МАТРЫЯРХА́Т [ад лац. mater (matris) маці + грэч. archē улада],

адна з форм грамадскага ладу, для якой характэрна дамінуючае становішча жанчыны ў грамадстве, гал. чынам у ранні перыяд першабытнаабшчыннага ладу. У пераважнай большасці народаў М. папярэднічаў патрыярхату, часам захоўваўся ў перыяд пераходу ад родавага ладу да класавага грамадства. Ячэйкай М. была мацярынская сям’я — вял. група блізкіх сваякоў па жаночай лініі. Такія сем’і былі і гасп. адзінкамі. З іх складаўся мацярынскі род, на чале якога стаяла старэйшая жонка старэйшай у родзе сям’і. Унутры свайго роду былі забаронены шлюбы, таму род быў звязаны шлюбнымі адносінамі з інш. родам (т.зв. дуальная экзагамія). З часам дуальная арг-цыя (зачатак племя) перарасла ў фратрыяльную (падзел племя на 2 палавіны, кожная з якіх складалася з некалькіх родаў — фратрый, гал. функцыяй якіх было рэгуляванне шлюбных адносін). Спачатку муж і жонка жылі кожны ў сваім родзе (дыслакальнае пасяленне), захоўваўся групавы шлюб. З развіццём М. дыслакальны шлюб змяніўся матрылакальным, склаўся парны шлюб.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ БЕЛАРУСІ́СТАЎ (МАБ). Створана 21.5.1991 у Мінску. Вышэйшы орган — Міжнар. кангрэс беларусістаў

(раз у 4 гады). Выканаўчы орган — Міжнар. к-т беларусістаў, які працуе на базе Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф.​Скарыны. Аб’ядноўвае каля 600 беларусістаў, у т. л. амаль 200 з 23 замежных краін. Прэзідэнт МАБ А.​В.​Мальдзіс. Падтрымлівае кантакты і сувязі з беларусістамі, абменьваецца з імі інфармацыяй, л-рай. Праводзіць міжнар. канферэнцыі, сімпозіумы, семінары, «круглыя сталы». Выдае інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (з 1996, адсылаецца ў 19 краін свету) і штогоднік «Беларусіка = Albaruthenika» (з 1993). Выдадзены кнігі: «Матэрыялы I Міжнароднага кангрэса беларусістаў і Юбілейнай сесіі АН Беларусі, прысвечанай 500-годдзю з часу нараджэння Ф.​Скарыны» (кн. 1, 1993),

«Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў» (кн. 2, 1993), «Культура беларускага замежжа. Беларуска-амерыканскія гістарычна-культурныя ўзаемадачыненні» (кн. 5, 1995), «Беларусь паміж Усходам і Захадам» (кн. 6, ч. 1—2, 1997) і інш.

З.​В.​Шыбека.

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАБІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна хімічнай прамысловасці, у якой вытв. працэсы звязаны з мікрабіял. сінтэзам нехарч. сыравіны. Выкарыстоўвае нафту і прыродны газ, гідралізаты драўніны, адходы прамысл. перапрацоўкі с.-г. прадукцыі (збожжавых культур, сланечніку, цукр. буракоў і інш.). Вырабляе бялкова-вітамінныя канцэнтраты, антыбіётыкі, амінакіслоты, бактэрыяльныя ўгнаенні, прэпараты для аховы раслін ад шкоднікаў і хвароб, а таксама прадукты комплекснай перапрацоўкі расліннай сыравіны — ксіліт, фурфурол і інш. Галіна развіта ў большасці краін свету, найбольш — у ЗША, Германіі, Японіі, Расіі, Італіі, Францыі. На Беларусі прадстаўлена кірункамі: вытв-сцю кармавых бялковых рэчываў, кармавых вітамінаў, кармавых дражджэй і антыбіётыкаў немедыцынскага прызначэння. Кармавы бялок выпускаюць Рэчыцкі доследна-прамысл. гідролізны і Бабруйскі гідролізны з-ды, кармавыя вітаміны — Пінскі з кармавых вітамінаў. Ветэрынарныя прэпараты выпускаюць з-ды ветэрынарных прэпаратаў у Віцебску і Магілёве. Буйнейшае прадпрыемства па вытв-сці бялкова-вітамінных канцэнтратаў — Наваполацкі бялкова-вітамінны з (у 1999 знаходзіцца ў стадыі рэарганізацыі ў сувязі з пераходам вытв-сці з вуглевадароднай сыравіны на с.-г. сыравіну).

