ЛЯНКЕ́ВІЧ (Аляксандр Алаізавіч) (псеўд.Ляндэр ; 1823, Гродзенская губ. — ?),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі, Літве і Польшчы. У 1840—61 у арміі, падпалкоўнік. Пасля адстаўкі жыў у сваім фальварку Панюкі Гродзенскага пав. 2.5.1863 падняў паўстанне ў Гродзенскім пав.Пасля аб’яднання з ваўкавыскімі паўстанцамі — вайсковы нач. Гродзенскага і Ваўкавыскага пав. 3.6.1863 каля в. Мілавіды (Баранавіцкі р-н) на чале аб’яднаных сіл гродзенскіх, ваўкавыскіх, слонімскіх і навагрудскіх паўстанцаў нанёс паражэнне урадавым войскам. 1.8.1863 разам з лідскімі паўстанцамі перайшоў Нёман і дзейнічаў у Аўгустоўскай губ. Паўстанцкія ўлады надалі яму званне палкоўніка. У вер. 1863 выехаў за мяжу. Завочна прыгавораны да пакарання смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁРТВАНАРАДЖА́ЛЬНАСЦЬ,
нараджэнне мёртвага плода, смерць якога надышла пасля 28 тыдняў цяжарнасці жанчыны ці пры родах. Пры М. плод даўж. 35 см і больш, масай 1000 г і больш; пасля нараджэння не зрабіў ніводнага ўздыху. Плод з меншай масай і даўж. лічыцца познім выкідышам (гл.Аборт). Адрозніваюць М.: антэнатальную (гібель плода да родаў), інтранатальную (гібель у час родаў) і постнатальную (у народжанага плода ёсць сэрцабіццё, аднак адсутнічае дыханне, і ён гіне). Асн. прычыны М.: унутрывантробная гіпаксія плода, прыроджаныя заганы развіцця, інфекц. хваробы і інш. Як стат. паказчык М. — суадносіны колькасці мёртванароджаных да 1000 народжаных (на Беларусі 8—10%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЯГРА́ФІЯ (ад ангія... + ...графія),
метад рэнтгеналагічнага даследавання крывяносных і лімфатычных сасудаў пасля ўвядзення ў іх кантрастнага рэчыва. Дазваляе выявіць стан сасудаў, а таксама паталаг. працэсы ў органах, звязаныя са зменамі кровазабеспячэння або лімфазвароту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІТО́Р (англ. monitor),
клас нізкабортных браніраваных ваен. караблёў з малой асадкай, прызначаных для нанясення артыл. удараў па берагавых аб’ектах праціўніка, знішчэння яго караблёў у прыбярэжных раёнах мора і на рэках.
Назва ад аднайм. карабля, пабудаванага ў пач.грамадз. вайны 1861—65 у ЗША Пазней падобныя марскія М. з’явіліся ў Вялікабрытаніі, Расіі, Францыі і інш. З канца 19 ст. яны замяняліся браняносцамі берагавой абароны, з пач. 20 ст. — лінейнымі караблямі. Рачныя М. (будаваліся з канца 1860-х г., упершыню з’явіліся на Дунаі) выкарыстоўваліся для артыл. падтрымкі сухап. войск, высадкі дэсанта, аховы ўласных і парушэння варожых рачных камунікацый. У СССР (Кіеў) у 1934—37 пабудаваны 7 рачных М., у т. л.«Жалезнякоў», для Дняпроўскай ваеннай флатыліі (ДВФ; з 1940 частка ў Дунайскай флатыліі). Буд-ва марскіх і рачных М. спынена пасля 2-й сусв. вайны.
З вясны 1922 у Пінску (Зах. Беларусь), дзе пасля польска-сав. вайны 1919—20 была адноўлена польск. Пінская флатылія (ПФ), базіраваліся рачныя М. «Мазыр» (у 1923 перайменаваны ў «Торунь») і «Варшава», з 1926 (пасля расфарміравання польск. Віслінскай флатыліі) — М. «Пінск» і «Гарадзішча». Яны пабудаваны ў 1920 у Данцыгу (Гданьску, у гіст. л-ры часам наз. «гданьскія М.»). У 1924—26 у Кракаве для ПФ пабудаваны і больш лёгкія М. «Кракаў» і «Вільна». 17—21.9.1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь усе М. затоплены («Вільна» сеў на мель на Прыпяці і 18 вер. ўзарваны экіпажам). У вер.—кастр. 1939 караблі падняты і адрамантаваны сав. маракамі. Пасля пераўзбраення і перайменавання («Варшава» ў «Віцебск», «Гарадзішча» ў «Бабруйск», «Торунь» у «Вінніцу», «Кракаў» у «Смаленск», «Пінск» у «Жытомір») яны ўключаны ў ДВФ з гал. базай у Пінску, а пасля расфарміравання флатыліі (чэрв. 1940) — у Пінскую ваенную флатылію. Летам—восенню 1941 у ходзе абарончых баёў на Прыпяці, Бярэзіне, Дняпры М. знішчаны.
Літ.:
Павлович Р. Пинские мониторы // Армия. 1998. № 3;
Яго ж. Мониторы польской Пинской флотилии: история и судьба // Старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. Мн., 1998. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ ШЭН,
кітайскі вынаходца рухомага шрыфту (11 ст.). У 1041—48 праводзіў доследы друкавання з формы, у якой замацоўваліся шрыфтавыя элементы (іерогліфы), зробленыя з абпаленай гліны. Друкаванне тэксту адбывалася пасля нанясення на літары тушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІКАРПІ́Я (ад амфі... + грэч. karpos плод),
утварэнне на расліне пладоў двух тыпаў: надземных і падземных. Падземныя ўтвараюцца з завязі, якая закопваецца пасля апладнення ў глебу (геакарпія). Амфікарпія назіраецца ў кісліцы і некаторых інш. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСІЛЕ́Й, басілеўс (грэч. basileus),
у Старажытнай Грэцыі правіцель невял. паселішча, правадыр племя ці саюзу плямёнаў; пазней 2-і архонт. У Спарце і пасля ў эліністычных дзяржавах — цар. У сярэднія вякі афіц. тытул візант. імператараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я РЭСПУ́БЛІКА,
французская бурж. рэспубліка, устаноўленая 25.2.1848 (гл.Рэвалюцыя 1848 у Францыі) пасля падзення Ліпеньскай манархіі. Існавала да дзярж. перавароту Луі Банапарта (гл.Напалеон III) 2.12.1851, фармальна да 2.12.1852, калі была абвешчана Другая імперыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАФІ́Н (франц. dauphin),
з 12 ст. тытул феад. уладальнікаў графстваў Аверні і В’енуа (пазней Дафінэ). Пасля далучэння тэр. Дафінэ да ўладанняў франц. караля (сярэдзіна 14 ст.) Д. — тытул наследніка франц. прастола. Адменены ў 1830.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́ПУС, α Кіля,
зорка 1-й зорнай велічыні (0,75 візуальнай зорнай велічыні), другая па яркасці (пасля Сірыуса). Знаходзіцца ў Паўд. паўшар’і неба. Адлегласць ад Сонца 160 пк, свяцільнасць у 7800 разоў большая за сонечную.