ВАНЬКО́ВІЧ (Ян) (Ян Эдвард) Валенцьевіч (23.10.1834, маёнтак Слянянка, цяпер у межах г. Мінска — 2.8.1899),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі. З роду Ваньковічаў. Сын В.М.Ваньковіча. Скончыў лясны ін-т у Пецярбургу (1856). Прыхільнік «чырвоных». З 1861 чл. Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі. У час паўстання пад псеўд. Ляліва змагаўся ў атрадах на Падляшшы, быў паранены. У маі 1863 узначаліў Брэсцкі паўстанцкі атрад і з Кобрынскім атрадам Р.Траўгута зрабіў рэйд на Піншчыну. У ліп. 1863 выехаў у Польшчу, працаваў у паўстанцкай арг-цыі ў Галіцыі. У сак. 1864 арыштаваны аўстр. ўладамі. Пасля жыў у Парыжы, Кракаве.

Г.​В.​Кісялёў, Я.​Я.​Янушкевіч.

Я.В.Ваньковіч. Фотаздымак пач. 1860-х г.

т. 3, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРА́КУШКА (Luscinia svecica),

птушка сям. драздовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ва Усх. і Паўн. Еўропе, Паўн. і Цэнтр. Азіі. На Беларусі падвід — варакушка сярэднееўрапейская (L. s. cyanecula). Пералётная. Жыве скрытна ў хмызняках паблізу вадаёмаў, на балотах і забалочаных месцах.

Даўж. цела 14—15 см, маса каля 20 г. Палавы дымарфізм добра выяўлены. У самца горла і грудзі ярка-сінія, акаймаваныя чорнай вузкай паласой, з белай плямкай пасярэдзіне. Верх цела аліўкавы, ніз светлы. У самкі горла і грудзі светлыя з чорнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі пад кустамі ў густой траве, на купінах. Корміцца насякомымі, ягадамі. Пераймае галасы інш. птушак. Зімуе на Пд Азіі, у Паўн. Афрыцы. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Варакушка.

т. 3, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЧУ́К (Андрэй Якаўлевіч) (н. 15.6.1915, в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Рэчыцкі педтэхнікум (1932), артыл. школу ў Куйбышаве (1939), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947), Кіеўскі ун-т (1965). У Чырв. Арміі з 1938. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941: камандзір батарэі, дывізіёна, нач. артылерыі стралк. палка. Вызначыўся 15—17.10.1943 пры фарсіраванні Дняпра каля Лоева Гомельскай вобл.: батарэя пад камандаваннем лейт. Варанчука фарсіравала раку, захапіла плацдарм, знішчыла 5 агнявых кропак, 2 танкі ворага, адбіла некалькі контратак праціўніка, што спрыяла паспяховаму наступленню сав. войск. Да 1960 у Сав. Арміі, да 1985 на выкладчыцкай рабоце.

А.Я.Варанчук.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕВЫ (цёзкі па прозвішчы; псеўд. браты Васільевы),

рускія кінарэжысёры і сцэнарысты.

Георгій Мікалаевіч (25.11.1899, г. Волагда, Расія — 18.6.1946), засл. дз. маст. Расіі (1940). Вучыўся ў маскоўскай тэатр. студыі «Маладыя майстры». Сяргей Дзмітрыевіч (4.11.1900, Масква — 16.12.1959), нар. арт. СССР (1948). Скончыў Ленінградскі ін-т экраннага мастацтва (1924). Пачалі працаваць у кіно ў 1924. Вучні С.М.Эйзенштэйна. Першая іх сумесная рэжысёрская работа — дакумент. фільм «Подзвіг у льдах». Пад агульным псеўданімам упершыню выступілі ў 1930 (фільм «Спячая прыгажуня»). Сумесна знялі фільмы: «Чапаеў» (1934, Дзярж прэмія СССР 1941), «Валачаеўскія дні» (1937), «Абарона Царыцына» (1942, 1-я серыя, Дзярж прэмія СССР 1942), «Фронт» (1943). Аўтары сцэнарыяў большасці сваіх фільмаў. У 1955 Сяргей Васільеў паставіў фільм «Героі Шыпкі» (з балг. кінематаграфістамі).

т. 4, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАХТА́НГ VI (1675—27.3.1737),

грузінскі паліт. дзеяч, пісьменнік, вучоны. Намеснік, потым цар Картлі ў 1703—12, 1719—24. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Расію. Пад яго кіраўніцтвам створаны кодэкс феад. права Грузіі (гл. Вахтанга законы). У 1709 па яго ініцыятыве ў Тбілісі заснавана 1-я груз. друкарня (у 1712 выйшла першае друк. выданне паэмы Ш.​Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» з навук. каментарыямі Вахтанга). Стварыў камісію вучоных для складання гісторыі Грузіі 14—18 ст. У 1712—19 адхілены ад улады шахам Ірана. Ускладненне знешніх і ўнутр. абставін, няздольнасць процістаяць тур. агрэсіі прымусілі Вахтанга ў 1724 эмігрыраваць у Расію. Выношваў планы вызвалення Грузіі. Паэзіі Вахтанга ўласцівыя патрыят. матывы. Быў таксама лексікографам і перакладчыкам.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́БЕРН ((Webern) Антон Фрыдрых Вільгельм фон) (3.12.1883, Вена — 15.9.1945),

