АРАВІ́ЙСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна на ПнЗ Індыйскага ак. паміж Аравійска-Індыйскім хрыбтом і паўн. часткай Цэнтр. Індыйскага хрыбта. Даўж. 2500 км, шыр. да 1500 км. Пераважная глыб. 4000 м, найб. — 5803 м (упадзіна на Пд). Значная частка Аравійскай катлавіны — конус вынасу р. Інд; у зах. частцы — падводная гара МДУ (глыб. над ёй — 2758 м). Грунт — фарамініферавы глей і чырв. гліна.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦВІ́ННІК (Любоў Якаўлеўна) (29.1.1914, Мінск — 3.12.1980),

дыктар беларускага радыё. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). З 1930 у К-це па радыёфікацыі і радыёвяшчанні пры Саўнаркоме БССР. У Вял. Айч. вайну дыктар Татарскага і Усесаюзнага радыё, з 1944 — Дзяржтэлерадыё Беларусі. Працавала над радыёкампазіцыямі тэатр. спектакляў (Бел. т-ра імя Я.​Купалы «Пакуль вы маладыя» паводле І.​Мележа, «Жан Крыстоф» паводле Р.​Ралана і інш.).

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІПЛА́Н (ад бі... + план),

самалёт з двума крыламі, якія размешчаны адно над адным з двух бакоў фюзеляжа. Да 1930-х г. схема біплана была пераважнай для вучэбных, знішчальных і разведвальных самалётаў. Пазней біплан выцеснены манапланамі. У краінах СНД біплан (Ан-2, Ан-24) выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, для мясц. перавозак і інш., за мяжой — у с.-г. і спарт. авіяцыі.

Біплан Ан-2.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАДКАМЕ́Р,

прылада для вымярэння колькасці і інтэнсіўнасці ападкаў. Уяўляе сабой дажджамернае вядро прыёмнай плошчай 200 см² з ахоўнай планкавай агароджай. Устанаўліваецца на выш. 2 м над зямлёй. Назіранні вядуцца 2 разы ў суткі і пасля ападкаў. Выкарыстоўваюцца таксама сумарны ападкамер — цыліндр, у якім вада пакрываецца плёнкай тэхн. масла, каб пазбегнуць выпарэння, і ападкамер з тэрмастатамі (цвёрдыя ападкі пераводзіць у вадкія).

Ападкамер Траццякова.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВА́ДВІЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы карысталася каля 20 родаў, у т. л. Адамовічы, Анцэвічы, Барэйшы, Мантыгердавічы, Нарушэвічы, Станкевічы. Шчыт герба вертыкальна падзелены на 2 часткі, дзе змешчаны выявы белай стронгі ў чырв. полі і чырвонай — у белым. Клейнод над прылбіцай 5 страусавых пёраў. Вядомы з пач. 15 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Вадвіч».

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІМЕТРЫ́ЧНЫ ПУНКТ,

спецыяльны пункт на зямной паверхні, дзе вымерана паскарэнне свабоднага падзення. У кожным гравіметрычным пункце вызначаюцца таксама гарыз. каардынаты і вышыня над узроўнем мора. Для правядзення гравіметрычнай здымкі ствараюцца апорныя (шматразовыя вымярэнні гравіметрычнымі прыладамі павышанай дакладнасці) розных класаў і радавыя гравіметрычныя пункты. Зыходныя апорныя гравіметрычныя пункты закладзены ў геафіз. абсерваторыях «Патсдам» (ФРГ; гал. ў Еўропе), «Пулкава» (Расія), «Плешчаніцы» (Беларусь).

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАЛЕ́НГА»,

прыватнаўласніцкі герб. У блакітным полі сярэбраная падкова, з сярэдзіны падковы выходзіць страла джалам уніз, над падковай — залаты крыж; клейнод — прабітае стралой птушынае крыло. Існуюць варыянты герба: страла накіравана ўлева, клейнод — 3 страусавыя пёры. Паводле падання, узнік у канцы 12 ст. У ВКЛ пашыраны з пач. 15 ст. Гербам карысталіся больш за 150 родаў Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны.

А.​К.​Цітоў.

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБА́ЙСКАЯ ПАЛЯ́НА,

міжгорная катлавіна каля падножжа паўн. схілу Галоўнага, або Водападзельнага, хр. Вял. Каўказа, каля вытокаў р. Тэберда. Размешчана на выш. 1620 м на тэр. Тэбердзінскага запаведніка. Над Д.п. узнімаюцца горныя вяршыні да выш. 4046 м (г. Дамбай-Ульген). Схілы да выш. 2300 м укрыты лесам (пераважна піхта). Д.п. — раён альпінізму і турызму на Зах. Каўказе. Курортны пас. Дамбай.

На Дамбайскай паляне.

т. 6, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́СКАР,

горны хрыбет на ПнЗ Гімалаяў, у Індыі і Кітаі. Даўж. каля 600 км. Складзены з вапнякоў, пясчанікаў, сланцаў, гранітаў. На выш. каля 6400 м — шырокая, расчлянёная цяснінамі платопадобная паверхня, над якой узвышаюцца асобныя пікі (выш. да 7816 м, г. Нандадэві). Рэльеф альпійскі. Снежнікі, ледавікі. На паўд.-зах. схілах — лясы з гімалайскага кедру (да выш. 4000 м), лугі, на ПнУ — горныя стэпы.

т. 6, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННЫЯ МО́ГІЛЬНІКІ,

археалагічныя помнікі 11—17 ст., адметныя наяўнасцю каменных муровак над магіламі і каменных вымастак (да пач. 13 ст., знак пакланення Перуну). Належаць яцвягам. Асн. колькасць К.м. знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Звычайна налічваюць 60—80 пахаванняў, характэрны сямейны прынцып. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў яме, трапляюцца трупаспаленні. З 16 ст. на камянях у галавах выбівалі крыжы, часам у спалучэнні з салярнымі знакамі.

т. 7, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)