КАМО́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Comores),

Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы (франц. République Fédérale et Islamique des Comores, араб. Джумхурыя аль-Кумур аль-Ітадыя аль-Ісламія), дзяржава на З астравах з групы Каморскіх а-воў у Індыйскім ак. каля паўн. ўвахода ў Мазамбікскі праліў. Складаецца з 3 федэральных акруг. Пл. 1862 км². Нас. 589,8 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Мароні (в-аў Нгазіджа). Афіц. мовы — французская і арабская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 ліп.).

Дзяржаўны лад. К.А. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 6 гадоў. Заканад. орган — Федэральная асамблея (38 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якіх назначае прэзідэнт. Мясц. органы ўлады — губернатары астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і саветы астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады).

Прырода. А-вы Нгазіджа (Гранд-Камор, пл. 1146 км²), Нджуані (Анжуан, пл. 424 км²) і Мвалі (Махелі, пл. 290 км²) вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, трахітаў, фаналітаў, абкружаны каралавымі рыфамі. Цэнтр. ч. кожнага вострава занята слабарасчлянёным горным вулканічным масівам, на ўзбярэжжах — невял. нізіны. Шмат дзеючых вулканаў. Вышэйшы вулкан Картала (2560 м) на в-ве Нгазіджа апошні раз вывяргаўся ў 1977. Бываюць землетрасенні. Клімат трапічны мусонны, гарачы і вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра вагаюцца ад 24 да 27 °C. Ападкаў за год ад 1100 мм у цэнтр. частцы а-воў да 3000 мм на наветраных схілах. Порыстыя вулканічныя грунты і глебы прапускаюць ваду; рэк і ручаёў няма. Ёсць некалькі невял. прэсных азёр у кратэрах нядзеючых вулканаў. У раслінным і жывёльным свеце шмат эндэмікаў. У верхніх частках схілаў — трапічныя лясы з дрэвападобнымі папарацямі, ліянамі, ніжэй — участкі саваннаў і хмызнякі. Пад лесам і хмызнякамі 17% тэрыторыі. Мора багатае рыбай.

Насельніцтва. Больш за 75% складае народ анталаутра (каморцы) — змешаная этнічная група нашчадкаў малагасійцаў, арабаў і афрыканцаў. Ёсць нядаўнія выхадцы з Афрыкі і Мадагаскара (па 5%), арабы з Амана і Йемена (7%), выхадцы з Індыі (3%), малайцы (2%), еўрапейцы (пераважна французы, грэкі, італьянцы) і інш. Амаль усе вернікі мусульмане-суніты. Сярэдняя шчыльн. 317 чал. на 1 км², на в-ве Нгазіджа больш за 400 чад., на в-ве Мвалі каля 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 31% насельніцтва, у г. Мароні 30 тыс. ж. (1992). Каля 80% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве.

Гісторыя. Ісламізаваны з 11 ст. У 1503 адкрыты партугальцамі. З сярэдзіны 19 ст. — уладанне Францыі (з 1843 — в-аў Маёта. з 1866 — астатнія астравы), з 1886 пратэктарат, з 1912 калонія (у 1914—16 адміністрацыйна падпарадкавана Мадагаскару). У 1947 атрымалі адм. аўтаномію (статус «заморскай тэр.» Францыі), пацверджаную на рэферэндуме 1958, у 1962 — шырокую ўнутр. аўтаномію. На рэферэндуме 1974 жыхары архіпелага (за выключэннем в-ва Маёта, дзе пражывае хрысц. насельніцтва) выказаліся за незалежнасць (абвешчана 6.7.1975). Прэзідэнтам стаў А.​Абдала. У 1976 незалежнасць К.А. прызнала Францыя (Маёта па выніках рэферэндуму 1976 засталася ў яе ўладанні). У 1976—78 улада ў краіне належала Ваен.-паліт. дырэкторыі. У 1978 у выніку дзярж. перавароту прэзідэнтам зноў стаў Абдала; прынята новая канстытуцыя, абвешчана Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы. У ліст. 1989 прэзідэнт Абдала забіты. Кіраўніком дзяржавы ў сак. 1990 выбраны С.​М.​Джахар. У вер. 1995 пасля спробы дзярж. перавароту, зробленай замежнымі наёмнікамі, Джахар пакінуў пасаду. У кастр. 1996 на архіпелаг уведзены франц. войскі, якія прымусілі кіраўнікоў перавароту здацца. У сак. 1997 прэзідэнтам выбраны М.​Такі Абдул-Карым. К.А. — чл. ААН (з 1975). Дзейнічаюць партыі Каморскі саюз за прагрэс, Нац. саюз за дэмакратыю на Каморах, апазіцыйная Форум за нац. вызваленне і інш.

Гаспадарка. К.А. — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт у 1994 склаў 370 млн. дол. ЗША. Доля ў ім сельскай і лясной гаспадаркі, рыбалоўства каля 40%, прам-сці каля 4%. На 1 чал. ў год прыпадае каля 630 дол. ЗША. Асн. галіна — земляробства, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур. Апрацоўваецца каля 42% тэрыторыі, пад пашай і лугамі каля 7%. Гал. культуры: эфіраалейныя (цытранэла, іланг-іланг, лімонная мята, базілік, язмін і інш.) — збор каля 50—100 т у год, ваніль — каля 1000 т, гваздзіка — каля 1200 т. Па зборы гэтых культур краіна займае 1—2-е месца ў свеце. Вырошчваюць какосавую пальму (каля 60 тыс. т какосавых арэхаў штогод), бананы, каву, какаву, цукр. трыснёг, сізаль, ананасы. 3 харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, ямс, кукуруза, батат, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 50 тыс. галоў), коз (каля 60 тыс. галоў), авечак, аслоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс. т рыбы і морапрадуктаў штогод). Нарыхтоўка драўніны. Вытв-сць электраэнергіі 17 млн. кВт∙гадз (1995). Здабыча вулканічнага туфу (пуцалану) і выраб цэменту (в-аў Нгазіджа). Прадпрыемствы: тэкст., мылаварныя, дрэваапр., па вытв-сці безалкагольных напіткаў, быт. і харч. тавараў, эфірных алеяў, экстрактаў з ванілі, язміну і інш. Развіты разнастайныя саматужныя рамёствы, асабліва ганчарства. Транспарт аўтамаб. і марскі. Гал. порт — Мароні, паблізу міжнар. аэрапорт. Экспарт — 13,7 млн. дол., імпарт — 40,9 млн. дол. (1993). Дэфіцыт часткова кампенсуецца дапамогай міжнар. арг-цый, араб. нафтаздабыўных краін, Францыі, паступленнямі ад каморцаў, што працуюць за мяжой. У экспарце пераважаюць ваніль. гваздзіка, эсенцыя іланг-ілангу, копра, у імпарце — нафтапрадукты, харч. тавары, машыны і абсталяванне. Асн. гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Германія, Кітай. Грашовая адзінка — каморскі франк.

І.​Я.​Афнагем (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Каморскіх Астравоў.
Да арт. Каморскія астравы. Возера ў кратэры вулкана.

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́БА-ВЕ́РДЭ (Cabo Verde),

Рэспубліка Каба-Вердэ (Repúblika de Cabo Verde), дзяржава на а-вах Зялёнага Мыса ў Атлантычным ак., за 500 км на З ад берагоў Зах. Афрыкі. Падзяляецца на 14 акруг. Пл. 4033 км² Нас. 394,8 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Прая на в-ве Сант’ягу. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 ліп.).

Дзяржаўны лад. К.-В. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. асамблея з ліку яе дэпутатаў на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея (аднапалатны парламент) з 79 дэпутатаў, што выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае Нац. асамблея з яе складу па прапанове прэзідэнта.

Прырода. А-вы Зялёнага Мыса складаюцца з 2 груп — Наветраных (Барлавенту) і Падветраных (Сатавенту) і ўключаюць 15 астравоў. Найб. з іх (пл. ў км²): Сант’ягу — 991, Санту-Антан — 779, Баавішта — 620, Фогу — 476, Сан-Нікалау — 388, Маю — 269, Сан-Вісенты — 227, Сал — 216. Астравы складзены з вулканічных парод. Берагі пераважна стромкія і скалістыя, зручных гаваней мала (найб. значная — бухта Міндэлу на в-ве Сан-Вісенты). Рэльеф гарысты, са шматлікімі вулканічнымі конусамі, кратэрамі і кальдэрамі. Найвыш. пункт — дзеючы вулкан Фогу на в-ве Фогу (2829 м). Карысныя выкапні: каменная соль, гіпс і вулканічныя буд. матэрыялы. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра ад 22 °C (люты) да 27 °C (вер.—кастр.). Ападкаў 100—300 мм за год, пераважна са жн. да кастрычніка. Пастаянных рэк няма. Расліннасць у асноўным пустынная і паўпустынная. Пад горнымі лясамі каля 4 тыс. га. Вядуцца пасадкі лесу. Жывёльны свет бедны. Адсутнічаюць млекакормячыя, акрамя завезенай еўрапейцамі свойскай жывёлы, малпаў, пацукоў і інш. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай.

Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кабавердцы — нашчадкі партуг. каланістаў і неграў-рабоў; пераважна мулаты. Есць выхадцы з Афрыкі (каля 30%) — прадстаўнікі народаў фульбе, балантэ і манджак. У гарадах невял. групы партугальцаў (каля 1%). Больш за 90% вернікаў — католікі, каля 2,5% — пратэстанты, ёсць прыхільнікі традыц. афр. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 100 чал. на 1 км², на а-вах Сант’ягу і Сан-Вісенты больш за 200 чал. на 1 км. У гарадах жыве 56% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1991): Прая — 82,8, Міндэлу — 51,3. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 80% насельніцтва. прам-сці і буд-ве — каля 10, абслуговых галінах — каля 10%.

Гісторыя. А-вы Зялёнага Мыса да з’яўлення тут еўрапейцаў былі бязлюдныя. Адкрыты, верагодна, у 1456 экспедыцыяй А.​Кадамоста. У 1462 пачалося засяленне астравоў партугальцамі і прывезенымі імі пераважна з Сенегала неграмі-рабамі. У 1533 пасяленне Рыбейра-Грандзі атрымала статус горада. Тут размяшчалася рэзідэнцыя епіскапа, які прадстаўляў партуг. карону на астравах і афр. узбярэжжы ад Марока да Гвінеі. У 1564 астравы перайшлі пад кіраванне партуг. манархіі, на чале каралеўскай калан. адміністрацыі стаяў губернатар. У сярэдзіне 17 ст. (афіцыйна з 1770) адм. ц. калоніі стала Санта-Марыя (з 1858 наз. Прая). З 1650 тэр. партуг. Гвінеі адміністрацыйна падпарадкавана губернатару К.-В. У 1757 выключнае права на гандаль з К.-В. і Гвінейскім узбярэжжам перададзена на 20 гадоў «Кампаніі Пара і Мараньян» Жорсткая эксплуатацыя кампаніяй і засухі 1775—77 прывялі да масавай гібелі мясц. насельніцтва. Да 19 ст. астравы былі важным транзітным пунктам на шляху з Партугаліі ў Індыю і адным з гал. цэнтраў партуг. гандлю рабамі. У 1832—79 К.-В. аб’яднана з партуг. Гвінеяй у адзіную заморскую правінцыю. потым асобная калонія. У 1956 створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і А-воў Каба-Вердэ (ПАІГК), якая ў 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць каланізатараў. У крас. 1974 Партугалія прызнала ПАІГК адзіным законным прадстаўніком насельніцтва К.-В. і ў ліст. падпісала з ёю пагадненне аб прадастаўленні К.-В. незалежнасці.

5.7.1975 абвешчана незалежная Рэспубліка К.-В. Прэзідэнтам краіны стаў А.​М.​Перэйра. Гал. паліт. сілай заставалася ПАІГК, якая ў 1981 разарвала адносіны з кіруючай партыяй у Гвінеі-Бісау (тая імкнулася да стварэння уніі абедзвюх дзяржаў), а пазней стварыла асобную Афр. партыю незалежнасці КВ., адзіную легальную партыю ў краіне. У 1980—90-я г. шматгадовая засуха прывяла да эканам. крызісу. У 1990 парламент ухваліў змены ў канстытуцыі, якія прадугледжвалі ўвядзенне ў краіне шматпартыйнай сістэмы. У 1991 адбыліся першыя свабодныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, перамагла партыя Рух за дэмакратыю, прэзідэнтам выбраны падтрыманы ёю незалежны кандыдат А.​Машкарэньяш Мантэйру. К.-В. — чл. ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства, Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв. 1992.

Гаспадарка. К.-В. — эканамічна адсталая, пераважна агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) 440 млн. дол. ЗША (1994); на 1 чал. ў год прыпадае 1040 дол. Доля ў ВУП: сельскай гаспадаркі — 18%, рыбалоўства — 7, прам-сці — 8, абслуговых галін — 67%. У дзярж. сектары ствараецца да 40% ВУП. Гал. галіна — сельская гаспадарка. З-за гарыстага рэльефу і неўрадлівых глеб вядзенне сельскай гаспадаркі магчыма на 12% тэрыторыі, земляробства — на 1,4% (каля 5600 га). С.-г. землі цярпяць ад недахопу вады. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі; ёсць кааператывы. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, фасолю, батат, цукр. трыснёг, маніёк, бульбу, агародніну. Экспартныя культуры: бананы (штогод 5—10 тыс. т), кава, тытунь, арахіс, клешчавіна, гарчыца. Вырошчваюць таксама апельсіны, фінікі і какосавыя арэхі. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1990): буйн. раг. жывёлы — каля 13, свіней — каля 40, коз — каля 70, авечак — каля 3. Штогадовы ўлоў рыбы, амараў і крэветак каля 15—20 тыс. т. Прам-сць развіта слаба. На а-вах Сал, Баавішта і Маю здабыча каменнай солі (да 40 тыс. т у год), на в-ве Санту-Антан — пуцаланаў (цэм. сыравіна), гіпсу і кааліну. Вытв-сць электраэнергіі 40 млн. кВт∙гадз (1995) на дробных дызельных электрастанцыях. Будуюцца ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюць энергію ветру і сонца. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: рамонт і буд-ва дробных суднаў (г. Міндэлу), вытв-сць адзення і абутку (ф-кі швейная ў Міндэлу, тэкст., швейная і абутковая ў Праі), мэблі (Прая). Харчасмакавая прам-сць уключае перапрацоўку рыбы і вытв-сць рыбных кансерваў, разнастайных харч. тавараў, у т. л. алею і мукі. Працуюць ліцейна-мех. майстэрні (Міндэлу), з-ды жалезабетонных і керамічных вырабаў, буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па зборцы з імпартных дэталей эл.-быт. прылад і іх рамонце (Прая). Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, пляценне кошыкаў, выраб сувеніраў). У г. Прая саматужна-маст. майстэрні. На астравах Сант’ягу і Сан-Вісенты невял. з-ды па апрасненні марской вады. У порце Міндэлу — бункераванне (забеспячэнне палівам і інш.) суднаў розных краін. Унутр. транспарт аўтамабільны. На астравах 3,2 тыс. км аўтадарог (у т. л. 0,8 тыс. км з цвёрдым пакрыццём), 10,5 тыс. легкавых аўтамабіляў, 5,5 тыс. грузавікоў і аўтобусаў. Сувязь паміж астравамі і з інш. краінамі ажыццяўляецца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Прая і Міндэлу. На в-ве Сал міжнар. аэрапорт. Знешні гандаль мае адмоўны баланс. Штогадовы экспарт каля 5 млн. дол., імпарт каля 170 млн. дол. Краіна экспартуе соль, бананы, каву, тытунь, рыбныя кансервы, імпартуе прамысл. і харч. тавары. Гандаль пераважна з Партугаліяй (49% экспарту і 34% імпарту), Анголай, Нідэрландамі. Дадатковыя сродкі краіне прыносяць турызм, грашовыя пераводы эмігрантаў, дапамога міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — эскуда Каба-Вердэ.

Літ.:

Григорович А.А., Грибанов В.В. Кабо-Верде. М., 1988.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Каба-Вердэ.

т. 7, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́ВІ (чычэва Malaŵi, англ. Malawi),

Рэспубліка Малаві (чычэва Mfuko la Malaŵi, англ. Republic of Malawi), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Танзаніяй, на 3 з Замбіяй, на Пд з Мазамбікам; на У мяжа з Танзаніяй і Мазамбікам праходзіць па воз. Ньяса (Малаві). Пл. 118,5 тыс. км², у т. л. водная паверхня азёр 24,4 тыс. км². Нас. 9,8 млн. чал. (1998). Дзярж. мовы — чычэва (малаві) і англійская. Сталіца — г. Лілонгве. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 ліп.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Народнаму сходу, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які прызначаецца прэзідэнтам.

Прырода. У рэльефе пераважае пласкагор’е, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Характэрны вышыні 1000—1500 м, найб. вышыня — г. Сапітва (3002 м). На У грабен (ч. Усходне-Афр. рыфавай сістэмы) з воз. Ньяса (на выш. 472 м над узр. м.) і р. Шырэ, якая выцякае з возера і ўпадае ў р. Замбезі. У М. ёсць невял. радовішчы баксітаў, каменнага вугалю, уранавых руд, буд. матэрыялаў і інш. Клімат субэкватарыяльны з летнім дажджлівым (ліст.—май) і сухім (май—лістапад) сезонамі. Сярэднямесячныя т-ры ад 14—19 °C (ліп.) да 23—27 °C (лістапад). Ападкаў 1500—3000 мм за год. У расліннасці пераважаюць акацыевыя саванны з баабабамі, паркавая саванна з пальмамі; у гарах — лістападныя трапічныя лясы, участкі стэпаў, па далінах рэк — галерэйныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэр. краіны. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: бегемоты, кракадзілы, львы, леапарды, павіяны, зебры, антылопы. Ёсць малярыйныя камары і муха цэцэ. Воз. Ньяса багатае рыбай (асн. від тылапія). Нац. паркі: Касунгу, Ленгве, Лівондэ, Ньіка; некалькі паляўнічых рэзерватаў. Нац. парк воз. Малаві (Ньяса) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. Каля 99% складаюць блізкія паміж сабой народы, што адносяцца да ўсх. групы банту. Найб. — малаві (каля 55% насельніцтва), асн. этнічная група чэва (гавораць на мове чычэва). На Пд жывуць макуа, ломве, ваяа, суахілі, нгоні. Выхадцы з краін Азіі і Еўропы (больш за 30 тыс. чал.) жывуць пераважна ў гарадах. Сярод вернікаў 55% пратэстантаў, па 20% католікаў і мусульман, астатнія прытрымліваюцца мясц. традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост 1,5% (1997), у асобныя гады перавышае 3%. Сярэдняя шчыльн. 104 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны. У гарадах жыве 14% насельніцтва. Найб. гарады: Блантайр-Лімбе — каля 500 тыс. ж., Лілонгве — каля 400 тыс. ж. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%, у абслуговых галінах — каля 9%. Некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў М. сезонна працуюць у Паўд.-Афр. Рэспубліцы (ПАР).

Гісторыя. Стараж. насельніцтва М. — бантумоўныя плямёны н’янджа (на Пд), чэва (у цэнтры) і тумбука (на Пн). У канцы 15 ст. каля воз. Ньяса склалася племянное аб’яднанне Малаві на чале з правадыром Каронгі. Пазней сюды перасяліліся народы нгоні і яо. У сярэдзіне 19 ст. тэр. М. наведваў Д.Лівінгстан, у 1876 брыт. місіянеры заснавалі пасяленне Блантайр. З 1891 М. — брыт. пратэктарат Ньясаленд. У 1915 тут адбылося антыбрыт. паўстанне на чале з Дж.​Чылембве, задушанае ўладамі. У 1920—30-я г. ўзніклі туземныя асацыяцыі, у 1944 створана першая афр. паліт. арг-цыя — Афр. Кангрэс Ньясаленда (АКН). У 1953—63 М. ўваходзіла ў Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда. Пасля забароны АКН на яго базе ў вер. 1959 створана партыя Кангрэс М. (КМ) на чале з Х.​Бандам. У 1961 уведзена ў дзеянне канстытуцыя Ньясаленда. На першых усеагульных выбарах у Заканад. сход у 1961 перамог КМ. У лют. 1963 Ньясаленд атрымаў унутр. самакіраванне, а Банда стаў прэм’ер-міністрам краіны.

