БЛОК ((Bloch) Марк) (6.7.1886, г. Ліён, Францыя — 16.6.1944),
французскі гісторык. Вучыўся ў Францыі, Лейпцыгскім і Берлінскім ун-тах (1908—09). Праф. Страсбурскага (1919—36) і Сарбонскага (Парыж) ун-таў. У 1929 разам з гісторыкам Л.Феўрам заснаваў час. «Annales d’histoire économique et sociale» («Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі», гл. ў арт.«Аналаў» школа). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення, расстраляны гестапа. Працы па зах.-еўрап. феадалізме, агр. адносінах у Францыі, агульных праблемах метадалогіі гісторыі.
Тв.:
Апология истории, или Ремесло историка: Пер. с фр. 2 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАКА́ ((Broca) Поль) (28.6.1824, Сент-Фуа-ла-Гранд, дэпартамент Дардонь, Францыя — 9.7.1880),
французскі анатам і антраполаг; адзін з заснавальнікаў сучаснай антрапалогіі. Ініцыятар стварэння Антрапал.навук.т-ва ў Парыжы (1859). Аўтар прац па параўнальнай анатоміі прыматаў, пытаннях агульнай антрапалогіі, расавых тыпах сучаснага і стараж. насельніцтва Францыі. Распрацаваў дапаможнік па антрапаметрыі і краніяметрыі (1865), пабудаваў шкалы для вызначэння афарбоўкі вачэй, валасоў і скуры, стварыў шэраг антрапаметрычных інструментаў.
Тв.:
Рус.пер. — Общие инструкции для антропологических исследований и наблюдений // Изв. Имп. о-ва любителей естествознания, антропологии и этнографии. М., 1865. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУГЕ́Р, Буге (Bouguer) П’ер (10.2.1698, г. Ле-Круазік, Францыя — 15.8.1758), французскі фізік, адзін са стваральнікаў фотаметрыі. Чл. Парыжскай АН (1731). Навук. працы па астраноміі, геадэзіі, гідраграфіі, гравіметрыі, оптыцы і інш. Устанавіў паняцце колькасці святла, сфармуляваў асн. палажэнні візуальнай фотаметрыі, сканструяваў фатометр і распрацаваў спосабы вымярэння яркасці святла. У 1729 устанавіў закон аслаблення інтэнсіўнасці святла ў паглынальных асяроддзях (гл.Бугера—Ламберта—Бэра закон). Адзін з кіраўнікоў экспедыцыі (1735—43) па правядзенні градусных вымярэнняў у Перу для вызначэння формы Зямлі.
Тв.:
Рус.пер. — Оптический трактат о градации света. (М.), 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЕ́Т, В’ет (Viète) Франсуа (1540, г. Фантэнэ-ле-Конт, Францыя — 13.12.1603), французскі матэматык, адзін са стваральнікаў элементарнай алгебры. Атрымаў адукацыю юрыста. Увёў літарныя абазначэнні для невядомых велічынь і каэфіцыентаў ураўненняў, у выніку чаго ўпершыню стала магчымым выражэнне ўласцівасцей ураўненняў і іх каранёў агульнымі формуламі. Распрацаваў аднолькавы прыём рашэння ўраўненняў 2, 3 і 4-й ступеняў. Устанавіў залежнасць паміж каранямі і каэфіцыентамі ўраўненняў (формулы Віета). Вызначыў першы дакладны выраз для π у выглядзе бясконцага здабытку. У 1579 выдаў «Матэматычны канон» з табліцамі трыганаметрычных функцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЦЫ́ПА (Анцыпа-Чыкунскі) Ільдафонс Дзяменцьевіч
(1815 ?, в. Мілавань каля Гродна — 6.6.1863),
удзельнік рэв. руху на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Слонімскім павятовым вучылішчы. Удзельнік паўстання 1830—31. У эміграцыі (Францыя) чл. Польскага дэмакр.т-ва, выступаў у друку па пытаннях арганізацыі ўзбр. паўстання. У час паўстання 1848 камандаваў сял. атрадам на Пазнаншчыне. У 1859 вярнуўся ў Расію, жыў пад наглядам паліцыі ў маёнтку брата на Быхаўшчыне. У час паўстання 1863—64 узначаліў паўстанцкі атрад у Быхаўскім пав. 28.4.1863 яго атрад разбіты. Анцыпа расстраляны ў Магілёве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1884—85,