Л.​А.​Паўловіч.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЦЭНСК,

горад, цэнтр раёна ў Арлоўскай вобл. Расіі. Размешчаны ў межах Сярэднярус. ўзвышша, на р. Зуша (прыток Акі). 50,9 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Прам-сць: біяхім., харч.; з-ды каляровых металаў і сплаваў, камунальнага машынабудавання, алюмініевага ліцця; швейная, мэблевая і інш. ф-кі. Музей гісторыі горада. За 10 км ад М. знаходзіцца запаведнік-сядзіба І.С.Тургенева — Спаскае-Лутавінава.

У летапісах згадваецца ў 1146 як Мьченск ў Чарнігаўскім. княстве; пазней крэпасць і гандл.-рамесны цэнтр. У 1238 разбураны Батыем. У 1320—1504 у складзе ВКЛ. З пач. 16 ст. ў Маскоўскім вял. княстве. У 16—17 ст. у М. буйнейшая крэпасць на Пд Рус. дзяржавы, з 2-й пал. 17 ст. страціла ваен. значэнне. З 1708 горад у Маскоўскай, з 1727 у Белгародскай губ., з 1778 павятовы горад Арлоўскага намесніцтва (з 1802 Арлоўскай губ.). У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі ў 1941—43. Вызвалены ў ходзе Курскай бітвы 1943.

т. 11, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ (Віталь Фядосавіч) (н. 26.9.1928, в. Вугольшчына Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1984). Д-р эканам. н. (1981), праф. (1982). Скончыў БДУ (1952). З 1955 у Ін-це эканомікі АН Беларусі, з 1961 у Дзяржплане Беларусі. З 1967 дырэктар НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання. З 1973 дырэктар БелНДІ навук.-тэхн. інфармацыі і тэхніка-эканам. дасягненняў. З 1994 старшы саветнік ін-та «Белінфармпрагноз» пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Навук. працы па праблемах метадалогіі развіцця рэгіянальных эканам, сістэм, пабудове сістэмы інфарм. забеспячэння навукі, тэхнікі і вытв-сці. Распрацоўваў сукупнасць навук, абгрунтаванняў фарміравання і развіцця нар.-гасп. комплексу Рэспублікі Беларусь.

Тв.:

Моделирование в системе планирования и управления. Мн., 1976 (разам з Л.​М.​Крюкавым);

Системы моделей в планировании Мн., 1977 (з ім жа);

Совершенствование регионального планирования. Мн., 1979;

Республика Беларусь: окружающая среда и экономика. Нью-Йорк;

Женева, 1994;

Содержание, цели и перспективы инновационной политики Республики Беларусь. Нью-Йорк;

Женева, 1996.

т. 11, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙБО́ЛЬШАГА СПРЫЯ́ННЯ РЭЖЫ́М у міжнародным праве,

адзін з найважнейшых прынцыпаў рэгулявання эканам., у т. л. гандл-, адносін паміж дзяржавамі. Кожная з дагаворных дзяржаў абавязваецца даваць другой такія ж правы і прывілеі ў пэўнай галіне іх узаемаадносін, якія яна ўжо дала трэцяй дзяржаве. Гэта выяўляецца ў правілах вядзення знешнегандлёвых аперацый, у т. л. пры ўстанаўленні мытных плацяжоў і збораў, што спаганяюцца пры ўвозе і вывазе тавараў. У гандл. дагаворах і пагадненнях звычайна пералічваюцца ўмовы, на якія не распаўсюджваецца Н.с.р., у іх ліку перадумовы, што вынікаюць з удзелу кожнага з дагаворных бакоў у мытных саюзах, зонах свабоднага гандлю і інш. формах рэгіянальнай эканам. інтэграцыі (напр., Н.с.р., што існуе ў Беларусі з краінамі СНД), а таксама розныя прывілеі, якія адзін з дагаворных бакоў дасць на падставе міжнар. пагадненняў краінам, што стаяць на шляху развіцця, або любой суседняй краіне для палягчэння прыгранічнага (прыбярэжнага) гандлю. Н.с.р. — адна з цэнтр. задач лібералізацыі знешняга гандлю, абвешчаных пры стварэнні ў 1994 Сусветнай гандлёвай арганізацыі (Беларусь атрымала ў ёй статус наглядальніка).

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЧА,

вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. каля р. Начка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 41 км на З ад г.п. Воранава, 112 км ад Гродна, 35 км ад чыг. ст. Бастуны. 470 ж., 173 двары (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Магілы Т.Нарбута, В.А.Шукевіча, С.Б.Юндзіла. Помнік архітэктуры — касцёл Ушэсця Дзевы Марыі (1910). Помнік археалогіі — стаянка бронзавага веку Нача.

Вядома не пазней 16 ст. як уладанне Касцевічаў. Адзін з іх, Януш, ваявода падляшскі, у 1529 заснаваў у Н. касцёл і перанёс сюды з в. Дубічы цэнтр парафіі. Пазней належала Кішкам, Радзівілам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. ў Лідскім пав. Віленскай губ. У 1886 мястэчка, 272 ж., 16 двароў, касцёл, 3 карчмы, крама, таржок. У 1920—22 у Сярэдняй Літве, потым у складзе Польшчы, у Лідскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Радунскага раёна. З 1962 у Воранаўскім р-не.