6.7.1964 абвешчана незалежная дзяржава М. ў складзе Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1966 М. — рэспубліка, прэзідэнт — Банда, адзіная легальная партыя — КМ. У краіне ўсталяваўся рэжым асабістай улады Банды, які ў ліп. 1971 абвешчаны яе пажыццёвым прэзідэнтам. Жорстка душылася ўсялякая апазіцыя. Праводзілася палітыка спрыяння прыватнаму сектару, асабліва ў галіне забеспячэння харчаваннем. У знешняй палітыцы кіраўніцтва М. падтрымлівала цесныя сувязі з краінамі Зах. Еўропы, ЗША і ПАР. З пач. 1990-х г. краіну ахапілі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем адраджэння дэмакратыі, якія ўзначальвала каталіцкае духавенства. Восенню 1992 створаны альянс за дэмакратыю і Аб’яднаны дэмакр. фронт (АДФ). У студз. 1993 урад быў вымушаны дазволіць шматпартыйнасць. У 1994 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам М. выбраны лідэр АДФ Б.​Мулузі. З мая 1995 набыла сілу новая канстытуцыя краіны. М. — чл. ААН і арг-цыі афр. адзінства (з 1964). Дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаны Дэмакр. фронт, Кангрэс М.

Гаспадарка. М. — аграрная краіна са слаба развітой эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Штогадовы даход на 1 чал. каля 180 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 45% валавога нац. прадукту, прам-сць — 30%, абслуговыя галіны — 25%. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — земляробства. Апрацоўваецца каля 1,7 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца саванны і рэдкастойныя лясы агульнай пл. каля 2 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, але асн. экспартную прадукцыю даюць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям і еўрап. каланістам (каля 10% апрацаваных зямель). Штогод збіраюць асн. экспартныя культуры (тыс. т): чай (займае 6% с.-г. зямель) — каля 50, тытунь — каля 130. Меншае экспартнае значэнне маюць бавоўнік, тунг, цукр. трыснёг, арахіс, каўчуканосы. Харч. культуры (у сял. гаспадарках): кукуруза (займае 80% с.-г. зямель, штогадовы збор 1,5—2 млн. т), афр. сорга, проса, рыс, пшаніца, бабовыя, маніёк, батат. Агародніцтва, трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля абмежавана з-за распаўсюджання мухі цэцэ і нізкай якасці пашы. Пагалоўе (тыс. гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 1000, авечак і коз — каля 800. Птушкагадоўля. Азёрнае і рачное рыбалоўства — 65 тыс. т (1993). Лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прам-сць развіта слаба, арыентавана на перапрацоўку с.-г. прадукцыі, вытв-сць спажывецкіх тавараў. Вытв-сць электраэнергіі 782 млн. кВт гадз (1993), пераважна на невялікіх ЦЭС і ГЭС. Найб. ГЭС на р. Шырэ. Асн. прадпрыемствы звязаны з апрацоўкай тытуню і чаю (Блантайр-Лімбе, Лілонгве, Зомба). Ёсць бавоўнаачышчальныя, тэкст., швейныя, кансервавыя, цукр., па вытв-сці тунгавага алею, мукамольныя, цагельныя, лесапільныя, цэм. прадпрыемствы. Невял. здабыча мармуру, жал. руды, кіяніту, баксітаў, буд. матэрыялаў. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, унутр. водны. У М. 49,8 тыс. км аўтадарог, у т. л. 5,7 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 15 тыс. легкавых, 19 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Даўж. чыгункі 789 км. Знешнегандл. сувязі пераважна па чыг. Блантайр-Лімбе—Бейра (Мазамбік). Унутр. водныя шляхі па воз. Ньяса і асобных участках р. Шырэ. У краіне 41 аэрапорт, у т. л. 2 міжнар. каля Блантайр-Лімбе і Лілонгве. У 1995 экспарт склаў 431 млн. дол., імпарт — 348 млн. долараў. М. экспартуе тытунь (40% па кошце), чай (35%), цукар, каву, арахіс, драўніну, імпартуе харч. прадукты, нафту і нафтапрадукты, тавары шырокага ўжытку, трансп. сродкі. Асн. гандл. партнёры: ПАР, ЗША, Японія, Германія. Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР і замежны турызм. Эканоміка М. залежыць ад эканам. дапамогі МВФ, Сусв. банка і асобных краін-донараў (найб. — Вялікабрытаніі і ПАР). Грашовая адзінка — квача.

К.​А.​Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Малаві.
Да арт. Малаві. Узбярэжжа возера Ньяса.
Да арт. Малаві. Краявід на Пд краіны.

т. 9, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЯСТВО́,

рамяство і промысел, вытворчасць прамысловых вырабаў з дапамогай нескладаных традыц. інструментаў; майстэрства ўмелых рук (ад стараж.-рус. рукамясло); першая гіст. стадыя ў развіцці прамысл. вытв-сці. Паралельнае ўжыванне тэрмінаў «Р.» і «промысел» адлюстроўвае поўнае ці частковае супадзенне іх прадметнага зместу, а разыходжанні звязаны з асэнсаваннем іх з пункту гледжання сац.-эканам. характарыстыкі, сувязі з земляробствам і інш. Вырашальным для Р. з’яўляецца асабістае майстэрства рамесніка і індывід. характар вытв-сці (звычайна рамеснік працуе адзін або з невял. колькасцю памочнікаў). У залежнасці ад зыходнага матэрыялу вылучаюць асобныя групы Р. (дрэва- і металаапрацоўчыя, гарбарна-кушнерскае, апрацоўка мінер. сыравіны, валакністай сыравіны і выраб адзення), якія былі пашыраны на Беларусі і далі пачатак розным галінам прамысл. вытв-сці. Паводле сац. арганізацыі Р. падзяляюць на хатнія (для ўласных патрэб), на заказ і на рынак (дробнатаварная вытв-сць). У гіст. і сацыяльна-эканам. л-ры прадметны сэнс Р. нярэдка абмяжоўваецца вытв-сцю на заказ, а Р. на рынак наз. саматужным промыслам, хатняе Р. — хатнім промыслам. Паводле характару арганізацыі працы вылучаюць таксама стацыянарныя і адыходныя, ці вандроўныя Р. і промыслы (дойлідства, буд-ва мастоў, шапавальнае і інш.). У асобную групу вылучаюць маст. промыслы, у якіх найб. яскрава ўвасоблены нар. творчасць, маст. густы, духоўныя памкненні і нац. вытв. традыцыі народа.

У феад. перыяд амаль кожны сял. двор выступаў як самаст. вытв. калектыў з шырокім дыяпазонам гасп. дзейнасці. Разнастайныя жыццёва неабходныя прадметы (харч. прыпасы, жыллё, адзенне, тканіны, скуры, рэчы хатняга ўжытку, посуд, с.-г. прылады і трансп. сродкі) у большасці вырабляліся на месцы сваімі рукамі. Універсальны характар сял. гаспадаркі быў шырокай базай вытв. вопыту і нар. ўмельства, што абумовіла агульны росквіт Р. і промыслаў. З сельскага насельніцтва вылучаліся майстры, для якіх Р. станавілася важнай ці нават асн. крыніцай існавання. Частка іх несла дваровую службу пры ланскіх ці дзярж. (гаспадарскіх) маёнтках і манастырах. Часам двары-службы ўтваралі цэлыя пасяленні рамеснікаў пэўнай спецыяльнасці — цесляроў, бондараў, гантароў, гарбароў, ганчароў, гутнікаў, буднікаў і інш.; іх прадукцыя забяспечвала патрэбы маёнтка, прадавалася на кірмашах, збывалася за мяжу. Статуты ВКЛ замацоўвалі роўныя прывілеі для рамеснікаў, якія паводле свайго юрыдычна-прававога становішча стаялі ў феад. іерархіі вышэй за сялян-земляробаў. Частку залежных рамеснікаў феадалы сялілі ў горадзе на землях сваіх юрыдык. Гар. Р. ў значнай ступені развівалася за кошт прытоку ў горад сельскіх майстроў і адначасова ўплывала на развіццё і тэхн. ўзровень сельскага Р. Сельскае насельніцтва, якое перасялялася ў горад, прыносіла з сабой абшчынныя традыцыі, што складаліся ў нормы звычаёвага права і адбіваліся на паўсядзённым жыцці брацтваў. Развіццю бел. Р. і промыслаў, іх спецыялізацыі і арганізац. ўпарадкаванню садзейнічала магдэбургскае права. У 16—17 ст. у гарадах Беларусі зафіксавана каля 200 спецыялізаваных відаў Р. і промыслаў. Найб. пашыраны былі ў гарадах — кавальскае, кравецкае, шавецкае, гарбарнае, ганчарнае; у вёсках — розныя віды дрэваапрацоўкі (выраб посуду, с.-г. прылад, цяслярства), апрацоўка лёну і воўны, ткацтва, пляценне. Гар. рамеснікі аб’ядноўваліся ў асобныя прафесійныя арг-цыі — цэхі. Такія карпарацыі наз. брацтвамі (Брэст, Гродна, Мінск, Вільня) або староствамі (Магілёў, Полацк). У склад цэха (40—50 чал.) уваходзілі людзі рамесных прафесій, а таксама рыбаловы, бортнікі, шынкары і інш., што займаліся промысламі ў шырокім сэнсе. У 17 ст. на Беларусі 116 цэхаў, кожны цэх меў свой статут, які вызначаў яго структуру, парадак прыёму новых членаў, рэгуляваў унутрыцэхавыя адносіны і інш., а таксама меў свой сцяг, зброю, сімвал, агульную касу; у час вайны абараняў горад. Цэхавая арг-цыя садзейнічала далейшаму развіццю Р., іх спецыялізацыі і павышэнню ролі ў сістэме грамадскай вытв-сці. Значэнне цэхаў выходзіла далёка за межы карпаратыўна-прафес. арг-цыі. Яны адыгрывалі значную ролю ў паліт. жыцці гарадоў, барацьбе супраць прыгонніцтва, за грамадзянскія правы і незалежнасць. Ваенныя падзеі ў 2-й пал. 17—пач. 18 ст. (войны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўн. вайна 1700—21) згубна адбіліся на развіцці рамеснай вытв-сці на Беларусі. Напр., у Віцебску, буйнейшым цэнтры рамеснай і прамысл. дзейнасці, у сярэдзіне 17 ст. было больш за 1 тыс. майстроў розных спецыяльнасцей, а ў 1665 засталіся 72 рамеснікі. У 2-й пал. 18 ст. назіралася адраджэнне традыц. Р. Асабліва хутка расла колькасць кавалёў, слесараў, цесляроў, шаўцоў, краўцоў, гарбароў і інш. Да 19 ст. цэхавае Р. вычарпала свае магчымасці. Аднак яно падрыхтавала глебу для сучасных форм вытв-сці. Побач з Р. значна пашырыліся мануфактуры, якія ўзніклі і працавалі на базе мясц. нар. Р. і промыслаў. Пэўнае месца ў вытв-сці прамысл. тавараў займала т.зв. рассеяная мануфактура. Часам мануфактурная і саматужна-рамесная вытв-сць аб’ядноўваліся ў адзіную сістэму вытв. сувязей. Больш выразны падзел працы, дыферэнцыяцыя вытв. працэсу на шэраг спецыялізаваных рамесных заняткаў садзейнічалі назапашванню вытв. ведаў, усталяванню новых, больш дасканалых і спецыялізаваных інструментаў, што з’яўлялася перадумовай вынаходства машын, У 19 ст. разам з ажыўленнем гандлёва-эканам. адносін прыкметна вызначылася геагр. спецыялізацыя с.-г. і саматужна-прамысл. вытв-сці. На Падняпроўі былі шырока развіты гарбарная, ганчарная, шкляная вытв-сці, лясныя і дрэваапр. промыслы. У Падзвінні важнае эканам. значэнне набылі вырошчванне лёну і яго апрацоўка, суднабудаванне, каменячосны і кавальскі промыслы, а з дрэваапрацоўкі — цяслярства. У Панямонні былі больш пашыраны вытв-сць сукна, харчовая, гарбарная вытв-сць, шавецкая і кравецкая справы. На Палессі важнае месца займалі здабыўныя промыслы (рыбалоўства, бортніцтва, збіральніцтва), а з рамесных — суднабудаванне, выраб бандарнага і плеценага посуду. Рэформа 1861 узмацніла сац. расслаенне, вызваліўшы частку прац. рэсурсаў для неземляробчых заняткаў. Прыкметна змянілася і структура Р., іх месца ў грамадскай вытв-сці. Развіццё буйной прам-сці абумовіла паступовае скарачэнне ткацтва, ганчарства, звузіліся маштабы вышыўкі, набойкі, крашаніны, апрацоўка ліпавай кары, выраб рагож і цыновак. Аднак некат. Р. да пач. 20 ст. пашырыліся, у іх ліку кравецкае, шавецкае, шапавальнае, аўчыннае, кавальскае, выраб шкла, цэглы, кафлі, а з дрэваапрацоўчых — сталярнае і цяслярнае. Змяніліся сац. характар Р. і промыслаў, іх сувязь з рынкам збыту, узаемаадносіны гар. і сельскага Р., Р. і буйной прам-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саматужна-рамесніцкая вытв-сць разглядалася як адна з форм пераходу да сацыяліст. прам-сці, што знаходзіла сваё ўвасабленне ў прамысл. кааперацыі.

У сферы грамадскай вытв-сці развіццё буйной прам-сці адцясніла Р. і промыслы на другараднае месца. Аднак яны не зніклі, эканамічна апраўданы як дапаможны промысел, як спецыялізаваная дзейнасць майстроў. Асваенне лепшых традыцый нар. Р. — адзін з важнейшых кірункаў у развіцці мясц. прам-сці. Нар. промыслы, пераасэнсаваныя і адроджаныя на новай арганізац.-прававой і тэхн. асновах, набываюць самаст. ролю як адзін з камерцыйна-эканам. рычагоў грамадскай вытв-сці, а таксама як састаўная частка бел. нац. культуры. З мэтай захавання і адраджэння традыцый бел. Р. створаны Саюз майстроў нар. творчасці (1992). Узоры нар. Р. шырока выкарыстоўваюцца ў розных відах прафесійнага нац. мастацтва.

В.​С.​Цітоў.

Да арт. Рамяство. Разьба па дрэве. Пляценне з саломы..

т. 13, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ЙСКІ АКІЯ́Н,

трэці па велічыні акіян на Зямлі (пасля Ціхага і Атлантычнага). Размешчаны пераважна ў Паўд. паўшар’і, паміж Афрыкай, Азіяй, Аўстраліяй і Антарктыдай. Пл. з морамі 76,17 млн. км², аб’ём вады 282,6 млн. км³. Сярэдняя глыб. 3711 м, найб. — 7729 м (Зондскі жолаб). Умоўную мяжу з Атлантычным ак. праводзяць па мерыдыяне мыса Ігольнага, з Ціхім ак. — па мерыдыяне м. Паўднёвага.

Берагі. Берагавая лінія слаба расчлянёная, за выключэннем паўн. часткі, дзе размяшчаецца большасць ускраінных мораў і буйнейшых заліваў. Да бас. І.а. належаць моры: Чырвонае (унутр.), Аравійскае, Андаманскае, Тыморскае, Арафурскае і антарктычныя — Рысер-Ларсена, Касманаўтаў, Садружнасці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля; буйныя залівы: Адэнскі, Персідскі, Аманскі, Бенгальскі, Карпентарыя, Вялікі Аўстралійскі (гл. адпаведныя арт.). На ПнЗ і У берагі карэнныя, на ПнУ і З пераважаюць наносныя.

Астравы. Астравоў параўнальна мала. Найбольшыя з іх мацерыковага паходжання: Мадагаскар, Сакотра, Шры-Ланка. У адкрытай ч. акіяна трапляюцца вулканічныя астравы: Кразе, Каморскія, Маскарэнскія, Андаманскія і інш.; каралавыя астравы: Лакадыўскія, Мальдыўскія, Чагас, Какосавыя, Аміранцкія (гл. адпаведныя арт.).

Рэльеф дна і тэктанічная будова. У будове дна вылучаюцца: падводная ўскраіна мацерыкоў (шэльф) — 29%, мацерыковы схіл — 2%, ложа акіяна — 52%, сярэдзінна-акіянічныя хрыбты — 17% ад пл. акіяна. У межах шэльфа змяншаецца магутнасць зямной кары мацерыковых ускраін і яна пераходзіць у акіянічную. На ПнУ акіян абмежаваны складанай пераходнай зонай (актыўнай ускраінай — зонай паглынання літасферных пліт), якая ўключае Зондскую астраўную дугу і Зондскі жолаб. Шыр. шэльфаў не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, у раёне м. Ігольнага на Пд Афрыкі, каля зах. ўзбярэжжа п-ва Індастан і паўн.-зах. ўзбярэжжа Аўстраліі яна пашыраецца да 300—350 км. Край шэльфа знаходзіцца на глыб. 100—200 м (каля Антарктыды да 400—500 м). Мацерыковы схіл уяўляе сабой круты (да 10—30°) уступ, месцамі расчлянёны падводнымі далінамі рэк Інд, Ганг і інш. У межах ложа акіяна вылучаецца Сярэдзінна-Індыйскі хр., утвораны сістэмай сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў (Аўстрала-Антарктычнае падняцце, Заходне-Індыйскі хрыбет, Аравійска-Індыйскі, Афрыканска-Антарктычны, Цэнтральнаіндыйскі), якая ў раёне Адэнскага зал. і Чырвонага м. спалучаецца з унутрымацерыковымі сістэмамі рыфтаў. Агульная даўж. сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў І.а. каля 20 тыс. км, шыр. 400—1000 км і больш, выш. 2,5—4 км. Сярэдзінна-Індыйскі хр. падзяляе ложа акіяна на 3 сегменты, у якіх размяшчаюцца глыбакаводныя катлавіны: у паўн.-ўсх. секары — Аманская, Аравійская, Цэнтральная, Какосавая, Зах.-Аўстралійская, Натураліста, Паўд.-Аўстралійская; у зах. — Самалійская, Аміранцкая, Маскарэнская, Мадагаскарская, Каморская, Мазамбікская і Агульяс; у прыантарктычным — Кразе, Афрыканска-Антарктычная, Аўстрала-Антарктычная (гл. адпаведныя арт.). Сярэдзінныя хрыбты маюць максімальна расчлянёны рэльеф. Яны рассечаны шматлікімі трансформнымі разломамі, якія ў агаленнях даюць поўны разрэз акіянічнай кары (знізу ўверх) — ультраасн. пароды, габра, габра-дыябазы, базальтавыя лавы і асадачны слой. Сярэдняя магутнасць акіянічнай кары ў катлавінах 6 км. Рэльеф ложа ўскладняецца буйнымі хрыбтамі і масівамі, частка якіх (Мадагаскарскі, ч. Маскарэнскага з банкай Сейшэльскіх а-воў і банкай Сая-дэ-Мелья, узв. Агульяс) маюць мацерыковую кару. Паміж хрыбтамі размешчаны жалабы (Зондскі, Тыморскі, Кай). Фарміраванне І.а. пачалося 130—150 млн. гадоў назад пасля расколу Гандваны ў выніку рухаў Афр., Антарктычнай і Інда-Аўстрал. літасферных пліт. Напрамак і скорасць руху пліт мяняліся на працягу геал. гісторыі І.а. Найб. стараж. частка І.а. — вялізнае меза-палеазойскае базальтавае ложа на У і Пд. Зондскі жолаб утварыўся ў кайназойскі перыяд.

