КРО́МЛЕХ (ад брэтонскага crom круг + lech камень),
адзін з відаў мегалітычных пабудоў неаліту і бронзавага веку. Звычайна К. складаюць вял. (6—7 м у вышыню) вертыкальна размешчаныя камяні, якія ўтваралі адзін ці некалькі канцэнтрычных кругоў вакол пляцоўкі, дзе ў сярэдзіне знаходзіўся дальмен або менгір. Часам К. дасягаюць 100 м у дыяметры. Вядомы ў Еўропе, Азіі і Амерыцы. Найб. пашыраны ў Францыі, Вялікабрытаніі, у Скандынавіі і Закаўказзі. Лічаць, што К. звязаны з культам сонца і з’яўляюцца яго храмамі. Найб. вядомы К. Стонхендж (Вялікабрытанія) і каля Карнака (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТКА (Іван Антонавіч) (14.6.1935, б. маёнтак Масаляны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 23.8.1999),
бел.паэт. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1967). З 1954 жыў у Маскве. Друкаваўся з 1957. Паэтызацыя працы як крыніцы чалавечага хараства — лейтматыў яго творчасці. Лірыцы Л. характэрна абвостранае, эмацыянальнае ўспрыняцце прыроды. Яркая метафарычнасць спалучана з рэаліст. канкрэтнасцю назіранняў. У паэме «Каліноўцы» (1974) стварыў вобразы сялян — паўстанцаў 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПСКІ (Юрый Навумавіч) (22.11.1909, г. Дуброўна Віцебскай вобл. — 24.1.1978),
расійскі астраном. Д-рфіз.-матэм.н. (1963). Скончыў Маскоўскі ун-т. З 1945 у Астр. ін-це імя П.К.Штэрнберга. Навук. працы па фізіцы Сонца, Месяца і планет. Пад яго кіраўніцтвам створаны «Атлас адваротнага боку Месяца» (ч. 1—3, 1960—75). Працаваў над выкарыстаннем тэлевізійных сістэм у астраноміі. Яго імем названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Тв.:
Каталог кратеров Марса и статистика кратеров Марса, Меркурия и Луны. М., 1977 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУСПЯКА́ЕЎ (Павел Барысавіч) (20.4. 1927, г. Луганск, Украіна — 17.4.1970),
расійскі акцёр. Засл. арт. Расіі (1965). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1950). Працаваў у рус. т-рах Тбілісі і Кіева. У 1959—64 у Ленінградскім Вял.драм. т-ры. Акцёр моцнага тэмпераменту. Яго творчасць вылучалася глыбокай арганічнасцю, эмацыянальнай яркасцю. Сярод роляў: Чаркун («Варвары» М.Горкага), Нагульнаў («Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава) і інш. З 1955 у кіно. Зняўся ў фільмах: «Балтыйскае неба» (1961), «Капронавыя сеткі» (1963), «Рэспубліка ШКІД» (1966), «Белае сонца пустыні» (1970).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Янка) (Іван Данілавіч; 25.5.1917, в. Мінкавічы Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 3.7.1969),
бел.паэт. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1940). У Вял.Айч. вайну сувязны партыз. брыгады імя Кірава Мінскай вобл. Настаўнічаў у Дзяржынску, Мар’інай Горцы, Асіповіцкім р-не, працаваў у выд-ве «Народная асвета». Друкаваўся з 1936. Аўтар зб-каў вершаў «Мера любві» (1958), «Позні паром» (1967). Паэзія Н. грунтуецца на жыццёвай канкрэтнасці, знітавана з чалавекам працы, прасякнута любоўю да роднай зямлі і прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРНІКО́ВЫ ЭФЕ́КТу атмасферы планет,
награванне ўнутраных слаёў атмасферы (Зямлі, Венеры і інш. планет са шчыльнымі атмасферамі), абумоўленае празрыстасцю атмасферы для асн. часткі выпрамянення Сонца (у аптычным дыяпазоне) і паглынаннем атмасферай асн. (інфрачырвонай) часткі цеплавога выпрамянення паверхні планеты, нагрэтай Сонцам. Павышае сярэднюю т-ру паверхні і атмасферы планеты, памяншае розніцу паміж дзённымі і начнымі т-рамі. У выніку антрапагенных уздзеянняў колькасць вуглякіслага газу (і інш. газаў, якія паглынаюць выпрамяненне ў інфрачырвоным дыяпазоне) у атмасферы Зямлі паступова павялічваецца, што, на думку некаторых вучоных, можа прывесці да глабальных змен клімату Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
С,
дзевятнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай С («слова»), утворанай на аснове грэка-візант. Ϛ («сігма»), У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гукі «с», «с’» («столъ», «сила»), У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія фрыкатыўныя пярэднеязычныя зычныя гукі «с», «с’» («сонца», «сяло», «сала»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎПТМАН ((Hauptmann) Герхард) (15.11.1862, Оберзальцбрун, цяпер г. Шчаўна-Здруй, Польшча — 6.6.1946),
нямецкі пісьменнік. Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у г. Брэслаў, Іенскім ун-це, вывучаў скульптуру ў Рыме (1883—84). З пазіцый натуралізму напісаны яго драмы «Перад усходам сонца» (1889), «Свята перамір’я» (1890); «Адзінокія» (1891), сац. п’есы «Возчык Геншэль» (1898), «Роза Бернд» (1903), «Пацукі» (1911) і сац.-гіст. драма «Ткачы» (1892; пра паўстанне сілезскіх ткачоў 1844). Аўтар сатыр. камедыі «Бабровае футра» (1893), гіст. трагедыі «Фларыян Геер» (1896; пра сял. паўстанне 1524—25). Цікавасць да гіст. і міфалагічных тэм, цяга да ірацыяналізму ў драмах «Зімовая балада» (1917), «Белы выратавальнік» (1920), раманах «Юродзівы Эмануэль Квінт» (1910), «Ерэтык з Сааны» (1918), «Востраў Вялікай маці» (1924). Драма «Перад захадам сонца» (1932) сцвярджае гуманіст. ідэалы. Аўтар аўтабіягр. тэтралогіі ў вершах «Атрыды» (выд. 1941—48) на сюжэт грэч. легенды. Яго негатыўныя адносіны да нацыянал-сацыялізму выявіліся ў фантаст. паэме «Вялікі сон» (1942). Нобелеўская прэмія 1912. П’есы Гаўптмана ставіліся на Беларусі: «Эльга» — т-рам імя Я.Купалы (1926), «Ткачы» — на Бел. тэлебачанні (1970).
