ДЖО́ПЛІН ((Joplin) Джэніс) (19.1.1943, г. Порт-Артур, штат Тэхас, ЗША — 4.10.1970),
амерыканская рок-спявачка і кампазітар, аўтар тэкстаў; адна з першых вядомых белых спявачак блюза. З 1966 выступала і гастраліравала з некалькімі рок-групамі (у т. л. «Вялікі брат і кампанія»), стала кумірам руху хіпі. Валодала дасканалым ад прыроды моцным прыгожым голасам, тонкай нюансіроўкай. Яе рэпертуар уключаў блюзы, творы ў стылях «соўл» і «кантры» (у т. л. ўласныя). Вылучалася эмацыянальна-страснай манерай выканання (сярод прыёмаў — віск, хрып, шэпт, стогн), якая зрабіла вял. ўплыў на наступныя пакаленні рок-спевакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́МЛІНЫ (англ. drumlin, адз.л.),
прадаўгавата-авальныя ўзгоркі, выцягнутыя па падоўжнай восі ў напрамку руху б. ледавіка. Даўж. ад некалькіх соцень метраў да 2—3 км, шыр. ад 100 да 400 м, выш. ад 5 да 45 м. Складзены пераважна з асн. марэны, часта маюць ядро з флювіягляцыяльных пяскоў ці карэнных парод. Паходжанне Д. найчасцей звязваюць з працэсамі падлёднай акумуляцыі і ледавіковай эрозіі. Месцамі Д. ўтвараюць т.зв. друмлінавыя палі, у самым вял. з іх (штат Нью-Йорк, ЗША) каля 10 тыс. Д. На Беларусі Д. трапляюцца ў Паазер’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІНТЭРНЭ́ШАНАЛ БІ́ЗНЕС МЭШЫ́НС КАРПАРЭ́ЙШЭН»
(International Business Machines Corporation),
электронная кампанія ЗША. Засн. ў 1911. Штаб-кватэра размешчана ў г. Арманк (штат Нью-Йорк). Адна з найб. у свеце прамысл. кампаній па вытв-сці офіснага абсталявання, выліч. тэхнікі, камп’ютэраў, размнажальных машын, дыктафонаў і інш. У сярэдзіне 1980-х г. кантралявала каля 60% сусв. вытв-сці ЭВМ, у кампаніі было занята 387 тыс.чал. Абарот складаў 59,7 млрд.дол., чысты прыбытак — 5,8 млрд. долараў. Сярод распрацовак кампаніі — жорсткі магнітны дыск (т.зв. вінчэстэр), найб. папулярная мадэль персанальнага камп’ютэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛВІН (Кэлвін; Calvin) Мелвін
(н. 7.4.1911, г. Сент-Пол, штат Мінесота, ЗША),
амерыканскі біяхімік і хімік-арганік. Чл.Нац.АН ЗША. Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва, ганаровы чл. многіх замежных т-ваў і акадэмій. Скончыў Мічыганскі каледж горнай прам-сці і тэхналогіі (1931). З 1947 праф. Каліфарнійскага ун-та ў Берклі (у 1960—80 заг. лабараторыі хім. біядынамікі) Навук. працы па праблемах фотасінтэзу. Адкрыў этапы біяхім. пераўтварэнняў двухвокісу вугляроду пры фотасінтэзе (цыкл К.). Нобелеўская прэмія 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМ, Крам (Cram) Дональд Джэймс (н. 22.4.1919, г. Чэстэр, штат Вермонт, ЗША), амерыканскі хімік-арганік. Чл.Нац.АН ЗША (1960) і Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1967). Скончыў ун-т штата Небраска (1942) і Гарвардскі ун-т (1947). З 1947 у Каліфарнійскім ун-це (г. Лос-Анджэлес; з 1956 праф.). Навук. працы па стэрэахіміі і хіміі макрагетэрацыклічных злучэнняў (краўн-эфіраў). Даследаваў структуру карбаніёнаў і механізм многіх хім. рэакцый, у якіх яны з’яўляюцца прамежкавымі прадуктамі. Сфармуляваў правіла стэрэахім. накіраванасці рэакцый (правіла К.; 1952). Нобелеўская прэмія 1987 (разам з Ж.М.Ленам, Ч.Педэрсенам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГХАЛА́Я,