Донныя адклады. У размеркаванні асадкаў І.а. праяўляецца залежнасць ад шыротна-кліматычнай, цыркуммацерыковай і вертыкальнай занальнасці. Уздоўж мацерыкоў па перыферыі акіяна пашыраны тэрыгенныя адклады. У пелагіялі акіяна на глыб. менш за 4000 м намнажаюцца фарамініферавыя і какалітавыя ілы. На больш значных глыбінях у гуміднай экватарыяльнай і антарктычнай зонах яны замяшчаюцца крамяністымі (дыятомавымі і радыялярыевымі) іламі, у арыднай — чырвонымі глыбакаводнымі глінамі. Карысныя выкапні: нафта і газ (Персідскага заліва нафтагазаносны басейн, шэльфы Паўд.-Усх. Азіі, Аўстраліі; узбярэжжа Бангладэш, у Андаманскім і Чырвоным м., Адэнскім зал., уздоўж узбярэжжа Афрыкі); россыпныя радовішчы касітэрыту, рутылу, цырконію, манацыту (на ўзбярэжжы Паўд.-Усх. Азіі і Аўстраліі); буйныя палі жалеза-марганцавых канкрэцый на дне катлавін (Зах.-Аўстралійская, Цэнтральная, Паўд.-Аравійская, Кразе і інш.); вял. паклады солі ў Чырвоным м.

Клімат. І.а. размешчаны з Пн на Пд ва ўсіх кліматычных паясах Паўд. паўшар’я. Паўн. ч. знаходзіцца ў экватарыяльным і субэкватарыяльны паясах і толькі часткова (Чырвонае м., Персідскі зал. і ч. акіяна каля паўд. берагоў Аравійскага п-ва) у трапічным поясе Паўн. паўшар’я. Для паўн. часткі І.а. характэрна мусонная цыркуляцыя, якая фарміруецца пад уплывам сезоннага чаргавання высокага і нізкага атм. ціску над Азіяй. На трапічных і субтрапічных шыротах паўд. часткі І.а. пераважаюць паўд.-ўсх. пасатныя вятры, на ўмераных шыротах — зах. вятры з цыклонамі. У трапічных шыротах летам і ўвосень частыя ўраганы (тайфуны).

Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні абумоўлены атм. цыркуляцыяй. На Пн пераважаюць мусонныя цячэнні, летам накіраваныя на У, зімою — на З. Каля афр. берагоў пераменнае Самалійскае цячэнне цёплае зімою і халоднае летам. Міжпасатнае супрацьцячэнне выразнае паміж 3° і 80 паўд. ш зімою. Пастаяннае Паўднёвае Пасатнае цячэнне з адгалінаваннямі цёплых Мадагаскарскага цячэння, Мазамбікскага цячэння і Ігольнага мыса цячэння. Кругаварот у Паўд. паўшар’і заканчваюць халодныя Заходніх Вятроў цячэнне і Заходне-Аўстралійскае цячэнне. Глыбінныя цячэнні ад Антарктыды і субтрапічных шырот пранікаюць на Пн да п-ва Самалі. У падпаверхневых слаях экватарыяльных шырот з З на У супрацьцячэнне Тарэева, звязанае з буйнамаштабнай сістэмай глыбіннага ўсх. пераносу. Пераважныя т-ры вады на паверхні вышэй за 20 °C, на крайнім Пд — ніжэй за 0 °C. Салёнасць ад 32 да 36,5‰, найб. — у Чырвоным м. (41‰) і Персідскім зал. (37—39‰). Шчыльнасць вады найб. (1027 кг/м³) у антарктычных шыротах, найменшая (1018 кг/м³) у паўн.-ўсх. ч. акіяна і ў Бенгальскім зал. прылівы паўсутачныя і няправільныя паўсутачныя (5—11,9 м у Камбейскім зал., 0,5—1,6 м у адкрытым акіяне). Ільды ўтвараюцца ў антарктычных шыротах і выносяцца ветрам і цячэннямі да 55° паўд. ш. ў жн. і да 65—68° паўд. ш. ў лютым. Айсбергі асабліва шматлікія паміж 40 і 80° усх. д.

Флора і фауна. У мелкаводнай трапічнай зоне шмат каралаў. Б.ч. ўзбярэжжа занята мангравымі зараснікамі са спецыфічнай фаунай. Ва ўмеранай зоне на мацерыковай водмелі чырвоныя і бурыя водарасці (ламінарыі фукусы, макрацысціс), розныя беспазваночныя. У слоі вады глыб. да 100 м у адкрытым акіяне перадзініевыя і дыятомавыя, а ў Аравійскім м. сіне-зялёныя водарасці. Асн. масу жывёл складаюць рачкі капеподы (больш за 100 відаў), малюскі, медузы, сіфанафоры і інш. З аднаклетачных характэрны радыялярыі, з рыб — лятучыя рыбы, буйныя і дробныя тунцы, рыбы паруснікі, акулы і інш. Толькі ў І.а. знойдзена найстаражытнейшая рыба латымерыя. Шмат кальмараў. Буйныя марскія млекакормячыя — дзюгонь, зубаты і бяззубы кіты, ластаногія. Сярод птушак найб. альбатросаў, фрэгатаў, пінгвінаў.

Гаспадарчае выкарыстанне. На І.а. прыпадае 5—6% сусв. ўлову рыбы і морапрадуктаў (сардзінела, тунцы, пеламіды, акуні, селядзец, анчоўсы, крэветкі і інш). Гал. раён промыслу — зах. ч. акіяна. Найбагацейшыя запасы нафты і газу на шэльфе Б. і Сярэдняга Усходу (Персідскі зал.); перспектыўныя шэльфавыя зоны Індастана, Усх. Афрыкі, Зах. Аўстраліі. Прыбярэжна-марскія россыпы Індастана, Шры-Ланкі, Зах. Аўстраліі багатыя ільменітам, цырконам, рутылам і манацытам. Каля берагоў М’янмы і Тайланда пашырана волаваносная руда (касітэрыт). Прыбярэжна-марскія радовішчы інтэнсіўна распрацоўваюцца. Глыбакаводная цэнтральная ч. акіяна перспектыўная для здабычы жалеза — марганцавых канкрэцый. Большая ч. марскіх маршрутаў транзітная (заканчваюцца ў партах Атлантычнага і Ціхага ак.). Гал. марскія шляхі пралягаюць у паўн. ч. акіяна (у шыротным напрамку) і з Персідскага зал., уздоўж узбярэжжа Афрыкі, у Атлантычны ак. Вялікае значэнне маюць перавозкі цераз Суэцкі канал. Пераважаюць экспартныя сыравінныя грузы (нафта і нафтапрадукты, жалезная руда, збожжа), павялічваюцца перавозкі імпартных прамысл. тавараў. Асн. маршруты авіяліній перасякаюць І.а. у раёнах і Персідскага зал., Аравійскага м. і Бенгальскага зал. Адкрытыя раёны І.а. перасякае адна авіялінія ад Найробі праз а-вы Мадагаскар, Маўрыкій, Какосавыя да Паўд. Аўстраліі (Перт). На дне пракладзены тэлегр. кабелі. На берагах І.а. размешчаны спецыялізаваныя парты: Рас-Танура (Саудаўская Аравія), Харк (Іран), Міна-эль-Ахмады (Кувейт) і інш. і універсальныя — Адэн (Йемен), Бамбей, Калькута (Індыя), Карачы (Пакістан), Янгон (М’янма), Фрымантл (Аўстралія), Дурбан (ПАР), Мапуту (Мазамбік), Мамбаса (Кенія), Дарх-Салам (Танзанія), Магадыша (Самалі) і інш.

Літ.:

Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991;

Индийский океан. Л., 1982.

А.​М.​Матузка, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 7, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНА́МА (Panamá),

Рэспубліка Панама (República de Panamá), краіна ў Цэнтр. Амерыцы, на Панамскім перашыйку. Мяжуе на У і ПдУ з Калумбіяй, на З з Коста-Рыкай; на Пн абмываецца водамі Карыбскага м., на Пд — Ціхага ак. Пл. 78,2 тыс. км². Нас. 2778,5 тыс. чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г. Панама. Краіна падзяляецца на 9 правінцый і 2 тэрыторыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).

Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972, дапоўненая ў 1983. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Заканад. сходу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў, выканаўчая ўлада — ураду, які назначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.

Прырода. Каля палавіны паверхні займаюць нізінныя раўніны. Праз усю тэр. П. цягнуцца горныя хрыбты: на З Кардыльера-дэ-Верагуа (выш. да 3475 м, дзеючы вулкан Бару), на Пн і У Кардыльера-дэ-Сан-Блас, Серанія-дэль-Дар’ен, на Пд горы п-ва Асуэра. Бываюць землетрасенні. У недрах П. ёсць руды медзі, малібдэну, жалеза, марганцу, золата, серабра. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах 25—28 °C. Ападкаў на падветраных схілах на Пн 2500—3700 мм, на Пд 1200—2000 мм за год. Шмат кароткіх рэк. Найб. значная р. Чагрэс, яе падпёртыя воды ўтвараюць азёры Гатун і Мадэн, якія жывяць шлюзы Панамскага канала. Пад лесам і хмызнякамі каля 44% тэрыторыі. Пашыраны вечназялёныя лясы, на ПдЗ — саванна і лістападныя лясы, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. У складзе фауны шмат відаў малпаў, тапіры, пума, ягуар, мурашкаеды; птушкі (асабліва папугаі), паўзуны. Прыбярэжныя воды, рэкі і азёры багатыя рыбай. Нац. парк Дар’ен (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны).

Насельніцтва. Асн. насельніцтва панамцы — нашчадкі ісп. каланістаў, індзейцаў і неграў. Каля 70% панамцаў складаюць метысы, ёсць негры і мулаты (каля 14%), белыя (10%), індзейцы (6%). 85% вернікаў католікі, 15% пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,53%. Сярэдняя шчыльн. каля 35 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва жыве на ціхаакіянскіх схілах гор, паміж каналам і зах. мяжой. У гарадах 56% насельніцтва. Найб. гарады — Панама (465 тыс. чал.), Калон (141 тыс. чал., 1997). У сельскай гаспадарцы занята 27% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 13%, у абслуговых галінах — 60%.

Гісторыя Тэр. П. заселена чалавекам каля 10 тыс. г. назад. Карэннае насельніцтва — індзейцы плямён карыбаў і чыбча. У пач. 16 ст. заваявана ісп. канкістадорамі. У 1519 заснаваны г. Панама, які даў назву ўсёй краіне. З 1542 у складзе віцэ-каралеўства Перу, з 1560 ген.-капітанства Гватэмала, у 1718—23 і 1740—1810 віцэ-каралеўства Новая Гранада. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 П. 28.11.1821 абвясціла незалежнасць ад Іспаніі і ўвайшла ў склад федэратыўнай рэспублікі Вялікая Калумбія. З 1831 П. — дэпартамент Новай Гранады (з 1886 Калумбія). У 2-й пал. 19 ст. панамцы неаднаразова (1885, 1895, 1899, 1900) узнімалі антыкалумбійскія паўстанні. 3.11.1903 пры ваен. дапамозе ЗША абвешчана незалежная Панамская Рэспубліка, яе першым прэзідэнтам (1904—08) стаў А.​Герэра. Далейшыя адносіны з ЗША вызначаліся амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновую арэнду паласу тэр. краіны ад Атлантычнага да Ціхага ак. (гл. Панамскага канала зона) для буд-ва і наступнай эксплуатацыі Панамскага канала (у 1879—1902 яго будавала Францыя, дабудаваны ЗША у 1904—14). Паводле канстытуцыі 1904 ЗША мелі права высаджваць войскі ў любой частцы П.

У 2-ю сусв. вайну 1939—45 П. фармальна абвясціла вайну Японіі, Германіі і Італіі. З канца 1950-х г. пад уплывам рэвалюцыі на Кубе і нацыяналізацыі Суэцкага канала (1956) адносіны П. з ЗША пагоршыліся, узмацніліся патрабаванні перадачы П. канала і яго зоны. У 1968 ваен. пераварот прывёў да ўлады патрыят. хунту на чале з ген. А.​Тарыхасам Эрэрам, які нацыяналізаваў уласнасць кампаній ЗША і мясц. буйных уласнікаў. Амер.-панамскія дагаворы 1977 прадугледжвалі паэтапную перадачу П. Панамскага канала і яго зоны, ліквідацыю амер. ваен. баз. Пасля гібелі ў 1981 Тарыхаса Эрэры ўлада сканцэнтравалася ў руках ген. М.​Нар’егі Марэны. У снеж. 1989 ЗША шляхам узбр. інтэрвенцыі скінулі рэжым Нар’егі, абвінаваціўшы яго ў сувязях з наркамафіяй і узурпацыі ўлады. У 1994 прэзідэнтам П. абраны Э.​Перэс Бальядарэс, які пачаў ліберальныя рэформы. У маі 1999 прэзідэнтам абрана М.​Маскоса. Напярэдадні 1.1.2000 пад кантроль П. канчаткова перайшоў Панамскі канал з яго зонай. П. — чл. ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Руху недалучэння і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 28.10.1998.

У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Арнульфісцкая, Сапраўдная ліберальная, Рэв.-дэмакр., Ліберальна-рэсп., Лейбарысцкая і інш. Асн. прафцэнтры: Канфедэрацыя працоўных Рэспублікі Панама, Нац. савет працоўных П., Прафцэнтр працоўных Панамскага перашыйка.

Гаспадарка. П. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва 7300 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 8%, прам-сці 18%, абслуговых галін 74%. П. — адзін з найб. фін.-гандл. і трансп. цэнтраў Лац. Амерыкі, каля 80% яе эканам. дзейнасці прыпадае на знешні гандаль і паслугі. Вял. значэнне ў эканоміцы П. належыць Панамскаму каналу; даходы ад яго складаюць больш за 70% ВУП. У П. дзейнічаюць каля 140 замежных банкаў. Існуе Свабодная зона Калон (гандл. абарот 11 млрд. долараў, 1997). Вял. ролю ў эканоміцы П. адыгрывае амер. капітал, прамыя ўкладанні складаюць больш за 6 млрд. долараў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур. Апрацоўваецца каля 7% тэр. краіны, пастаянна засяваецца 2%, пад пашай 20%. Пераважная форма землекарыстання — латыфундыі. Гал. экспартная культура — бананы. Асн. раён бананавых плантацый на ціхаакіянскім узбярэжжы, штогадовы збор больш за 1 млн. т (адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце). На экспарт вырошчваюць таксама каву, какаву, сізаль, цукр. трыснёг, ананасы, цытрусавыя, тытунь. Гал. харч. культуры: рыс, кукуруза, бабовыя. Развіта жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,44 млн. галоў, 1997), свіней (245 тыс. галоў), птушку (10 млн. галоў). Рыбалоўства, лоўля крэветак, пераважна на экспарт у ЗША. У лясах нарыхтоўка каштоўнай драўніны (махагоні). Прам-сць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі. Невял. здабыча медзі, золата, серабра. У г. Лас-Мінас нафтаперапр. з-д (на нафце з Эквадора). Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд. кВт∙гадз (1997), пераважна на ГЭС (70%). Перапрацоўка і кансерваванне малака, фруктаў, агародніны, рыбы, вытв-сць цукру, спіртных напіткаў, тытунёвых вырабаў у гарадах Панама, Калон, Кансепсьён і інш. Вытв-сць абутку, швейных вырабаў (Панама, Давід), мэблі, фанеры, паперы, кардону (Альмірантэ, Давід). Выраб навігацыйнага абсталявання, электратэхнікі, фармацэўтычных і паліграф. тавараў (Калон), суднарамонт (Панама, Калон, Бальбоа), буд. матэрыялы (цэмент, кераміка і інш.). Пашыраны саматужныя промыслы. Развіты турызм (даход — 376 млн. долараў). Даўж. аўтадарог 11,1 тыс. км, у т. л. 3,7 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Гал. аўтадарога — Панамерыканская шаша. Даўж. чыгунак 355 км, водных шляхоў 800 км. Пад флагам П. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага прац. заканадаўства плаваюць 4,6 тыс. суднаў агульнай грузападымальнасцю 98,4 млн. брута-рэг. т (1998) з 71 краіны. Гад. парты — Панама, Бальбоа, Калон, Крыстобаль. У краіне 43 аэрапорты, у т. л. міжнар. Такумен. У 1997 экспарт склаў 6,8 млрд. долараў, імпарт 7,38 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць бананы (43%), крэветкі (11%), цукар, адзенне, абутак, кава, у імпарце — прамысл. тавары, абсталяванне (21%), нафта (11%), харч. прадукты, хімікаты. Гал. гандл. партнёры — ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Японія. Грашовая адзінка — бальбоа.

Літ.:

Панама, 1903—1970 гг.: Нация — империализм. Нар. силы — олигархия. Кризис и рев. путь: Пер. с исп. М., 1974;

Леонов Н.С. Омар Торрихос: «Я не хочу войти в историю, я хочу войти в зону канала». М., 1990.

Л.​В.​Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя).

Герб і сцяг Панамы.
Да арт. Панама. Цэнтральная частка г. Панама — сталіцы дзяржавы.
Да арт. Панама. Панамскі канал.

т. 12, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАРДА́НІЯ, Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства (Аль-Мамляка аль-Урдунія аль-Хашымія),

дзяржава ў Заходняй Азіі. На З мяжуе з Ізраілем і тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, на Пн — з Сірыяй, на ПнУ — з Іракам, на У і Пд — з Саудаўскай Аравіяй; на Пд мае выхад да зал. Акаба Чырвонага м. Падзяляецца на 10 губернатарстваў (мухафаз). Пл. 89,4 тыс. км². Нас. 4212 тыс. чал. (1995). Сталіца — г. Аман. Афіц. мова арабская. Нац. святы — Дзень незалежнасці (25 мая) і Дзень нараджэння караля Хусейна I (14 лістапада).

Дзяржаўны лад. І. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1952 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль, які валодае шырокімі паўнамоцтвамі: назначае і змяшчае прэм’ер-міністра і міністраў, зацвярджае законы, з’яўляецца галоўнакамандуючым узбр. сіламі, мае права роспуску палаты дэпутатаў і інш. Вышэйшы орган заканад. улады — двухпалатны Нац. сход, які складаецца з сената (30 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады) і палаты дэпутатаў (60 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам. На чале правінцый стаяць губернатары, акруг і раёнаў — начальнікі. Суд. сістэма складаецца з 3 відаў судоў: свецкія, рэлігійныя (шарыяцкія) і асобыя (племянныя, ваен. трыбуналы і суды дзярж. бяспекі). Члены свецкіх судоў назначаюцца каралём.

Прырода. Асн. частка І. занята пустынным пласкагор’ем (800—1300 м). Над ім узвышаюцца асобныя горы да 1764 м (г. Рам на Пд). На З цягнецца з Пн на Пд глыбокая тэктанічная ўпадзіна Гхор з далінай р. Іардан і Мёртвым м. (на 400 м ніжэй узр. акіяна). Карысныя выкапні: фасфарыты (запасы каля 1,5 млрд. т), калійныя солі (у Мёртвым м.), медныя і марганцавыя руды. Клімат субтрапічны з сухім і гарачым летам. Т-ра паветра 7—12 °C у студз., 23—28 °C у ліпені. Ападкаў каля 700—500 мм на 3, каля 100 мм і менш на У і Пд. Расліннасць паўпустынная і пустынная, разрэджаная, пераважаюць хмызнякі і травы, якія вегетуюць у перыяд выпадзення ападкаў. Ёсць аазісы з фінікавымі пальмамі. Пад лесам каля 1% тэрыторыі. Нац. парк Азрак.

Насельніцтва. Каля 98% арабы, у т. л. палесцінскія бежанцы; жывуць таксама армяне, чэркесы, чэчэнцы, туркі, курды і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (92%), астатнія пераважна хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 47,1 чал. на 1 км², на З, асабліва ў даліне р. Іардан, больш за 100 чал. на 1 км². На У і Пд насельніцтва рэдкае, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі-бедуіны, у якіх захаваўся падзел на плямёны. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1994). Найбольшыя гарады (тыс. ж., 1994): Аман — 963,5 (з прыгарадамі больш за 1,5 млн.ж.), Эз-Зарка — 344,5, Ірбід — 208,2. У прам-сці і буд-ве заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 7%, у гандлі і абслуговых галінах — 63%. Некалькі соцень тысяч іарданцаў працуюць за мяжой, пераважна ў араб. краінах Персідскага заліва.

