ГАЛО́СНЫЯ ГУ́КІ,

гукі мовы, пры ўтварэнні якіх паветра свабодна праходзіць праз поласць рота. У акустычных адносінах гэта муз. тоны з нязначнымі шумамі. Кожны галосны гук у залежнасці ад формы, набытай поласцю рота і поласцю глоткі (рэзанатары) пры яго вымаўленні, мае пэўную колькасць уласных тонаў, якія наз. характэрнымі тонамі галоснага ці яго фармантамі. Сукупнасць тонаў утварае тэмбр; ім галосныя адрозніваюцца адзін ад аднаго. Агульныя анатама-фізіял. ўмовы ўтварэння галосных гукаў: адсутнасць у маўленчым апараце якіх-н. значных перашкод, што маглі б спрыяць узнікненню шуму; слабая паветраная плынь; напружанасць усіх органаў маўлення. За найб. зручную навук. класіфікацыю прынята лічыць анатама-фізіял., ці генетычную, заснаваную на стане артыкуляцыйных органаў. Асн. ролю пры ўтварэнні галосных гукаў выконваюць губы, язык, мяккае паднябенне.

Паводле актыўнасці-пасіўнасці губ бел. галосныя гукі падзяляюцца на губныя, ці лабіялізаваныя («о», «у»), і негубныя, ці нелабіялізаваныя («і», «ы», «э», «а»). У залежнасці ад стану языка па гарызанталі — на 3 групы: пярэдняга рада («і», «э»), сярэдняга, ці мяшанага, рада («ы», «а»), задняга рада («у», «о»). Паводле руху языка па вертыкалі — на ступені пад’ёму: верхняга пад’ёму, ці закрытыя, вузкія («і», «ы», «у»); сярэдняга пад’ёму («о», «э»); ніжняга пад’ёму, ці адкрытыя, шырокія («а»). У залежнасці ад стану мяккага паднябення — на ротавыя, ці неназалізаваныя (усе галосныя гукі сучаснай бел. мовы), і насавыя, ці назалізаваныя (Ѫ, Ѧ у стараслав., ą, ę; у польск., ɑ̃, ɛ̃ у франц. мове).

Літ.:

Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова: Фанетыка і фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Мн., 1985.

Л.​П.​Падгайскі.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШНО́ВЫЯ ЗО́РКІ,

зоркі, якія характарызуюцца гіганцкімі ўспышкамі — скачкападобным павелічэннем бляску ў сотні мільёнаў разоў; крыніцы касм. прамянёў.

Успышкі зорак назіраліся з глыбокай старажытнасці. Вывучэнне іх пачата Ц.Браге, які апісаў успышку зоркі ў сузор’і Касіяпеі ў 1572. Зараз фатаграфічна зарэгістравана больш за 300 успышак З.з. у інш. галактыках. З.з. ўспыхваюць у розных галактыках прыблізна 1 раз у 360 гадоў. Пры ўспышцы З.з. яркасць яе за 10—20 сутак робіцца параўнальнай з сумарнай яркасцю ўсёй зорнай сістэмы — галактыкі, унутры якой знаходзіцца гэтая зорка. Агульная энергія, што выпрамяняецца за час успышкі, перавышае 10​48 эрг. Успышка адбываецца, калі зорка зыходзіць з галоўнай паслядоўнасці Герцшпрунга—Рэсела дыяграмы і ўступае ў заключны этап эвалюцыі. Да выбуху З.з. прыводзіць гравітацыйны калапс. Пасля выбуху цэнтр. частка зоркі становіцца нейтроннай зоркай, а рэчыва знешніх слаёў выкідваецца са скорасцю ў некалькі тысяч кіламетраў за секунду і ўтварае газавую туманнасць (гл., напр., Крабападобная туманнасць). Па характары змены бляску і спектра З.з. падзяляюць на 2 тыпы. Да 1-га тыпу адносяцца вельмі старыя зоркі (да выбуху), маса якіх параўнальная з сонечнай. Паніжэнне бляску пасля максімуму праходзіць раўнамерна, спектры складаюцца з вельмі шырокіх палос. 2-і тып; маладыя зоркі з масай у 10 разоў большай за сонечную, вял. разнастайнасць у характары зніжэння бляску пасля максімуму, палосы ў спектрах ствараюцца выпрамяненнем атамаў H, He, N і інш.