Тв.:
Рус.пер. — Полн. собр. соч.Т. 1—14. М., 1910—12;
Пьесы. Т. 1—2. М., 1959.
Літ.:
Сильман Т. Герхард Гауптман, 1862—1946. Л.;
М., 1958;
Герхард Гауптман: Библиогр. указ. рус. переводов и критич. лит. на рус. яз. (1891—1983). Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТАРЫ́ЧНЫЯ ФІГУ́РЫ,
стылістычныя прыёмы ў празаічнай і вершаванай мове, якія павышаюць эмацыянальнасць выказвання. Сустракаюцца ў творах стараж.бел. л-ры («словы» Кірылы Тураўскага, «Трэнас» М.Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), фальклоры. Шырока ўжываюцца ў публіцыстыцы, грамадз. і медытатыўнай лірыцы, эпісталярных творах; адсутнічаюць у дзелавой і навук. мове. У сучасным літ.-знаўстве паняццем Р.ф. карыстаюцца ў дачыненні да 3 стылістычна-інтанацыйных прыёмаў: рытарычнага воклічу, рытарычнага звароту, рытарычнага пытання. Праз рытарычны вокліч пэўнае паняцце сцвярджаецца эмацыянальнай, паэтычна-ўзнёслай інтанацыяй.
О вясна! Таполі! Свеце мілы! Сонца німб! Аблокі! Сад! Рака!
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака.
(У.Караткевіч. «О вясна! Таполі! Свеце мілы!»)
Рытарычны зварот не патрабуе непасрэднага водгуку названых асоб ці прадметаў на заклік або дзеянне. Пашыраны ў фальклоры, дзе часта выконвае ролю запеву, стварае адпаведны эмацыянальны настрой:
Зелле маё ды зялёнае. Старана мая ды вясёлая.
Не магу цябе пазабыціся.
Уначы сплючы, а ўдзень робячы...
(Бел. народная песня)
У пісьмовай л-ры рытарычны зварот вядомы з часоў «Слова пра паход Ігаравы»: «О светлае сонца, прасветлае! Усім ты нясеш і цяпло і красу!» (пераклад Я.Купалы). Пры рытарычным пытанні пэўная думка сцвярджаецца ў пытальнай форме, перадае аўтарскую ўзрушанасць, захапленне або павышаную цікавасць да з’явы, падзеі, прадмета. Нярэдка сустракаецца ў нар. паэзіі.
Пярсцёначкі залатыя. Ці бочкі вамі набіваці?
Да сукенкі мае дарагія. Ці пнёўя вамі ўбіраці?
Палаценцы мае белыя. Ці горы вамі ўсцілаці?
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЕНТА́ЦЫЯкасмічнага апарата,
1) зададзенае вуглавое становішча касмічнага апарата (КА) адносна нябесных целаў, сілавых ліній магнітнага і гравітацыйнага палёў або іншых напрамкаў у прасторы.
2) Кіраванне вуглавым рухам КА на ўчастку свабоднага палёту — наданне яго восям пэўнага становішча адносна зададзеных напрамкаў. Бывае аўтаматычная і ручная. Арыентацыя залежыць ад прызначэння КА: пры даследаваннях нябесных целаў з борта КА неабходна яго арыентаваць на адпаведны аб’ект; ШСЗ, які выкарыстоўваецца для сувязі і мае накіраваныя антэны, арыентуюць на зямныя пункты сувязі; КА з сонечнымі батарэямі арыентуюць рабочай паверхняй батарэй на Сонца; збліжэнне некалькіх КА патрабуе іх узаемнай арыентацыі.