Гісторыя. У старажытнасці тэр. І. насялялі семіцкія плямёны хананеяў. У 3—2-м тыс. да н.э. на іх нападалі фінікійцы, хеты і інш. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. тэр. І. ў складзе Ізраільска-Іудзейскага царства. У канцы 1-га тыс. да н.э. — цэнтр араб. Набатэйскай дзяржавы. З 4 ст. тэр. І. ў складзе Візантыі, у 7 ст. заваявана арабамі і стала ч. Арабскага халіфата. На тэр. І. пашырыліся іслам і араб. мова, развіваліся феад. адносіны. У 11—15 ст. пад уладай крыжаносцаў, сельджукаў, егіп. мамлюкаў. З пач. 16 ст. да 1918 у складзе Асманскай імперыі. У 1918 акупіравана англ. войскамі, у 1920 уключана ў брыт. мандат на Палесціну. У 1921 тэр. 1. вылучана ў асобную адм. адзінку — эмірат Трансіарданія на чале з эмірам. У 1923 англічане абвясцілі незалежнасць эмірата, хоць фактычна ўладу трымалі ў сваіх руках. Англа-трансіарданскі дагавор 1928 (гл. Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948) фармальна пакідаў пэўную ўладу эмірам, але замацоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць на тэр. Трансіарданіі ўзбр. сілы, кантраляваць мясц. ваен. фарміраванні, знешнюю палітыку, фінансы і ўзбр. сілы. Знешняя палітыка краіны магла весціся толькі праз брыт. вярх. камісара ў Іерусаліме і яго рэзідэнта ў Амане. Пасля 2-й сусв. вайны Вялікабрытанія вымушана была пайсці на некат. ўступкі. Дагавор 1946 аб дружбе і саюзе, падпісаны ў Лондане на 25 гадоў, фармальна адмяняў брыт. мандат на Трансіарданію (эмірат абвяшчаўся незалежным каралеўствам), аднак захоўваў за Вялікабрытаніяй права трымаць войскі, саветнікаў і экспертаў. 25.5.1946 краіна стала наз. І. (Іарданскае Хашыміцкае Каралеўства), эмір Абдалах — каралём І. Прынятая ў 1947 канстытуцыя замацоўвала вярх. ўладу караля і абмяжоўвала паўнамоцтвы парламента. Дагавор 1948 крыху пашыраў кампетэнцыю ўлад І. і прадугледжваў паступовы вывад брыт. войск з краіны, але Вялікабрытанія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў выпадку вайны, трымаць ваен. базы ў Амане і Мафраку. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 войскі І. занялі цэнтр. раёны Палесціны (т. зв. Заходні бераг ракі Іардан) і ўсх. ч. Іерусаліма, якія ў 1950 афіцыйна ўключаны ў яе склад. Фактычная анексія ч. Усх. Палесціны пагоршыла адносіны І. з інш. араб. краінамі. У 1952 каралём І. стаў Хусейн ібн Талал, які выкарыстоўваў для ўзмацнення і развіцця дзяржавы замежную фін. дапамогу (складала больш як ​2/5 бюджэту краіны). На парламенцкіх выбарах 1956 перамаглі нац.-патрыят. сілы І., што сарвала спробы Вялікабрытаніі і ЗША уцягнуць краіну ў агрэсіўныя ваен.-паліт. блокі. 14.3.1957 урад ануляваў англа-іарданскі дагавор 1948, а 2.11.1958 брыт. войскі выведзены з тэр. І. У пач. 1960-х г. правячыя колы краіны пайшлі на частковую дэмакратызацыю грамадскага жыцця і правядзенне знешняй палітыкі, незалежнай ад зах. дзяржаў. У 1963—64 1. ўстанавіла дыпламат. і гандл. адносіны з СССР і краінамі Усх. Еўропы. У ізраільска-арабскую вайну 1967 І. пацярпела паражэнне, Ізраіль акупіраваў зах. бераг р. Іардан і Усх. Іерусалім, краіна страціла чвэрць апрацаваных зямель, амаль палавіну прамысл. прадпрыемстваў (каля 4 тыс.), скараціліся даходы ад турызму, колькасць палесцінскіх бежанцаў павялічылася да 800 тыс. чал. Ліквідацыя наступстваў ізраільскай агрэсіі заняла вядучае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы краіны. У 1988 І. прызнала Палесціну і адмовілася ад прэтэнзій на зах. бераг р. Іардан (паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 ён атрымаў частковую аўтаномію). З 1991 удзельнічае ў перагаворах па ўрэгуляванні блізкаўсх. канфлікту. У кастр. 1994 І. і Ізраіль падпісалі мірны дагавор. І. — член ААН (з 1955), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1996.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. У 1993 легалізаваны паліт. партыі, якія пазней прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Асн. партыі: Іарданскі нац. саюз, Партыя ісламскага дзеяння (звязана з Асацыяцыяй братоў-мусульман), Нар. саюз, Нар. дэмакр. партыя (крыло Дэмакр. фронту вызвалення Палесціны), іарданскае аддзяленне Партыі араб. сацыяліст. адраджэння (з 1957 нелегальнае). Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.

Гаспадарка. І. — краіна са слабаразвітай шматукладнай эканомікай, слабай індустр. базай. Краіна залежыць ад знешняй дапамогі і пазык (каля 1 млрд. дол. за год), валютных паступленняў ад іарданцаў, што працуюць за мяжой. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 1200 долараў. 26% нац. даходу дае прам-сць, 8% — сельская гаспадарка, 66% — абслуговыя галіны. Асн. галіны прам-сці — горназдабыўная, цэментная, нафтаперапрацоўчая. Здабыча высакаякасных фасфарытаў вядзецца пераважна адкрытым спосабам на радовішчах Эр-Русейфа (каля Амана) і Хаса (на Пд); гадавая здабыча 5925 тыс. т (1994). З расолаў Мёртвага м. здабываюць калійныя солі — 1,4 млн. т (1994). Каля Амана на мясц. сыравіне працуе цэментны з-д (каля 1 млн. т цэменту за год). У г. Эз-Зарка нафтаперапр. (атрымлівае нафту з Ірака па адгалінаванні нафтаправода Кіркук—Сайда) і акумулятарны з-ды, суконная ф-ка. Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце, вытв-сць электраэнергіі 4,2 млрд. кВт∙гадз (1993). Ёсць прадпрыемствы харч., тэкст., вінаробчай, тытунёвай, папяровай, буд. матэрыялаў (у т. л. па апрацоўцы мармуру) прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, выраб прадметаў хатняга ўжытку, сувеніраў, ювелірных упрыгожанняў, керамічных і скураных вырабаў. Больш за 70% прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Амане і яго наваколлі. Сельская гаспадарка задавальняе толькі ​1/4 патрэб насельніцтва ў харч. прадуктах. Характэрна памешчыцкае землеўладанне, сяляне — пераважна арандатары. Пустыні і паўпустыні, якія займаюць 94,1% тэрыторыі, выкарыстоўваюцца пад экстэнсіўную малапрадукц. жывёлагадоўлю. Апрацоўваецца каля 400 тыс. га, у т. л. арашаецца каля 100 тыс. га. Галоўны земляробчы раён — даліна р. Іардан (разнастайныя фрукты, пшаніца, ячмень, кукуруза, сачавіца, бабовыя, памідоры, баклажаны, капуста, агуркі, кавуны, дыні). Ранняя гародніна і фрукты экспартуюцца. На непаліўных землях вырошчваюць збожжавыя культуры. Ураджайнасць вагаецца ў залежнасці ад колькасці ападкаў. Гадуюць (1994): буйн. раг. жывёлу — 50 тыс. галоў, вярблюдаў — 70 тыс. галоў, авечак і коз — каля 1,5 млн. галоў. Развіта бройлерная птушкагадоўля. Порт Акаба — цэнтр рыбалоўства і марскіх промыслаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог каля 9 тыс. км, з іх 3 тыс. км асфальтаваных. У краіне 162 тыс. легкавых аўтамабіляў, 92 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1994). Гал. аўтадарогі звязваюць Аман з портам Акаба, Сірыяй, Іракам, Саудаўскай Аравіяй. Даўж. адзінай чыгункі, якая перасякае краіну з Пн на Пд, каля 600 км. Грузаабарот порта Акаба — 20 млн. т штогод. Праз І. праходзяць нафтаправоды Кіркук (Ірак) — Хайфа (Ізраіль, не дзейнічае) і Дахран (Саудаўская Аравія) — Сайда (Ліван). У краіне 2 міжнар. аэрапорты (Аман, Акаба). І. наведваюць штогод каля 4 млн. турыстаў. Даход ад замежнага турызму складае 0,5 млрд. дол. (1994). І. экспартуе фасфарыты (каля 50% кошту), цэмент, раннія гародніну і фрукты; імпартуе разнастайныя прамысл. тавары і харч. прадукты.

У 1994 экспартавана тавараў на 1,4 млрд. дол., імпартавана на 3,5 млрд. долараў. Асн. гандл. партнёры — Саудаўская Аравія, Ірак, інш. арабскія краіны, ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Японія. Знешні доўг каля 9 млрд. дол. (1995). Грашовая адзінка — іарданскі дынар.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. У аснове ваен. дактрыны канцэпцыя «кругавой абароны». Ва ўзбр. сілах 98,5 тыс. чал. (1997). Сухап. войскі (90 тыс. чал.), каля 900 танкаў, 480 гармат, 450 мінамётаў. У ВПС (8 тыс. чал.) каля 100 баявых самалётаў, 24 верталёты. У ВМС (0,5 тыс. чал.) 10 катэраў. З 1991 узбр. сілы камплектуюцца на кантрактнай аснове. З 1996 баявая падрыхтоўка вядзецца сумесна з ЗША, інш. членамі НАТО.

І.​І.​Пірожнік, Ф.​С.​Фешчанка (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы).

Герб і сцяг Іарданіі.
Да арт. Іарданія. Агульны выгляд г. Аман.
Да арт. Іарданія. Тыповы ландшафт на поўдні краіны.

т. 7, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

М’Я́НМА, Саюз М’янма (П’ідаўнзу м’янманайнган),

дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на ПнЗ п-ва Індакітай. Мяжуе на З з Бангладэш і Індыяй, на У з Кітаем, Лаосам, Тайландам. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. і Алдаманскім м. Пл. 676,6 тыс. км². Нас. 48,1 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — м’янма (бірманская). Сталіца — г. Янгон (Рангун). Падзяляецца на 14 адм. адзінак (7 нац. аўтаномных і 7 адм. абласцей). Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 студз.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Да правядзення парламенцкіх выбараў уладу ў краіне ажыццяўляе Дзярж. савет міру і парадку, старшыня якога займае пасады кіраўніка дзяржавы, прэм’ер-міністра і міністра абароны.

Прырода. Пераважае горны рэльеф. У цэнтр. ч. — падоўжнае паніжэнне з р. Іравадзі, якое ў восевай ч. занята раўнінай, на Пд — нізіннай дэльтай. На З сістэма сярэдневысокіх, глыбока парэзаных складкавых гор; гал. хрыбты Пакхайн (на Пн) і Ракхайн (на Пд). На крайняй Пн горы да 5881 м (г. Кхакабаразі). На У Шанскае нагор’е з чаргаваннем горных хрыбтоў (выш. каля 1,5 тыс. м) і катлавін. Бываюць землетрасенні. На тэр. М. адкрыты і разведаны радовішчы нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, руд нікелю, вальфраму, волава, медзі, свінцу, жалеза, сурмы, золата, каштоўных і вырабных камянёў (рубін, жадэіт, сапфір, ювелірная шпінель) і інш. Клімат субэкватарыяльнага пояса. на Пд з мусонным рэжымам ападкаў, на Пн пераходны да субтрапічнага. У раўнінных раёнах сярэдняя т-ра студз. на Пд каля 20—25 °C, на Пн 13—15 °C, найб. горача ў сак.—крас. (30—32 °C). Ападкаў у гарах да 2000—3000 мм, месцамі да 5000 мм, ва ўнутр. катлавінах 500—1000 мм за год. Чэрв.—кастр. — перыяд дажджоў. Рэкі мнагаводныя, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Галоўныя: Іравадзі (найб. прыток Чындуін), Салуін, Каладан, Сітаўн. Больш як палавіна тэр. пад лесам. На нізінах і ў перадгор’ях пальмы, фікусы, бамбук. вышэй — каштоўныя пароды (цік, сал), у цэнтр. раёнах — лістападныя лясы, саванны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: сланы, тыгры, насарогі, леапарды, шакалы, гімалайскі і малайскі мядзведзі, малпы, куніцы. Шмат птушак, насякомых. На тэр. М. — рэзерваты Підаўн, Шуэдаўн і інш.

Насельніцтва. Каля 75% складаюць м’янма (бірманцы), народ тыбета-бірманскай моўнай групы, да якой у М. належаць карэны (больш за 3,5 млн. чал.), чыны (каля 0,9 млн.), качыны (каля 0,7 млн.), кая (каля 150 тыс.); да тайскай моўнай групы адносяцца шаны (больш за 3 млн. чал.), да аўстраазіяцкай сям’і — моны (каля 0,7 млн.). На Пд і ў буйных гарадах — каля 0,5 млн. выхадцаў з Індыі і Бангладэш, 0,4 млн. кітайцаў. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (каля 90%); мусульман 4%, хрысціян і індуістаў — па 1,5%. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,65%. Сярэдняя шчыльн. каля 71 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне і дэльце Іравадзі, дзе шчыльн. дасягае 1000 чал. на 1 км². Павышаная шчыльн. на марскім узбярэжжы, рэдкая — у горных і лясных раёнах (1—5 чал. на 1 км²). У гарадах 26% насельніцтва. Найб. горад Янгон — 3873 тыс. ж. (1998). Каля 400—500 тыс. ж. у гарадах Мандалай, Басейн, Малам’яйн, М’ей. У сельскай гаспадарцы занята 67% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут пасяліліся плямёны бірманцаў (м’янма). Яны стварылі дзяржаву Паган, якая дасягнула росквіту ў 11—13 ст. У канцы 13 ст. Паган разгромлены манголамі (гл. Мангольскія заваяванні) і распаўся. У сярэдзіне 18 ст. адбылося аб’яднанне краіны пад уладай дынастыі Канбаўн. У выніку англа-бірманскіх войнаў (1824—26, 1852—53, 1885) М. заваявана Вялікабрытаніяй. У 1886—1937 — у складзе Брыт. Індыі, з 1937 — асобная калонія (англ. — Бірма). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі, барацьбу супраць якіх узначаліла створаная ў 1944 Антыфашысцкая ліга народнай свабоды (АЛНС) на чале з Аун Санам. У маі 1945 вызвалена ў выніку ўзбр. паўстання на чале з АЛНС пры падтрымцы брыт. войск. На парламенцкіх выбарах 1947 перамагла АЛНС, яе лідэр У Ну стаў прэм’ер-міністрам краіны.

4.1.1948 абвешчаны незалежны Бірманскі саюз. Унутрыпаліт. становішча краіны было няўстойлівым з-за вострай барацьбы паміж паліт. партыямі, грамадз. вайны супраць камуністаў і нац. меншасцей на ўскраінах М. 2.3.1962 вайскоўцы скінулі ўрад У Ну. Новы ўрад на чале з Не Вінам прыняў праграму «Бірманскі шлях да сацыялізму» і абвясціў сацыяліст. арыентацыю краіны. Была створана адзіная легальная партыя — Бірманская партыя сацыяліст. праграмы. У 1974 прынята новая канстытуцыя, краіна атрымала назву Бірманскі Сацыяліст. Саюз. Курс на сацыяліст. арыентацыю ў 1960—80-я г. скончыўся правалам. У выніку масавых нар. выступленняў у сак.—жніўні 1988 Не Він падаў у адстаўку. 18.9.1988 адбыўся ваен. пераварот і ўлада перайшла да Дзярж. савета па аднаўленні законнасці і парадку (ДСАЗП; з ліст. 1997 — Дзярж. савет міру і развіцця) на чале з ген. Тан Шве. З 1989 краіна наз. Саюз М. На выбарах 1990 80% месцаў у парламенце заваявала гал. апазіцыйная арг-цыя — Нац. ліга за дэмакратыю (НЛД) на чале з Аун Сан Су Чжы. ДСАЗП адмовіўся перадаць уладу парламенту і арыштаваў лідэраў апазіцыі. У студз. 1993 ён стварыў Нац. канстытуцыйную канферэнцыю (НКК) для распрацоўкі новай канстытуцыі. У 1995 прадстаўнікі НЛД выйшлі з НКК і стварылі Парламенцкі прадстаўнічы к-т дэпутатаў, выбраных у 1990. Частка дэпутатаў на чале з Сейн Лвінам стварыла за мяжой «Нацыянальны кааліцыйны ўрад».

М. — чл. ААН (з 1948), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1997). Дыпламат. адносіны паміж Саюзам М. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены 22.9.1999. Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нац. ліга за дэмакратыю, Партыя нац. адзінства.

Гаспадарка. М. — агр. краіна з цэнтралізаваным планаваннем эканомікі. Даход на 1 чал. адзін з самых нізкіх у свеце, не перавышае 250—300 дол. ЗША за год. Праведзена агр. рэформа, створаны дзярж. сектар (буйныя прамысл. прадпрыемствы, чыг., унутр. водны і паветр. транспарт, цэнтр. банк і інш.); дзяржава кантралюе знешні гандаль і крэдытна-фін. сістэму. У дзярж. і каап. сектарах ствараецца больш за 50% валавога ўнутр. прадукту. Сельская гаспадарка разам з лясной і рыбалоўствам дае каля 60% нац. даходу. Пад с.-г. ўгоддзямі 15% тэр. (больш за 10 млн. га). Арашаецца каля 2 млн. га, з некаторых участкаў збіраюць 2 і больш ураджаяў за год. Асн. частку прадукцыі даюць дробныя гаспадаркі (да 3—4 га). Гал. с.-г. раёны — даліна і дэльта р. Іравадзі, марское ўзбярэжжа. Збор (тыс. т, 1995): рысу — 20 100 (гал. с.-г. культура, займае больш за палавіну с.-г. зямель), кукурузы — 275, пшаніцы — 147, проса — 150, арахісу — 501, кунжуту — 966. Цукр. трыснягу сабрана 2,2 млн. т, агародніны — 2,2 млн. т, фруктаў (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга) — 1 млн. т. Вырошчваюць таксама батат, маніёк, бавоўнік, джут, тытунь, сланечнік, перац, каву, чай, каўчуканосы. М. — буйнейшы ў свеце вытворца опіуму-сырцу (больш за 2,5 тыс. т штогод). Больш за 80% усіх пасеваў рысу — у ніжняй ч. даліны Іравадзі і яе дэльце. У больш засушлівай ч. даліны вырошчваюць проса, кукурузу, бабовыя, кунжут, арахіс, бавоўнік, сланечнік, на Шанскім нагор’і — пшаніцу, цытрусавыя, чай, батат, маніёк, на ўзбярэжжы — каўчуканосы і какосавую пальму. Жывёлагадоўля развіта слаба, буйн. раг. жывёлу і буйвалаў выкарыстоўваюць як цяглавую сілу. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 10,5, буйвалаў 2,3, свіней 3,5, коз 1,3, авечак 0,37. У сельскай і лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць прыручаных сланоў (каля 1 тыс.). Пашавая жывёла гадоўля найб. развіта на Шанскім нагор’і. Вытв-сць (1995, тыс. т): малака кароў і буйваліц 548, свініны 102, ялавічыны і цяляціны 92. Развіта птушкагадоўля, у 1997 было 33 млн. курэй. Пашырана марское і рачное рыбалоўства, у 1997 вылаўлена 830,3 тыс. т рыбы. Здабыча жэмчугу. Лясная гаспадарка займае самаст. месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўваецца драўніна ціку (каля 70% сусв. прадукцыі), а таксама інш. цвёрдых лісцевых парод. Развіты гарнарудная і апрацоўчая прам-сць. Здабываюць (1995) нафту — каля 1 млн. т, прыродны газ — 1,9 млрд. м³, каменны вугаль — 48 тыс. т, руды цынку, свінцу, вальфраму, волава, медзі і інш., каштоўныя і вырабныя камяні. У 1996 атрымана 3,8 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі. Электрастанцыі працуюць пераважна на прыродным газе ў найб. гарадах, ёсць ГЭС на горных рэках. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці — харч. (рысаачышчальная, рыбаперапр., алейная, цукр., тытунёвая) і тэкст. (вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін, джутавых вырабаў). Ёсць свінцова-цынкавы камбінат, 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць 1 млн. т), металургічны з-д (выпускае штогод 50—100 тыс. т сталі), прадпрыемствы суднабудаўнічыя і суднарамонтныя, трактара-, аўта- і велазборачныя, па вытв-сці азотных угнаенняў і фармацэўтычных тавараў, цэм. і цагельныя з-ды. Працуюць лесапільні, прадпрыемствы па вырабе абутку, запалак, цэлюлозы і паперы. Развіта саматужная вытв-сць с.-г. прылад, мэблі, посуду, тканін, лакіраваных і плеценых вырабаў, прадметаў будыйскага культу, разьбярства па дрэве, слановай косці і серабру. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі вырабляецца ў г. Янгон. Транспарт унутр. водны, чыг., аўтамаб., марскі. Працягласць унутр. водных шляхоў больш за 8 тыс. км. Гал. трансп. артэрыя — р. Іравадзі і яе прыток Чындуін, суднаходныя таксама ніжнія цячэнні рэк Салуін і Каладан. Даўж. чыгункі 5060 км. Асн. лініі ў даліне р. Іравадзі, злучаюць унутр. раёны з марскімі партамі. Аўтадарог 27 тыс. км. У краіне 35 тыс. легкавых аўтамабіляў, 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі, пашыраны кабатажныя перавозкі. Гал. парты: Янгон, Басейн, Малам’яйн, Сітуэ. Гал. ўнутр. порт і трансп. вузел Мандалай. 19 аэрапортаў, міжнар. аэрапорты каля Янгона і Мандалая. У 1996 экспарт склаў 1,1 млрд. дол., імпарт — 2 млрд. дол. М. экспартуе драўніну і піламатэрыялы, рыс, каўчук, каштоўныя і вырабныя камяні, канцэнтраты і руды каляровых металаў, імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, спажывецкія тавары. Гал. гандл. партнёры: Кітай, Японія, Сінгапур, Інданезія. Грашовая адзінка — к’ят (чжа або джа).