Літ.:

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПА́ЦКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

паўночна-ўсх. адгалінаванне Альпійскай геасінклінальнай вобласці Еўропы ў выглядзе дугападобнай сістэмы складкавых гор (Карпаты). Падзяляецца на шэраг вял. структур, размежаваных насовамі: Перадкарпацкі перадавы прагін, Вонкавыя (Флішавыя) Карпаты, Унутраныя Карпаты, Закарпацкі тылавы прагін і Панонская ўпадзіна (Вял. Венгерская нізіна), якая не адносіцца да ўласна Карпат. Перадкарпацкі прагін прылягае да паўд.-зах. ускраіны Усх.-Еўрапейскай платформы, запоўнены неагенавымі маласамі, падзяляецца на вонкавую, цэнтр. і ўнутр. зоны. Унутр. і цэнтр. зоны маюць складаную структуру з лускападобных дыслакацый; уяўляюць сабой буйныя покрывы, насунутыя на 15—20 км на вонкавую зону, якая стварылася ў канцы неагену і мае ступеньчаты фундамент. Вонкавыя Карпаты складзены з мелавых і палеагенавых флішаў (магутнасць 4—5 км), уяўляюць сабой сістэму лінейных, разарваных насовамі лускападобных складак (скіб), павернутых і насунутых на Перадкарпацкі прагін у перадміяцэнавы перыяд. Вонкавыя і Унутр. Карпаты аддзелены зонай вял. глыбіннага насову. Ва Унутр. Карпатах на тэр. Украіны вылучаецца Мармарошскі крышт. масіў, складзены з покрываў, якія сфарміраваліся ў сярэднемелавы час з рознаўзроставых метамарфічных парод. Перамяшчэнні покрываў на 15—20 км у напрамку Вонкавых Карпат. Унутр. Карпаты складаюцца таксама з маладых магматычных інтрузій, вапнякоў і даламітаў, насунутых у познамелавы час у форме вярховых покрываў. Уздоўж унутр. краю Карпацкай дугі праходзіць найб. ў Еўропе ўнутрыкарпацкі вулканічны пояс, які развіваўся ў міяцэн-плейстацэнавы перыяд. Складзены з андэзітаў, трахітаў, базальтаў, туфаў. Унутр. Карпаты ўтварылі фундамент Закарпацкага прагіну, запоўненага маласамі неагену, сярод якіх месцамі развіты салянакупальныя структуры. Закарпацкі прагін аддзелены ад Панонскай упадзіны Прыпанонскім глыбінным разломам.

А.​Ф.​Санько, Т.​Каліцкі.

т. 8, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

спецыялізаваная галіна прамысловасці, якая ўключае разведку, здабычу нафты і спадарожных ёй газаў, пач. падрыхтоўку нафты для яе транспарціроўкі і перапрацоўкі. Н.п. Беларусі грунтуецца на радовішчах у Гомельскай вобл. Прамысл. распрацоўка першага на Беларусі радовішча нафты пачалася ў 1965 (за год здабыта 39 тыс. т). У 1966—70 уведзены ў эксплуатацыю Асташкавіцкае, Вішанскае і Давыдаўскае радовішчы (усе Светлагорскі р-н). Да канца 1970-х г. разведаны 18 радовішчаў. Нафта ў іх залягае ў сярэдніх і малых радовішчах пл. ад 50 км² да 1—2 км². Дэбіт свідравін невялікі, асн. спосаб здабычы — помпавы. Эфектыўнасць нафтаздабычы абумоўлена высокай якасцю нафты, дастатковай гасп. асвоенасцю тэрыторыі. З усіх радовішчаў (іх больш за 30) па нафтаправодах нафта ідзе да Рэчыцкага і Асташкавіцкага, дзе праходзіць прамысл. падрыхтоўку (абязводжванне, абяссольванне, сепарацыя), потым падаецца ў нафтаправод «Дружба» і на нафтаперапрацоўчыя з-ды. За 1965—90 здабыта каля 90 млн. т нафты. У 1998 здабыта 1830 тыс. т (уключаючы газавы кандэнсат). Здабытай нафты для патрэб Беларусі не хапае, таму яна завозіцца з Расіі.

Сусв. запасы нафты складаюць больш за 130 млрд. т. Найб. запасы яе знаходзяцца ў Саудаўскай Аравіі, Кувейце, Расіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Іраку, Іране, дзе адпаведна сканцэнтравана значная частка Н.п. У Н.п. краін Блізкага, Сярэдняга і Далёкага Усходу, Лац. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі пануюць манаполіі ЗША і Вялікабрытаніі, на долю якіх прыпадае больш як палавіна здабычы і перапрацоўкі нафты.

Да арт. Нафтаздабыўная прамысловасць. Нафтапромысел у Рэчыцкім раёне.