міжнародная канферэнцыя па пытаннях каланіяльных уладанняў у Афрыцы. Склікана па ініцыятыве Германіі, каб перашкодзіць Вялікабрытаніі і Партугаліі захапіць зах.-афр. ўзбярэжжа, у т. л. вусці р. Конга. Удзельнікі (Аўстра-Венгрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Данія, ЗША, Іспанія, Італія, Нідэрланды, Партугалія, Расія, Турцыя, Францыя і Швецыя) фармальна прызналі Конга «свабоднай дзяржавай» на чале з бельг. каралём Леапольдам II (акрамя Бельгіі права эксплуатаваць Конга атрымалі і інш. дзяржавы), вызначылі парадак набыцця «незанятых афр. зямель», удакладнілі граніцы партуг. калоніі Анголы, фактычна адобрылі захопы Францыі ў Экватарыяльнай Афрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЦЬЕ́ ((Berthier) Луі Аляксандр) (20.11.1753, г. Версаль, Францыя — 1.6.1815),
ваенны і дзярж. дзеяч Францыі, маршал (1804). Удзельнік вайны за незалежнасць ЗША (1775—83). З 1789 нач. штаба нац. гвардыі Версаля. У 1792—95 удзельнічаў у задушэнні мяцяжоў у Вандэі. У 1796—97 нач. штаба, у 1797—98 камандуючы франц. Італьянскай арміяй. Ваенны міністр (1799, 1801—07) і нач. штаба пры Напалеоне. З 1814 на службе ў Людовіка XVIII. Распрацаваў асновы штабной службы, прынятыя пазней усімі еўрап. Арміямі. У час «ста дзён» Напалеона скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБРА́КТА (Bibracte),
галоўны горад стараж. племя эдуяў (цяпер гарадзішча Мон-Бёўрэ за 27 км ад г. Ацён, Францыя). Пл. каля 135 га, умацаваны валам, сцяной з каменю і дрэва, ровам. Раскопкамі выяўлены каменныя падмуркі жытлаў, майстэрняў, багатых віл. Знойдзена шмат керамікі, а таксама позналатэнскія фібулы, манеты, зброя і інш. У 58 да н. э. Юлій Цэзар разбіў тут кельцкае племя гельветаў. Каля 5 да н. э. насельніцтва горада перасялілася ў г. Аўгустадун (цяпер Ацён), у Бібракце да 4 ст.н. э. заставалася яшчэ свяцілішча мясц. багіні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУНЯКО́ЎСКІ (Віктар Якаўлевіч) (16.12.1804, г. Бар Вінніцкай вобл., Украіна — 12.12.1889),
рускі матэматык. Акад. Пецярбургскай АН (1830). Матэм. адукацыю атрымаў за мяжой (Швейцарыя, Францыя). З 1826 выкладаў матэматыку ў ВНУ Пецярбурга, з 1846 праф. Пецярбургскага ун-та, з 1864 віцэ-прэзідэнт Пецярбургскай АН. Навук. працы па інтэгральным злічэнні, тэорыі няроўнасцяў (гл.Бунякоўскага няроўнасць), тэорыі лікаў, тэорыі імавернасцяў і дэмаграфіі (статыстыцы насельніцтва). Аўтар першага ў Расіі падручніка па тэорыі імавернасцяў (1846).
Літ.:
Прудников В.Е. В.Я.Буняковский — учёный и педагог. М., 1954;
История отечественной математики. Т. 2. Киев, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАНСО́Н ((Adanson) Мішэль) (7.4.1727, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 3.8.1806),
французскі батанік. Чл.Франц.АН (1759). Даследаваў трапічную Афрыку. Адзін з заснавальнікаў натуральнай сістэмы раслін, варыянт якой выклаў у працы «Сямейства раслін» (1763). У пошуках лагічных высноў класіфікацыі склаў 65 штучных сістэм, параўноўваў іх паміж сабой і па колькасці супадзенняў вызначаў ступень блізкасці супадпарадкаваных груп раслін паміж сабой (упершыню скарыстаў матэм. метады ў біялогіі). Прызнаваў магчымасць зменнасці відаў. З 1772 захапіўся філасофіяй.
Літ.:
Adanson. The bicentennial of Michel Adanson’s Familles des plantes. Pt. 1—2. Pittsburgh, 1963.