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС і ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (нар. паліцыя і нар. міліцыя). Агульная колькасць (1999) больш за 0,5 млн. чал., у т. л. 429 тыс. чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета міру і парадку. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 400 тыс. чал., 235 танкаў, 270 бронетранспарцёраў, 250 гармат і інш. У ВПС 9 тыс. чал., 91 баявы самалёт, 18 баявых верталётаў. У ВМС каля 20 тыс. чал., у т. л. 800 чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў (5 дэсантных), 63 катэры, у т. л. 3 ракетныя.

Літ.:

Можейко И.В., Узянов АН. История Бирмы (Краткий очерк). М., 1973.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​М.​Пісараў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узбр. сілы).

Герб і сцяг М’янмы.
Да арт. М’янма: 1 — ландшафт у цэнтральнай частцы М’янмы; 2 — ірыгацыйная сістэма Чэмоўтау.
Да арт. М’янма. Пагада Шуэдагоўн (Шведагон) у Рангуне. 14 ст., неаднаразова перабудаваная да 18 ст.

т. 11, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́Я Паўночная,

Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР, кар. Часон мінджуджуый інмін канхвагук), дзяржава ва Усх. Азіі, якая займае паўн. ч. Карэйскага паўвострава і прылеглую ч. мацерыка. На Пн мяжуе з Расіяй і Кітаем, з З абмываецца Жоўтым, з У — Японскім морамі. На Пд аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Рэспублікі Карэя (гл. Карэя Паўднёвая). Пл. 122,8 тыс. км². Нас. 23,9 млн. чал. (1996). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г. Пхеньян. Падзяляецца на 9 правінцый і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: дзень нараджэння Кім Чэн Іра (16 лют.), Дзень незалежнасці (9 верасня), Дзень канстытуцыі (27 студз.). Гл. карту да арт. Карэя.

Дзяржаўны лад. К. — нар. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Вярх. Нац. сход (ВНС), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. У перыяд паміж сесіямі ВНС дзейнічае яго Пастаянны савет. ВНС выбірае вышэйшы кіруючы орган — Цэнтр. нар. камітэт (ЦНК), які ўзначальвае прэзідэнт. ЦНК стварае ўрад рэспублікі — Адм. савет на чале з прэм’ер-міністрам. На месцах функцыі ўлады ажыццяўляюць нац. сходы правінцый і гарадоў цэнтр. падпарадкавання, нар. сходы паветаў, гарадоў і раёнаў.

Прырода. КНДР пераважна горная краіна. На Пн — Паўн.-Карэйскія горы (г. Пэктусан, 2750 м), на Пд ад іх — менш высокія Усх.-Карэйскія. Раўнінныя ўчасткі (каля 20% тэр. краіны) пераважна на З, па ўзбярэжжы Жоўтага м. Карысныя выкапні: антрацыт і буры вугаль, жал. руда, каляровыя металы (вальфрам, свінец, цынк, золата, нікель, малібдэн), магнезіт, графіт і інш. Клімат умераны мусонны. Зімой халодныя патокі паветра з кантынента прыносяць сухое марознае надвор’е. Летам тэрыторыя знаходзіцца пад уплывам акіянічных паветр. мас, якія прыносяць ападкі. Т-ра паветра ў студз. каля -11 °C, у ліп. каля 23 °C. Ападкаў ад 600 мм на ПнЗ да 1100—1400 мм на астатняй тэрыторыі. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Найб. з іх Тэданган, Амнакан, Туманган. Лясы займаюць пл. каля 9 млн. га, пераважна ў гарах. Растуць даурская лістоўніца, карэйскі кедр, аянская елка, чырвоная хвоя. З лек. раслін найб. вядомы жэньшэнь. Жывёльны свет захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай, трэпангамі, кальмарамі і інш. Рэзерваты — Хвангпо, Янгам і інш.

Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна анімісты, будысты і канфуцыянцы. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 198 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы (да 300—400 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 70% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж., 1997): Пхеньян — 2600, Хамхын — 775, Чханджын — 755. Больш за 300 тыс. ж. у гарадах Нампхо, Хэджу, Сіныйджу, Вансан. У прам-сці занята каля 30% працаздольнага насельніцтва, у сельскай, лясной гаспадарцы і марскіх промыслах — каля 46%.

Гісторыя. У жн. 1948 у Паўн. Карэі адбыліся выбары ў Вярх. нар. сход, які 9.9.1948 абвясціў стварэнне КНДР, прыняў канстытуцыю і сфарміраваў урад на чале з Кім Ір Сенам. Імкнучыся да пашырэння сацыяліст. сістэмы на ўсёй тэр. Карэі, улады КНДР пачалі Карэйскую вайну 1950—53, пасля заканчэння якой Кім Ір Сен усталяваў у краіне аўтарытарны рэжым. З пач. 1970-х г. паміж КНДР і Паўд. Карэяй ажыццяўляюцца кантакты з мэтай урэгулявання ўзаемаадносін і ўз’яднання краіны. У снеж. 1991 падпісана Пагадненне аб прымірэнні, ненападзе, супрацоўніцтве і абменах, у лют. 1992 — Сумесная дэкларацыя аб дэнуклеарызацыі Карэйскага п-ва (скасаваны ў 1992 Паўд. Карэяй у сувязі з адмовай КНДР ад міжнар. інспекцыі яе ядз. аб’ектаў). Пасля смерці Кім Ір Сена (1994) афіц. пераемнікам стаў яго сын Кім Чэн Ір (прэзідэнт з 1998). КНДР — чл. ААН (з 1991), Руху Недалучэння (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.

Кіруючай і правячай партыяй у КНДР з’яўляецца Прац. партыя Карэі (ППК). У Аб’яднаны дэмакр. айчынны фронт уваходзяць ППК, С.-д. партыя Карэі, Партыя маладых сяброў рэлігіі нябеснага шляху, масавыя грамадскія арг-цыі.

Гаспадарка. КНДР — індустрыяльна-агр. краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Эканоміка краіны носіць замкнёны характар, характарызуецца гіпертрафіраваным развіццём пераважна цяжкай і ваеннай прам-сці, тэхн. адсталасцю, нізкім узроўнем вытв-сці спажывецкіх тавараў. Валавы нац. прадукт у 1995 склаў 21,5 млрд. дол. ЗША каля 900 дол. на 1 чал. (прыкладна 114-е месца ў свеце). У апошнія гады адзначаны вял. цяжкасці ў асноўным з-за спынення дапамогі б. сацыяліст. краін, імпарту нафты з Расіі і агульнага крызісу гаспадаркі. Паліўна-энергет. прам-сць у значнай ступені базіруецца на ўласных рэсурсах. Здабыча вугалю 71,5 млн. т (1994). Імпартуюцца нафта і вугаль для каксавання. Электраэнергетыка выкарыстоўвае гідрарэсурсы (найб. Супхунская ГЭС на р. Амнакан) і каменны вугаль. Вытв-сць электраэнергіі 35,2 млрд. кВт∙гадз (1995). Буйнейшыя прадпрыемствы чорнай металургіі — металургічны камбінат у Чханджыне, з-ды ў Саніме і Кім-Чхэку. Выплаўка сталі каля 4 млн. т штогод. Развіта каляровая металургія на мясц. сыравіне. Асн. вытворцамі цынку (200 тыс. т, 1994), свінцу, медзі, нікелю, кобальту, кадмію, ртуці, малібдэну з’яўляюцца з-ды ў Нампхо, Хамхыне і Хэджу, алюмінію — з-д у Пукчане. Ёсць вытв-сць золата, серабра, рэдкіх металаў. Машынабудаванне і металаапрацоўка мае больш за 400 розных прадпрыемстваў. Развіты станкабудаванне (Рэксон, Хічхон, Танчхон, Тэан), аўтамабілебудаванне (Танчхон, Пхеньян), с.-г. машынабудаванне (Хэджу, Ыйджу, Хамхын, Чханджын, Кіян), вытв-сць рухомага саставу для чыгунак (Пхеньян, Вансан), суднаў (Чханджын), абсталявання для хім., металургічнай, горназдабыўной прам-сці. Хім. прам-сць уключае вытв-сць хім. валокнаў, пластмас, мінер. угнаенняў (у т. л. азотных — 630 тыс. т, 1995), гербіцыдаў, соды, карбіду кальцыю, салянай к-ты; асн. цэнтры Хамхын, Хынам, Сунчхон, Хэджу. Вылучаецца нафтаперапр. і фармацэўтычная прам-сць. Развіта вытв-сць буд. матэрыялаў: цэменту (каля 8—10 млн. т штогод), вогнетрывалай цэглы, аконнага шкла, жалезабетонных вырабаў. Лясная і дрэваапр. прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці фанеры, цэлюлозы, паперы, мэблі (Кімджу, Хесан, Пхеньян). Сярод галін лёгкай прам-сці вядучае месца належыць тэкст. (Пхеньян, Кэсон, Хамхын і інш.), абутковай і швейнай. З галін харч. прам-сці вылучаюцца рысаачышчальная, алейная, мукамольная, рыбная. Сельская гаспадарка дае каля 20% нац. даходу. Пл. с.-г. угоддзяў складае каля 2,4 млн. га, у т. л. каля 2 млн. га пад ворывам. Каля 1,4 млн. га арашаецца. У сувязі з крызіснымі з’явамі ў сельскай гаспадарцы ў апошнія гады абвастрылася харч. праблема. У краіне ўведзена сістэма забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі па выключна нізкіх нормах. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства, якое дае 75% усёй валавой прадукцыі і спецыялізуецца пераважна на вытв-сці збожжавых. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 680 тыс. га, валавы збор 2,8 млн. т, 1996). Вырошчваюць таксама кукурузу (пасяўная пл. 600 тыс. га, валавы збор 2 млн. т, 1996), гаалян, сорга, пшаніцу, ячмень, авёс, сою, батат, агародніну. Пад бульбай 140 тыс. га, валавы збор 1,6 млн. т (1996). Тэхн. культуры: тытунь, бавоўнік, цукр. буракі, лён, жэньшэнь. Садоўніцтва і шаўкаводства. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы — 1 млн. галоў, пераважае рабочая, толькі 10% складаюць каровы. Свіна- і птушкагадоўля. Марское рыбалоўства — 1,85 млн. т рыбы (1995). Аснова трансп. сістэмы — чыгункі (каля 90% грузаабароту, каля 70% пасажыраабароту). Даўж. чыгунак больш за 8 тыс. км, каля 70% электрыфікавана. Аўтадарог больш за 21 тыс. км. Марскі і паветр. транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. парты Нампхо, Чханджын, Хэджу, Хынам, Вансан. Знешнегандл. сувязі развіты слаба, экспартны патэнцыял абмежаваны. У 1995 экспарт склаў 590 млн. дол., імпарт — 1,5 млрд. долараў. На сусв. рынак КНДР пастаўляе чорныя і каляровыя металы, жал. руду і яе канцэнтраты, тальк, графіт, магнезіт, хім. прадукты, рыбапрадукты, фрукты, лекі. Каля 50% імпартнай прадукцыі складаюць нафта і нафтапрадукты, вугаль для каксавання, марганцавыя і храмітавыя руды. Імпартуюцца таксама машыны і абсталяванне, трансп, сродкі, харч. прадукты. Краіна мае вял. даўгі, асабліва Расіі, як пераемніцы СССР (больш за 3,2 млрд. руб.), і Кітаю. Гал. гандл. партнёры: Расія, Кітай, Японія, Германія, Індыя, Інданезія і інш. Грашовая адзінка — вона КНДР.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 1,055 млн. чал., ваенізаваных фарміраванняў 189 тыс. чал., рэзерву 4,7 млн. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 923 тыс. чал., на ўзбраенні 3,5 тыс. танкаў, 2,5 тыс. бронетранспарцёраў, каля 8 тыс. гармат, 8,1 тыс. мінамётаў, 7,8 тыс. гармат зенітнай артылерыі, больш за 10 тыс. пераносных зенітна-ракетных комплексаў, 2,6 тыс. рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС 85 тыс. чал., 607 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС 47 тыс. чал., 26 падводных лодак, 31 баявы карабель (пераважна тральшчыкі) і 7 дапаможных суднаў, каля 680 баявых катэраў (пераважна дэсантных, тарпедных і патрульных).

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67,5, жанчын 73,9 года.

Смяротнасць — 5 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 74 чал., урачамі — 1 на 370 чал. Узровень нараджальнасці — 22 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 25 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма нар. адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (да 3 гадоў — яслі, пасля 3 — сад з аднагадовым абавязковым курсам перадшкольнай падрыхтоўкі), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Кіраванне нар. адукацыяй цэнтралізаванае, праводзіцца К-там адукацыі пры Адм. савеце. Усе выдаткі на адукацыю аплачвае дзяржава. У 1975 уведзена абавязковая 11-гадовая адукацыя з 5-гадовага ўзросту: дашкольны клас і 10-гадовая школа, якая ўключае 4-гадовую пач. і 6-гадовую сярэднюю школу. Прафес. падрыхтоўку на базе абавязковай школы даюць тэхнікумы і вышэйшыя тэхн. школы (існуюць з 1960 пры з-дах, ф-ках і буйных прадпрыемствах). Іх выпускнікі атрымліваюць права працаваць па спецыяльнасці і працягваць вучобу ў ВНУ. У пач. 1990-х г. у КНДР было больш за 50 вышэйшых тэхн. школ і каля 500 тэхнікумаў. Вышэйшая адукацыя пачала развівацца пасля засн. ў Пхеньяне ў 1946 ун-та. У 2-й пал. 1940-х г. адчынены с.-г., пед., настаўніцкія, мед. і політэхн. ін-ты. Існуюць розныя формы адукацыі дарослых без адрыву ад вытв-сці (вячэрнія агульнаадук. і тэхн. школы, завочныя і вячэрнія тэхнікумы і ін-ты). У Пхеньяне знаходзяцца Дзярж. цэнтр. б-ка (з 1945), Б-ка АН КНДР (з 1952), Цэнтр. гіст. музей (з 1928), Музей этнаграфіі (з 1956), Цэнтр. музей прыгожых мастацтваў (з 1954) і інш. Навук, даследаванні праводзяцца ў АН (з 1952, у яе складзе каля 40 н.-д. ін-таў і філіял у Хамхыні), у Акадэміі с.-г. навук (з 1963), АМН (з 1963), Акадэміі грамадскіх навук (з 1952; да 1964 у складзе АН), Акадэміі лесаводства, у Цэнтры атамных даследаванняў (з 1952), на кафедрах ВНУ і інш. н.-д. установах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Перыяд. выданні выходзяць на кар., англ., франц., яп., рус. і кіт. мовах. Найб. тыраж маюць штодзённая газета «Надон сінмун» («Газета Праца», орган ЦК Прац. партыі К., з 1945) і «Надон чханён» («Працоўная моладзь». орган ЦК Саюза сацыяліст. прац. моладзі К., з 1946). Працуе Цэнтр. тэлегр. агенцтва К. (ЦТАК, з 1946). Дзейнасць Цэнтр. радыёстанцыі К. і Пхеньянскай радыёстанцыі, а таксама Цэнтр. тэлебачання К. і Кэсонскага тэлебачання падпарадкаваны дзяржаве. Перадачы радыё і тэлебачання вядуцца па агульнанац. і мясц. праграмах на кар., англ., рус., франц., кіт. і інш. мовах.

Літаратура. Гал. тэмы л-ры КНДР — сац. пераўтварэнні ў вёсцы (раман «Зямля», 1948—60, Лі Гіёна), станаўленне рабочага класа (аповесці Лі Букмёна, Хван Гона, Юн Седжуна), працяг традыцый пралет. паэзіі (Чо Гічхон і інш.). У 1946 створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. Вайна 1950—53 паклала пачатак гераічнай і патрыят. тэматыцы: ваен. публіцыстыка Кім Сарана, апавяданні Хван Гона, Юн Седжуна, Чхон Себона, франтавыя вершы Чо Гічхона, Мін Бёнгюна. У 1950—60-я г. з’явіліся буйныя гіст. творы: «Рака Туманган» Лі Гіёна, «Бацька Сасан» Чхве Мён’іка, «Гісторыя няшчасцяў» Чхон Себона і інш., пашыралася мемуарная л-ра (серыя «Сярод людзей» і інш.). У 1970-я г. вылучыліся творы калектываў аўтараў паводле п’ес перыяду антыяп. барацьбы ў 1930-я г.: «Мора крыві», «Лёс вартаўніка» і інш. У сучаснай л-ры вядучымі застаюцца тэмы працы, аб’яднання краіны; асаблівая ўвага аддаецца ваен. тэматыцы (раманы Кім Джэгю, Пён Хігына). З 1953 дзейнічае Саюз пісьменнікаў К. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Карэйскія казкі» (1954) і казка «Ластаўкі» (1957) у перакладзе А.​Якімовіча, асобныя вершы кар. паэтаў пераклаў М.​Аўрамчык. На кар. мове выдадзены зб. Я.​Коласа «У старых дубах» (1959).