штат на ПнУ Індыі. На Пд мяжуе з Бангладэш. Пл. 22,5 тыс.км². Нас. каля 2 млн.чал. (1997), пераважна народнасці кхасі, джантыя, гара і інш.Адм. ц. — г. Шылонг. У рэльефе пераважаюць узгоркі і нізкагор’і (масіў Шылонг выш. да 1961 м). Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў месцамі больш за 10 000 мм за год, у Чэрапунджы каля 12 000 мм (сусветны максімум). Натуральная расліннасць — трапічныя лясы і хмызнякі. Большая ч. насельніцтва вядзе ляднае земляробства. Вырошчваюць рыс, кукурузу, проса, бульбу. Садоўніцтва (апельсіны). Шаўкаводства. Лесанарыхтоўкі. Невял. здабыча вугалю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ПЛА ПАЎСТА́ННЕ 1921,
выступленне мопла — мусульм.ч. народа малаялі акругі Малабар Мадраскай прав.Брыт. Індыі (цяпер штат Керала, Індыя) супраць брыт. улад. Узнікла як ч. Халіфацкага руху. Пачалося з сутыкнення мусульм. вернікаў і англ. войск у мяст. Тырурангадзі 20.8.1921. Паўстанцы захапілі раёны Эрнад і Валуванад і абвясцілі аб стварэнні «халіфацкага царства» на чале з А.Мусальярам (потым — Х.Кунахмедам). Паўстанцы жорстка распраўляліся з памешчыкамі-індусамі, але моцна пацярпелі і простыя індусы, якіх прымушалі прыняць іслам. Задушана англ. войскамі ў канцы 1921, асобныя атрады працягвалі супраціўленне да лют. 1922.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОС ((Ross) Джэры) (н. 20.1.1948, г. Краўн-Пойнт, штат Індыяна, ЗША),
касманаўт ЗША. Скончыў ун-т Перд’ю (1970). З 1980 ў групе касманаўтаў НАСА.
Здзейсніў 6 касм. палётаў (як спецыяліст па аперацыях на арбіце) у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 27.11—3.12.1985, 2—6.12.1988 і 5—11.4.1991 — на КК «Атлантыс», 24.4—8.5.1993 — на КК «Калумбія», 12—20.11.1995 — на КК «Атлантыс» (стыкоўка з арбітальнай станцыяй «Мір»), 4—16.12.1998 — на КК «Індэвар» (стыкоўка з Міжнар.касм. станцыяй). У космасе правёў 47,2 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 44,2 гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РТУ́ТНЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца для прамысл. здабычы ртуці. Гал. рудны мінерал — кінавар (мае ртуці 86,2%), другасныя — метацынабарыт, самародная ртуць, лівінгстаніт і інш. Р.р. падзяляюцца на вельмі багатыя або штуфныя (5—10% і больш Hg), багатыя (каля 1%), радавыя (0,2—0,3%), бедныя (0,06—0,12%), убогія (0,02—0,06%) і ртуцьзмяшчальныя (0,01—0,00001%). Паклады пластападобныя і кантактавыя, жылы, гнёзды, штокверкі. Радовішчы нізкатэмпературныя гідратэрмальныя, радзей вулканагенныя, адзначаны выпадкі сучаснага адкладу ртуці з вод тэрмальных крыніц (штат Невада, ЗША; Новая Зеландыя; Камчатка). Найб. значныя запасы Р.р. у Іспаніі, Італіі, ЗША, Турцыі, Алжыры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧАРДС ((Richards) Тэадор Уільям) (31.1.1868, г. Джэрмантаўн, штат Пенсільванія, ЗША — 2.4.1928),
амерыканскі хімік. Скончыў Гарвардскі ун-т у Кеймбрыджы (1888, д-р філасофіі), дзе і працаваў з 1889 (з 1901 праф.). Навук. працы па вызначэнні і ўдакладненні атамных мас хім. элементаў. Распрацаваў новую методыку і апаратуру, пры дапамозе якой з вял. дакладнасцю вызначыў атамныя масы 25 хім. элементаў (1888—1923). Эксперыментальна пацвердзіў законы электролізу Фарадэя (1902). Даказаў існаванне ізатопаў: вызначыў, што атамныя масы свінцу, атрыманага з уранавых і з торыевых руд, розныя. Нобелеўская прэмія 1914.