т. 11, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НКРУ́МА ((Nkrumah) Кваме) (21.9.1909, Нкрофул, каля г. Аксім, Гана — 27.4.1972),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Ганы, адзін з ідэолагаў афр. нац.-вызв. руху. Скончыў Лінкальнскі ун-т (ЗША), вучыўся ў Лонданскім ун-це і школе эканомікі і паліт. навук. Дзеяч панафр. руху ў ЗША і Еўропе (гл. Панафрыканізм). З 1947 ген. сакратар партыі Аб’яднаны канвент Залатога Берага, у 1949 стварыў Нар. партыю канвента. Ў 1948 і 1950—51 арыштаваны брыт. ўладамі. З 1952 прэм’ер-міністр першага афр. ўрада Залатога Берага (з 1957 Гана). З 1957 прэм’ер-міністр, з 1960 адначасова прэзідэнт Ганы. Адзін з ініцыятараў стварэння Арг-цыі афр. адзінства. Спробы Н. пабудовы ў Гане «афр. сацыялізму» і хуткага стварэння буйной прам-сці выклікалі цяжкі сац.-эканам. крызіс у краіне. 24.2.1966 скінуты ваеннымі. Жыў у эміграцыі ў Гвінеі.

Тв.:

Рус. пер — Автобиография. М., 1961;

Я говорю о свободе: Изложение африканской идеологии. М., 1962;

Африка должна объединиться. М., 1964.

Літ.:

Ульяновский Р.А. Кваме Нкрума // Ульяновский Р.А. Политические портреты борцов за национальную независимость. М., 1980.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯПА́РНЫ ШАЎКАПРА́Д (Lymantria, або Ocneria, dispar),

матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Шкоднік больш як 300 відаў раслін, пераважна лясных лісцевых і пладовых дрэў.

Палавы дымарфізм моцна выяўлены (адсюль назва). У самкі крылы (размах 5,5—9 см) і грудзі брудна-белыя; брушка тоўстае, на канцы з жоўта-бурымі валаскамі; вусікі пілаватыя, чорныя. У самца пярэднія крылы (размах 3,5—5 см) шэра-бурыя, заднія (і грудзі) бурыя, з цёмным краем; брушка тонкае, з кутасікам на канцы; вусікі перыстыя, чорна-бурыя. Крылы з плямістымі (акрамя задніх у самцоў) светлымі махрамі, пярэднія з некалькімі цёмнымі звілістымі ці перарывістымі папярочнымі лініямі. Вусені даўж. 45—75 мм, шэра-бурыя, з 3 падоўжнымі жоўтымі лініямі, сінімі і чырв. валасістымі бародаўкамі, кормяцца лісцем, кветкамі. Кукалкі чырвона- ці чорна-бурыя, з валаскамі. Генерацыя аднагадовая. Зімуюць вусені ў абалонках яец.

Няпарны шаўкапрад: 1 — самец; 2 — самка; 3 — вусень на лісці дуба; 4 — кукалка.

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬСТЭР (Ulster),

гістарычная вобласць на Пн в-ва Ірландыя, што ахоплівае тэр. Паўночнай Ірландыі і часткі Ірл. Рэспублікі (графствы Каван, Донегал і Монахан). У раннім сярэднявеччы самаст. каралеўства Улідыя. У 1177 заваявана англа-нармандцамі, з 1205 — графства, з 1461 — пад уладай англ. кароны. У 1585—1608 тут створаны 9 адм. акруг — Антрым, Даўн, Арма, Монахан, Калрэйн (з 1613 Ландандэры, з 1984 Дэры), Донегал, Тырон, Фермана, Каван. З 1609 Ландандэры, Тырон, Донегал і Каван заселены англічанамі і шатландцамі. Пасля Ірландскага паўстання 1641—52 большасць мясц. землеўладальнікаў-ірландцаў пазбаўлена ўласнасці. Далейшая каланізацыя О. англічанамі і шатландцамі (пратэстанты паводле веравызнання) абвастрыла іх адносіны з тутэйшымі ірландцамі (вернікі-католікі) на рэліг. глебе (узбр. сутыкненні ў 1798 і з 1886). Паводле англа-ірландскага дагавора 1921 б.ч. О. пасля правядзення тут плебісцыту засталася пад уладай англічан як Паўн. Ірландыя (6 населеных пераважна пратэстантамі графстваў: Антрым, Даўн, Арма, Фермана, Тырон і Ландандэры), меншая ўвайшла ў новаствораную ірл. дзяржаву як яе прав. Ольстэр.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)