Архітэктура, выяўленчае мастацтва. З 1950-х г. інтэнсіўна развівалася горадабудаўніцтва, якое вырашала праблемы рацыянальнага размяшчэння жылых і прамысл. раёнаў, забеспячэння гарадоў сеткай культ.-быт. устаноў, добраўпарадкавання і азелянення (арх. Кім Джанхі, Лі Хён, Пак Ікхван, Сін Сунгён, а таксама замежныя спецыялісты). У 1945—53 распрацаваны генплан Пхеньяна (арх. Кан Чахван і інш.), адноўлены і рэканструяваны гарады Хамхын, Вансан, Сарывон, Кэсон, Нампхо і інш. У пабудовах 1950—60-х г. дамінуюць формы сярэдневяковай архітэктуры (Пхеньянскі Вял. т-р, 1960, арх. Кім Чанхі, Сін Сунгён і інш.). З 1960-х г. пашыраюцца новыя буд. канструкцыі і матэрыялы, узводзяцца будынкі з рацыянальнай планіроўкай, лаканічныя па форме (Дзярж. ун-т імя Кім Ір Сена ў Пхеньяне, 2-я чарга, 1970-я г.). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах з захаваннем нац. асаблівасцей добраўпарадкавання (напр., ацяпляльная сістэма пад падлогай). Сярод пабудоў 1980-х г. гасцініца на гары Мёхян, будынкі Міжнар. дома культуры і комплексу культ.-быт. абслугоўвання ў Пхеньяне. У вайну 1950—53 ствараліся маст. лістоўкі, плакаты. У тэхніцы нац. жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі («часанхва») у спалучэнні традыц. сюжэтаў з актуальнай тэматыкай працуюць мастакі Чха Дэдо (майстар адлюстравання кветак слівы мэ), Лі Сакхо (жанр «кветкі-птушкі»). У алейным жывапісе працавалі Кім Джанам, Пак Мёнхун, Пхё Седжон, Мун Хаксу. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат; мастакі Кім Ганджун, Пэ Унсон, Пак Сынхі), станковая і манум. скульптура (Мун Сако, Хан Ёнсік, Чо Гюбон), якія сінтэзуюць традыцыі еўрап. і ўсх. мастацтва. Стараж. традыцыі захоўваюцца ў дэкар. -прыкладным мастацтве: вытв-сць керамікі і фарфору, разьба па косці і дрэве, пляценне з валокнаў бамбуку і травы, ткацтва, вышыўка, выраб лакавых рэчаў. Створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. з Саюзам дзеячаў выяўл. мастацтва (засн. ў 1946), у 1953 засн. Саюз кар. мастакоў, у 1954 — Саюз кар. архітэктараў.

Музыка. Пасля 1945 у паўн. ч. краіны ствараюцца навуч. ўстановы еўрап. тыпу, развіваюцца музыказнаўства і муз. фалькларыстыка, фарміруецца нац. кампазітарская школа. Сярод кампазітараў: Лі Мёнсан, Сін Дасон, Мун Гёнок, Кім Ёнгю, Чо Гільсок, музыказнаўцы Пак Тансіль, Кім Гігон, Юн Дансу. Сярод выканаўцаў спевакі Кім Вану, Сін Юнгун, Кім Дынгук (у зах. стылі), Ан Хеён, Кім Дэнхва, Пак Бансек (традыц. стыль), інструменталісты Ан Гіёк, Чха Хакчхоль (чатэ), Ю Дзябок (хэгым), Гі Мансу (камунга), Пэк Насан (скрыпка), Пэк Унбок (фп.). Працуюць: Кар. філармонія (1955), Маст. т-р у Пхеньяне (1948), Вял. сімф. аркестр і хор, Нар. маст. т-р (1952), шматлікія муз.-драм. трупы, ансамблі песні і танца Кар. нар. арміі, песні і танца «Мансудэ» (1969), нац. інструментаў у Пхеньяне. Штогод праводзіцца Міжнар. веснавы муз. фестываль (Пхеньян). У 1953 засн. Саюз кампазітараў.

Тэатр. У 1947—49 у Пхеньяне адкрыты Дзярж. т-р (пазней Дзярж. драм. т-р «Чхаліма»), Дзярж. нар. маст. т-р (цяпер Пхеньянскі гар. т-р), пачалі працаваць трупы пры мін-вах транспарту і ўнутр. спраў, Кар. нар. арміі. У вайну 1950—53 дзейнічалі франтавыя трупы, якія ўяўлялі сабой невял. перасоўныя т-ры. У 1950—60-я г. створаны новыя трупы, у Пхеньяне пабудаваны т-р «Маранбон», адкрыты Вял. т-р (1960), т-ры кінаакцёра, лялечны і дзіцячы. У рэпертуары т-раў КНДР гіст. спектаклі, п’есы, прысвечаныя нац.-вызв. руху ў гады яп. акупацыі, творы сучаснай тэматыкі, а таксама рус. і сав. драматургія. Сярод рэжысёраў Хан Пэкнам, Ан Ёніль, Лі Енім, Кім Ін, Пён Гёнхван, сярод акцёраў Лі Дан, Хан Чжынсоп, Лі Чжэдок, Тхэ Ільмін, Ко Хванчхоль. З 1959 працуе Пхеньянскі ін-т тэатра і кіно.

Кіно. У 1946 створаны першыя дакумент. фільмы. У 1947 арганізавана кінастудыя Паўн. Карэі (з 1948 дзярж.), на базе якой створаны кінастудыі маст. і дакумент. фільмаў. Першы маст. фільм зняты ў 1949 («Мая Радзіма», рэж. Кан Хансік). У вайну 1950—53 выходзілі фільмы пра барацьбу супраць амер. агрэсіі («Юныя партызаны», рэж. Юн Ёнгю; «Зноў на фронт», рэж. Чхон Данмін). Пасля вайны пашырыўся іх жанравы і тэматычны дыяпазон, зняты першыя каляровыя фільмы: «Сказанне пра крэпасць Садо» (1956, рэж. Чон Джунчхэ), кар.-сав. фільм «Браты» (1957, рэж. І.​Лукінскі і Чхон Санін). Здымаліся фільмы на ваен. і гіст.-рэв. тэматыку, прысвечаныя актуальным праблемам сучаснасці: «Дрэвы каля дэмаркацыйнай лініі» (1961, рэж. Пак Хак), «Чырвоная кветка» (1963, Чхон Санін), «Пяць братоў-партызан» (1969, рэж. Ом Гільсон). Шырока выкарыстоўваўся жанр паліт. дэтэктыва (20-серыйны фільм «Невядомыя героі», 1970—80, рэж. Ю Хасон, Чхве Намсон). Экранізаваны стараж. кар. эпас «Сказанне пра Чхунхян» (Ю Ванджун, Юн Ёнгю), гіст. раман Хон Мёнхі «Сказанне пра Ім Какчона» (аднайменны 5-серыйны фільм, 1989). Сярод інш. фільмаў 1980-х г.: «Тальме і Памдары» (Ван Рангпон), «Лес шуміць» (Цян Енбок), «Соль», сав.-кар. «Секунда на подзвіг» (1985, Э.​Уразбаеў, Ом Гільсон), «Кветка званочак» і інш. У КНДР 6 кінастудый: маст., дакумент. фільмаў, Дзярж. імя 8 лютага (з 1959), Кар. нар. арміі, навук.-папулярных фільмаў. У 1961 створаны Саюз кар. кінематаграфістаў.

П.​Г.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае мастацтва), Г.​У.​Шур (кіно).

Герб і сцяг Карэі (Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка).
Да арт. Карэя Паўночная. Горны ландшафт на поўначы краіны.
Да арт. Карэя Паўночная. Упрыгожанне з палявых кветак. Традыцыйны жывапіс.
Да арт. Карэя Паўночная. Дзікія гусі месяцовай ноччу. Вышыўка.
Да арт. Карэя Паўночная. Пасудзіна для мёду. Пемза.
Да арт. Карэя Паўночная. Сольны танец з барабанам.
Да арт. Карэя Паўночная. На берагах р. Патхон.
Да арт. Карэя Паўночная. Міжнародны дом культуры ў Пхеньяне. 1988.
Да арт. Карэя Паўночная. Гасцініца на гары Мёхян.

т. 8, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВА́КІЯ (Slovensko),

Славацкая Рэспубліка (Slovenská republika), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на З з Аўстрыяй, на ПнЗ з Чэхіяй, на Пн з Польшчай, на У з Украінай, на Пд з Венгрыяй. Пл. 49 тыс. км². Нас. 5408 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова — славацкая. Сталіца — г. Браціслава. Падзяляецца на 8 краёў. Нац. свята — Дзень утварэння Славацкай Рэспублікі (1 студзеня).

Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць Нац. савету (аднапалатны парламент, выбіраецца насельніцтвам на 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.

Прырода. Амаль усю краіну займаюць горныя хрыбты Заходніх Карпат, што падзяляюцца на асобныя масівы. Пераважаюць сярэдневышынныя горы, у цэнтр. частцы каля мяжы з Польшчай — высака- і сярэднягорны масіў Татры (найб. выш. 2655 м, г. Герлахаўскі-Шціт). Нізіны і раўніны — ускраіны Сярэднедунайскай раўніны, займаюць невял. плошчы на ПдЗ і ПдУ. Карысныя выкапні: руды жалеза, марганцу, поліметалічныя, радовішчы сурмы, магнезіту; ёсць буры вугаль і лігніт. Клімат умерана кантынентальны. На раўнінах сярэдняя т-ра студз. каля -2 °C, ліп. 19—21 °C. Ападкаў 500—700 мм за год, у гарах да 1000 мм. Рэкі горныя, належаць да бас. р. Дунай (цячэ на ПдЗ). Горныя лясы займаюць каля 35%. На паўд. схілах пераважаюць шыракалістыя (дуб, бук) і мяшаныя, на паўн. — хвойныя (елка, піхта). Даліны і раўніны асвоены. У гарах трапляюцца буры мядзведзь, воўк, рысь, казуля, дзік; шмат птушак. У С. 5 нац. паркаў агульнай пл. 2051 км², 13 запаведнікаў агульнай пл. 6338 км². На мяжы з Венгрыяй сумесны запаведнік з пячорамі Агтэлека і Славацкага Краса ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. Славакі складаюць 85,8%. Жывуць таксама венгры (9,7%, пераважна на Пд), цыганы (1,7%), чэхі (0,8%), украінцы, румыны і інш. Вернікі католікі (82%), евангелісты (8,2%), грэка-католікі (4,9%), прыхільнікі рэфармацкай хрысц. царквы (2,4%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 110,4 чал. на 1 км², найб. (да 200—300 чал. на 1 км²) на раўнінах і ў міжгорных далінах, найменшая (каля 10—20 чал. на 1 км²) у гарах. Натуральны прырост блізкі да нулявога. У гарадах жыве 57% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1999): Браціслава — 450, Кошыцы — 236; у гарадах Банска-Бістрыца, Жыліна, Нітра, Прэшаў, Трнава прыкладна па 100 тыс. ж. У прам-сці і буд-ве занята 34,6% эканамічна актыўнага насельніцтва, у гандлі — 14,2%, у сельскай гаспадарцы — 9,7%, у сферы паслуг і кіраванні — 41,5%.

Гісторыя. Тэр. С. заселена з часоў сярэдняга палеаліту. Тут жылі кельты, якіх у 1 ст. н.э. выцеснілі германцы. У час Вялікага перасялення народаў землі С. каля 5—6 ст. каланізаваны славянамі (этнонім «славені»). Яе паўд. раёны ўваходзілі ў склад дзяржавы Сама. Першым паліт. аб’яднаннем на тэр. С. ў пач. 9 ст. было Нітранскае княства ў далінах рэк Ваг і Нітра. Каля 833 яно далучана да Мараўскага княства і ўвайшло ў склад Вялікамараўскай дзяржавы. З пач. 9 ст. ў С. праз ням. місіянераў пашыралася хрысціянства, г Нітра стаў цэнтрам епіскапства. З 863 у Вял. Маравіі ажыццяўлялася рэліг.-асв. дзейнасць Кірылы і Мяфодзія, якія пашыралі слав. пісьменнасць і богаслужэнне на слав. мове. Аднак у выніку інтрыг ням. духавенства і палітыкі рым. папства развіццё слав. культуры ў С. было перапынена і ўмацаваліся пазіцыі лацінамоўнай рым.-каталіцкай царквы. У 11 ст. С. ўключана ў Венг. каралеўства, што перапыніла працэс утварэння славацкай народнасці і прывяло да частковай мадзьярызацыі, асабліва феад. вярхоў. Паўд. і зах. раёны С. (т.зв. Верхняй Венгрыі) найб. развіваліся ў Венг. каралеўстве. У 12—13 ст. тут фарміравалася феад. і царк. землеўладанне, адносіны залежнасці вольнага сялянства ад феадалаў; хутка раслі гарады (Трнава, Банска-Бістрыца, Трэнчын, Браціслава, Кошыцы); развівалася гарнарудная прам-сць. У пач. 14 ст: зах. і цэнтр. С. на кароткі час дамаглася незалежнасці ад Венгрыі. У 14 ст. С. стала цэнтрам еўрап. транзітнага гандлю. Пад уплывам гусіцкіх войнаў у 1440—60-я г. ў С. актывізаваўся антыфеад. рух, скіраваны супраць венг. шляхты і каталіцкай царквы У 1467 у Браціславе адкрыты каталіцкі ун-т. У 1562 паўд. ч. С. захапіла Турцыя. Уцалелыя ад тур. заваявання славацкія і венг. землі ўвайшлі ў склад імперыі Габсбургаў. У 1678 у С. адбылося найбуйнейшае антыгабсбургскае паўстанне венг. магнатаў, падтрыманае Турцыяй. У выніку аўстра-тур. вайны 1683—99 Габсбургі захапілі Паўд. С. і асн. частку Венгрыі. У імперыі Габсбургаў С. была агр.-сыравінным раёнам, яе горныя руднікі належалі аўстр. двару. У час праўлення імператара Іосіфа II [1765—90, да 1780 суправіцель Марыі Тэрэзіі] праведзены рэформы (у 1781 уведзена свабода веравызнання, у 1785 скасавана асабістая прыгонная залежнасць сялян, ажыццяўляўся мытны і мануфактурны пратэкцыянізм і інш.), якія спрыялі ажыўленню прам-сці ў С. У канцы 18 — пач. 19 ст. адраджаўся славацкі грамадска-культ. нац. рух. Паэт, філолаг і грамадскі дзеяч Л.​Штур (1815—56) рэфармаваў на аснове сярэднеславацкага дыялекту славацкую літ. мову (у 1845 яна кадыфікавана як агульнанацыянальная). На ёй выдаваліся газеты, літ. творы. У 1863 засн. нац.-культ. цэнтр «Маціца славацкая». З утварэннем у 1867 Аўстра-Венгрыі С. афіцыйна стала часткай Каралеўства венграў; венг. буржуазія займала пануючае становішча ў эканоміцы С.

У 1-ю сусв вайну ў С. ўзмацніўся рух за нац. і сац. вызваленне. У 1916 дзеячы чэш. (Т.​Масарык, Э.​Бенеш) і славацкай (М.​Штэфанік) эміграцыі ўтварылі ў Парыжы Чэхаславацкі нац. савет, які летам 1918 прызнаны ўрадамі краін Антанты і ЗША у якасці будучага ўрада дзяржавы чэхаў і славакаў. Ва ўмовах ваен. паражэння і распаду Аўстра-Венгрыі Нац. к-т у Празе (засн. ў 1916) 28.10.1918 абвясціў пра стварэнне незалежнай Чэхаславакіі. Гэтае рашэнне падтрымаў Славацкі нац. савет у г. Марцін, які 30.10.1918 абвясціў пра аддзяленне С. ад Венгрыі. Са студз. 1919 у Браціславе дзейнічала мін-ва Чэхаславакіі па справах С. Непрацяглы час (16.6—7.7.1919) на частцы тэр. С. існавала Славацкая сав. рэспубліка (кіраўнік — чэш. камуніст А.​Янаўшак), створаная пры дапамозе войск Венг. сав. рэспублікі. Адносна адсталая прам-сць С. не вытрымлівала канкурэнцыі з чэшскай і скарачалася, што вяло да масавага беспрацоўя і эміграцыі. Пасля Мюнхенскага пагаднення 1938 клерыкальна-нацыяналіст. Глінкаўская славацкая нар. партыя і інш. партыі прымусілі ўлады Чэхаславакіі пагадзіцца з утварэннем у С. свайго ўрада на чале з лідэрам глінкаўцаў І.​Цісам. У ліст. 1938 да Венгрыі адышлі паўд. раёны С. 14.3.1939 па патрабаванні А.​Гітлера славацкі сейм абвясціў «самаст. і незалежную Славацкую дзяржаву», якую 18 сак. фаш. Германія ўзяла «пад сваю абарону». Нацысты ўсталявалі ў С. таталітарны рэжым. Паводле ваен. дагавору паміж С. і Германіяй (жн. 1939) славацкія войскі ў 2-ю сусв. вайну ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях супраць Польшчы і СССР. Масавы характар набыў пераход славацкіх ваеннаслужачых на бок Чырв. Арміі (папаўнялі Чэхаславацкі армейскі корпус ген. Л.​Свобады) і сав. партызан (на тэр. Беларусі і Украіны дзейнічаў славацкі партыз. атрад на чале з маёрам Я.​Налепкам). Масавы партыз. рух разгарнуўся і на тэр. самой С. У канцы 1943 прадстаўнікі Кампартыі С. (КПС) і інш. апазіц. партый стварылі Славацкі нац. савет (СНС), які ўзначаліў Славацкае нацыянальнае паўстанне 1944 супраць гітлераўскіх войск (25.8.1944 увайшлі ў С.) і рэжыму Цісы. У студз. 1945 сав. войскі ўступілі ў С., 4 крас. вызвалены г. Браціслава. На вызваленай тэр. С. ўладу ўзяў адноўлены СНС. У пасляваен Чэхаславакіі паўнамоцтвы органаў славацкага нац. прадстаўніцтва (СНС і Корпус упаўнаважаных), дзе ў 1946—48 мела перавагу Дэмакр. партыя, былі абмежаваны на карысць цэнтр. улад Чэхаславакіі. У лют. 1948 да ўлады ў С., як і ў Чэхіі, прыйшлі камуністы. У вер. 1948 КПС увайшла ў адзіную Кампартыю Чэхаславакіі (КПЧ), захаваўшы арганізац. самастойнасць. У краіне фармальна захоўвалася шматпартыйнасць пры фактычным панаванні камуністаў, якія ажыццяўлялі праграму сацыяліст. пераўтварэнняў ва ўсіх сферах жыцця. Канстытуцыя 1960 абвясціла Чэхаславакію дзяржавай раўнапраўных народаў, славацкі Корпус упаўнаважаных быў аб’яднаны з СНС. Падзеі «Пражскай вясны» 1968 паспрыялі адраджэнню славацкіх нац. памкненняў. Паводле Канстытуцыйнага Закона 1968 С. з 1.1.1969 — раўнапраўная сацыяліст. рэспубліка (ССР) у складзе Чэхаславацкай Сацыяліст. Рэспублікі (ЧССР) са сваім заканад. органам (СНС) і ўрадам, які прызначаў Прэзідыум СНС. На працягу 1960—80-х г. С. стала развітой індустр.-агр. рэспублікай, палепшыўся дабрабыт насельніцтва і яго культ. ўзровень. Аднак у параўнанні з Чэхіяй, у С. захоўвалася адносная эканам. адсталасць. Славацкія і чэш. дэмакр. сілы разам удзельнічалі ў «аксамітнай рэвалюцыі» 1989, у выніку якой ад улады ў ЧССР адхілены камуністы і абвешчаны курс на аднаўленне рыначнай эканомікі. Сярод паліт. сіл С. ў гэты час дамінаваў рух «Грамадскасць супраць насілля». У 1990 чэш.-славацкія адносіны абвастрыліся і ЧССР пераўтворана ў Чэшскую і Славацкую Федэратыўную Рэспубліку (ЧСФР) На парламенцкіх выбарах у С. ў чэрв. 1992 перамог Рух за дэмакр. С. (РЗДС), які выступаў за поўную незалежнасць краіны. 25.11 1992 Федэральны сход ЧСФР прыняў рашэнне аб спыненні яе існавання.