аўстрыйскі кампазітар і дырыжор; адзін з прадстаўнікоў новай венскай школы. Вучыўся ў Венскім ун-це (1902—06), у А.Шонберга (1904—08). Творчасць кампазітара фарміравалася пад уплывам эстэтыкі экспрэсіянізму. Манера яго муз. пісьма вызначаецца гранічным лаканізмам і эканомнасцю гукавых сродкаў, якія ствараюць уражанне «бесцялеснасці», ірэальнасці вобразаў. Метад дадэкафоніі, распрацаваны Шонбергам, Веберн развіў у строгую сістэму. Адзін з найб. відных прадстаўнікоў серыйнай тэхнікі і пуантылізму ў музыцы 20 ст.

Тв.:

3 кантаты (1935, 1939, 1943), сімфонія (1928), канцэрт для 9 інструментаў сола (1934), стр. квартэт (1938), хары і сольныя вак. творы на вершы паэтаў, кананічныя і нар. рэліг. тэксты.

Літ.:

A. Webern. Bd. 1. München, 1983.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКІЯ АРБІТРА́ЖЫ 1938 і 1940,

трацейскія рашэнні міністраў замежных спраў Германіі І.​Рыбентропа і Італіі Г.​Чыяна аб задавальненні тэр. дамаганняў Венгрыі (вынесены ў Вене, адсюль назва). Паводле 1-га Венскага арбітражу (2.11.1938) пад націскам Германіі і Італіі Чэхаславакія ўступіла Венгрыі паўд. і паўд.-зах. раёны Славакіі і паўд. ч. Закарпацкай Украіны (11 927 км², больш за 1 млн. чал.). Паводле 2-га Венскага арбітражу (30.8.1940) ад Румыніі да Венгрыі адышлі паўн. і паўн.-ўсх. часткі Трансільваніі (43 тыс. км², 2577 тыс. чал., у т. л. больш за 1 млн. румынаў). Другі Венскі арбітраж выкарыстаны Гітлерам для ўмацавання ўласных пазіцый у Румыніі і Венгрыі. Рашэнні абодвух арбітражаў юрыдычна скасаваны паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947.

т. 4, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РЫНА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 20 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,47 км², даўж. 2,48 км, найб. шыр. 270 м, найб. глыб. 23,9 м, даўж. берагавой лініі каля 6 км. Пл. вадазбору 1,6 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м на Пн і 13—15 м на Пд, на З разараныя, на У пад лесам і хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі. Дно паўн. ч. катлавіны плоскае, на Пд мае варонкападобную форму. На Пн да глыб. 3 м і на Пд да глыб. 6—8 м дно пясчанае, глыбей выслана глеем і сапрапелем. Зарастае слаба. На Пн выцякае ручай у р. Обаль.

т. 4, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКСТЭХУ́ДЭ ((Buxtehude) Дзітрых) (1637, Ольдэсла, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 9.5.1707),

дацка-нямецкі кампазітар, арганіст. Сын і вучань Іагана Б. З 1657 працаваў царк. арганістам у Швецыі і Даніі, з 1668 у г. Любек (Германія), дзе стаў вядомы як арганіст-віртуоз. Пісаў свецкую і духоўную музыку, якую выконваў на арганізаваных ім т.зв. «вячэрніх канцэртах». Вак.-інстр. музыку пісаў пад уплывам італьян. узораў, у арганных творах выступіў як прадстаўнік паўн.-ням. барока і буйнейшы папярэднік І.​С.​Баха. Сярод твораў: Missa brevis, магніфікат, араторыі, кантаты (больш за 120), матэты, камерна-інстр. творы (у т. л. 2 зборнікі трыо-санат, 1696), такаты, прэлюдыі і фугі, харальныя апрацоўкі для аргана, сюіты і варыяцыі для клавіра.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛЬЧЫК (Сяргей Сцяпанавіч) (23.11.1909, Мінск — 24.1.1996),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1959). Скончыў студыю БДТ-1 (1938). Працаваў у т-рах: Заслаўскім калгасна-саўгасным (з 1938), Пінскім (1939—41 і з 1947), Магілёўскім (1954—87) абласных драматычных. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Яго работы вызначаліся глыбокім псіхалагізмам, выразным вонкавым малюнкам, трапнымі дэталямі: Кручкоў («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Крыніцкі («Паўлінка» Я.​Купалы), дзед Бадыль, Гудовіч, Туляга («Партызаны», «З народам», «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Шкаляр («Несцерка» В.​Вольскага), Духонін («Гады навальнічныя» К.​Губарэвіча), дзед Цыбулька («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Кутузаў («Даўным-даўно» А.​Гладкова), Баптыста («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні) і інш.

С.С.Бульчык.

т. 3, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)