікі лятальных апаратаў і працэсаў аўтам. рэгулявання. Пытанні аптымізацыі аб’ектаў кіравання разглядаюцца ў тэорыі аптымальнага кіравання, якая грунтуецца на некласічных варыяцыйных задачах (гл.Варыяцыйнае злічэнне) адшукання экстрэмумаў функцыяналаў па рашэннях ураўненняў, што апісваюць аб’екты кіравання, і кіраванняў, дзе рэалізуецца экстрэмум; пры гэтым абмежаванні параметраў кіравання выражаюцца нястрогімі няроўнасцямі (могуць прымаць і гранічныя значэнні). Задачы рашаюцца рознымі метадамі, найбольш агульныя — прынцып максімуму і метад дынамічнага праграмавання.
Асновы матэм. тэорыі аптымальнага кіравання закладзены работамі сав. матэматыка Л.С.Пантрагіна і амер. матэматыка Р.Белмана. На Беларусі даследаванні па праблемах аптымальнага кіравання пачаліся ў 1966 пад кіраўніцтвам Я.А.Барбашына і вядуцца ў БДУ і Ін-це матэматыкі АН Беларусі.
Літ.:
Математическая теория оптимальных процессов. 4 изд. М., 1983;
Габасов Р., Кириллова Ф.М. Качественная теория оптимальных процессов. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ МЕМБРА́НЫ,
тонкія пагранічныя паўпранікальныя бялкова-ліпідныя малекулярныя структуры на паверхні клетак і субклетачных часціц (арганел), а таксама канальцаў і пузыркоў, што пранізваюць пратаплазму. Таўшчыня не больш за 10 нм. Складзены з бімалекулярнага слоя ліпідаў (пераважна фосфаліпідаў), у якім размешчаны розныя мембранныя бялкі, гетэрагенныя макрамалекулы (глікапратэіды, глікаліпіды) і розныя мінорныя кампаненты (нуклеінавыя к-ты, каферменты, караціноіды і інш.), што адказваюць за б.ч. мембранных функцый. У залежнасці ад віду біялагічныя мембраны выконваюць разнастайныя функцыі: актыўны транспарт іонаў і розных рэчываў (соляў, цукроў, амінакіслот і інш. прадуктаў метабалізму) і яго рэгуляванне: агульная і выбарчая дыфузія невял. малекул і іонаў (усе віды біялагічных мембран); электраізаляванне (біялагічныя мембраны міэліну); генерацыя нерв. імпульсу (біялагічныя мембраны нерв. клетак); пераўтварэнне светлавой энергіі ў хім. энергію АТФ — адэназінтрыфосфарнай кіслаты (біялагічныя мембраны хларапластаў); пераўтварэнне энергіі біял. акіслення ў хім. энергію макраэргічных фасфатных сувязяў у малекуле АТФ (біялагічныя мембраны мітахондрый); фагацытоз, пінацытоз; антыгенныя рэакцыі (біялагічныя мембраны спецыялізаваных клетак); бар’ерная, каталітычная функцыі і інш. Падтрымліваючы нераўнамернасць размеркавання іонаў калію, натрыю, хлору і інш. паміж пратаплазмай і навакольным асяроддзем, біялагічныя мембраны садзейнічаюць узнікненню рознасці біяэлектрычных патэнцыялаў. Гл. таксама Клетачныя мембраны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕ́РЫКА,
частка свету, утвораная 2 мацерыкамі — Паўн. Амерыкай і Паўд. Амерыкай. У склад Амерыкі ўваходзіць самы вял. ў свеце в-аў Грэнландыя і шэраг інш. сумежных а-воў. Размешчана ў Зах. паўшар’і паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі. На Пн абмываецца водамі Паўн. Ледавітага ак. Мяжу паміж мацерыкамі праводзяць па Дар’енскім (часцей па Панамскім) перашыйку. На ПдПаўн. Амерыкі часта вылучаюць Цэнтральную Амерыку (паміж Тэўантэпекскім і Панамскім перашыйкамі), Вест-Індыю (а-вы Атлантычнага ак. і яго Карыбскага м. паміж мацерыкамі Паўн. і Паўд. Амерыкі), Лацінскую Амерыку. Агульная пл. 42,5 млн.км². Нас. 740,3 млн.чал. (1992).
Грэнландыю і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі адкрылі нарманы ў 10—11 ст. Афіцыйна адкрыццё Амерыкі датуецца 12.10.1492, калі экспедыцыя мараплаўца Х.Калумба дасягнула Багамскіх а-воў. Названа латарынгскім картографам М.Вальдземюлерам у яго «Уводзінах у касмаграфію» (1507) у гонар фларэнційца Веспучы Амерыга, які ўпершыню выказаў думку, што адкрытая ў Зах. паўшар’і зямля з’яўляецца новай часткай свету. Існуе таксама меркаванне, што назва Амерыка паходзіць ад мясц. племя туземцаў, якое жыло каля воз. Нікарагуа і звалася «амерыкас». Аб прыродзе, гісторыі, эканоміцы і дзяржавах гл. ў арг.Паўночная Амерыка і Паўднёвая Амерыка./p>
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛАГАВАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА (АВМ),
вылічальная машына, у якой апрацоўка інфармацыі выконваецца з дапамогай спецыяльна падабранага фіз. працэсу, што мадэлюе выліч. заканамернасць. Звычайна складаецца з суматараў, інтэгравальных і дыферэнцыравальных элементаў і інш. У адрозненне ад электроннай вылічальнай машыны рашэнне атрымліваецца практычна імгненна пасля задання параметраў задачы; мае простую канструкцыю і праграмаванне, але невысокую дакладнасць вылічэнняў і меншую універсальнасць.
Папярэднікамі сучаснай АВМ можна лічыць лагарыфмічную лінейку, графікі і намаграмы (гл.Намаграфія) для вызначэння функцый некалькіх пераменных, упершыню прыведзеныя ў дапаможніках па навігацыі (1971), аналагавую прыладу (планіметр) англ. вучонага Дж.Германа для вызначэння плошчы, якая ўтворана замкнутай крывой на плоскасці (1814). Першая мех. АВМ для рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў пры праектаванні караблёў прапанавана рус. вучоным А.М.Крыловым у 1904. Сав. Матэматык С.А.Гершгорын (1927) заклаў асновы пабудовы сеткавых мадэляў АВМ.
Выкарыстоўваюцца АВМ для рашэння задач па апераджальным аналізе, аналізе дынамікі і сінтэзе сістэм кіравання і рэгулявання, у эксперыментальных даследаваннях паводзін сістэмы з апаратурай кіравання ці рэгулявання ў лабараторных умовах, пры вызначэнні ўзбурэння ці карысных сігналаў, што ўздзейнічаюць на сістэму і інш. АВМ, у якой лікавыя характарыстыкі мадэлявальнага фіз. працэсу выяўлены ў лічбавай форме, наз. гібрыднай вылічальнай машынай.