3 1.1.1993 С. — незалежная Славацкая Рэспубліка. Пасля атрымання незалежнасці рэзка знізіўся ўзровень рэальных даходаў насельніцтва, скарацілася дзярж. падтрымка аховы здароўя, культуры і адукацыі. Новы эканам. ўздым (з 1994) дазволіў да канца 1990-х г. у асн. пераадолець гэтыя негатыўныя з’явы. Да 1998 улада ў С. знаходзілася ў руках кааліцыі на чале з РЗДС, а яе лідэр У.​Мечыяр у 1994—98 быў прэм’ер-міністрам, у сак.—вер. 1998 в.а. прэзідэнта рэспублікі (пасля адстаўкі М.​Ковача, які быў прэзідэнтам у лют. 1993 — сак. 1998). На выбарах у Нац. савет у вер. 1998 перамагла апазіц. Славацкая дэмакр. кааліцыя (СДК) у складзе Партыі левых дэмакратаў (ПЛД, б. камуністы), Кааліцыі венг. партый (КВП) і Партыі грамадзянскай згоды (ПГЗ). З 30.8.1998 лідэр СДК М.​Дзурында — прэм’ер-міністр С., прэзідэнтам 29.5.1999 выбраны лідэр ПГЗ Р.​Шусцер. С. — чл. ААН (з 1993), асацыіраваны чл. Заходнееўрап. саюза (з 1996). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1993. Гл. таксама Чэхаславакія.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. РЗДС, Дэмакр. саюз С., ПЛД, Славацкая нац. партыя, Хрысц.-дэмакр. рух, ПГС, КВП і інш. Асн. прафс. аб’яднанне — Канфедэрацыя прафсаюзаў Славацкай Рэспублікі.

Гаспадарка. С. — індустр.-агр. краіна. Пасля 1993 праведзена эканам. рэформа ў гаспадарцы, стабілізавана грашовая сістэма, што суправаджалася адмовай ад дзярж. рэгулявання цэн, лібералізацыяй гандлю і прыватызацыяй. Вялікую ролю ў эканам. рэфармаванні адыгралі замежныя інвестыцыі (каля 0,5 млрд. дол. штогод). У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 44,5 млрд. дол., каля 8300 дол. на чалавека. 22% ВУП ствараецца ў прам-сці, 6% — у сельскай гаспадарцы, каля 9% — у транспарце і сувязі, 23% у гандлі, 40% — у інш. абслуговых галінах. Горназдабыўная прам-сць занята здабычай бурага вугалю і лігнітаў (раён гарадоў Гандлава і Пр’евідза), жал., марганцавых, свінцова-цынкавых і медных руд. Электраэнергетыка засн. на выкарыстанні гідрарэсурсаў (ГЭС на горных рэках, у т. л. каскад 16 ГЭС на р. Ваг), бурага вугалю і імпартаванай нафты. Працуюць 2 АЭС каля гарадоў Нітра і Трнава (даюць 40% усёй электраэнергіі). У 1998 атрымана 20 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне (вытв-сць электроннай, радыёэлектроннай і быт. тэхнікі, трансп. сродкаў і інш.), чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., фармацэўтычная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, швейная) і харчовая. Значныя вытв. магутнасці паліграф. і шкляной прам-сці. Асн. прамысл. цэнтры: Браціслава (хім. і нафтахім., маш.буд., станкабуд., тэкст., паліграф., харчасмакавая, швейная і інш.), Кошыцы (чорная металургія, цяжкае машынабудаванне), Банска-Бістрыца (каляровая металургія, маш.-буд., дрэваапр., тэкст., цэм., харчовая), Жыліна (маш.-буд., тэкст., цэлюлозна-папяровая, хім.), Нітра (маш.-буд., піваварная, хім., тэкстыльная), Прэшаў (маш.-буд., тэкст.), Комарна (рачное суднабудаванне), Шаля (з-д азотных угнаенняў на імпартным прыродным газе). Штогод атрымліваюць (млн. т): бурага вугалю і лігніту — каля 5, жалезнай руды — 1, свінцова-цынкавай — 0,3, меднай — 0,3, чыгуну — 3,2, пластмас — 0,4, азотных угнаенняў — 0,2, цэменту — 3, нафтапрадуктаў — 3,5; піва — каля 4 млн. гекталітраў. Развітая шматгаліновая сельская гаспадарка засн. на сучаснай матэрыяльна-тэхн. базе і інфраструктуры. С.-г. кааператывы і дзяржгасы трансфармаваны ў кааператывы ўласнікаў і акцыянерныя прадпрыемствы. С.-г. ўгоддзі займаюць 2445 тыс. га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 1630 тыс. га, пад пашай і лугамі каля 815 тыс. га. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Большасць пасеваў засяроджана ў раўнінных раёнах на ПдЗ, Пд, ПдУ і ў далінах рэк; лугі і паша — у гарах. Штогод збіраюць (млн. т): пшаніцы — каля 2, ячменю — 1, кукурузы — 0,7, жыта — 0,1. Вырошчваюць таксама бульбу, алейныя культуры (сланечнік, рапс), цукр. буракі, тытунь, агародніну. Садоўніцтва, на Пд — вінаградарства. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы —0,7, свіней — 1,6, авечак — 0,3. Птушкагадоўля (у 1997—13,1 млн. курэй). У паўд. раёнах гадуюць пераважна свіней, малочную буйн. раг. жывёлу, птушку, у горных раёнах — авечак і мясную буйн. раг. жывёлу. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны. Даўж. (тыс. км): чыгункі — 3,7, аўтадарог — 17,7, унутр. водных шляхоў (участак Дуная і нізоўі асн. прытокаў) каля 0,4. У краіне (2000) 994 тыс. легкавых, 94 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Асн. рачныя парты Браціслава і Комарна. Авіяц. транспарт абслугоўвае пераважна знешнія пасажырскія зносіны, гал. міжнар. аэрапорты каля Браціславы, Кошыц, Попрада. С. перасякаюць з У на З нафта- і газаправоды з Расіі ў Зах. Еўропу. У 1998 экспарт склаў 10,7 млрд. дол., імпарт — 12,9 млрд. дол. Гал. тавары экспарту: машыны і абсталяванне, прадукцыя нафтаперапр., хім., дрэваапр., харч. прам-сці. Імпартуюцца машыны і абсталяванне, нафта, хім. сыравіна і інш. Важнейшыя гандл. партнёры: Чэхія (35%), Германія (19%), Аўстрыя (5%), Расія, Польшча, Італія. У 2000 Беларусь экспартавала ў С. тавараў на 19,2 млн. дол. (пераважна халадзільнікі, маразільнікі, шыны), імпартавала тавараў на 12,8 млн. дол. С. — краіна развітога турызму і горнага спорту. Штогод С. наведвае каля 0,5 млн. замежных грамадзян, даход ад замежнага турызму ў 1998 склаў 461 млн. дол. Грашовая адзінка — славацкая крона.

Узброеная сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы, а таксама ваенізаваныя фарміраванні, у т. л. сілы ўнутр. бяспекі (1,4 тыс. чал.), грамадз. абароны (1,2 тыс. чал.) і інш. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Тэрмін службы — 1 год. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА. У сухап. войсках 23,8 тыс. чал., каля 480 танкаў, больш за 680 баявых браніраваных машын, да 390 адзінак палявой артылерыі, мінамётаў, рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС і ППА 12 тыс. чал., больш за 100 баявых самалётаў, каля 60 верталётаў, у т. л. 19 баявых, каля 100 пускавых установак зенітных кіроўных ракет і інш.

Ахова здароўя. Насельніцтва атрымлівае бясплатную дзярж. мед. дапамогу, карыстаецца паслугамі страхавой і прыватнай медыцыны. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70, жанчын — 77 гадоў. Узровень нараджальнасці — 10 на 1 тыс. чал., смяротнасць — 9 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць — 9 на 1 тыс. нованароджаных (2001). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 86 чал., урачамі — 1 на 381 чал. (1996).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі С. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5-гадовага ўзросту), асн. школы, гімназіі, сярэднія прафес. школы і вучылішчы, ВНУ. Пераважная большасць устаноў дзяржаўныя; ёсць прыватныя і царкоўныя. Асн. школа для дзяцей з 6-гадовага ўзросту мае 2 ступені — пач. (4 гады навучання) і няпоўную сярэднюю (5 гадоў) і з’яўляецца абавязковай. Поўную сярэднюю адукацыю (пасля асн. школы) даюць гімназіі (4 гады навучання), некаторыя сярэднія прафес. вучылішчы (4—5 гадоў навучання), большасць сярэдніх прафес. школ, у якіх вучні праходзяць і кароткатэрміновае прафес. навучанне, пераважна па складаных профілях. У гімназіях уведзена дыферэнцыраванае навучанне (гуманіт. і тэхн. профілі) з улікам індывід. схільнасцей навучэнцаў, выкарыстоўваюцца навуч. праграмы з павышаным узроўнем патрабаванняў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, вышэйшыя школы, акадэміі. У 2000/01 навуч. г. ў С. 3245 дзярж. дашкольных устаноў (больш за 153 тыс. дзяцей), 2362 асн. школы (каля 626 тыс. вучняў і больш за 38 тыс. настаўнікаў), 157 гімназій (больш за 67 тыс. навучэнцаў і больш за 5 тыс. выкладчыкаў), 309 сярэдніх прафес. школ (каля 85 тыс. навучэнцаў), 363 сярэднія прафес. вучылішчы (больш за 104 тыс. навучэнцаў). У сістэме вышэйшай адукацыі больш за 20 навуч. устаноў. Буйнейшыя ВНУ: ун-т Я.​А.​Каменскага (з 1465), эканам. і Славацкі тэхн. ун-ты, Паліцэйская акадэмія, вышэйшыя школы — выяўл. мастацтва і тэатральна-мастацкая (усе ў Браціславе); Ун-т Мацея Бела і Акадэмія мастацтваў у Банска-Бістрыцы; Ун-т Паўла Іозефа Шафарыка, тэхн. і вет. ун-ты, Ваенная лётная акадэмія (усе ў Кошыцах); Ун-т Канстанціна Філосафа і Славацкі аграрны ун-т у Нітры; Ваенная акадэмія ў Ліптаўскі-Мікулашы, Ун-т Кірылы і Мяфодзія ў Трнаве, тэхн. ун-т у Зволене; ун-ты ў Прэшаве, Трнаве, Жыліне, Трэнчыне і інш. У С. больш за 70 б-к і больш за 75 музеяў. Буйнейшыя б-кі: універсітэцкая ў Браціславе, Дзярж. навук. ў Кошыцах, акрамя таго працуе 9 навук. б-к і Цэнтр. навукова-тэхн. інфармацыі ў Браціславе. Буйнейшыя музеі: Славацкі нац, (мае 8 філіялаў), Гарадскі ў Браціславе, Славацкі тэхн. ў Кошыцах, Музей він у Прэшаве, Музей славацкага нац. паўстання ў Банска-Бістрыцы, этнагр. ў Марціне. Навук. даследаванні праводзяцца на кафедрах ун-таў, у Славацкай АН (з 1952), якая ўключае больш за 60 ін-таў і лабараторый, і інш. н.-д. установах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у С. выходзілі газеты «Pravda» («Праўда», з 1920), «Praca» («Праца», з 1946), «Smena» («Змена», з 1948), «Večer» («Вечар», з 1990), «Narodna obroda» («Нацыянальнае адраджэнне», з 1990), штотыднёвік «Beseda» («Размова», з 1990) і інш. Інфарм. агенцтва — Тэлегр. агенцтва Славацкай Рэспублікі (ТАСР, з 1992). Радыёвяшчанне з 1926; асн. праграмы — «Браціслава» і «Дэвін». Тэлебачанне з 1956 (з 1970 каляровае); вяшчанне па 2 каналах.

Літаратура. Развіваецца на славацкай мове. Вытокі пісьменнасці славакаў звязаны з дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 9 ст.). У 15 ст. пісьмовай мовай была латынь. Пашыраны былі легенды (жыціі), драм. рэліг. творы і духоўная лірыка (не захаваліся). Вял. значэнне для культ. жыцця С. мела заснаванне Карлам IV у Празе універсітэта (1348). Ідэі гусіцкага руху (1-я пал. 15 ст.) і Рэфармацыі паспрыялі выцясненню латыні чэш. пісьмовай мовай з элементамі славацкай гутарковай мовы. Вядома творчасць паэтаў-гуманістаў М.​Ракаўскага, Я.​Якобеўса, духоўная паэзія Я.​Сільвана, Э.​Лані. Барацьба з тур. нашэсцем (канец 15—16 ст.) спарадзіла героіка-эпічныя песні і балады на гіст. сюжэты. З’явіліся творы з любоўнай праблематыкай (вершаваны раман «Пра Сілада і Хадмазі», 2-я пал. 16 ст.), драматургія на біблейскія сюжэты П.​Кырмезера і Ю.​Тэсака. У 17—18 ст. узмацніўся ўплыў каталіцкай царквы, свецкія матывы выцясняліся рэліг. містыкай. Выявілася блізкасць да л-ры еўрап. барока: дыдактычна-рэфлексіўныя творы П.​Беніцкага, О.​Луцэ, мемуарная проза Ш.​Піларыка, Т.​Масніка, С.​Грушкавіца, свецкая паэзія Г.​Гаўлавіча. Самастойнасць набыло літ.-знаўства (Д.​Цвітынгер, П.​Валаскі). З канца 18 ст. пачалося нац. адраджэнне славацкай пісьменнасці, спробы стварэння нац. мовы (А.​Берналак). Рэфарматар мовы і аўтар першага славацкага рамана — І.​І.​Байза. Вядомасць набыла паэзія Я.​Колара, Б.​Табліца, проза Я.​Голага, навук. працы Ю.​Фандлі, П.​І.​Шафарыка, драмы Я.​Халупкі. У 1840—70-я г. ў л-ры ўсталяваўся рамантызм (паэт. цыкл «Думкі вечаровыя» Л.​Штура, паэмы і лірыка Я.​Краля, А.​Сладкавіча, паэмы-казкі Я.​Боты, гіст. аповесці Я.​Калінчака, І.​М.​Гурбана). У 1863—75 навук.-асветніцкае і літ. т-ва «Маціца славацкая» выдавала кнігі, часопісы, адкрывала школы, гімназіі. З 1880-х г. вядучым кірункам стаў рэалізм (творчасць С.​Ваянскага, П.​Гвездаслава, М.​Кукучына). Значнае месца занялі пераклады з рус. і зах.-еўрап. л-ры. У творчасці пісьменнікаў-рэалістаў Цімравай, Я.​Есенскага, І.​Таяўскага (прадстаўнікі «Маладой Славакіі») узмацніўся сац.-аналіт. падыход да рэчаіснасці. У пач. 20 ст. ўзнік літ. рух т.зв. Славацкай мадэрны, які выявіўся ва ўзбагачэнні эмацыянальнага зместу і псіхал. раскрыцця ўнутр. свету чалавека і кульце формы (І.​Краска, І.​Гал, У.​Рой). Развіццю л-ры спрыяла ўтварэнне Чэхаславацкай рэспублікі. У паэзіі выступілі Ш.​Крчмеры, М.​Разус, Я.​Смрэк, Э.​Б.​Лукач. Я.​Понічан, у прозе — Я.​Грушаўскі, Г.​Вамаш, М.​Урбан, І.​Горват, у літ. крытыцы — Э.​Уркс, А.​Матушка. Вядомасць набылі раманы П.​Ілямніцкага, паэзія Л.​Новамескага. Пошукам гармоніі займаўся І.​Цыгер-Гронскі У 2-ю сусв. вайну ў час ням.-фаш. акупацыі побач з падп. л-рай існавалі як форма легальнага пратэсту «лірызаваная» проза (Д.​Хробак, М.​Фігулі, Ф.​Швантнер) і паэзія сюррэалістаў (Ю.​Ленка, П.​Бунчак, Ш.​Жары). Тэмы паўстання, антыфаш. барацьбы, пабудовы новага грамадства — гал. ў пасляваен. л-ры (У.​Мінач, М.​Крно, Я.​Боданек, Я.​Коранка). Умацоўваецца сацыяліст. рэалізм (паэты А.​Плаўка, Я.​Костра, В.​Мігалік, празаікі Р.​Яшык, Ф.​Гечка, К.​Лазарава). 1950-я г. — пік псіхал. прозы (А.​Беднар, Ф.​Краль). У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія канцэпцыі і фармальнае эксперыментатарства (Л.​Балек, А.​Гікіш, Р.​Слобада). Нетрадыц. падыход да раскрыцця характараў пераважаў у творах Д.​Мітаны, І.​Гудзеца, Д.​Душака і інш. У 1970-я г. росквіту дасягнуў гіст. раман (І.​Тала, Я.​Ленч, М.​Ферка і інш.). 1980-я г. адметныя ўзлётам раманнай формы, рухам эпасу да сінтэзу, цыклізацыяй малых жанраў (П.​Яраш, П.​Андрушка, І.​Габай і інш.). У канцы 1990-х г. змены жанравага зместу прозы за кошт фалькларызацыі суправаджаліся паглыбленнем лірычнага пачатку. Маральна-філас. пошукі вядуцца ў межах сінтэзу рамана і міфа, легенды, прытчы, балады, драмы і камедыі (В.​Шыкула, М.​Валек, О.​Заграднік, Я.​Солавіч і інш). На бел. мове выдадзены «Чэшскія і славацкія апавяданні» (1958), зб-кі апавяд. «Апошні вераснёвы дзень» (1982), «Разбуджаны голас» (1988), «Соль зямлі» (1992), вершаў «Татры пяюць» (1976), «Славацкая паэзія» (1990), казак «Дванаццаць месяцаў» (1956), «У сонейка ў гасцях» (1958), творы Крно («Я вярнуся жывы», 1960), Мінача («Жывыя і мёртвыя», 1961), Г.​Зелінавай («Якубка», 1962), Шыкулы («Канікулы з дзядзькам Рафаэлем», 1972), К.​Ярункавай («Брат маўклівага ваўка», 1976), Валека («Крылы», 1978), М.​Галямавай («Пра сініцу з какосавага доміка», 1979), Грушаўскага («Янашык», 1980), Э.​Гашпаравай («Цяжка быць мустангам», 1981), Р.​Морыца («Выбух», 1984). Сярод перакладчыкаў на бел. мову: Я.​Бяганская, У.​Дамашэвіч, Х.​Жычка, У.​Караткевіч, Я.​Каршукоў, А.​Мажэйка, П.​Макаль, С.​Міхальчук і інш.

Архітэктура. У 1—2 ст. на тэр. С. ўзніклі стараж.-рым. крэпасці. У 9—12 ст. будавалі замкі з хрысц. капэламі (у Браціславе, Бойніцах, Турчанска-Бістрыцы, Спішскі-Градзе), вакол якіх з 13 ст. раслі гарады. Да раманскага стылю належаць базіліка св. Эмерама ў Нітры (1200), 2-ярусная капэла-ратонда ў Скаліцы (12 ст.), 3-нефавая базіліка з 2-вежавым фасадам у Дзякаўцы (1228). З канца 13 ст. пашырана гатычная храмавая архітэктура, адметная нац. стрыманасцю: 3-нефавыя базілікі св. Лізаветы ў Кошыцах (1382—1499), св. Кацярыны ў Банска-Шцяўніцы (1491), сабор св. Марціна (14—15 ст.), Старая ратуша (13—15 ст.) у Браціславе. Для готыкі характэрны зальны тып храма (3-нефавы сабор св. Якуба ў Левачы, 14—15 ст.). Да вялікіх храмаў часам далучалі невял. капэлы з вытанчанымі прапорцыямі (капэлы Запольскіх у Спішска-Капітуле, 1488—93). Гатычныя замкі ўяўлялі сабой комплексы з унутр. дварамі, капэламі (у Стрэчне, 14—15 ст.; Зволен, 1361—16 ст.). Гарады мелі ўмацаванні, ратушную плошчу, элементы рэгулярнага плана (Бардзеёў, Левача, Трэнчын). Рэнесансавыя прыкметы звязаны пераважна са свецкай архітэктурай: жылыя дамы з атыкамі, парталамі, дваровымі галерэямі, размалёўкамі сграфіта (у Прэшаве, Левачы, Банска-Бістрыцы), ратушы ў Бардзеёве (1508—09), Левачы (1525—86) і інш. Рэспектабельны выгляд мелі познагатычныя ратушы, перабудаваныя ў рэнесансавым ключы (у Браціславе). У 17 ст. пашырыўся стыль барока: касцёлы ун-та ў Трнаве (1637—1700, арх. П.​Спеца), св. Тройцы (1717—35, арх. К.​Каневале, Ф.​А.​Хілебрант, І.​Б.​Фішэр фон Эрлах), св. Альжбеты (1739—42), кляштарны комплекс у Ясаве (1765, арх. абодвух А.​Пільграм). Канстр.-вобразнае вырашэнне набыла нар. драўляная архітэктура (касцёлы ў Тврдошыне, Фрычцы і інш.). Ад рэспектабельна-ўрачыстых да стрымана-вясковых будаваліся замкі і палацы (палац Грасалкавіча ў Браціславе, 1760, цяпер рэзідэнцыя прэзідэнта; замкі ў Маркушаўцы і Банска-Шцяўніцы і інш.). У стылі барока перабудаваны некат. гатычныя абарончыя вежы, касцёлы ў Браціславе, Нітры і інш. З 1770-х г. развіваўся класіцызм, найперш у рэспектабельных палацах (прымаса ў Браціславе, 1781, арх. М.​Хефеле). Характэрныя былі т.зв. рэдуты з функцыямі атэляў, т-раў, корчмаў (у Ельшаве, Кежмараку і інш.). Вылучаўся класіцыстычны будынак пратэстанцкага сабора ў Банска-Бістрыцы (1807, арх. М.​Полак). З сярэдзіны 19 ст. будавалі ў гіст. стылях (Славацкі нац. т-р у Браціславе, 1884—86, арх. Ф.​Фельнер і Г.​Гельмер). Пад уплывам сецэсіі працаваў арх. Д.​Юркавіч (грамадскі дом у Скаліцы, 1904). Пабудовы пач. 20 ст. ў стылях канструктывізму, неакласіцызму і нар. традыцыях: атэль «Карлтан-Савай» (1928), вышынны будынак «Мандарла», санаторый у Трэнчанске-Цепліцы (1930-я г.). Сярод збудаванняў 2-й пал. 20 ст. зімовы стадыён (1963), мост цераз Дунай (1972) у Браціславе, помнік нац. паўстанню ў Банска-Бістрыцы (1970) і інш.