т. 11, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАПРАВО́Д,

комплекс збудаванняў для перапампоўкі сырой нафты з раёнаў нафтаздабычы да месцаў перапрацоўкі. Складаюцца з трубаправодаў, нафтаперапамповачных станцый, сродкаў сувязі, дапаможных збудаванняў. Адрозніваюць Н. мясцовыя (на промыслах падаюць нафту на невял. адлегласці — ад месца здабычы да пунктаў збору і падрыхтоўкі), магістральныя (транспартуюць нафту на далёкія адлегласці — да месцаў перапрацоўкі), унутраныя (на нафтаперапр. з-дах).

Дыяметр труб Н. 60—1220 мм, рабочы ціск 0,7—8 МПа, скорасць руху нафты 0,9—2,6 м/с. Магістральныя Н бываюць даўжынёй некалькі тысяч кіламетраў (напр., Н. «Дружба» больш за 5 тыс. км, 1-я нітка яго ўведзена ў 1964, 2-я — у 1974). Трубаправоды магістральных Н. укладваюцца ў грунт, для засцярогі ад карозіі ўкрываюцца бітумнай масцікай, маюць таксама эл. сродкі засцярогі. Трубаправоды і інш. збудаванні для перамяшчэння прадуктаў перапрацоўкі нафты (бензіну, газы, дызельнага паліва і інш.) наз. нафтапрадуктаправодамі.

На тэр. Беларусі агульная працягласць магістральных Н. рознага дыяметра (630, 720, 820, 1020 мм) у аднаніткавым вылічэнні складае 2,9 тыс. км. Па мясцовых Н. нафта ад усіх радовішчаў (іх больш за 40) перапампоўваецца да ўстаноўкі прамысл. падрыхтоўкі нафты, дзе яна праходзіць абязводжванне, абяссольванне, сепарацыю і падаецца ў Н. «Дружба». Праз сістэму магістральных Н. «Дружба» расійская нафта транспартуецца ў краіны СНД (Украіна, Беларусь), Прыбалтыкі (Літва, Латвія — порт Вентспілс), Усх. і Зах. Еўропы (Польшча, Германія, Венгрыя, Чэхія, Славакія, Югаславія).

В.​А.​Вядзернікаў.

Схема магістральнага нафтаправода: 1 — нафтавы промысел; 2 — пункт збору і падрыхтоўкі нафты; 3 — помпавая станцыя; 4 — калодзеж з рэгулявальнымі прыстасаваннямі; 5 — размеркавальны пункт; 6 — нафтаперапрацоўчы завод.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛКА́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

паўвостраў на ПдУ Еўропы. Пл. 505 тыс. км². Працягласць з Пн на Пд каля 950 км, з З на У да 1260 км. Паўночная ўмоўная мяжа праходзіць ад Трыесцкага зал. да р. Сава і далей па Дунаі да яго вусця. Абмываецца з З Адрыятычным і Іанічным морамі, з У — Чорным, Мармуровым, Эгейскім морамі. Берагі моцна парэзаны бухтамі і залівамі, на Пд і ПдУ шмат астравоў. Большую ч. тэрыторыі займаюць нізкія і сярэднія горы — Дынарскае нагор’е, Пінд, Сербскае нагор’е, Стара-Планіна, Радопы і інш., найб. выш. 2925 м (г. Мусала, у гарах Рыла). Раўніны размешчаны на Пн (паўд. часткі Сярэднедунайскай і Ніжнедунайскай раўнін), у міжгорных паніжэннях (Верхнефракійская, Фесалійская нізіны і інш.), месцамі ўздоўж узбярэжжаў. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: каменны вугаль, медныя, алавяныя, жал. руды, нафта, ртуць, баксіты і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на ўзбярэжжах, умерана кантынентальны на Пн, ва ўнутр. раёнах і У, высакагорны ў гарах. Найб. колькасць ападкаў на зах. схілах Дынарскага нагор’я (да 5000 мм у раёне Котарскай бухты). Рэкі: Дунай з Савай і Маравай, Марыца, Струма і інш. Самыя вял. азёры — Скадарскае, Ахрыдскае, Прэспа. Шмат карставых азёраў. Расліннасць на З і Пд міжземнаморскага тыпу (вечназялёныя лясы і ксерафітныя цвердалістыя хмызнякі тыпу маквіс, жыбля-фрыгана і інш.). На Пн і У у гарах вышэй за 400—500 м шыракалістыя і хваёвыя лясы і лістападныя хмызнякі. Раўніны ўзараныя. Жывёльны свет: дзік, высакародны алень, казуля, мядзведзь, ліс, выдра; ёсць паўзуны — яшчаркі, змеі, чарапахі; шмат птушак. На Балканскім паўвостраве дзяржавы: Балгарыя, Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Югаславія, Албанія, б. ч. Грэцыі, часткі Румыніі і Турцыі.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ БУГ, Буг,