З 1990-х г. архітэктура С. выпрацоўвае праграму добраўпарадкавання гар. і сельскага асяроддзя. Паводле плана пераўтварэння краіны ў цэнтр культ. сувязей і міжнар. турызму будуюцца атэлі і турыстычныя комплексы, упарадкоўваюцца і мадэрнізуюцца курортныя мясціны. Сучасная свецкая і культавая архітэктура адметная эстэт. культурай, імкненнем да прастаты і функцыянальнасці. Горад-запаведнік Банска-Шцяўніўца і ансамбль сярэдневяковых умацаванняў Спішскі-Град уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. У 1945 засн. Т-ва славацкіх архітэктараў.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва на тэр. С. вядомы з эпох палеаліту, неаліту (статуэткі жывёл і людзей, упрыгожанні) і бронзавага веку: Выяўлены творы кельтаў, сарматаў, авараў, протаславян і стараж. славян. Вытокі мастацтва С. ў культуры Вялікамараўскай дзяржавы. У 13—15 ст. пашыраны скульпт. элементы арх. дэкору. Раннім насценным размалёўкам у плоскаснай лінеарнай манеры ўласцівы паўн.-італьян. ўплывы (фрэскі касцёла ў Дэхтыцэ, каля 1175) і рысы рамана-візант. стыляў (фрэскі касцёла ў Драўцэ, пач. 14 ст.). У дэкоры касцёлаў канца 14 — пач. 15 ст. адчуваецца ўздзеянне П.​Парлера. Статуі мадоннаў сярэдзіны 14 ст. блізкія да франц. гатычнай пластыкі, на мяжы 14—15 ст. набылі рысы «мяккага стылю». У жывапісе ўмоўнасць выяў змянялася набліжэннем да рэальнасці (размалёўкі касцёла ў Жэгры з жанравымі матывамі, каля 1400), у насценным і алтарным жывапісе пач. 15 ст. — да выяўлення прасторы і індывідуалізацыі вобразаў (алтар касцёла ў Гронскі-Бенядзіку). У канцы 15 — пач. 16 ст. дасягнула росквіту драўляная алтарная скульптура, у якой познагатычныя традыцыі спалучаліся з рысамі Адраджэння. Вядучым майстрам скульптуры быў Павел з Левачы (Вял. алтар сабора св. Якуба ў Левачы, 1508—15). У пач. 16 ст. ў жывапісе майстра «MS» праявіліся рысы дунайскай школы. У 16 ст. пашырылася рэнесансавая скульптура з гатычнымі рысамі, у якой прасочваліся аўстр. ўплывы (алтар касцёла ў Юры каля Браціславы, 1527). Ствараліся рэнесансавыя надмагіллі і круглая дэкар. скульптура («Фантан Роланда» перад ратушай ў Браціславе, 1527). Жывапіс Адраджэння прадстаўлены пераважна арнаментальнымі мініяцюрамі і сграфіта, якімі пакрывалі фасады дамоў, замкаў, званіц. Ва ўсх. С. быў пашыраны іканапіс у познавізант. стылі. У эпоху барока панавала пышная дэкар. скульптура са стука. З каменю і мармуру выкананы манум. арх.-скульптурныя алтары (гал. алтар сабора ў Браціславе, 1732—34, аўстр. скульптар Р.​Донер). У канцы’ 18 ст. з’явілася свецкая партрэтная скульптура. У жывапісе 17—18 ст. пераважалі італьян., нідэрл. і аўстр. ўплывы. Фрэскі з ілюзіяністычнымі эфектамі выконвалі аўстр. майстры (П.​Трогер, Ф.​Маўльберч). Сярод нешматлікіх мясц. мастакоў — Я.​Богдан, С.​Генрых, Я.​Купецкі. Сярод вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 15—18 ст. — метал. (часта з перагародчатай эмаллю), фаянсавыя, разьба па дрэве, вышыўка і ткацтва. У партрэтным жывапісе пач. 19 ст. класіцызм спалучаўся з рысамі бідэрмееру. Класіцыстычным пейзажам уласцівы рамант. тэндэнцыі (нац. па матывах работы К.​Л.​Лібая, А.​Бродскага, Л.​Нюлашы). У перыяд. уздыму рэв. і нац.-вызв. руху ствараліся рамант. па кампазіцыі партрэты сучаснікаў, герояў вызв. барацьбы (П.​Богунь, І.​Б.​Клеменс). У канцы 19 — пач. 20 ст. дасягнуў росквіту жанравы жывапіс, у якім рэаліст. рысы, каларыстычныя і пленэрныя пошукі спалучаліся з элементамі акадэмізму (В.​Андзьяла, Д.​Скуцецкі, І.​Ганула). Рэаліст. і сац.-крытычныя тэндэнцыі ўласцівы творам скульптара Я.​Коньярака. У фарміраванні нац. школы жывапісу 20 ст. вял. роля належыць М.​Бенку, М.​Базаўскаму і Я.​Алексі, якія развівалі традыцыі постімпрэсіянізму. Рысы фавізму, кубізму і элементы нар. творчасці спалучалі жывапісцы і графікі М.​Галанда і Л.​Фула, сац.-крытычнай скіраванасцю вызначаліся творы графіка К.​Сокала, жывапісца К.​Баўэра, скульпт. Ф.​Гібалы. У 1939—45 экспрэсіўныя драм. кампазіцыі антыфаш. тэматыкі стваралі жывапісцы і графікі В.​Гложнік, Я.​Жэлібскі, Ц.​Маернік, Ю.​Немчык, скульптар І.​Костка, неакласіцыстычныя творы — скульпт. Ю.​Горавая-Ковачыкава і інш.

З 1950-х г. пашырыліся творы на тэмы нац.-вызв. барацьбы і працы, індустр. пейзажы (графікі Гложнік, Р.​Дубравец, жывапісцы Бенка, Жэлібскі, Б.​Хофштэтэр, скульптары Костка, Ц.​Бартфай), абагульненыя сцэны нар. жыцця і вобразы сялян (Алексі, Базаўскі, Фула, Немчык, В.​Хмель, М.​Чэхава), партрэтны жывапіс (Ф.​Драшкавіч, Гібала), камерная станковая пластыка (Я.​Куліх, А.​Трызуляк), манум.-дэкар. скульптура (Костка, Куліх, Трызуляк). У 2-й пал. 20 ст. абстрактны экспрэсіянізм, неакубізм, сюррэалізм і інш.; развівалі Ю.​Бартфай, Л.​Гударна, В.​Жылінчанава, У.​Компанек, Р.​Крываш, М.​Лалуха, М.​Паштака, Л.​Сламка, Ф.​Студзены, П.​Тот, Л.​Чэміцкі, В.​Хложнік, М.​Якабчыц, Ю.​Якабы. У дэкар.-прыкладным мастацтве пашыраны габелены, вітражы, кераміка, маст. апрацоўка металу і інш.

Музыка. У муз. фальклоры С. вядомы балады, лірычныя, эпічныя, быт. і абрадавыя песні, пераважна аднагалосыя, з развітой мелодыкай, рытмічнай разнастайнасцю. У 13 ст. з’явіліся т.зв. разбойніцкія песні («разбойнікі» — змагары за правы народа), у 15 ст. — гусіцкія песні, у 16 ст. — гіст., у 18 ст. — песні куруцаў (удзельнікі антыфеад. паўстанняў), у 19 ст. — новавенгерскія. У аснове стараж. мелодый розныя віды тэтрахордаў, часцей мажорныя. Характэрны рэгіянальныя адрозненні. Сярод муз. інструментаў: гайда (валынка), пастухоўскія дудкі, фуяра і інш. Распаўсюджаны танцы: адземок (пастухоўскі тыпу казачка), каламыйкі, фрышка (тыпу кракавяка). Пачатак кампазітарскай творчасці ў 15 ст. дала культавая поліфанічная хар. музыка (Ю.​Банаўскі, Т.​Лнтнер). У вак. і вак.-інстр. творах 17 ст. адчувальны ўплывы ням. і італьян. барока (З.​Заравуціус, Я.​Кусер, І.​Шымбрацкі і інш.), развіваюцца свецкія жанры (п’есы для лютні, вёрджынела, танц. сюіты). У 18 ст. пашырыліся царк. і свецкія муз. жанры (кантаты, арыі), францысканская пастараль, звязаная з нар. песняй (П.​Баян, Э.​Пасха), уплывы венскай класічнай школы. З пач. 19 ст. вырасла цікавасць да нар. песні, фарміруецца нац. муз. культура. Адзін з заснавальнікаў нац. муз. школы — Я.​Бела (опера «Віланд», паст. 1926; сімф. паэма «Лёс і ідэал», 1874). Развіццё нац. школы звязана з творчасцю Ф.​Кафенды, М.​Мойзеса, В.​Фігуша-Бістры, М.​Шнайдэр-Трнаўскага. У Браціславе створаны оперная трупа Славацкага нац. т-ра (1919), хар. і інш. выканальніцкія калектывы, муз. школа (з 1919; з 1927 Муз. і драм. акадэмія). Уклад у муз. мастацтва С. 20 ст. зрабілі: кампазітары М.​Базлік, І.​Зельенка, А.​Очанаш, Э.​Сухань, Я.​Цыкер; дырыжоры О.​Ленард, Л.​Райтар, Л.​Словак; піяністы К.​Гаўлікава, М.​Дапшанскі; скрыпачы Т.​Гашпарак, П.​Міхаліца; спевакі Г.​Бенячкава, Ш.​Гоза, Э.​Кітнарава, М.​Чэсанёва; музыказнаўцы Л.​Бурлас, Л.​Мокры, З.​Новачак і інш. У С. працуюць: Усходнеславацкі нац. т-р у Кошыцах (з 1945), Славацкая філармонія з сімф. аркестрам і хорам (з 1949), Дзярж. камерны аркестр у г. Жыліна і Славацкі камерны аркестр (з 1960), ансамбль нар. песні і танца «Лучніца» (з 1948) і інш.; кансерваторыя (з 1941), Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў з муз. факультэтам (з 1949), Ін-т музыказнаўства Славацкай АН (з 1951, усе ў Браціславе). Праводзіцца Міжнар. муз. фестываль «Браціслаўская ліра». У 1955 створаны Саюз кампазітараў С.

Тэатр. Першыя тэатр. прадстаўленні ў С., звязаныя з рэліг. рытуаламі, ставіліся на ням., лац., венг., чэшскай мовах. Пашыранымі былі выступленні вандроўных акцёраў на плошчах гарадоў (у 12 ст. забараняліся сінодам). У сярэдневякоўі ўзнікла рэліг. драма (звесткі пра рэліг. спектаклі ў Браціславе і Бардзеёве датуюцца 1439). Першая свецкая п’еса пастаўлена ў 1536 у Браціславе. У 15 — пач. 16 ст. з’явілася школьная драма (школьныя т-ры ў Бардзеёве, Прэшаве, Крэмніцы, Банска-Бістрыцы), ставіліся і творы ант. аўтараў. У эпоху барока дасягнула росквіту езуіцкая драма (Трнава, Скаліца, Трэнчын, Браціслава, Прэшаў, Банска-Бістрыца і інш.). З 17 ст. прадстаўленні адбываліся ў спец. тэатр. залах, з 18 ст. — спец. дамах для т-раў (у 1740 у Браціславе пабудаваны першы 3-павярховы т-р). У пач. 19 ст. ўзнік аматарскі т-р (у 1830 адбылося першае публічнае прадстаўленне на славацкай мове гуртка ў Ліптаўскі-Мікулашы). У 1890 у Марціне пабудаваны Нац. дом, дзе перыядычна ставілі аматарскія спектаклі. У 1920 у Браціславе створаны першы прафес. т-р — Славацкі нац. т-р (засн. Я.​Борадач, А.​Багар, Г.​Кела, О.​Орсагава, Г.​Мелічкава; да 1932 спектаклі на чэш. мове, пазней арганізавана славацкая трупа). У 1940-я г. сетка прафес. тэатр. калектываў пашырылася, створаны Т-р Славацкага нац. паўстання ў Марціне, Славацкі т-р у Прэшаве (абодва 1944), Новая сцэна ў Браціславе (1946) і інш. З 1960-х г. развіваецца мастацтва лялечнага т-ра (Дзярж. лялечны т-р у Браціславе, Стары т-р у Нітры, «На перакрыжаваннях» у Банска-Бістрыцы, т-ры ў Кошыцах, Жыліне). Славацкі нац. т-р мае драм., оперную і балетную трупы. Працуюць таксама драм. т-ры: Астарка Корза’90 у Браціславе, Андрэя Багара ў Нітры, Дзярж. т-р у Кошыцах, Трнаўскі т-р, тэатры І.​Таяўскага ў Зволене, І.​Забарскага ў Прэшаве; укр. т-р у Прэшаве, венг. ў Комарне. Праводзяцца міжнар. фестывалі: «Дзівадзельна Нітра», пантамімы ў Браціславе, нетрадыц. т-раў у Пежзінаку, славацкіх лялечных т-раў у Банска-Бістрыцы і інш. Тэатр. кадры рыхтуюць Тэатр. ін-т, Акадэмія музыкі і драм. мастацтва ў Браціславе, Акадэмія мастацтваў у Банска-Бістрыцы.

Кіно С. ўзнікла і развівалася як частка агульнай экраннай культуры чэхаў і славакаў. У 1920—30-я г. кінадакументалісты з Прагі здымалі ў С. відавыя фільмы пейзажаў Татраў і фалькл. замалёўкі: «Славацкія танцы і спевы» (рэж. Я.​Палаўш), «Па гарах, па долах» і «Зямля спявае» (рэж. К.​Пліцка). У 1921 з чэш. кінематаграфістамі пастаўлены першы славацкі нямы фільм «Янашык» (рэж. Я.​Сіякель і Ф.​Горлівы). У 1939—45 увоз чэш. фільмаў у С. быў забаронены. У 1940 створана кінаарганізацыя «Наступ», падпарадкаваная берлінскай студыі «УФА» (пракат і выпуск прапагандысцкіх фільмаў). У 1945 кінапрамысловасць нацыяналізавана; у Браціславе створана Студыя славацкага маст. кіно «Коліба». У 1947 пастаўлены першы поўнаметражны славацкі фільм «Сцеражыся» (рэж. М.​Фрыч) пра лёс славакаў-эмігрантаў у Амерыцы. У 1948 заснавальнік славацкага кіно, акцёр кіно і т-ра, сцэнарыст і рэжысёр П.​Біелік зняў драму «Воўчыя норы» пра Славацкае нац. паўстанне. Цікавасць да гісторыі народа, да яе легендарных герояў выявілася ў каляровай дылогіі Біеліка «Янашык I—II» (у сав. пракаце «Горныя мсціўцы», 1962—63). Славацкія кінарэжысёры стварылі адметныя экранізацыі твораў П.​Ілямніцкага («Неўзаранае поле», 1953, рэж. У.​Багна; «Браты», 1961, рэж. А.​Летрых), Я.​Калінчака («Дваранскі гонар», 1957, рэж. Багна), Ф.​Гечака («Драўляная вёска», 1955, рэж. Летрых), А.​Чэхава («Іванаў», 1963, рэж. І.​Будскі) і інш. Тэме вайны як маральнаму выпрабаванню чалавека ў вострадрам. сітуацыях прысвечаны фільмы Біеліка «Сорак чатыры» (1957), «Капітан Дабач» (1959), П.​Солана «Баксёр і смерць» (1969) і інш. У 1960-я г. тэматыка і жанравая палітра фільмаў пашырылася, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў; С.​Барабаш («Песня пра шызага голуба», 1961), І.​Крэйчык («Паўночная імша», 1962) і інш. Да тэм сучаснасці, духоўных пошукаў моладзі звяртаюцца рэжысёры М.​Голы («Шлях воранаў», «Справа для адваката»), Э.​Грэчнер («У кожным тыдні сем дзён»), І.​Медвед («Кадрыль», «Выпрабаванне кахання», «Юнацтва атамана», «Тройчы настае світанак», «Не для мяне іграюць блюз»). Ш.​Угер абнаўляе кінамову, надае фільмам гукапластычную выразнасць («Было такое сяброўства», «Сонца ў. сетцы», «Мы з 9 «А», «Орган»). У 1972 створаны сумесны славацка-бел. фільм «Заўтра будзе позна...» («Ян Налепка», рэж. А.​Карпаў і М.​Цяпак). Творчы пошук спрыяў самаідэнтыфікацыі славацкага кіно, якое звяртаецца да нац. культ. традыцый; з 1980-х г. усё больш выразна выяўляюцца яго тэматычныя і стылістычныя своеасаблівасці (рэж. Д.​Ганак, З.​Заган, Я.​Якубіска і інш.).

Літ.:

Краткая история Чехословакии. М., 1988;

Коровицына Н. Агония соцмодернизации: Судьба двух поколений двух европ. наций. М., 1993;

История словацкой литературы. М., 1970;

История литератур западных и южных славян. М., 1997;

Шумов С.А., Андреев А.Р. История Словакии, V—XX вв. М., 2000.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Л.​Л.​Міхайлоўская, Н.​А.​Дарук (гісторыя), І.​Г.​Елісееў (узброеныя сілы), А.​У.​Вострыкава (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура, тэатр), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Л.​А.​Шымановіч (музыка), В.​Ф.​Нячай (кіно).

Герб і сцяг Славакіі.
Да арт. Славакія. Горнае возера ў Татрах.
Да арт. Славакія. Высокія Татры зімой.
Да арт. Славакія. Узбярэжжа р. Дунай у Браціславе.
Да арт. Славакія. Замак у Бойніцах.
Да арт. Славакія. Касцёл Архангела Міхаіла ў Фрычцы.
Да арт. Славакія. Ратуша ў Левачы.
Да арт. Славакія. Новы касцёл у Дудзінцах. 1990-я г.
Да арт. Славакія. Рэзідэнцыя Прэзідэнта (былы палац Грасалкавіча) у Браціславе.
Да арт. Славакія. Атэль «Геліяс» на курорце Штрбске-Плеса.
Да арт. Славакія. Павел з Левачы. Апостал Якуб. 1508—15.
Да арт. Славакія. Л.​Нюлашы. Перад навальніцай. Каля 1880.
Да арт. Славакія. К.​Сокал. Па́ра. 1932.
Да арт. Славакія. І.​Костка. Смутак. 1943.
Да арт. Славакія. Л.​Гударна. Дзяўчына. 1959.
Да арт. Славакія. Будынак Славацкага нацыянальнага тэатра.

т. 14, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)