рака на тэр. Украіны, Беларусі і Польшчы, левы прыток. Нараў. Даўж. 772 км, у межах Беларусі 154 км. Пл. вадазбору 39,4 тыс. км², у межах Беларусі каля 10 тыс. км². Пачынаецца на зах. схілах Падольскага ўзв. каля в. Верхабуж Золачаўскага р-на Львоўскай вобл. Украіны. У сярэднім цячэнні праходзіць па Брэсцкім Палессі і Прыбугскай раўніне (на значным працягу пагранічная). Упадае ў Зягжынскае вадасх. на р. Нараў (Польшча). Асн. прытокі: Луга (Украіна), Капаёўка, Мухавец, Лясная, Пульва (Беларусь), Нужац (Польшча) — справа; Рата, Салокія, Уладаўка, Кшна, Лівец (Польшча) — злева. У верхнім цячэнні даліна выразная, шыр. 1—3 км, у сярэднім цячэнні (у межах Беларусі) невыразная, шыр. 3—4 км, на ніжнім участку выразная, шыр. 1—1,5 км. Пойма ў верхнім і ніжнім цячэнні вузкая, перарывістая, у сярэднім — нізкая, шырокая, часта зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча звілістае, шматрукаўнае, шыр. 10—20 м у вярхоўі, ніжэй 50—80 м, на асобных участках 200—300 м. Ледастаў з 2-й паловы снеж. да сярэдзіны сакавіка. Веснавое разводдзе доўжыцца 1—2 месяцы. Летам і ўвосень назіраюцца дажджавыя паводкі, зімой мяшаныя (ад адліг і дажджоў). Межань кароткая, перарывістая. Сярэднегадавы расход вады на мяжы Украіны і Беларусі каля 50 м³/с, у вусці 145 м³/с. Праз Мухавец, Дняпроўска-Бугскі канал, р. Піну. З.Б. злучаны з р. Прыпяць; праз р. Нараў з р. Чорная Ганча (прыток р. Нёман). Суднаходства ніжэй Брэста. На рацэ гарады Буск, Каменка-Бугская, Чырванаград, Сакаль (Украіна), порт Брэст (Беларусь).

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Заходні Буг каля Брэста.

т. 7, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КЕ́РЗАНА ЛІ́НІЯ»,

умоўная назва ўсх. мяжы Польшчы ў 1920 — сак. 1921. Праведзена прыбл. паводле этнічнага прынцыпу паміж Польшчай, Беларуссю і Украінай. Праходзіла праз Гродна—Ялаўку—Нямірава—Брэст-Літоўск—Драгунск—Усцілуг — на У ад Грубешава, праз Крылаў і далей на З ад Равы-Рускай, на У ад г. Перамышль (Пшэмысль) да Карпат. Прапанавана 8.12.1919 Вярх. саветам Антанты. Названа па імю Дж.Н.Керзана, які ў час сав.-польск. вайны 1920 па даручэнні Вярх. савета Антанты 11.7.1920 прапанаваў сав. ўраду спыніць наступленне Чырв. Арміі па гэтай лініі, прызнанай у ліп. 1920 і польск. урадам як усх. мяжа Польшчы на канферэнцыі ў Спа (Бельгія). Аднак у выніку змены ваен. сітуацыі на карысць Польшчы яе ўрад адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 польска-сав. граніца праходзіла значна далей на У ад «К.л.» і ўключала Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў склад Польшчы. У адпаведнасці з сав.-герм. дагаворам ад 28.9.1939 зах. мяжа СССР на бел. участку праходзіла крыху на З ад «Кл.», а на ўкр. участку прыбл. адпавядала ёй (Перамышль адышоў да СССР). Крымская канферэнцыя 1945 вызначыла, што ўсх. мяжа Польшчы павінна праходзіць уздоўж «Кл.». У адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 16.8.1945 паміж СССР і Польшчай устаноўлена дзярж. граніца, больш набліжаная да «Кл.», але з некаторымі адступленнямі на карысць Польшчы; на У ад яе да Польшчы перайшлі землі басейнаў рэк Зах. Бугу і Салокія, а таксама ч. Белавежскай пушчы. Польска-бел. дагавор ад 25.6.1991 пацвердзіў існуючыя межы паміж абедзвюма дзяржавамі.

Літ.:

Волаціч М. Лінія Керзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зьменаў у Усходняй Еўропе // Спадчына. 1993. № 5—6.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТР (франц. métre ад грэч. metron мера),

1) адзінка даўжыні, адна з 7 асн. адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца м. 1 м = 100 см = 1000 мм. У СІ М. з’яўляецца таксама адзінкай даўжыні хвалі, фокуснай адлегласці і інш. велічынь, што маюць фіз. сэнс даўжыні.

2) Мера даўжыні, што ўзнаўляе адзінку даўжыні — М. Паводле вызначэння, прынятага 17-й Ген. канферэнцыяй па мерах і вазе (1983), М. — даўжыня шляху, які праходзіць святло ў вакууме за 1/299792458 долю секунды.

Першапачаткова (1791, Францыя) М. вызначаны як 1/10 000 000 частка 1/4 даўжыні зямнога мерыдыяна. Для дакладнага вызначэння М. ў 1792—99 праведзены геад. вымярэнні дугі Парыжскага мерыдыяна. Першы эталон М. зроблены ў 1792 у выглядзе плацінавай лінейкі, адлегласць паміж канцамі якой раўнялася 1 м. Ён перададзены на захоўванне ў Нац. архіў Францыі і атрымаў назву «архіўны М.». З 1889 міжнар. прататыпам М. служыў плаціна-ірыдыевы брус з нанесенымі на адной з яго плоскасцей штрыхамі, які захоўваецца ў Міжнар. бюро мер і вагі ў г. Сеўр каля Парыжа. У 1960—83 М. вызначылі як даўжыню, роўную 1 650 763,73 даўжыні хвалі ў вакууме эл.-магн. выпрамянення, якое адпавядае пераходу паміж узроўнямі 2p​10 і 5d​5 атама крыптону-86. Натуральныя першасныя эталоны М., прынятыя ў 1960 і 1983, даюць магчымасць узнаўляць меры даўжыні з хібнасцю да ±10​−8 м. М. пакладзены ў аснову метрычнай сістэмы мер. У практыцы вымярэнняў шырока выкарыстоўваюцца кратныя і дольныя адзінкі: кіламетр, дэцыметр, сантыметр, міліметр, мікраметр, нанаметр і інш.

А.​І.​Балсун.

т. 10, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРЫ́НА (італьян. neutrino памяншальнае ад neutrone нейтрон),

незараджаная элементарная часціца з групы лептонаў. Мае спін ​1/2 і масу, намнога меншую за масу электрона. Па стат. уласцівасцях адносіцца да ферміёнаў. Удзельнічае ў слабых і гравітацыйных узаемадзеяннях (гл. Узаемадзеянні элементарных часціц, з-за вельмі малой масы слаба ўзаемадзейнічае з рэчывам, характарызуецца вял. пранікальнай здольнасцю, напр., свабодна праходзіць праз Зямлю і Сонца.

Вядома 3 тыпы Н.: электроннае Н. νe, мюоннае Н. νµ, таоннае Н. ντ і адпаведныя ім антычасціцы νe, νµ, ντ (звесткі аб ντ і ντ ускосныя і магчыма, што ντ ντ ). Кожны з тыпаў Н. пры ўзаемадзеянні з інш. часціцамі можа пераўтварыцца ў адпаведны зараджаны лептон, а калі масы спакою Н. адрозныя ад 0 і лептонныя зарады не захоўваюцца, магчымы асцыляцыі Н. — пераўтварэнні аднаго тыпу Н. ў другі (прапанавана Б.М.Пантэкорва ў 1957). Існаванне электроннага Н. прадказана В.Паўлі (1930—33) на падставе законаў захавання энергіі і імпульсу ў рэакцыях β-распаду, эксперыментальна νe зарэгістравана амер. фізікамі Ф.​Райнесам і К.​Коўэнам ў 1953—56. Выпрамяняюцца Н. пры пераўтварэннях атамных ядраў (β-распадзе, захопе электронаў і мюонаў), распадах элементарных часціц і інш. Працэсы, якія вядуць да ўтварэння Н., адбываюцца ў рэчыве Зямлі і яе атмасферы за кошт касм. выпрамянення, у нетрах Сонца, зорак і інш. (гл. Нейтрынная астраномія, Нейтрынная астрафізіка). Штучна Н. атрымліваюць з дапамогай магутных ядз. выпрамяняльнікаў, ядз. рэактараў, паскаральнікаў зараджаных часціц.

Літ.:

Марков М.А. Нейтрино. М., 1964;

Понтекорво Б.М. Нейтрино. М., 1966;

Рекало М.П. Нейтрино. Киев, 1986.

С.​Сацункевіч.

т. 11, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)